Навуковая і літаратурна-крытычная дзейнасць М. Гарэцкага.


 

Максім Гарэцкі – адзін з буйнейшых беларускіх літаратуразнаўцаў і крытыкаў першай паловы ХХ стагоддзя. Створанае ім на навуковай і крытычнай ніве сёння з цяжкасцю ўбярэцца ў два ёмістыя тамы.

Пачнём з літаратурна-крытычных прац М. Гарэцкага. Сярод іх:

- “Уладзіслаў Галубок” (1919) (падаецца разгляд творчасці, найперш драматургічнай, гэтага вядомага пісьменніка-нашаніўца);

- “На угодкі па М. Багдановічу” (1919) (даецца кароткая біяграфія паэта, распавядаецца аб асноўных асаблівасцях вершаванай творчасці (лірыкі) М. Багдановіча);

- “Беларускае драматычнае пісьменства” (1919) (разглядаецца драматургія пачатку ХХ ст.);

- “Беларуская літаратура пасля “Нашай нівы””(1921) (робіцца агляд створанага беларускімі пісьменнікамі прыкладна за 5 гадоў пасля закрыцця “Нашай нівы”);

- “Маладняк” (1925) (распавядаецца аб гэтай арганізацыі, бегла аналізуецца творчасць яе вядучых прадстаўнікоў);

- “Творчасць Міхася Чарота” (назва ўказвае на змест артыкула);

- ««Маладняк» за пяць гадоў» (1928) (што створана маладнякоўцамі за 5 гадоў);

- а таксама артыкулы “Лявон Гмырак”, “Творчасць Я. Нёманскага”, “Якуб Колас пасля Кастрычніка”, “Аб творчасці Міхася Зарэцкага”, “Колькі слоў аб мове твораў М. Лынькова”, “Іларыён Барашка”, “Платон Галавач” і інш.

Асобна неабходна спыніцца на двух праграмных артыкулах М. Гарэцкага “Наш тэатр” (1913) і “Развагі і думкі” (1914). У першым у цэнтры ўвагі М Гарэцкага знаходзіцца беларускі тэатр як вельмі важны інстытут, сродак і элемент нацыянальнага адраджэння. Даследчык аналізуе складнікі драматычнага мастацтва, асаблівую ўвагу звяртае на мову твораў, заклікае пашыраць рэпертуар нацыянальнага тэатра (ствараць п’есы). Другі артыкул можна лічыць сінтэтычным (у сэнсе закранання і распрацоўці праблем з розных галін грамадскага жыцця). Уласна літаратурная частка артыкула блізкая да тэорыі літаратуры: М. Гарэцкі разважае тут над пытаннямі жанравай беднасці нацыянальнай літаратуры, неабходнасцю пашыраць яе выяўленчыя сродкі, удасканальваць мову і г.д.

Добра сказаў аб гэтых двух артыкулах М. Мушыскі: “Тут аўтарам выкладзена ўласнае эстэтычнае крэда, сфармуляваны прынцыпы рэалістычнага мастацтва, узняты шэраг актуальных праблем гісторыка-літаратурнага і тэарэтычнага характару”.

Як і кожны нашаніўскі крытык, Гарэцкі імкнуўся знайсці свой аб'ект даследавання. Так, ён выступіў з заклікам да беларускіх пісьменнікаў стварыць вартыя народа драматычныя творы, якія б склалі аснову нацыянальнага тэатра. Тэмай сцэнічных твораў павінна быць тагачасная рэчаіснасць ва ўсёй разнастайнасці яе праяў — жыццё, побыт, духоўны свет, маральнае аблічча працоўнага беларуса, яго «слаўнае прошлае».

Падкрэсліваючы вялікую грамадска-выхаваўчую ролю тэатра, Гарэцкі разам з тым засцерагаў яго дзеячаў ад небяспекі ператварэння сцэны ў «кут дурнога скалазубства», «брудную стайню Аўгія». Не прымаў пісьменнік і вузкаўтылітарнага разумення мэтаў і задач тэатра. Апошні закліканы задаволіць усе густы, у тым ліку і прыхільнікаў «мастацтва для мастацтва». I тут М. Гарэцкі аказваўся на баку Ю. Верашчакі, выступаў за адкрытае спаборніцтва розных творчых напрамкаў і плыняў, за свабоднае самавыяўленне мастака.

