Навуковая і літаратурна-крытычная дзейнасць І. Дварчаніна.


 

Доктар філасофіі, паэт, удзельнік заходнебеларускага нацыянальна-зызваленчага руху Ігнат Сымонавіч Дварчанін нарадзіўся 27.5(8.6). 1895 г. у в. Погіры Слонімскага пав. Гродзенскай губерніі (цяпер Дзятлаўскі р-н Гродзенскай вобл.) у сям'і малазямельнага арандатара. Сямігадовым пастушком пачаў наведваць мясцовую школу. У 1906 г. бацьку давялося арандаваць зямлю каля мястэчка Дзятлава, Ігнат пачаў там хадзіць у школу вышэйшай ступені, самыя здольныя вучні якой атрымлівалі званне народнага настаўніка. У 1912 г., здаўшы экзамен, такое званне атрымаў і I. Дварчанін. Тры гады працаваў народным настаўнікам у в. Хмельніца (Слонімшчына). У 1915 г. быў мабілізаваны ў войска, у красавіку 1916 г. скончыў школу прапаршчыкаў. На фронце сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Захапіўся грамадска-палітычным рухам, у Мінску стаў членам Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), прымаў удзел у яе з'ездзе (там пазнаёміўся з Б. Тарашкевічам), а таксама ў падрыхтоўцы Усебеларускага кангрэсу ў Мінску ў снежні 1917 г. Пошукі сям'і, якую бурныя рэвалюцыйныя падзеі раскідалі па ўсёй краіне, прывялі яго ў Новачаркаск, дзе жыў бацька. У пачатку 1918 г. I. Дварчанін па запрашэнні А. Чарвякова паехаў у Маскву працаваць у Беларускім нацыянальным камісарыяце. Надзвычай актыўна ён уключыўся ў культурна-масавую працу Белнацкома. Ужо ў канцы красавіка 1918 г. напісаў адозву «Да вучняў-беларусаў», якая ў маі была надрукавана ў «Правде», «Известиях» і «Дзянніцы», выступаў з вершамі сацыяльнай накіраванасці. І. Дварчанін прыняў самы чынны ўдзел у правядзенні нарады настаўнікаў школ Беларусі (21-23 ліпеня 1918 г.), дзе выступіў з дакладам, у якім падкрэсліваў важнасць вывучэння беларускай мовы, літаратуры, гісторыі для абуджэння нацыянальнай свядомасці і чалавечай годнасці беларускага народа. У 1919-1920 гг. І. Дварчанін вёў культурна-асветную работу ў Дзятлаўскім пав., за што быў зняволены ўладамі санацыйнай Польшчы ў беластоцкі канцлагер. Адтуль уцёк. У 1921 г. у Вільні І. Дварчанін здаў экстэрнам экзамены за курс Беларускай гімназіі. Летам гэтага ж года прыязджаў у Латвію па запрашэнні беларускіх культурна-асветных гурткоў, чытаў лекцыі па беларускай мове і літаратуры на курсах настаўнікаў, дапамагаў у стварэнні драматычнага гуртка і хору. У 1921 г. паступіў ў Пражскі універсітэт, які скончыў у 1925 г. са званнем доктара філасофіі. У час навучання ва ўніверсітэце I. Дварчанін актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці, выступаў з дакладамі, змяшчаў вершы рэвалюцыйна-рамантычнай накіраванасці ў студэнцкіх выданнях «Прамень», «Студэнцкая думка», «Перавясла». Сябраваў з У. Жылкам, які таксама вучыўся ў Чэхаславакіі. I. Дварчанін быў выбраны старшынёй Аб'яднання прагрэсіўных беларускіх студэнтаў у Празе. Напісаў і абараніў дысертацыю, прысвечаную аналізу дзейнасці і светапогляду беларускага першадрукара і асветніка