Літаратурна-крытычная дзейнасць А. Бабарэкі.


 

Адам Антонавіч Бабарэка нарадзіўся 2 (14).10.1899 г. у в. Слабада-Кучынка Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл.) у сям’і беззямельных («бруковых») сялян. Бацька, чалавек разумны, працавіты, сумленны, каб пракарміць сям'ю, браўся за любую работу – быў і шаўцом, і краўцом, меў свой млынок, а ў апошнія гады жыцця (памёр рана, ад сухотаў) нават маленькую краму. А. Бабарэка вучыўся добра, і яго як сірату прынялі ў Слуцкую бурсу. Потым вучыўся ў Мінскай духоўнай семінарыі (скончыў у 1918 г.). У 1919–1921 гг. настаўнічаў у вясковых школах на Случчыне, загадваў аддзелам народнай асветы, быў сябрам рэўкома Пукаўскай воласці: арганізоўваў гурткі вясковай моладзі, наладжваў літаратурныя вечары, аматарскія спектаклі, праводзіў харчразвёрстку, вёў агітацыю за стварэнне сельскагаспадарчых камун. У час акупацыі Беларусі буржуазнай Польшчай А. Ба­барэка – адзін з кіраўнікоў падполля на Случчыне, удзельнік партызанскага руху (у 1920 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі, сядзеў у турме). У 1921–1922 гг. з’яўляецца палітработнікам у Чырвонай Арміі. У 1922–1927 гг. А. Бабарэка вучыўся ў БДУ на этнолага-лінгвістычным аддзяленні. Адначасова працаваў у мінскіх школах настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». У 1926–1929 гг. А. Бабарэка працуе выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Камуністычным універсітэце Беларусі, з 1928 г. – асістэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ. А. Бабарэка з’яўляецца адным з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурна-мастацкіх аб'яднанняў «Маладняк» (1923) і «Узвышша» (1926). У 1925 г. А. Бабарэка захварэў на сухоты, па пуцёўцы ўрада БССР ездзіў лячыцца ў Крым. У 1930 г. незаконна арыштаваны, 10 красакіка 1931 г. асуджаны на 5 год высылкі. Жыў у г. п. Слабадской (Вятчына), у Вятцы, працаваў бухгалтарам. У 1937 г. арыштаваны паўторна, расстраляны ў 1938 г. Рэабілітаваны ў 1957 г.

Хоць А. Бабарэка і займаўся ўласна мастацкай творчасцю (у 1925 г. выйшла яго кніга прозы «Апавяданні»; пісаў А. Бабарэка і вершы), але найбольш поўна ён праявіў сябе ў крытыцы, у якой стала выступаў з 1925 г. («беларускі Бялінскі» – такое вызначэнне замацавалася за А. Бабарэкам у 1920-я гг.). Ніжэй ідзе пералік яго літаратурна-крытычных прац, узяты з кнігі “Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік”. Ужо нават колькасць іх, не кажучы пра якасць, аб якой не раз пісалі нашыя даследчыкі, уражвае! Вось гэтыя працы:

– Вечар твораў Цішкі Гартнага // Полымя. 1923. № 3–4.

– Пясняр працы і змагання // Савецкая Беларусь. 1923. 8 сак.

– Вечар памяці Максіма Багдановіча // Савецкая Беларусь. 1923. 20 чэрв.

– Ленін у беларускай паэзіі // Радавая рунь. 1924. № 1.

– З жыццёпісу Янкі Купалы // Маладняк Янку Ку­палу. Мн., 1925.

– Вясну радзіла восень: (Да пытання аб кірунках у сучаснай беларускай літаратуры // Маладняк. 1925. № 7.

– Лірыка Міхася Чарота // Маладняк. 1925. № 9.

– Літаратура як зброя класавага змагання і шлях да яе аўладан­ня // Маладняк Калініншчыны. 1925. № 2.

– Шлях Маладняка: (Да другіх угодкаў працы Усебеларускага аб'яднанкя паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк») // Малады араты. 1925. № 14.

– Крытычна-літаратурная сучаснасць // Савецкая Беларусь. 1925. 16 студз.

– «Звоніць сэрца жарам»: (Контуры творчага шляху А. Гурло) // Савецкая Беларусь. 1925. 22 сак.

– За творчую працу // Савецкая Беларусь. 1925. 11 кастр.

– Рэцэнзія на кн.: Крапіва К. Крапіва. Мн., 1925 // Савецкая Беларусь. 1925. 15 ліст.

– Зарунела, зарунела аксамітам: [Рэц. на кн.: Чарот М. Вершы. Мн., 1925] // Маладняк. 1926. № 1.

– «Вецер, вецер – буйны вецер!..»: [Рэц. на кн.: Трус П. Вершы. Мн., 1925] // Маладняк. 1926. № 1.

– «Хай дайлідзіць духу трыклінні?..»: [Рэц. на кн.: Дубоўка У. Там, дзе кіпарысы. Мн., 1925] // Маладняк. 1926. № 1.

– З далін на ўзвышшы // Маладняк. 1926. № 1.

– Рэцэнзія на кн.: Якімовіч А. Вершы. Мн., 1925 // Маладняк. 1926. № 2.

– З далін на ўзвышшы: (Некалькі вобразаў з бытнасці, рэалізаванай у беларускай паэзіі) // Маладняк. 1926. № 10.

– За культуру мастацтва // Чырвоны сейбіт. 1926. № 1.

– Коласаўская праўда жыцця // Чырвоны сейбіт. 1926. № 3.

– З літаратурных нататак: Аб літаратурных пытаннях наогул; Аб самавызначэнні і самаацэнках творчых сіл мастацтва // Узвышша. 1927. № 1.

– Максім Багдановіч у літаратурных ацэнках // Узвышша. 1927. № 2.

– Паэма «Сымон Музыка» Якуба Коласа // Узвышша. 1927. № 3.