У заслугу Гарэцкаму-крытыку трэба паставіць і тое, што праблема ўзбагачэння тэатральнага рэпертуару справядліва звязвалася ім з развіццём беларускай мовы. Гэта значыць абмеркаванне актуальнай тэмы пераводзілася ў мастацкі, эстэтычны план, што зноў-такі сведчыла аб сталенні літаратурнай крытыкі, яе прафесійным росце. М. Гарэцкі слушна гаворыць пра «старадаўнюю сілу і арыгінальнасць» беларускай мовы, яе «гумарыстычна-наіўную сілу», што так наглядна выяўляецца ў паўсядзённым жыцці. Але гэтыя прывабныя асаблівасці з цягам часу пачалі страчвацца, «гучная форма» паступова слабее, знікае. «Шмат дзе цяпер беларусы гавораць прыкрай мяшанкай слоў беларуска-польска-рускіх» (Калядная пісанка. 1913. С. 23.). Каб адстаяць чысціню і гучнасць мовы, трэба прыслухоўвацца да жывой гутаркі народа, не забываючы і пра тыя невычэрпныя багацці, што паспелі сабраць Насовіч, Шэйн, Раманаў, Карскі. Гэтаму сталенню М. Гарэцкі дапамагаў дзейсным чынам, падкрэсліваючы выключную ролю і значэнне крытычнага слова ў літаратурным працэсе, у фарміраванні літаратуры. «Усякая маладая літаратура, і беларуская, калі ўжо яна мае перад светам нейкі від праз выразнейшых і выбітнейшых пісьменнікаў, асабліва мае патрэбу і ў сур'ёзнай крытыцы» (Там жа. 1914. С. 53), — пісаў ён у артыкуле «Развагі і думкі». Тут жа Гарэцкі засяродзіў увагу і на пытанні родавай сутнасці крытыкі, разглядаючы яе не толькі як сродак тэарэтычнага абгрунтавання ідэйна-эстэтычных прынцыпаў, пэўных творчых кірункаў, мастацкіх школ, але і як самастойную, спецыфічную форму творчасці, форму самаўсведамлення літаратуры. «На добрай крытыцы гадуюцца пісьменнікі і грамадзянства» (Там жа. С. 54.).

Метадалагічнае значэнне артыкулаў М. Гарэцкага трэба бачыць яшчэ і ў тым, што яны замацоўвалі вельмі плённы кірунак у беларускай крытыцы — метад сацыялагічнага і эстэтычнага падыходу да мастацкага твора ў іх адзінстве. Для Гарэцкага прыгожае пісьменства — гэта адбітак духоўнай дзейнасці народа, але адбітак не механічны, а падпарадкаваны законам хараства і прыгажосці.

Гісторыка-літаратурныя працы М. Гарэцкага.

Пачнём з артыкула «Доктар Францыск Скарына» (1917), “у якім, — паводле М. Мушынскага, — не толькі пададзены вядомыя на той час звесткі пра жыццёвы шлях славутага асветніка, але і паказана значэнне ягонай дзейнасці як першадрукара”. А вось словы самога М. Гарэцкага: «Што датычэ кніг яго з боку тыпаграфскае навукі, то яны стаяць вышэй за ранейшых (чэшскіх) і сучасных ім венецыянскіх, лепей за нямецкія. Яны маюць і гравюры, цікавыя літары рознай велічыні з рознымі ўкрасамі, хітрымі завітушкамі, застаўкі вялікія (з людзьмі) і малыя; вельмі прыгожа і па-мастацку зробленыя. У тым відаць талент Скарыны» (Вольная Беларусь. 1917. 8 жн.). Закрануў М. Гарэцкі і пытанне аб мове Скарынавых кніг. Мова — «тагачасная беларуская», аднак «у малітвенных зваротах і спецыяльных набажэнскіх назвах» захаваны царкоўна-славянізмы. М. Гарэцкі не дае канчатковага вытлумачэння гэтаму факту, а мяркуе, што Скарына, відаць, «лічыў іх для ўсіх зразумелымі» (Там жа.), або тут адыграла сваю ролю набожнасць вялікага палачаніна. Адзначаны і ўплыў чэшскай, польскай, літоўскай і нават нямецкай моў на мову перакладчыка.

