Беларуская крытыка і літаратурная навука


ў другой палове 1950-х -- 1990-я гады

 

Пытанні

1. Агульная характарыстыка развіцця крытыкі і літаратуразнаўства ў другой палове 1950-х – 1990-я гг.

2. Перыядычныя выданні Беларусі другой паловы ХХ ст. (газеты, часопісы, альманахі і інш.) з літаратурна-крытычным і літаратуразнаўчым складнікам.

3. Пісьменніцкая крытыка ў літаратурным працэсе на Беларусі ў другой палове ХХ ст.

4. Літаратурна-крытычная дзейнасць В. Бечыка.

5. Літаратурна-крытычная дзейнасць М. Стральцова.

6. Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць А. Адамовіча.

7. Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць В. Каваленкі.

8. Вывучэнне гісторыі развіцця беларускай крытыкі і літаратурнай навукі. Дзейнасць М.І. Мушынскага як буйнейшага даследчыка гісторыі беларускага літаратуразнаўства і крытыкі.

9. Працы выкладчыкаў ГДУ імя Ф. Скарыны ў актыве беларускай крытыкі і літаратуразнаўства другой паловы ХХ – пачатку ХХІ стст.

 

Літаратура

Гніламёдаў У. Ці ёсць будучыня ў літаратуразнаўства? // Полымя.— 1997.— №1.

Мушынскі М. Крытыка і літаратуразнаўства // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т . Т. 3-4. — Мн., 2001-2003.

Уводзіны ў літаратуразнаўства. Хрэстаматыя / Пад рэд. М.А. Лазарука.— 2-е выд., дапр. і дап.— Мн., 1991.

Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1984–1988.— Т. 1– 5.

 

 

1. Агульная характарыстыка развіцця крытыкі і літаратуразнаўства ў другой палове 1950-х – 1990-я гг.

 

У канцы 1950-х – пачатку 1960-х гг. быў зроблены своеасаблівы прарыў у стварэнні цэласнай карціны развіцця нашай літаратуры ад яе зараджэння і да пачатку 60-х гг. ХХ ст. Гэта выявілася ў першую чаргу ў напісанні і выданні чатырохтомнай гісторыі беларускай літаратуры (Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 1–2.— Мн., 1965–1966; Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1–2.— Мн., 1968–1969). З’яўленне дадзенага даследавання, якое, калі меркаваць з пазіцый сённяшняга дня, не пазбаўлена недахопаў, стала вельмі важнай падзеяй у беларускай літаратурнай навуцы. Упершыню нацыянальны гісторыка-літаратурны працэс быў раскрыты да­волі поўна і ўсебакова, у самых галоўных і вызначальных прая­вах разгледжана творчасць буйнейшых беларускіх пісьменнікаў.

Дадзеная, ды і пазнейшыя працы абагульняючага характару, аб якіх будзе сказана крыху ніжэй, не маглі ўзнікнуць на пустым месцы. Адпаведная база, даволі трывалы падмурак для выра­шэння гэтай, без сумнення, звышзадачы былі закладзены паспя­ховым прымяненнем новых форм і метадаў даследавання, выву­чэннем асобных галін і раздзелаў літаратуры, яе родаў, відаў, жанраў і г. д.

З канца 1950-х гг. беларуская літаратура пачала разглядацца ў параўнальным і тыпалагічным планах, што знайшло адлюстра­ванне ў працах В. Івашына, Р. Ларчанкі, А. Лойкі, С. Александровіча, А. Мальдзіса, П. Ахрыменкі, Н. Перкіна, Э. Мартынавай, У. Казбярука, В. Гапавай і шэрагу іншых вучоных. Нацыянальнае прыгожае пісьменства смела ўводзіцца ва ўсесаюзны, славянскі, еўрапейскі, а часам і сусветны літаратурны кантэкст. Асабліва многа ў гэтым накірунку зрабіў А. Адамовіч. Яшчэ адным таленавітым вучоным і крытыкам В. Каваленкам было даволі заканамерна і своечасова пастаўлена пытанне аб літаратурных узаемасувязях і ўплывах ва ўмовах паскоранага развіцця нашай літаратуры ў ХІХ – пач. ХХ стст.