– Аб разуменні мастацкай творчасці і аб некаторых пытаннях у вывучэнні беларускай літаратуры // Узвышша. 1927. № 5.

– Творчасць У. Дубоўкі як форма нацыянальнай свядомасці пралетарскага характару // Узвышша. 1927. № 6; 1928. № 1.

– Пералом у станаўленні натуральнай культуры ў творчасці З. Бядулі: [Рэц. на кн.: Бядуля З. Танзілія. Мн., 1927] // Узвышша. 1928. № 3.

– Рэцэнзія на кн.: Кляшторны Т. Светацені. Мн., 1928 // Узвышша. 1928. № 3.

– Беларуская літаратура да X гадавіны БССР: Стэзаваны агляд // Узвышша. 1928. № 6.

– Крапівіна Біблія – гэта праверка святасці біблейскіх гісторый // Беларуская вёска. 1928. 5 крас.

– Пра Бядулеву аповесць «Салавей» // Узвышша. 1929. № 2.

– Пра Коласаву «Новую зямлю» // Узвышша. 1929. № 3.

– «Зямля» Кузьмы Чорнага // Узвышша. 1929. № 4.

– Узвышэнская паэзія: (Аналіз паняцця) // Узвышша. 1929. № 6.

У 2011 г. у Вільні выйшаў двухтомны збор твораў А. Бабарэкі агульным аб’ёмам 1665 старонак.

Літаратурна-крытычная дзейнасць А. Бабарэкі, а таксама яго жыццёвы шлях, досыць падрабязна і грунтоўна разгледжаны ў кнізе У. Конана “Адам Бабарэка: крытыка-біяграфічны нарыс. Мн., 1976”, на якую мы і будзем далей найперш абапірацца пры расповедзе аб літаратурна-крытычнай дзейнасці А.Бабарэкі.

Літаратурна-крытычная дзейнасць А. Бабарэкі, якая цягнулася, на жаль, нядоўга, бо была гвалтоўна перапынена ў выніку арышту пісьменніка і высылкі яго за межы Беларусі, досыць выразна разбіваецца на два этапы: маладнякоўскі і ўзвышанскі.

Маладнякоўскі перыяд у літаратурна-крытычнай дзей­на­сці А. Бабарэкі. Самыя раннія выступленні А. Бабарэкі-крытыка адносяцца да пачатку 1923-га года (артыкулы аб Гартным, апублікаваныя ў час. “Полымя” і газ. “Савецкая Беларусь”).

У 1924 г. Бабарэка апублікаваў артыкул даследчага характару пад назваю «Ул. Ленін у беларускай паэзіі». У гэтым артыкуле крытык характарызуе вобраз У.I. Леніна ў паэзіі М. Чарота, Зм. Бядулі, А. Александровіча, А. Дудара і іншых паэтаў. На яго думку, ленінскія матывы ўнеслі ў нашу паэзію новы змест і новую форму, павялічылі дымамічнасць вобразаў, без якой нельга выявіць рэвалюцыйную, па самой сутнасці вельмі дынамічную, рэчаіснасць. Вобраз Леніна, адзначыў крытык, знайшоў сваё ўвасабленне ва ўсіх відах і жанрах савецкага мастацтва. «I ўсе: вучоныя, філосафы, паэты, кампазітары, мастакі, скульптары,– кожны гэтай ленінскай мудрасці па-свойму шукае, каб вянком сваіх твораў увекавечыць яго памяць».

У крытыцы 1920-х гг. часта сустракаецца тэрмін “маладнякізм”. Тэарэтычнае яго абгрунтаванне мы знаходзім у А. Бабарэкі. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі, пісаў крытык, існаваў адзіны, вельмі шырокі напрамак – «адраджанізм», які адпавядаў агульнай накіраванасці руху адраджэння беларускага народа і яго культуры. Сацыяльна-палітычнай асновай гэтага напрамку была «барацьба беларускага працоўнага люду за сваё вызваленне, за сваё існаванне, за вызваленне сваіх творчых сіл з тых рамак, у якія яны былі апраўлены гістарычнымі ўмовамі жыцця». Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі наша літаратура пашырыла рамкі «адраджанізму» і развіваецца ў напрамку «маладнякізму», адзнакаю якога, на думку Бабарэкі, з'яўляецца пафас барацьбы і вера ў будучыню вызваленых працоўных мас, «словы радасці вялікай, непамернай бадзёрасці, юнацкай захопленасці». Маладнякізм, як і яго папярэднік, «адраджанізм», мысліўся Бабарэкам як паняцце вельмі шырокае, ён характарызуецца «ўбіраннем у сябе ўсяго каштоўнага і прагрэсіўнага з папярэдняй літаратуры». «Маладнякізм – гэта адзін з этапаў развіцця беларускай пралетарскай літаратуры» (А. Бабарэка. «Маладняк» і яго месца ў літаратуры. Бюлетэнь Пленума ЦБ «Маладняка». Мінск, 1925, с. 16.). Тэорыя «маладнякізму», якая абгрунтоўвалася А. Бабарэкам, М. Чаротам, Я. Пушчам, нягледзячы на агаворку аб прызнанні прагрэсіўных традыцый, вяла да недаацэнкі творчасці старэйшых пісьменнікаў, у тым ліку Купалы і Коласа. Таму яна сустрэла пярэчанні з боку літаратурна-крытычнай грамадскасці, і перш за ўсё з боку старэйшага крытыка Максіма Гарэцкага.