Да гісторыка-літаратурных прац адносяцца таксама артыкулы “Беларускі тэатр у палове ХІХ веку” (1918), “Вінцук Дунін-Марцінкевіч” (1919), “75 гадоў оперы “Сялянка””.

Вяршыняй навуковай дзейнасці М. Гарэцкага стаў выхад кнігі “Гісторыя беларускае літаратуры” (1920), якая вытрымала за кароткі тэрмін аж чатыры выданні і з’явілася першым сістэмным выкладам гісторыі развіцця беларускага прыгожага пісьменства ад зараджэння і да пачатку 1920-х гг. Зазначым, што акрамя ўласна гісторыка-літаратурнай часткі тут даволі вялікі і тэарэтычны складнік: у канцы кнігі (трэцяе выданне) змешчана “Назваслоўе” – практычна першы літаратуразнаўчы слоўнік у нацыянальным літаратуразнаўстве. “Гісторыя беларускае літаратуры” перавыдадзена да 100-гадовага юбілею М. Гарэцкага.

 

 

7. Літаратуразнаўчая дзейнасць І. Замоціна.

 

Доктар філалогіі, прафесар, акадэмік АН БССР (1928), член-карэспандэнт АН СССР (1929) Іван Іванавіч Замоцін нарадзіўся 20.10(1.11).1873 г. у в. Крывуліна Бежацкага пав. Цвярской губерніі. З сялян. Скончыў з залатым медалём і на «казённы кошт» Пскоўскую гімназію (1893), Пецярбургскі гісторыка-філалагічны інстытут (1897). Працаваў у гімназіях Пецярбурга і Варшавы. З 1904 г. прыват-дацэнт Варшаўскага, потым Пецярбургскага ўніверсітэтаў. Прафесар Варшаўскага (1908-16), Данскога (1917-22) ўніверсітэтаў, з 1922 — БДУ, з 1931 — Мінскага педагагічнага інстытута. Працаваў па сумяшчальніцтву ў Інбелкульце (з 1925), АН БССР (з 1929). Быў дырэктарам Інстытута літаратуразнаўства і мастацтва АН БССР. 4 красавіка 1938 г. беспадстаўна арыштаваны за «зборышчы» на сваёй кватэры, 5 жніўня 1939 г. асуджаны на 8 год папраўча-працоўных лагераў. Адбываючы тэрмін пакарання ў Комі АССР, памёр у 1942 г. у турэмнай бальніцы. Рэабілітаваны ў 1956 г.

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў працах па гісторыі рускай літаратуры 19 ст. I. Замоцін выступаў як прадстаўнік культурна-гістарычнай школы ў літаратуразнаўстве, будучы адным з яе выдатных прадстаўнікоў. Яго працы карысталіся папулярнасцю ў філалагічных колах, а экземпляр кнігі «Адзінства рускай культуры» знаходзіўся ў бібліятэцы У.Леніна ў Крамлі. І. Замоцін з’яўляецца адным з заснавальнікаў беларускага савецкага літаратуразнаўства. Актыўна ўдзельнічаў у выданні беларускай класікі (М. Багдановіч, А. Гарун, Цётка і інш.), стаў адным з заснавальнікаў беларускай тэксталогіі. Укладальнік твораў (зборнікаў) А. Гаруна, П. Труса, Цёткі і інш. Рукапісы I. Замоціна, у тым ліку рукапісы вершаў, яго дачка, мінская настаўніца Таццяна Іванаўна, часткова перадала ў Музей гісторыі АН БССР.

У гонар I. Замоціна на будынку Мінскага педагагічнага інстытута ўстаноўлена мемарыяльная дошка. Вучонаму прысвечаны стэнд у адной са школ г. Пскова.

У 1991 г. у Мінску выйшаў зборнік выбранага з беларускамоўных прац І. Замоціна пад назвай “Творы: Літ.-крытыч. артыкулы”.

Бібліяграфія асноўных прац І.І. Замоціна

- Ранние романтические веяния в русской литературе. Варшава, 1900.

- Предание о Вадиме Новгородском в русской литературе. Воронеж, 1901.

- Романтизм двадцатых годов XIX ст. в русской литературе. Варшава, 1903.

- Литературные эпохи XIX столетия: Очерки по истории рус. литературы. Варшава, 1906. Вып. 1—6.

- Ф. М. Достоевскнй в русской критике: 1846-1881. Варшава, 1913. Ч. 1.