К пачатку 1960-х гг. у беларускім літаратуразнаўстве склаўся і пачаў даволі паспяхова развівацца і ўдасканальвацца такі дас­ледчыцкі жанр, як гісторыя станаўлення і развіцця пэўных родаў, відаў і жанраў. Пра гэта сведчаць калектыўныя працы «Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс» (1971) і «Беларуская савецкая проза: раман і аповесць» (1971), манаграфіі «Беларускі раман: станаўленне жанру» (1961) А. Адамовіча, «Беларускі раман: гады 70-я» (1981) П. Дзюбайлы, «Станаўленне беларускай паэмы» (1968) і «Беларуская паэма ў другой палавіне ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя» (1970) М. Лазарука, «Беларуская каме­дыя» (1979) Я. Усікава, «Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд)» (1961) і «Беларуская савецкая драматургія. 1917–1932» (1968) А. Семяновіча і інш. Развіццё беларускай паэзіі ХХ ст. грунтоўна даследуецца ў шэрагу прац У. Гніламёдава, прозы — В. Каваленкі. Старажытная беларуская літаратура ў асноўных яе накірунках і праявах разглядаецца ў працах А. Коршунава і В. Чамярыцкага. У многім па-новаму за­ставіў паглядзець на нашую нацыянальную літаратуру ХVІІ–ХVІІІ стст. А. Мальдзіс, а на беларускую драматургію ХХ ст. — С. Лаўшук.

Даволі паспяхова вывучаецца нашым літаратуразнаўствам і шэраг тэарэтычных праблем. Аб гэтым сведчаць кнігі «Традыцыі і на­ватарства» (1972) У. Гніламёдава, «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973) М. Грынчыка, «Структура твора: рух сюжэтна-кампазіцыйных форм» (1978) В. Жураўлёва, «Беларускі сва­бодны верш» (1984) А. Кабаковіч, «Міфа-паэтычныя матывы ў белару­скай літаратуры» (1981) В. Каваленкі, «Мастацкая дэталь у літаратурным творы» (1977) Э. Мартынавай, «Сюжэт, кампазіцыя, характар: аб прозе Кузьмы Чорнага» (1981) А. Пяткевіча, «Характар, стыль, дэталь» (1965) Р. Шкрабы і шэраг іншых.

Практычна па кожнаму больш-менш значнаму пісьменніку нашай літаратуры ёсць спецыяльнае навуковае ці навукова-па­пулярнае даследаванне. У асобныя галіны нацыянальнага літаратуразнаўства аформіліся скарыназнаўства, купалазнаўства, коласазнаўства, багдановічазнаўства.

Новым для беларускага літаратуразнаўства стала даследаванне сувязей нацыянальнага прыгожага пісьменства з іншымі формамі грамадскай свядомасці і відамі мастацкай творчасці. У якасці прыкладаў можна прывесці манаграфіі Л. Гараніна «Философские искания в белорусской литературе» (1984) і С. Лаўшука «На драматургічных скрыжаваннях» (1990).

Неабходна адзначыць прыкметна ўзросшы ўзровень белару­скай тэксталогіі. Аб гэтым сведчыць выданне ўжо трэццяга, больш поўнага ў параўнанні з папярэднімі, збору твораў Я. Купалы. Двойчы выдаваліся зборы твораў Я. Коласа і М. Багдановіча. Сёння мы маем таксама зборы твораў М. Гарэцкага, К. Чорнага, К. Крапівы, І. Мележа, М. Лынькова, П. Броўкі, М. Танка, В. Быкава, А. Макаёнка, а так­сама цэлага шэрагу іншых беларускіх пісьменнікаў. Робяцца спробы тэарэтычнага абагульнення вопыту практычнай дзейнасці тэкстолагаў, аб чым сведчыць зборнік «Пытанні тэксталогіі бела­рускай літаратуры» (1982). Вельмі шмат для развіцця белару­скай тэксталогіі, вывядзення яе на якасна новы ўзровень зрабіў сектар тэксталогіі Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі начале з вядомым вучоным, членам-карэспандэнтам НАН Беларусі М. Мушынскім. Практычна ўсе з названых вышэй збораў твораў пісьменнікаў былі падрыхтаваны супрацоўнікамі гэтага сектара.

Здабытак калектыўнай працы беларускіх філолагаў і мастацтвазнаўцаў, кніга, без якой сёння нельга ўявіць нацыянальную навуку, культуру і асвету, — пяцітомная «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984–1988).

Вельмі шмат карпатлівай пошукавай і сістэматызуючай працы прароблена беларускімі літаратуразнаўцамі падчас падрыхтоўкі да выдання шасцітомнага «Біябібліяграфічнага слоўніка беларускіх пісьменнікаў» (1992–1995) — кнігі надзвычай патрэбнай і карыснай усім, хто даследуе літаратуру Беларусі альбо сур’ёзна цікавіцца ёю. У падрыхтоўцы да выдання «Біябібліяграфічнага слоўніка беларускіх пісьменнікаў» (і не толькі, заўважым, гэтай, а і шэрагу іншых фундаментальных прац) прымалі ўдзел не толькі прадстаўнікі акадэмічнай навукі, а і даволі шматлікі атрад літаратуразнаўцаў вышэйшых навучальных устаноў рэспублікі. Сярод іх, акрамя ўжо некаторых названых вышэй, хацелася б адзначыць Дз. Бугаёва, Н. Гілевіча, У. Калесніка, Л. Корань, В. Рагойшу, А. Рагулю, В. Шынкарэнка, І. Штэйнера і інш.