У артыкуле «Крытычна-літаратурная сучаснасць» А. Бабарэка, з характэрнай для яго маладнякоўскіх выступленняў просталінейнасцю, вызначае тры кірункі ў беларускай крытычнай думцы: адраджанісцкі, прамежкавы і «маладнякізм». Першы кірунак, на яго думку, вядзе да ідэалізму, бо, прымяняючы ў крытыцы «паэтычны сінтэз», затушоўвае «класавую праўду мастацкай творчасці»; другі напрамак, які прадстаўляе Максім Гарэцкі, недаацэньвае «агульнага значэння сучаснага мастацтва»; і толькі “маладнякізм” «працярэблівае сваёю працаю шлях да стварэння марксісцкай гісторыі літаратуры як навукі». Няцяжка заўважыць штучную апрыёрнасць такога меркавання пра тых, хто інакш думае. Аднак для нас важна не артадаксальнасць, а практычная дзейнасць «Маладняка» ў справе развіцця беларускай савецкай культуры і падрыхтоўкі кадраў беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, журналістаў. Філіялы гэтага аб'яднання былі, як вядома, сапраўднымі вогніскамі асветніцкай працы ў горадзе і сяле. Пра гэта пісаў А. Бабарэка ў артыкуле «Шлях «Маладняка». Услед за нашай дакастрычніцкай рэвалюцыйна-дэмакратычнай крытыкай ён абвясціў, што шлях да будучай агульначалавечай культуры немагчымы без усебаковага і свабоднага развіцця нацыянальных культур. «Маладняк» – арганізацыя мастацкая, аднак, паколькі важнейшай умовай развіцця мастацтва з'яўляецца ўздым культуры народных мас, пастолькі, справядліва падкрэсліваў крытык, важна спалучаць творчую працу з працай асветніцкай.

А. Бабарэка быў асноўным дакладчыкам па важнейшых тэарэтычных пытаннях на двух найбольш прадстаўнічых форумах «Маладняка» – на Пленуме ЦБ (21–23 сак. 1925 г.) і на I Усебеларускім з'ездзе «Маладняка» (лістапад 1925 г.). Дакладчык выступаў ад імя ўсяго кіраўніцтва гэтай літаратурнай арганізацыі і паслядоўна абгрунтоўваў асноўныя пункты яе праграмы.

Тэма першага даклада – «Маладняк» і яго месца ў літаратуры». Наша тэарэтычная аснова, абвяшчаў крытык,– гэта «матэрыялізм, марксізм і ленінізм... Перанясенне метадаў з дыялектычнага матэрыялізму, з грамадскіх навук, з практыкі рэвалюцыйнага змагання ў практыку мастацкай працы – вось сэнс і сутнасць вышэйадзначанай ідэалагічнай платформы «Маладняка». Аднак сувязь агульна-філасофскай метадалогіі з мастацкай практыкай маладнякоўцы разумелі некалькі механістычна. Па форме вельмі рэвалюцыйная, гэтая ідэалагічная платформа на практыцы арыентавала на механічнае дапасаванне гатовых вывадаў філасофіі, сацыялогіі і палітыкі да літаратуры. У дакладзе на пленуме ЦБ «Маладняка» Бабарэка закрануў таксама і спецыфічныя праблемы гісторыі і тэорыі беларускай літаратуры. Тут ён значна адышоў ад просталінейных афіцыйных установак сваёй арганізацыі, правільна заўважыў паасобныя спецыфічныя заканамернасці ў развіцці нацыянальнай мастацкай культуры (напрыклад, адсутнасць да канца развітых літаратурна-мастацкіх напрамкаў, дэмакратызм беларускай літаратуры, арганічнае адзінства эстэтычнага і ўтылітарнага ў ёй і г. д.). Гісторыка-літаратурная канцэпцыя Бабарэкі ўжо выходзіць за рамкі маладнякоўскай «сацыялагічнай крытыкі». Нягледзячы на паасобныя прыватныя памылкі, якія з’яўляліся вынікам залішняй абстрактнасці, гэтая канцэпцыя стала своечасовай і неабходнай, паколькі яе звышзадачай было выратаванне мастацкай спадчыны для сацыялістычнага грамадства. Асноўныя ідэі даклада былі развіты Бабарэкам у артыкуле «Вясну радзіла восень (Да пытання аб кірунках у сучаснай беларускай літаратуры)»). Як і ў дакладзе, у гэтым артыкуле прыкметны два пласты: першы ідзе ад маладнякоўскіх нарматыўных установак, з другога бярэ вытокі будучая эстэтыка «Узвышша». Першы пласт найбольш рэльефна выяўляецца ў супрацьпастаўленні «адраджанізму» і «маладнякізму», творчасці Купалы і Коласа – з аднаго боку, і маладнякоўскай літаратурнай прадукцыі – з другога. «Маладнякізм», на думку крытыка, вырас на аснове «адраджанізму» як яго дыялектычнае адмаўленне ва ўмовах сацыялістычнага будаўніцтва. Заўважым, што з сярэдзіны 1920-х гг. маладнякоўцы пачынаюць пераглядаць свае адносіны да старэйшых пісьменнікаў, майстроў мастацкага слова, яны прысвячаюць Купалу юбілейны зборнік, у якім надрукаваны даволі аб'ектыўны артыкул Бабарэкі пра творчы шлях паэта. У гэтым артыкуле ёсць правільная і новая для таго часу думка, што ў творчасці Купалы вельмі глыбока выявіўся яго асабісты духоўны свет. Мастацкія прынцыпы Купалы, адзначыў крытык, «багаты і разнастайны, як багата само «я» паэта, якое матэрыялізавана ў мастацкім слове».

У дакладзе на Першым з’ездзе “Маладняка” развіваецца значна больш шырокі погляд на мастацтва, чым у ранейшых маладнякоўскіх праграмных дакументах: раней пра мастацтва гаварылася толькі як пра «важны сродак класавай барацьбы», цяпер жа Бабарэка, спасылаючыся на Пляханава, вызначае сутнасць мастацтва як «метад пазнання жыцця ў вобразнай форме». Улічваўся, такім чынам, не толькі сацыялагічны, але і гнасеалагічны, пазнавальны аспект мастацтва. Адначасова крытык пераканаўча даказаў, што мастацтва не ёсць нешта звышнатуральнае; наадварот, яно заўсёды было і застаеццо «прадуктам творчай дзейнасці людзей», мастацкай практыкай пэўных сацыяльных класаў і груп.

