Літаратурна-крытычная дзейнасць Я. Пушчы.
Язэп Пушча (сапр. прозвішча і поўныя ініцыялы — Плашчынскі Іосіф Паўлавіч) нарадзіўся 7(20).5.1902 г. у в. Каралішчавічы Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер Мінскі раён) у сялянскай сям'і. Бацькі, Павел і Антаніна Плашчынскія, былі непісьменнымі. Жылі ў клопаце пра гаспадарку, пра тое, каб пракарміць і паставіць на ногі шасцёра дзяцей — чатырох хлопчыкаў і дзвюх дзяўчынак. Трыццатыя гады раскідалі па свеце вялікую сям'ю Плашчынскіх, усіх дзяцей адлучылі ад зямлі. Брат Ізідар (Язэп Гуткоўскі) вучыўся ў БДУ, займаўся літаратурнай творчасцю, памёр у 1986 г. у ЗША. Нават самі бацькі — сумленныя працаўнікі — памерлі не ў сваёй хаце. Я. Плашчынскі быў пятым сынам у сям'і. Ён рана далучыўся да працы і ў дванаццаць гадоў, па яго словах, «у касьбе амаль не адставаў ад дарослых». Будучы паэт вучыўся ў Каралішчавіцкім народным вучылішчы (1910—13), у жніўні 1915 г. быў залічаны вучнем 2-га класа Мінскага вышэйшага пачатковага вучылішча. З-за набліжэння фронту і падрыхтоўкі да эвакуацыі вучоба доўга не пачыналася. Вучыцца ў Мінску давялося і ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, а таксама грамадзянскай вайны. З 1918 г. да жніўня 1921 г. Пушча вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. У 1918 г. будучы паэт прачытаў першую беларускую кнігу — «Шляхам жыцця» Я. Купалы, а праз два гады ў сваёй вёсцы пазнаёміўся з М. Чаротам, сяброўствам з якім даражыў усё жыццё. Скончыўшы рэальнае вучылішча, Я. Плашчынскі вучыўся на дзевяцімесячных курсах беларусазнаўства Наркамасветы БССР (1921—22), дзе слухаў Я. Купалу, Я. Коласа, З. Бядулю. Пасля курсаў працаваў інспектарам беларускай культуры ў Мазырскім райаддзеле народнай асветы, інспектарам школ Мінскага пав. У 1925—27 гг. вучыўся на педфаку БДУ. Увосень 1927 г. перавёўся ў Ленінградскі універсітэт, але на чацвёртым курсе пакінуў вучобу. У 1929 г. вярнуўся ў Мінск, працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. 25.7.1930 г. па ілжывым абвінавачванні як член уяўнага «Саюза вызвалення Беларусі» асуджаны на 5 гадоў высылкі. У перыяд блукання па пакутах Я. Пушча працаваў бухгалтарам у г. Шадрынску на Урале (1931—35), восем месяцаў (1935—36) у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 гг. Пушча загадвае навучальнай часткай, працуе дырэктарам Манакоўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. У пачатку вайны ён мабілізаваны ў армію, вучыўся ў 2-м Маскоўскім пяхотным вучылішчы. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. У 1955 і 1956 гг. наведаў Беларусь. 19.7.1958 г. з сям'ёй вярнуўся ў Мінск, дзе жыў да апошніх дзён.
Найперш Я. Пушча вядомы як паэт, прычым надзвычай таленавіты і арыгінальны. Разам з тым ён унёс пэўны ўклад у беларускую літаратурную крытыку 1920-х гг., а таксама рубяжа 1950–1960-х гг.