Плённа даследуюцца сувязі беларускай літаратуры з прыгожым пісьменствам іншых народаў, у першую чаргу суседніх, славянскіх. Пэўны ўклад у распрацоўку гэтай праблематыкі ўнеслі П. Ахрыменка, А. Лойка, Н. Гілевіч. Самым жа значным даследаваннем у дадзеным накірунку з’яўляюцца чатырохтомныя «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (1993–1995), падрыхтаваныя супрацоўнікамі Інстытута літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі.

Літаральна на рубяжы тысячагоддзяў убачылі свет чатырохтомная «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» і двухтомная “Гісторыя беларускай літаратуры ХІ – ХІХ стст.”. Гэта самае грунтоўнае на сённяшні дзень даследаванне па гісторыі развіцця нацыянальнага прыгожага пісьменства. Яно яшчэ раз засведчыла сталасць і значны навуковы патэнцыял беларускага літаратуразнаўства.

 

 

2. Перыядычныя выданні Беларусі другой паловы ХХ ст. (газеты, часопісы, альманахі і інш.) з літаратурна-крытычным і ўласна літаратуразнаўчым складнікам.

 

Найперш неабходна назваць штотыднёвік газетнага фармату “Літаратура і мастацтва” (ЛіМ), які выходзіць з сяр. 1930-х гг. і па сённяшні час.

Затым ідуць часопісы:

- “Полымя” (вых. з сяр. 1920-х гг.).

- “Маладосць” (вых. з сяр. 1920-х гг.).

- “Нёман” (на рускай мове) (пасляваенны).

- “Arche” (“элітны”, вых. з канца 1990-х гг.).

- “Роднае слова” (вых. з сяр. 1990-х гг.).

- “Тэатральная Беларусь” (вых. на мяжы 1990-х – 2000-х гг.).

- “Дзеяслоў” (вых. з пач. 2000-х гг.).

- “Беларускае мастацтва” (пасляваенны).

Альманахі, зборнікі і інш. найперш прадстаўлены:

- “Далягляды” (1980-1990-я гг.)

- “Вобраз” (Вобраз–86, Вобраз–88, Вобраз–90 і інш.).

 

3. Пісьменніцкая крытыка ў літаратурным працэсе на Беларусі ў другой палове ХХ ст.

 

Сярод прадстаўнікоў пісьменніцкай крытыкі неабходна найперш назваць наступных аўтараў (з іх найбольш цікавымі кнігамі):

- Адамовіч А. Здалёк і зблізку: Зб. літ.-крытыч. арт. — Мн., 1976.

- Адамовіч А. Літаратура, мы і час: Арт. і выступленні. — Мн., 1979.

- Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша: Арт., эсэ. — Мн., 1987.

- Брыль Я. Роздум і слова”. Мн., 1963.

- Быкаў В. Праўдай адзінай: Літ. крытыка, публіцыстыка, інтэрв’ю. — Мн., 1984.

- Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак: Літ.-крытыч. арт. і нататкі. — Мн., 1982.

- Мележ І. Жыццёвыя клопаты. Мн., 1972.

- Лужанін М. Вачыма часу. М., 1964.

- Cачанка Б. Жывое жыццё: Арт., эсэ, успаміны, нататкі. — Мн., 1985.

- Cачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі: Літ.-крытыч. арт. — Мн., 1990.

- Стральцоў М. Пячатка майстра: Літ.-крытыч. арт., эсэ. — Мн., 1986.

- Стральцоў М. У полі зроку: Літ.-крытыч. арт. і эсэ. — Мн., 1976.

- Чыгрынаў І. Новае ў жыцці, новае ў літаратуры: крытыка, публіцыстыка. — Мн., 1983.

- Шамякін І. Размова з чытачом. — Мн., 1972.

- Шамякін І. Карэнні і галіны. — Мн., 1986.

Акрамя названых пісьменнікаў актыўны ўдзел у крытычным жыцці Беларусі прыймалі таксама І. Навуменка, А. Куляшоў, П. Броўка, М. Танк і цэлы шэраг іншых аўтараў.

 

 



Дата добавления: 2021-06-28; просмотров: 443;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.015 сек.