Яшчэ ў 1923 г. А. Бабарэка меўся напісаць манаграфію пра творчасць Міхася Чарота. Толькі праз два гады ён часткова ажыццявіў свой намер, надрукаваўшы літаратурна-даследчы артыкул пад назвай «Лірыка Міхася Чарота», у якім прааналізаваў працэс ідэйна-мастацкага станаўлення паэта галоўным чынам на падставе аналізу яго першага зборніка вершаў «Завіруха». М. Чарот, адзначыў крытык, аддае перавагу песні-воклічу, песні актыўнай дзейнасці, а не статычнаму адбітку рэчаіснасці. Заклік да будавання новага жыцця – асноўны матыў лірыкі паэта. Крытык дае аналіз мастацкай тэхнікі Чарота, даследуе структуру яго паэтычных вобразаў. Артыкул Бабарэкі вылучаецца ўменнем гаварыць пра творчасць паэта неаддзельна ад яго паэтычнай асобы: аналіз паэзіі Чарота ўвязваецца з фактамі яго грамадска-палітычнай і жыццёвай практыкі і біяграфіі пісьменніка. А. Бабарэка ўмела пераадольвае адзін з характэрных недахопаў нашай крытыкі 20–30-х гг. – няўменне аналізаваць мастацкую структуру твора, сістэму вобразаў і стыль пісьменніка. У артыкуле пра творчасць Чарота Бабарэка паспрабаваў знайсці і паказаць тыя жыццёвыя факты, што паўплывалі на стварэнне адпаведных лірычных вобразаў – на іх ідэйны сэнс і на іх пачуццёвую, «слоўную» структуру.

Пісаў А. Бабарэка ў маладнякоўскі перыяд сваёй дзейнасці і кароткія рэцэнзіі. Ёсць у яго некалькі газетных артыкулаў пра беларускае тэатральнае мастацтва. Тут ён менш залежыць ад нарматыўных установак «Маладняка», дазваляючы сабе больш вольны палёт думкі. Так, напрыклад, ён адзін з першых прыкмеціў арыгінальны, тыпова беларускі сатырычны талент Кандрата Крапівы, адзін з першых высока ацаніў творчасць Уладзіміра Дубоўкі, Паўлюка Труса і некаторых іншых тады яшчэ маладых паэтаў.

Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць А. Ба­ба­рэ­кі часоў “Узвышша”. Яшчэ будучы ў «Маладняку», Адам Бабарэка апублікаваў у пачатку 1926 г. два праблемныя артыкулы, вызначыўшы той круг ідэй, якія пазней будуць развівацца ім ва «Узвышшы». Маюцца на ўвазе яго працы «З далін на ўзвышшы» і «За культуру мастацтва!». У другім артыкуле папулярна вытлумачана для масавага чытача асноўная думка першага, навукова-даследчага па сваім характары артыкула.

Сапраўднае мастацтва, падкрэслівае крытык у артыкуле «З далін на ўзвышшы», мае абсалютную, непераходзячую каштоўнасць, яно служыць не толькі пэўным класам той або іншай гістарычнай эпохі, але і ўсяму чалавецтву ў яго гістарычным развіцці. Мастацтва — гэта важнейшы крытэрый таго культурнага ўзроўню, да якога падняўся той ці іншы народ або нацыя. Вялікія мастацкія творы «абуджаюць людзей на вялікую творчасць, на вялікае змаганне і дзейнасць», яны даюць «найвялікшую асалоду і радасць жыцця». Але сапраўднае мастацтва ствараецца тады і толькі тады, калі пісьменнік ці мастак цалкам аддаецца творчасці, служыць мастацтву, а не зводзіць эстэтычныя каштоўнасці на ступень чыста ўтылітарных аб'ектаў. Гісторыі нашай літаратуры, адзначыў крытык, вядомы здольныя пісьменнікі, якія бачылі ў сваёй творчасці на беларускай мове толькі сродак выхавання простых людзей у шляхетным духу. Сярод твораў гэтых паэтаў так мала мастацкага, бо яны не тварылі для народа, а падрабляліся пад народ. У той жа час «...у самым народзе хадзілі з вуснаў у вусны такія мастацкія народныя творы, якіх не маглі замяніць ніякія падробкі. Такія яны былі мастацкія! Гэтымі народнымі творамі цікавяцца нават іншыя народы, а іх паэты і пісьменнікі вучацца на іх, як пісаць і тварыць вялікія мастацкія творы». Думка пра мастацкую каштоўнасць народнага мастацтва, беларускага фальклору ў далейшым стане адной з цэнтральных ідэй «Узвышша», яна, у прыватнасці, будзе грунтоўна раскрыта ў паэме Ул. Дубоўкі «I пурпуровых ветразей узвівы...» (1929). Паэты-маладнякоўцы ў сваёй большасці выраслі ў гэтай фальклорнай стыхіі, аднак у сваіх праграмных дакументах недаацэньвалі фальклор. Заслуга А. Бабарэкі ў тым, што ён убачыў у фальклоры невычэрпную скарбніцу эстэтычных каштоўнасцей і загаварыў пра гэта ў шырокім друку.

У артыкуле «За культуру мастацтва» крытык пераглядае свой погляд на нацыянальную мастацкую спадчыну. Беларуская дакастрычніцкая літаратура, піша ён, «абуджала нацыянальную і сацыяльную свядомасць беларускіх сялян і рабочых», раскрывала ім вочы на вялікія сілы і магчымасці, якія затоены ў працоўным народзе. Сярод дарэвалюцыйных пісьменнікаў былі такія, што «...зрабіліся праз свае творы кветкамі Беларусі, што сталі гордасцю беларускіх сялян і рабочых, а іх творы — культурным капіталам Беларусі. Каб узнімацца на вышэйшую ступень культуры, ужо нельга абмінуць твораў, скажам, такіх паэтаў, як Янка Купала, Якуб Колас, М. Багдановіч... і інш.».