Ф. Скарыны («Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе»; рукапіс зберагаецца ў Пражскім універсітэце). У 1926 г. I. Дварчанін вярнуўся ў Вільню, выкладаў літаратуру ў Беларускай гімназіі. Склаў і ў 1927 г. выдаў «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 году)». Выданне стала падзеяй у заходнебеларускім грамадска-культурным жыцці. Быў цесна звязаны з кіраўніцтвам Беларускай сялянска-рабочай грамады, вёў лекцыі ў віленскім гуртку Грамады. З 1927 г. супрацоўнічаў у часопісах «Родныя гоні», «Маланка». Пасля разгрому Грамады і арышту яе кіраўнікоў (Б. Тарашкевіча, С. Рак-Міхайлоўскага і інш.) I. Дварчанін становіцца адной з цэнтральных фігур нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. У 1928 г. ад Навагрудскай акругі ён быў выбраны ў польскі сейм. Разам з іншымі пасламі стварыў у сейме самастойную фракцыю — беларускі рабоча-сялянскі пасольскі клуб «Змаганне», які фактычна працягваў дзейнасць Грамады. Члены клуба выступалі супраць судовага працэсу над дзеячамі Грамады, патрабавалі свабоды для палітзняволеных, абаранялі сацыяльныя і нацыянальныя правы беларускага народа. Сеймавыя прамовы I. Дварчаніна былі блізкія адозвам КПЗБ. У сакавіку 1929 г. пасламі «Змагання» і камуністамі быў арганізаваны нелегальны з'езд Таварыства беларускай школы, у Галоўную ўправу якога ўваходзіў і I. Дварчанін. У 1930 г. І. Дварчанін быў арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 год турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай аказаўся у 1932 г. у Мінску. Працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, выконваў абавязкі дырэктара Інстытута мовазнаўства. У 1933 г. быў паклёпнікамі абвінавачаны ў сувязі з «нацдэмаўскім цэнтрам», які нібыта дзейнічаў на карысць буржуазнай Польшчы. 16.8.1933 г. І. Дварчанін быў арыштаваны і 9.1.1934 г. адпраўлены ў лагер тэрмінам на 10 гадоў. Паўторна асуджаны пазасудовым органам НКУС Ленінградскай вобл. 25.11.1937 г. і 8.12.1937 г. расстраляны. Рэабілітаваны па абедзвюм справам 16.8.1956 г. У 1989 у г. п. Дзятлава адкрыты помнік I. С. Дварчаніну. На доме, дзе ён нарадзіўся, у в. Погіры, устаноўлена мемарыяльная дошка (1983). У. Калеснік у сваіх абодвух анталогіях заходнебеларускай паэзіі (“Ростані волі” і “Са сцягам і паходняй”) змясціў па некалькі вершаў І. Дварчаніна. Пісалі аб І. Дварчаніну гісторыкі беларускага літаратуразнаўства і мовазнаўства (М.І. Мушынскі, А.І. Жураўскі і інш.). Асобныя старонкі-артыкулы аб І. Дварчаніну прадстаўлены ў рускай і абодвух беларускіх вікіпедыях. Інфармацыя аб І. Дварчаніну ёсць таксама на шэрагу іншых сайтаў інтэрнэта, прычым сярод матэрыялаў пададзены і некаторыя яго вершы. У 2011 годзе Згуртванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” у сувязі са 115-годдзем з дня нараджэння Ігната Дварчаніна заснавала прэмію яго імя, якая прызначана “для падтрымкі і папулярызацыі даследаванняў і публікацый, прысвечаных гісторыі і культуры беларускага замежжа”.