Я. Пушча, побач з А. Бабарэкам і М. Чаротам, быў адным з аўтараў тэорыі «маладнякізму», якая, нягледзячы на агаворку аб прызнанні прагрэсіўных традыцый, вяла да недаацэнкі творчасці старэйшых пісьменнікаў, у тым ліку Купалы і Коласа. Таму гэтая тэорыя сустрэла пярэчанні з боку літаратурна-крытычнай грамадскасці, і перш за ўсё з боку старэйшага крытыка М. Гарэцкага. Гарэцкі наогул добразычліва ставіўся да маладых пісьменнікаў, падкрэсліваў, што «Маладняк» — новая значная літаратурная сіла, дзе ёсць нямала здольных паэтаў (Ул. Дубоўка, М. Чарот, А. Вольны) і «вельмі здольныя крытыкі (А. Бабарэка)». Аднак ён крытыкаваў паасобных маладых паэтаў за «панскую хваробу — імажынізм», які, на яго думку, ніколі не будзе зразуметы рабочым і селянінам. Артыкулам М. Гарэцкага (М. Гарэцкі. «Маладняк» // Савецкая Беларусь. 1925. 7 студз.) і пачалася спрэчка паміж «старымі» і «маладымі». Язэп Пушча, адзін з прадстаўнікоў “маладых” і тэарэтыкаў “Маладняка”, яго эстэтычнай праграмы, адмаўляў сваяцтва «кантрастных вобразаў» маладнякоўскай паэзіі з імажынізмам на той падставе, што ў маладнякоўцаў на першым плане «сацыяльна-класавы і псіхалагічны бок вобразу», а ў імажыністаў — яго фармальны бок. На яго думку, арыгінальная вобразная сістэма ў беларускім мастацтве доўгі час існавала толькі ў народнай творчасці. Маладнякоўцы чэрпаюць свае вобразы не з рускай імажынісцкай паэзіі, а з крыніц фальклору, іх вобразы абумоўлены «сацыяльнымі ўмовамі развіцця беларускай мастацкай рэчаіснасці» (Язэп Пушча. Да тэарэтычнага абаснавання маладнякізму і аб вывіхах крытыкі // Савецкая Беларусь. 1925. 20–27 студз.). «Маладняк», сцвярджаў Пушча, не далучаецца ні да імажынізму, ні да іншых сучасных мастацкіх кірункаў (экспрэсіянізм, футурызм і інш.), ён выкарыстоўвае толькі іх стылістычныя прыёмы, перапрацоўвае на аснове стылістыкі беларускага фальклору і стварае свой «самабытны беларускі кірунак — маладнякізм». У адпаведнасці з марксізмам, падкрэсліваў Пушча, мы сцвярджаем, што «кожны клас нясе за сабою сваю эстэтыку... свой падыход да рэчаіснасці, свой ідэал». Для абгрунтавання сваёй думкі аб неабходнасці арыгінальнага беларускага стылю Язэп Пушча вывучаў вобразную сістэму беларускай народнай песні (Я. Кудзер. Вобраз у беларускай паэзіі // Радавая рунь. 1924. № 2.).
Выступаў Я. Пушча і па пытанні, звязаным з вызначэннем стылявой прыналежнасці сучаснай беларускай літаратуры. Беларуская савецкая літаратура, лічыў Я. Пушча (разам з А. Бабарэкам і іншымі тэарэтыкамі “Маладняка”), павінна заўсёды імкнуцца да ўсталявання свайго нацыянальнага кірунку і стылю, які ўмоўна можна назваць «узвышанствам», або «аквітызмам». Асноўнай традыцыяй, на якую неабходна абаперціся ў гэтай справе, павінна стаць зноў жа народная мастацкая культура, у першую чаргу фальклор, народная песня, гэта значыць усе тыя эстэтычныя каштоўнасці, якія былі створаны народным геніем. У артыкуле «За стыль эпохі» (“Узвышша”, 1929, № 1) Язэп Пушча, канкрэтызуючы паасобныя ідэі Бабарэкі, гаварыў пра сацыяльную абумоўленасць мастацкіх стыляў. Паэзія, на яго думку, не ёсць ізаляваны ад іншых галін мастацтва арганізм, яна не адасоблена ад агульнага стану культуры, ад сацыяльнага і бытавога ўкладу грамадства, а тым больш ад дзяржаўна-палітычнага і грамадскага жыцця ў шырокім разуменні слова. Усе бакі грамадскага быцця і культуры знаходзяцца ва ўзаемадзеянні і «твораць стыль эпохі, у якім б'ецца пульс сучаснага і ўласцівага толькі гэтай эпосе творчага генія». Я. Пушча пісаў пра неабходнасць адмовіцца ад апавядальнага, спакойна-эпічнага тону, які, на яго думку, не адпавядае нашаму напружана-дынамічнаму і драматычнаму часу. Творчасць павінна стаць больш эмацыянальнай і разам з тым больш мужнай, багатай на інтуітыўнае пранікненне ў глыбіні жыцця. Эмацыянальнасць, лірычная сіла і напружанасць становяцца важнейшай каштоўнасцю мастацтва; аповесць, апавяданне, раман набліжаюцца да паэмы і драмы, набываючы больш рухомасці, дзеяння, псіхалагічнай дынамічнасці, а ў выніку гэтага робяцца больш чуйнымі да «пульсу эпохі».