У шматлікіх выступленнях у друку А. Бабарэка не перастае развіваць думку, што рух моладзі ў літаратуру і мастацтва трэба толькі вітаць. «Але як кожны рух і кожная справа, так і гэты ўздым і веліч імкнення да творчасці мае, – на думку крытыка, – і свой адваротны бок. Гэтым адваротным бокам з'яўляецца наша агульная некультурнасць, спешныя і не заўсёды сур'ёзныя адносіны да сваёй пісаніны, якая выдаецца за вершы або апавяданні. У гэтым ёсць, вядома, не столькі загана, колькі наша агульная бяда. Кожнаму хочацца, каб як найхутчэй нагнаць тое, што было ўтрачана за часы шматвяковага падняволенага жыцця да рэвалюцыі. А патрэбы зараз вялікія. Гаспадарку трэба ўзнімаць. Культуру таксама. А тут яшчэ шмат непісьменнасці. Вось гэтага маладыя, што пачынаюць пісаць вершы ці апавяданні, не ўсе разумеюць і часта думаюць, што тварыць паэзію, мастацтва лягчэй за ўсё, што пісаць вершы можна і без належнай навукі, без ведання таго, як ужо пісалі беларускія паэты і пісьменнікі і як зараз пішуць у культурных людзей». Які ж выхад? Выхад, справядліва адзначаў Бабарэка, толькі адзін — вучоба: «Трэба апанаваць культураю мастацтва... Праз авалоданне культураю мастацтва да вялікай творчасці, да стварэння высокакаштоўных твораў сялянскага і пралетарскага мастацтва. Толькі праз гэта магчыма мастацкае вырашэнне вялікага руху рэвалюцыі». У рэальным літаратурна-мастацкім працэсе, падкрэсліваў Бабарэка, далёка не ўсё, што выдаецца за мастацтва, з'яўляецца гэткім на самой справе, бо ўяўляе сабою толькі «кару, якою прыкрываецца душэўная пустата»; у такім выпадку на свет з'яўляецца «мёртвая паэзія», у якой няма «жывога агню сэрца тварца». Няма літаратурнага твора без чалавечага сэрца, без суб'ектыўнага перажывання мастака, без яго індывідуальнай непаўторнасці. Тут крытык вызначае галоўныя ўмовы мастацкай творчасці: «Душа і сэрца, вопыт чалавечага «я» — вось тое галоўнае, без чаго не можа быць ні вялікага паэта, ні сапраўднага мастацтва». Толькі такія творы не старэюць, застаюцца вечна маладымі, якія раскрываюць унутраны свет чалавека, з'яўляючыся «формаю ажыццяўлення паўнагучнасці, самой паўнаты, шырыні і глыбіні ўнутранага свету чалавека».

Бабарэка намеціў шлях паглыбленага вывучэння гісторыі нацыянальнай літаратуры: гэта раскрыццё своеасаблівасці ідэалаў, светапогляду, мастацкага метаду і стылю мастакоў слова. Ён ахарактарызаваў рэвалюцыйна-дэмакратычныя ідэалы Цёткі і Якуба Коласа. Янка Купала, на думку крытыка, даў геніяльны сінтэз гэтых ідэалаў. Аўтар артыкула «З далін на ўзвышшы» фактычна робіць поўную пераацэнку сваіх ранейшых каштоўнасцей. Раней, у адпаведнасці з маладнякоўскай платформай, ён называў літаратуру «беларускага адраджэння» восенню, якая радзіла «вясну» маладнякоўскай творчасці. Цяпер жа, не адмаўляючы сацыялістычнай накіраванасці «Маладняка», ён дае зразумець, што па глыбіні пранікнення ў сутнасць жыцця і шырыні пазнання рэчаіснасці маладым яшчэ далёка да Купалы, Коласа і Багдановіча.

У 1920-я гг. беларускай крытыкі і навукі аб літаратуразнаўстве як адносна закончанай сістэмы ведаў яшчэ не было, і яе стварэнне з'яўлялася той задачай, якую неабходла было вырашыць; бо ўсё тое, што было зроблена раней, у тым ліку да Кастрычніцкай рэвалюцыі, гэта толькі разрозненыя факты, меркаванні, ацэнкі, нярэдка трапныя і глыбокія, нярэдка таксама павярхоўныя і спрошчаныя, але не навука, як сістэма ведаў. Літаратурна-крытычныя працы Бабарэкі-ўзвышанца якраз і былі першай спробай распрацоўкі некаторых тэарэтычных пытанняў беларускага літаратуразнаўства: ён паспеў толькі паставіць гэтыя пытанні і больш-менш падрабязна закрануць паасобныя з іх.

А. Бабарэка лічыў, што важным матэрыялам для вывучэння творчай асобы мастака з'яўляецца яго самаацэнка, выражаная або фактам самой творчасці, або «аглашэннем той ці іншай дэкларацыі». Пытанню самаацэнкі творчых сіл мастацтва наогул і беларускай дакастрычніцкай літаратуры ў прыватнасці прысвяціў крытык свой першы надрукаваны ў часопісе «Узвышша» артыкул з «Літаратурных нататак». Ён звярнуў увагу на такую разнавіднасць лірычнага жанру, як праграмная лірыка, і прааналізаваў найбольш характэрныя ў гэтых адносінах вершы і прадмовы В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Цёткі, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і некаторых іншых пісьменнікаў. Да пісьменніцкіх самаацэнак, адзначаў Бабарэка, неабходна падыходзіць крытычна, паколькі ў такога роду самаацэнках у большай або меншай ступені ёсць суб'ектыўны момант, які не адпавядае аб'ектыўнаму значэнню творчасці таго ці іншага пісьменніка. Як прыклад крытык прыводзіць самаацэнку Дуніна-Марцінкевіча ў прадмове да перакладу на беларускую мову паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Дунін-Марцінкевіч, на яго думку, не быў тым «дударом простага народу», якім сам сябе атэставаў у прадмове.