І. Дварчанін выступаў таксама і як творца -- пісаў вершы, якіх у яго некалькі дзесяткаў. Спрабаваў свае сілы і ў мастацкім перакладзе.

А зараз пройдземся па дысертацыі І. Дварчаніна «Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай глебе».

Доктарская дысертацыя І. Дварчаніна “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве” была першым уласнабеларускім навуковым даследаваннем дзейнасці беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара. На аснове вялікай колькасці вывучаных і асэнсаваных матэрыялаў, прычым з самых розных крыніц (у тым ліку і з архіваў навучальных устаноў Заходняй Еўропы, заходнееўрапейскіх бібліятэк і інш.) І. Дварчанін паказаў грандыёзнасць здзейсненага Скарынам для ўласнага народа, а таксама для ўсёй еўрапейскай культуры.

Структурна дысертацыя І. Дварчаніна разбіта на 9 раздзелаў: Уступ; Біяграфія Скарыны; Стымулы дзейнасці Францішка Скарыны. Скарына як чалавек; Скарына як пісьменнік (тут аж восем падраздзелаў: Самасвядомасць Скарыны; Свецкія погляды Скарыны; Патрыятызм Скарыны; Дэмакратызм; Любоў да роднай мовы; Скарына як настаўнік народа; Сляды схаластызму; Скарына як прадстаўнік новага грамадскага саслоўя ў літаратуры); Скарына ў віленскіх творах; Скарына як кнігадрукар; Скарына як гуманіст; Уплыў дзейнасці Скарыны; Значэнне дзейнасці Скарыны. У канцы змешчана “Бібліяграфія”, якая ўключае ў сябе 190 крыніц.

Вядома, скарыназнаўства далёка пайшло наперад за прайшоўшыя амаль дзевяноста гадоў з часу выхаду працы І. Дварчаніна. Многія факты і палажэнні, выкладзеныя І. Дварчанінам, устарэлі. Разам з тым сам падыход, ракурс, пад якім пераважна асэнсоўваецца дзейнасць беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, заўсёды будуць цікавымі і актуальнымі. Гэта агаворваецца І. Дварчанінам у пачатку даследавання. Так, робячы ва “Уступе” бібліяграфічны агляд асноўных прац, прысвечаных Ф. Скарыне, І. Дварчанін зазначае наступнае: “Тэматыка нашай працы некалькі адрозніваецца ад папярэдніх даследаванняў. Акцэнт тут будзе зроблены на ўласна гуманістычны аспект – з’яву заходнееўрапейскую. Вось чаму мы хочам разгледзець дзейнасць Скарыны не толькі ў сувязі з культурным становішчам Айчыны, але і ў кантэксце з заходнееўрапейскім. <...> Наша праца, як сказана ў яе назве, мае пэўную скіраванасць – “Скарына як культурны дзеяч...” Гэта значыць, яна ставіць мэтай даследаваць светапогляд Скарыны, не засяроджваючыся на знешніх асаблівасцях яго прац, апісанні і параўнанні тэкстаў. Да той ступені, зразумела, пакуль яны не стануць адлюстраваннем ідэйных пошукаў Скарыны. У іншых выпадках мы будзем карыстацца гатовымі вынікамі даследчыкаў ці нейкімі іх схематычнымі накідамі“ [1, с. 13]. І яшчэ адна цытата з самага канца Уступу: “Такім чынам, тэма нашай працы – “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве” – дазволіць нам расказаць пра Скарыну як пра чалавека, пісьменніка, кнігадрукара, гуманіста ўвогуле і нацыянальнага дзеяча (месца яго ў сучасным грамадстве, уплыў і значэнне)” [1, с. 18].

У раздзеле “Біяграфія Скарыны” І. Дварчанін сістэматызуе вядомыя на пачатак 1920-х гг. звесткі аб жыцці беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара, спрабуючы пры гэтым расставіць на некаторых момантах біяграфіі Ф. Скарыны свае ўласныя акцэнты.

Сярод фактараў, якія стымулявалі дзейнасць Ф. Скарыны (адпаведны раздзел), І. Дварчанін вылучае чатыры галоўныя: матэрыяльны інтарэс, рэлігійнае падзвіжніцтва, дасягненні (стан развіцця – В. Я.) айчыннай культуры і ўплыў замежнай культуры. Цікавыя думкі даследчыка наконт “боку матэрыяльных інтарэсаў”, які, лічыць І. Дварчанін, “амаль не быў уведзены ў існуючыя да гэтага часу працы пра Скарыну. Мы павінны гэта зрабіць, паколькі Скарына быў не толькі пісьменнікам, але і кнігадрукаром, а залежнасць гэтай працы ад матэрыяльных магчымасцей відавочная. Камерцыйны пачатак кнігадрукавання бачны ўжо ад пачатку яго заснавання” [1, с. 40]. У якасці галоўнага пацвярджаючага прыкладу І. Дварчанін прыводзіць памеры кніг, якія былі не надта вялікімі і маглі нават “падарожнічаць” са сваімі гаспадарамі; асабліва ў гэтых адносінах вылучаецца “Малая падарожная кніжка”. Разам з тым І. Дварчанін указвае на тое, што пры ўсёй важкасці матэрыяльных інтарэсаў яны ў дзейнасці Ф. Скарыны “не былі галоўнымі. Тут дамінавалі хутчэй з’явы ідэйнага парадку” [1, с. 42].