Асноўным недахопам многіх крытычных выступленняў 1920–1930-х гг. было прымітыўна-просталінейнае разуменне мастацкага твора, няўменне зрабіць яго эстэтычны аналіз. Адным з першых заўважыў гэта Якуб Колас. У артыкуле «Літаратурная вучоба» (1934) ён заклікаў пісьменнікаў заняцца літаратурнай крытыкай, пісаць рэцэнзіі на творы сваіх братоў па пяру, паколькі прафесійная крытыка не выконвала сваёй ролі. Пра неабходнасць большага даверу да непасрэднага пачуцця мастака, да свету яго суб'ектыўных перажыванняў гаварылі і іншыя пісьменнікі. Так, Язэп Пушча пісаў аб няўменні ці боязі многіх маладых паэтаў выявіць індывідуальна-непаўторныя, суб'ектыўныя адносіны да рэчаў і з'яў; адсюль у іх творах многа трафарэтнага, агульнага, нудлівага. «Адчуваем, што маладыя песняры яшчэ не могуць быць заўсёды глыбока беспасрэднымі ў выяўленні сваіх пачуццяў у мастацкіх вобразах. Часта і вельмі часта сваю юнацкую песню разводзяць зусім прэснай публіцыстыкай, што перашкоджвае яе жыццёвасці» (Я. Кудзер. Анатоль Вольны. Чорнакудрая радасць. Мінск, 1926 (рэцэнзія) // Савецкая Беларусь». 1926. 1 студз.). Няма паэзіі без лірыкі, справядліва падкрэсліваў Я. Пушча, а лірыка немагчыма без выяўлення паэтам сваіх асабістых адчуванняў, перажыванняў, сваіх асабістых адносін да рэчаіснасці. Важна толькі, каб лірычнае «я» паэта было сугучна настроям сучаснасці.
Давер да шчырасці мастака дапамог Язэпу Пушчы заўважыць самабытны талент маладога тады празаіка К. Чорнага. Забягаючы наперад і як бы «авансуючы» пісьменніка, Пушча пісаў пра Чорнага: «Ён нам здолеў у мастацкай прозе даць тое, што Я. Купала ў паэзіі. Калі Янка Купала ў паэзіі зліў у адно музычнае сугалоссе высокую мастацкасць з зразумеласцю, дык гэта ў сучасны момант у мастацкай прозе дае нам Кузьма Чорны» (Я. Кудзер. Бібліяграфія. Кузьма Чорны. Срэбра жыцця (апавяданні). Мінск, 1925 // Савецкая Беларусь. 1926. 10 студз.). Няшчырасць, пагоня за вонкавай «пралетарскасцю», на думку Я. Пушчы, немінуча вядзе да павярхоўнасці. I, наадварот, бываюць паэты, якія «... больш за ўсё спяваюць аб сваіх асабістых перажываннях і настроях, толькі яны ўзводзяць іх у дыяменты мастацкасці. Перажыванні іх, як асоб інтэлектуальна развітых, не дробныя, а глыбокія. Часта ў іх творах хаваецца глыбокі філасофскі сэнс, бо не ёсць жа той паэт сапраўдным мастаком, які ў сваёй творчай інтуіцыі не з'яўляецца філосафам» (Я. Кудзер. Бібліяграфія. Андрэй Александровіч. Прозалаць. Зборнік вершаў. Мінск, 1926 // Савецкая Беларусь. 1926. 26 лют.).
Жанр рэцэнззіі – асноўны ў літаратурна-крытычнай дзейнасці Я. Пушчы 1920-х гг. Акрамя адзначаных вышэй аўтараў ім разглядалася творчасць (як правіла, паэтычная) Я. Падабеда (рэц. на кн.: Падабед Я. Вершы. Мн., 1926 // Наш працаўнік. 1926. 28 сак.), П. Глебкі (рэц. на кн.: Глебка П. Шыпшына. Лірыка. Мн., 1927 // Узвышша. 1927. № 5), М. Чарота (рэц. на кн.: Чарот М. Сонечны паход. Мн., 1929 // Узвышша. 1929. № 3), М. Хведаровіча (рэц. на кн.: Хведаровіч М. Настроі. Мн., 1929 // Узвышша. 1929. № 4).
Вярнуўшыся на радзіму пасля рэабілітацыі, Я. Пушча таксама выступаў у друку з рэцэнзіямі на кнігі паэтычных твораў. Сярод іх: Трапяткое сэрца паэта (рэц. на кн.: Пысін А. Сіні ранак. Мн., 1959 // ЛіМ. 1959. 7 кастр.); “Дарогаю вясны” (рэц. на кн.: Шушкевіч С. Дарогаю вясны. Мн., 1959 // Беларусь. 1960. № 2); Маленькім чытачам (рэц. на кн.: Шушкевіч С. Сарочы церамок. Мн., 1959 // Полымя. 1960. № 1).
Дата добавления: 2021-06-28; просмотров: 481;