Даволі цікавыя і не страцілі каштоўнасці па сённяшні дзень развагі-меркаванні А. Бабарэкі наконт разнавіднасцей літаратурна-мастацкай крытыкі. Яна можа быць: а) публіцыстычнай, б) філасофскай, в) эстэтычнай. Публіцыстычная крытыка звычайна разглядае тыя, паднятыя ў творы пытанні, якія патрабуюць завастрэння на сабе грамадскай увагі і неадкладнага вырашэння; філасофская крытыка перакладае вобразна-інтуітыўнае мысленне мастацкага твора на мову філасофіі; эстэтычная крытыка разглядае твор як аб'ект, «прызначаны перш за ўсё для эстэтычнага перажывання, а праз яго для служэння мэтам і задачам выхаваўчага (у шырокім сэнсе) парадку». Дапускаючы магчымасць ацэнкі твораў у розных аспектах, А. Бабарэка адначасова падкрэсліваў, што эстэтычная каштоўнасць твора з'яўляецца найпершаснай і абавязковай умовай усякай іншай яго каштоўнасці — пазнавальнай, ідэалагічнай, выхаваўчай і г. д.

Закранаў А. Бабарэка ў сваіх выступленнях і праблему творчай фантазіі, мастацкага ўяўлення. У 1920–1930-я гг. крытыкі нярэдка глядзелі на мастацкі твор як на рэальны жыццёвы пласт, мастацкі вобраз атаясамлівалі з рэальным фактам, ставілі знак роўнасці паміж светапоглядам пісьменніка і «светапоглядам» яго літаратурнага персанажа. Неабходнасцю барацьбы з гэтай вульгарызацыяй мастацтва і кіраваўся Бабарэка ў апошнія гады свайго супрацоўніцтва ва «Узвышшы». Праблеме творчага ўяўлення прысвечаны яго артыкул «Паэзія як выяўленне». Без творчай фантазіі, адзначаў крытык, не можа быць наогул ніякай паэзіі (мастацкай літаратуры – у шырокім разуменні гэтага слова).

Сярод актуальных пытанняў, якія закранаў А. Бабарэка ў сваіх выступленнях, было таксама пытанне стылю, а дакладней яго ўзаемасувязі з бягучым літаратурным працэсам. Звернем увагу на ідэю А. Бабарэкі аб нацыянальным пралетарскім стылі ў беларускай літаратуры. Беларуская савецкая літаратура, на яго думку, павінна заўсёды імкнуцца да ўсталявання свайго нацыянальнага кірунку і стылю, які ўмоўна можна назваць «узвышанствам», або «аквітызмам». Асноўнай традыцыяй, на якую неабходна абаперціся ў гэтай справе, павінна стаць народная мастацкая культура, у першую чаргу фальклор, народная песня, гэта значыць, усе тыя эстэтычныя каштоўнасці, якія былі створаны народным геніем. Можна дапусціць, на думку У. Конана, што тэрмін «аквітызм» быў узяты Бабарэкам і іншымі ўзвышанцамі пад уплывам народна-паэтычных уяўленняў. У беларускай міфалагічна-фальклорнай традыцыі вада мела глыбокі эстэтычны сэнс: гэта жыватворчая, «жывая вада», яна адраджае да новага жыцця, мёртвае робіць жывым, старое – маладым, прыгожым.

Абарона паэзіі і паэта, абгрунтаванне права на існаванне спецыфічна мастацкіх адносін да рэчаіснасці стала асноўным пафасам крытычна-даследчых прац Бабарэкі 1926–1930 гг. Крытык сцвярджаў неабходнасць даверу і добразычлівасці грамадства да асобы мастака, абараняў яго права на шчырасць і непасрэднасць у вобразным пазнанні жыцця. Каб абараніць мастацтва ад вульгарызатарскай крытыкі, А. Бабарэка даследуе прагрэсіўныя мастацкія традыцыі, фальклор і класічную беларускую літаратуру з яе карыфеямі Купалам, Коласам, Багдановічам, творчасць якіх ён сам, будучы ў «Маладняку», недаацэньваў. Цяпер веліч гэтых пісьменнікаў крытык убачыў у тым, што яны абудзілі сацыяльную і нацыянальную свядомасць беларускага працоўнага люду, стварылі значныя эстэтычныя каштоўнасці, якія сталі «кветкамі Беларусі». У 1920–1930-я гг. крытыка ў Беларусі была яшчэ далёкай ад прафесійнай дасканаласці. Існавала нямала людзей, якія, павярхоўна пазнаёміўшыся з марксізмам і мастацкай літаратурай, смела браліся за пяро і безапеляцыйна меркавалі пра творчасць карыфеяў літаратуры і мастацтва. Яны далёка не заўсёды шанавалі мастацкі талент, гаворачы пра вядомых пісьменнікаў, не скупіліся на эпітэты «буржуазны», «дробнабуржуазны» і нават «варожы». Чуючы ў гэтым вялікую небяспеку для мастацтва, А. Бабарэка імкнуўся распрацаваць навуковую сістэму поглядаў на працэс гістарычнага развіцця нашай літаратуры. З гэтай мэтай ён выдзеліў у ёй некалькі этапаў (“кругоў”, “кругабегаў”, паводле аўтарскага наймення), звязаных з сацыяльна-палітычнай гісторыяй народа: 1) дваранска-шляхецкі (Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч і інш.); 2) адраджэнцкі (Багушэвіч, Купала, Колас, Багдановіч, Бядуля, Цётка і інш.); 3) перыяд беларускай сацыялістычнай літаратуры. Гісторыка-літаратурная канцэпцыя А. Бабарэкі была, побач з канцэпцыяй М. Гарэцкага, адной з першых спроб сістэматызацыі гісторыі нашай літаратуры, паказу ў агульных рысах яе ідэйна-эстэтычнай і стылёвай эвалюцыі.