- М. Ю. Лермонтов. Варшава, 1914.

- Единство русской культуры. Харьков, 1919.

- Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Мн., 1927. Вып. 1.

- На переломе: Схема литературных исканнй XIX— XX вв. (Отт. из «Прац БДУ», № 16). Мн., 1927.

- Мастацкая творчасць Л.Н. Талстога: (1828-1928) (Адб. з час. «Полымя» №7 за 1928 г.). Мн., 1928.

- Максім Багдановіч: Крытыка-біягр. нарыс (Адб. уступ. арт. да 2-га тома). Мн., 1929.

- Расійская літаратура эпохі распаду прыгоннай гаспадаркі і развіцця прамысловага капіталізму (XIX — пач. XX стагоддзя); Праграма-канспект і заданні. Мн., 1932.

- Сорак год служэння пралетарскаму мастацтву: (Да 40-годдзя літаратурнай дзейнасці М. Горкага). Мн., 1933.

- Метадычныя пытанні выкладання мовы і літаратуры ў II-III канцэнтрах: Матэрыялы для завочнай прапрацоўкі. Мн., 1934.

- А.С. Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці: Да стагоддзя з дня смерці. Мн., 1937.

- Проблема литературного образования в трудовой школе // Асвета. 1924. № 3;

- Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас. «Новая зямля») // Полымя. 1925. № 1. 2.

- Габінэт роднае мовы і літаратуры і яго значэнне ў школьнай методыцы і практыцы // Асвета. 1925. № 2.

- Сучасныя кірункі ў гісторыяграфіі расійскай мастацкай літаратуры XIX—XX стагоддзяў: (1917—1924) // Полымя. 1925. № 7.

- Пуціны беларускай літаратуры: (Якуб Колас «Новая зямля») // Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн.; 1926.

- Паэма Я. Коласа «Сымон-музыка» як аўтахарактарыстыка // Полымя. 1926. № 8.

- Літаратурная спадчына М. Багдановіча // Полымя. 1927. № 3.

- Беларуская драматургія // Узвышша. 1927. № 1.

- М.А.Багдановіч: Крытыка-біягр. нарыс // Узвышша. 1927. № 2, 3, 5.

- Чарговыя задачы вывучэння гісторыі беларускае літаратуры // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кн. 2. Працы клясы філёлёгіі. Мн., 1928. Т. 1.

- Цішка Гартны як драматург // Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы. Мн., 1928.

- Драматычныя творы Я. Купалы // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы. Мн., 1928.

- Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні // Асвета. 1928. № 2.

- Аб увязцы беларускага літаратуразнаўства з краязнаўчаю працаю // Наш край. 1928. № 5.

- Драматычныя творы Цішкі Гартнага // Полымя. 1928. № 9.

- Прадмова // Гарун А. Матчын дар. Мн., 1929.

- Драматургічная спадчына ў рускай класічнай літаратуры // Драматургія. Мн., 1934.

- Творчасць Крапівы (1922—1932); Творчы шлях П. Глебкі // Літ. і маст. 1934. Кн. 3.

М. Мушынскі пра І. Замоціна.

“Найбольшага поспеху дасягалі даследчыкі, якія прызнавалі сацыяльную дэтэрмінаванасць літаратурна-мастацкіх з'яў, але не выводзілі ідэйны кірунак творчасці пісьменніка, агульны ўзровень літаратуры непасрэдна з узроўню эканомікі, са спосабаў гаспадарання. Сярод вучоных, пошукі якіх у гэтай галіне суправаджаліся плённымі вынікамі, неабходна назваць перш за ўсё I. Замоціна і Я. Барычэўскага.

I.I. Замоцін (1873—1942) актыўна пераадольваў абмежаванасць культурна-гістарычнай школы, да якой належаў. У сваіх працах («Пуціны беларускай літаратуры», 1924; «Беларуская драматургія», 1927) вучоны паспрабаваў стварыць новы кірунак даследавання прыгожага пісьменства. Ім было вызначана чатыры «моманты ў каардынацыі літаратурнай творчасці», чатыры этапы ў вывучэнні слоўнага мастацтва наогул і канкрэтнага твора ў прыватнасці: так званы «генетычны сінтэз» — аналіз крыніц і жыццёвага матэрыялу, з якога вырастае творчасць; «фармальна-мастацкі сінтэз», г. зн. разгляд мастацкай формы — стылю, жанравай структуры, кампазіцыі, мовы; «сацыялагічны сінтэз», які патрабуе, каб даследчык прасачыў, якімі шляхамі пісьменнік ішоў да ўвасаблення разрозненых уражанняў у мастацкую цэласнасць; «ідэалагічны сінтэз», пад якім трэба разумець ідэалагічнае асвятленне пісьменнікам створаных ім вобразаў і малюнкаў.