У раздзеле “Скарына як пісьменнік”, які, як ужо адзначалася намі вышэй, разбіты на цэлы шэраг падраздзелаў, галоўным пытаннем лічыцца наступнае: а наогул ці можна лічыць Ф. Скарыну пісьменнікам? Перакладчык – так, выдавец – таксама, а вось пісьменнік... І. Дварчанін адназначна адносіць Ф. Скарыну да ліку пісьменнікаў, прычым не толькі на падставе простай наяўнасці ў яго прадмоў і пасляслоўяў, змешчаных у надрукаваных кнігах. Больш важкім аргументам на карысць аднясення Ф. Скарыны да разраду творцаў, а не рамеснікаў, з’яўляецца наступны: ён усведамляў сябе як асобу, што мае права на ўласныя думкі, перакананні, урэшце – на ўласную годнасць. Адукаваныя папярэднікі Ф. Скарыны з ліку ўсходніх славян лічылі сябе “нягоднымі, грэшнымі, грубымі, рабамі Божымі, чарвямі і г. д. <...> Зусім не тое мы бачым у Скарыны. Ужо сам загаловак “Бібліа руска выложена докторомъ Франциском Скориною из славного града Полоцька...” указвае на тое, што гэтай рысы ў яго не было. Ён называе сябе доктарам са слаўнага горада... Больш таго, чым далей, тым больш узмацняецца супрацьлеглая рыса – самаўсведамленне сябе як асобы” [1, с. 71-72]. Пачуццём самаўсведамлення “пранізаны амаль усе радкі прадмоў і пасляслоўяў. Усюды Скарына выступае як моцны аўтарытэт, які шмат ведае, а таму і робіць. Ён павучае ўсяму, што лічыць патрэбным, абапіраючыся на свае веды і навуку. Гэта своеасабліва выказанае “я” можна адчуць паўсюдна” [1, с. 72].

Асноўная думка, якая мусіруецца (і даказваецца) у раздзеле “Скарына ў віленскіх творах” фармулюецца І. Дварчанінам у самым канцы гэтага раздзела”: “На падставе віленскіх твораў можна зрабіць вывад, што Скарына не толькі не быў фанатыкам нейкай рэлігіі і апалагетам дагматызму, але нават не абсалютызаваў рэлігійныя адрозненні сваіх суайчыннікаў і друкаваў кнігі і для адных, і для другіх (маюцца на ўвазе католікі і праваслаўныя – В.Я.)” [1, с. 133]. Усё гэта яшчэ раз пацвярджае яго агульную гуманістычную пазіцыю, вызначаную высокай адукацыяй і часам, які атрымаў назву “Адраджэнне”.

У раздзеле “Скарына як кнігадрукар” І. Дварчанін указвае на высокі ўзровень афармлення кніг, выдадзеных беларускім і ўсходнеславянскім першадрукаром. Прычым ён не толькі браў для ўзору ўжо кімсьці вынайдзенае і выкарыстоўваў яго для ўласнае патрэбы, але і развіваў, вынаходзіў сваё (гэта, на думку І. Дварчаніна, адносіцца найперш да шрыфту, які нідзе раней не сустракаецца).

Асаблівасцю змястоўнага напаўнення раздзела “Скарына як гуманіст” з’яўляецца вылучэнне І. Дварчаніным (на аснове шматлікіх навуковых прац самых розных даследчыкаў) вядучых рыс гэтага еўрапейскага руху і своеасаблівае “накладванне” іх на дзейнасць Ф. Скарыны. Выснова адна: “... амаль па ўсіх прыкметах, а галоўнае, па ўсіх найважнейшых, Скарыну можна лічыць тыповым гуманістам” [1, с. 160].