Успрыняўшы традыцыі Бялінскага, Бабарэка звяртаў асаблівую ўвагу на тых пісьменнікаў, творчасць якіх найбольш поўна выявіла істотныя бакі народнай душы і ўяўляла значную эстэтычную каштоўнасць. Любімым яго паэтам быў М. Багдановіч, пра якога крытык меркаваў напісаць манаграфію, аднак паспеў надрукаваць толькі ўступны артыкул (А. Бабарэка. Максім Багдановіч у літаратурных ацэнках // Узвышша. 1927. № 2). Такі артыкул не быў выпадковым — пра творчасць выдатнага паэта ў той час было нямала супярэчлівых і памылковых выказванняў. Паасобныя крытыкі (напрыклад, М. Піятуховіч) успрынялі канцэпцыю тых дакастрычніцкіх публіцыстаў (Л. Гмырак, Ядвігін Ш.), якія лічылі, быццам Багдановіч у дакастрычніцкай літаратуры стаяў зусім асобна, як эстэт і паэт «чыстай красы», паэт-імпрэсіяніст. А. Бабарэка быў першым гісторыкам літаратуры, які заўважыў аднабаковасць і памылковасць такіх поглядаў. Ён пісаў, што нельга абсалютызаваць паасобныя рысы творчай манеры паэта, напрыклад, яго ўменне даваць бягучыя накіды рэчаіснасці, бо гэтыя рысы зусім не перадаюць сутнасці ўсёй яго творчасці. На падставе аналізу творчасці Багдановіча крытык выказаў вельмі слушнае меркаванне (яно пацвярджаецца сучаснымі даследаваннямі), што творчасць выдатных беларускіх паэтаў (Купалы, Коласа, Багдановіча і некаторых іншых) не можа быць ацэнена адназначна, бо яны шырока выкарыстоўвалі дасягненні сусветнай паэзіі для стварэння беларускага нацыянальнага мастацтва.

У полі зроку А. Бабарэкі-крытыка была пастаянна і творчасць Я. Коласа. Так, пра паэму «Новая зямля» ў крытыцы 1920-х гг. было сказана добрае слова, што ж да паэмы «Сымон-музыка», то яна была ўпершыню правільна прачытана менавіта А. Бабарэкам (А. Бабарэка. «Сымон-музыка» Якуба Коласа // Узвышша. 1927. № 3.). У чым прычына трагічнага гучання беларускай народнай песні? А. Бабарэка лічыў, што адказ на гэтае пытанне дае паэма «Сымон-музыка». Сваім творам, на думку Бабарэкі, паэт сцвярджае: такім было жыццё народа. Уся яго сіла і энергія трацілася на барацьбу за існаванне, і амаль не заставалася часу, «каб любавацца красою свету, каб падумаць аб тым, як зрабіць жыццё прыгажэйшым». Крытык параўноўвае паэму Коласа з «Фаўстам» Гётэ: як твор нямецкага паэта ёсць трагедыя чалавечай думкі, так і паэма «Сымон-музыка» — гэта трагедыя народнага мастацтва, трагедыя творча-мастацкага духу народа. I гэтак жа як «Фаўст» сваімі карэннямі ідзе ў глыбіні народнай легенды, так і коласаўская паэма саткана з «казак жыцця», яе карэнні ідуць глыбока ў нетры вуснай народнай творчасці. А. Бабарэка даў усебаковы аналіз выдатнай коласаўскай паэмы. Ён зрабіў спробу раскрыць складаную сімволіку твора, прааналізаваў яго кампазіцыю, першы даследаваў эстэтычныя погляды паэта. А. Бабарэка лічыў паэму «Сымон-музыка» творам класічным і манументальным, «прыгожым узорам мастацкай будовы твора, мастацкага выяўлення і выражэння шырыні і глыбіні жыцця». У рэцэнзіі на паэму «Новая зямля» (А. Бабарэка. Пра коласаўскую «Новую зямлю» // Узвышша. // 1929. № 3.) Бабарэка правільна вызначыў асаблівасць коласаўскага таленту. Якуб Колас, на яго думку, умее надзвычай востра і свежа ўзнавіць у мастацкім слове ўсё тое, што калісьці наглядалася і перажывалася ім. Яго паэма — эпапея, «гэта як бы паўтарэнне паэтычнай культуры суседніх народаў часоў іхняй класічнасці». З непаўторным майстэрствам паэт паказаў красу роднай зямлі, з вялікай мастацкай сілай выявіў прыгажосць чалавека працы.

Аналізаваў А. Бабарэка і творчасць З. Бядулі. Ён паспрабаваў прасачыць эвалюцыю эстэтычных поглядаў Бядулі, які, на думку крытыка, быў пісьменнікам вялікай прагі да жыцця і творчасці (А. Бабарэка. Пералом у станаўленні натуральнай культуры ў творчасці З. Бядулі // Узвышша. 1928. № 3.). Засвоіўшы новы жыццёвы матэрыял і новы светапогляд, гэты пісьменнік пераадолеў крызіс пераломнага часу, зрабіў сваю творчасць сугучнай рэвалюцыі. Спачатку З. Бядуля на з'явы рэвалюцыі «...глянуў праз тое ж шкло містычнага прыняцця свету, праз якое дзівіўся ён на свет і на з'яўленне новых падзей. Ён прыняў гэтыя падзеі як праявы ўсё той жа адзінай тайны жыцця, адзінай існасці яго — ідэі хараства, таго хараства, якое было для паэта і законам, і душою, і рэлігіяй, і богам, як выказаў гэта сам паэт у вершы «Хараству». Сябе ён лічыў яго жрацом, яго сейбітам і ратаем. Яго праявы ён бачыў скрозь і ва ўсім, дзе быў след людской творчасці або творчасці натуральнай, прыроднай». Такі погляд на рэвалюцыю знайшоў, на думку А. Бабарэкі, сваё адлюстраванне ў зборніку вершаў «Буралом». Гэтыя вершы — своеасаблівыя гімны і псалмы рэвалюцыйным падзеям. У рэцэнзіі на аповесць З. Бядулі «Салавей» (А. Бабарэка. Пра аповесць «Салавей» // Узвышша. 1929. № 2) крытык працягваў гаворку пра творчасць пісьменніка. Па ініцыятыве А. Бабарэкі «Узвышша» звярнулася ў 1928 г. да грамадскасці з прапановай выдаць творы З. Бядулі ў сувязі з 20-гадовым юбілеем яго творчай дзейнасці.

У свой час А. Бабарэка справядліва лічыў паэзію Ул. ДубоўкІ і прозу К. Чорнага лепшымі здабыткамі маладой беларускай літаратуры 1920-х гг. Невыпадкова ён звярнуў асабівую ўвагу на гэтых таленавітых пісьменнікаў-наватараў.

Так, творчасць Ул. Дубоўкі 20-х гадоў не была зразумета вульгарна-сацыялагічнай крытыкай. Нават тыя з нямногіх крытыкаў, хто бачыў у асобе паэта добрага майстра мастацкага слова, рабілі закіды аб «ідэалагічнай нявытрыманасці» яго твораў. Паэта ўпікалі ў тым, што ён быццам бы «не любіць і не давярае гораду», што яму «паўкажушок і чырвоная хусцінка» даражэй, чым «гораду грукат», бо ў горадзе «афішы на сценах і тварах». Гэтыя крытыкі не разумелі сутнасці лірычнай паэзіі як шчырага выяўлення эстэтычных перажыванняў паэта. Творчасці Ул. Дубоўкі А. Бабарэка прысвяціў тры грунтоўныя артыкулы (рэцэнзія на зборнік “Строма”, «Творчасць Дубоўкі» і «Аквітызм у творчасці Дубоўкі»), у аснову якіх легла яго дыпломная праца, напісаная на апошнім годзе вучобы ва ўніверсітэце.

Проза К. Чорнага, як і лірыка Ул. Дубоўкі, на думку Бабарэкі, была той лабараторыяй, у якой ствараўся арыгінальны беларускі стыль савецкай літаратуры. Творчасць гэтага пісьменніка заўсёды меў на ўвазе крытык у сваіх тэарэтычных разважаннях. А ў 1929 г. ён апублікаваў артыкул «Зямля» Кузьмы Чорнага (Нарыс сінтэтычнага разумення твора)». Тут А. Бабарэка вызначыў разнавіднасць жанру гэтага твора, назваўшы яго «сацыяльна-псіхалагічным раманам», галоўным героем якога з'яўляецца «не герой-адзіночка, а сялянская маса». Раман Кузьмы Чорнага ўвасабляе хараство і трагізм працэсаў перабудовы грамадскіх адносін у беларускай вёсцы. У цэнтры яго — зямля і людзі — яе працаўнікі, яе «краса і гордасць». «Зямля», на думку крытыка,— гэта твор сінтэтычны, які ўвабраў у сябе ўвесь папярэдні творчы вопыт пісьменніка. Вызначаючы стыль і структуру рамана, Бабарэка звярнуў увагу на выкарыстанне пісьменнікам прыёму «мазка»; аўтар рамана як бы ўвесь час «пераскоквае» з прадмета на прадмет у кампазіцыі і дыялогах, і тым не менш увесь твор звязаны моцнымі ўнутранымі сувязямі. Гэта надае яму ўнутраную напружанасць, дынамізм, багатую маляўнічасць. Кузьма Чорны, падкрэсліваў крытык, сапраўдны майстар мастацкага слова, ён умее так апрацаваць слова, што яно становіцца жывым і «прадметным», у ім чуецца дыханне жыцця. Высокае майстэрства дае пісьменніку магчымасць лаканічнымі сродкамі ствараць непаўторныя чалавечыя характары, якія, трапна заўважае Бабарэка, пазнаюцца чытачом «па голасу».

Артыкул А. Бабарэкі «Хто такі Пушча?», які быў падрыхтаваны да друку, але, нажаль не ўбачыў свет, амаль цалкам прысвечаны абароне паэзіі, у першую чаргу лірыкі, ад некампетэнтнай або проста злосніцкай крытыкі. Паэтам уласціва, пісаў крытык, павышаная чуласць, жывое «выабражэнне», чуццё формаў і красы слоўнага вобразу, здольнасць выражэння пераадчутага і перажытага, здольнасць тварыць. «Іх нярэдка б'юць за тое, што яны, дзякуючы вось такім уласцівасцям адчуваць і выражаць тое, што толькі яшчэ зараджаецца ў нетрах грамадства і што як такое нярэдка бывае для звычайна заклапочанага штодзённымі справамі чалавека непрыкметным». У канцы 1920-х гг. у Язэпа Пушчы з'явілася некалькі песімістычных вершаў (маюцца на ўвазе «Асеннія лісты» і «Лісты да сабакі»). Замест аб'ектыўнага аналізу творчасці паэта вульгарызатарская крытыка ў асобе Л. Бэндэ і іншых аб'явіла яго кулацкім ідэолагам. А. Бабарэка, прааналізаваўшы творчасць Пушчы, даказваў беспадстаўнасць такіх абвінавачванняў. Па-першае, рабочы (і селянін) не заўсёды толькі радуецца і цешыцца, яму, як і ўсякаму чалавеку, даступна ўся гама чалавечых пачуццяў, у тым ліку смутак. Па-другое, у працэсе будаўніцтва сацыялізма ёсць свае, і вельмі значныя, цяжкасці і супярэчнасці, якія не могуць не перажывацца народам і не выяўляцца ў літаратуры. Паэзія <



Дата добавления: 2021-06-28; просмотров: 572;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.022 сек.