Уплыў дзейнасці Ф. Скарыны (аднайменны перадапошні раздзел працы) выявіўся ў тым, што “Скарына як першы культурны дзеяч на беларускай ніве з выразна акрэсленай заходняй арыентацыяй меў уплыў на цэлую культурную эпоху, пачатак якой быў пакладзены ў ХVІ стагоддзі. Гэты перыяд у гісторыі культуры быў асвечаны імем Скарыны, што цалкам адпавядала агульнай арыентацыі Беларусі на культурныя і грамадскія адносіны ў Заходяй Еўропе” [1, с. 170]. Акрамя таго, “дзейнасць Скарыны не абмежавалася ўплывам на Беларусь і Украіну. Яе сляды былі заўважанымі і па-за іх межамі: і ў Маскоўскай Русі, і ў славян заходніх – палякаў, славенцаў, балгараў” [1, с. 171].

Апошні раздзел дысертацыі І. Дварчаніна “Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве” заканамерна падводзіць вынікі ўсёй працы. Тут даследчыкам вылучаны наступныя моманты, якія мы пададзім асобнымі пунктамі і ў той паслядоўнасці, якую абраў сам І. Дварчанін (вядома, без прамых цытат з працы не абыйсціся):

1) Дзейнасць Скарыны з’яўляецца своеасаблівым сувязным звяном паміж славянскімі культурамі. “Зыходзячы ў сваёй працы з чэшскай культуры, Скарына распаўсюджваў яе дасягненні сярод іншых славян, галоўным чынам праз зразумелае для большасці з іх кірыліцкае пісьмо. Скарына выканаў тут місію ўсёй беларускай культуры, якая ў пасляскарынаўскі час, увабраўшы ў сябе элементы заходнееўрапейскай і перш за ўсё заходнеславянскай культуры, распаўсюджвала яе дасягненні на поўдзень і ўсход” [1, с. 176].

2) Скарына пакінуў след у гісторыі сусветнай культуры, далучаючы сваю радзіму да шэрагу культурнейшых зямель Заходняй Еўропы і ўсяго свету.

3) Дзякуючы ўкараненню друку (праз Скарыну і яго падзвіжніцкую дзейнасць), Беларусь заняла належнае месца ў агульнай цывілізаванай еўрапейскай сям’і.

Дысертацыя І. Дварчаніна ў выглядзе асобнай кнігі была выдадзена ў 1991 годзе выдавецтвам “Навука і тэхніка”. Пераклала дысертацыю з чэшскай мовы на беларускую і такім чынам адаптавала яе для айчыннага чытача Тамара Кароткая.

А. Ліс пра І. Дварчаніна (з “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, Т. 2).

“Прыкметнай і даволі перспектыўнай у літаратурным жыцці Заходняй Беларусі 20-х гадоў выглядала літаратуразнаўчая праца Ігната Дварчаніна (1895—1937). Вярнуўшыся ў 1926 г. пасля заканчэння Пражскага універсітэта і абароны доктарскай дысертацыі на тэму дзейнасці Ф. Скарыны ў Вільню, Дварчанін актыўна ўключыўся ў культурна-грамадскае жыццё. У 1927 г. ён выступіў з некалькімі публікацыямі, у тым ліку з артыкулам пра паэтыку М. Багдановіча, узяў удзел у публічнай дыскусіі наконт года нараджэння Скарыны (Дварчанін I. Максім Багдановіч // Родныя гоні. 1927. Кн. 5. С. 9—18; Яго ж. Аб годзе нараджэння Ф. Скарыны // Родныя гоні. 1927. Кн. 1. С. 20—22.). Вынікам літаратуразнаўча-асветнай працы Дварчаніна з'явілася падрыхтаваная ім «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 году)» (1927), якая дзякуючы ўключэнню ў яе ўзораў беларускага мастацкага слова першай чвэрці XX ст. адыграла выдатную этнаахоўную, патрыятычна-выхаваўчую ролю ў Заходняй Беларусі. Абапіраючыся на сацыялагічна-псіхалагічны крытэрый, малады літаратуразнавец стварыў даволі арыгінальную класіфікацыю беларускай літаратуры новага часу, даў змястоўныя дэфініцыі творчасці асобных яе прадстаўнікоў”.

 

 



Дата добавления: 2021-06-28; просмотров: 427;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.017 сек.