Прыведзеная тут замоцінская схема не пазбаўлена недахопаў, асноўныя з якіх — пэўны механіцызм у падыходзе да мастацкай з'явы, пэўны налёт сацыялагічнай спрошчанасці, схематызацыя творчага працэсу, недаацэнка стыхійнага пачатку ў творчым акце. Але гэта былі выдаткі на шляху пошукаў новай, цэласнай метадалогіі. Тым болей, што Замоцін рашуча крытыкаваў аўтараў многіх тагачасных прац, аўтараў. якія кіраваліся выключна сацыялагічным метадам («Нарыс развіцця заходнееўрапейскай літаратуры» У. Фрычэ, «Навейшая руская літаратура» В. Львова-Рагачэўскага, «Сацыялагічны метад у літаратуразнаўстве» П. Сакуліна). Сацыялагізм тут аказваўся вульгарным, спрошчана-дагматычным, таму што даследчыкі абсалютызавалі эканамічны базіс, не бачылі сгіецыфічнасці літаратуры як мастацтва, як формы духоўнай дзейнасці (25 Замоцін I. Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні. Мн., 1927. С. 64.). Літаратуру яны ператваралі ў голую ілюстрацыю да грамадзянскай гісторыі, яе эстэтычная прырода не ўлічвалася. Замоцін падкрэсліваў, што на творчасць мастака ўплывае не толькі эканамічны базіс (ён уздзейнічае апасродкавана), але і іншыя шматлікія фактары — грамадскія, культурныя, бытавыя, псіхалагічныя, біялагічныя. Тут накрэсліваўся перспектыўны шлях вывучэння спецыфікі літаратуры, унутраных заканамернасцей яе развіцця.

Аб тым, што літаратуразнаўчая метадалогія Замоціна ўтрымлівае жывы, прадуктыўны пачатак, сведчыць наступны факт: сярод паслядоўнікаў вучонага быў крытык А. Бабарэка, які праз прызму «чатырох сінтэзаў» глянуў на творчасць М. Чарота, выявіўшы пры гэтым шэраг яе характэрных асаблівасцей (вершы М. Чарота «сваім гучным шумам» унеслі ў беларускую «народніцкую па духу паэзію» «першую плынь новасялянскай рэвалюцыйнасці» (Бабарэка А. Лірыка Міхася Чарота // Маладняк. 1925. № 9. С. 119.)).

Гаворачы пра вялікі ўклад I. Замоціна ў літаратуразнаўства, нельга не адзначыць і яго заслугу перад беларускай педагагічнай навукай і вышэйшай школай. Маецца на ўвазе не толькі метадычнае даследаванне вучонага «Мастацкая літаратура ў школьным выкладанні» (вып. 1, 1927; вып. 2, 1928), дзе ёсць цікавыя схемы лабараторных практыкаванняў, навуковая бібліяграфія па тэорыі, метадалогіі і методыцы выкладання. Распрацаваную методыку I. Замоцін вывяраў на практыцы, чытаючы курс лекцый па літаратуры XVIII—XIX стст. на этнолага-лінгвістычным аддзяленні педфака БДУ”.

 

 

8. Літаратуразнаўчая дзейнасць Я. Барычэўскага.

 

Яўген Іванавіч Барычэўскі нарадзіўся 5(17)12.1883 г. у Мінску ў сям'і натарыуса. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Берлінскім (1903—04), Маскоўскім (скончыў у 1910) ўніверсітэтах. У 1910—18 гг. выкладаў рускую літаратуру ў сярэдніх навучальных установах Масквы, у 1918—22 гг. з’яўляўся вучоным сакратаром Галоўмузея РСФСР, сакратаром музейнага аддзела Наркамасветы РСФСР, адначасова чытаў лекцыі па філасофіі ў Маскоўскім і Петраградскім універсітэтах. У сак. 1922 г. пераехаў у Мінск. У БДУ выкладаў рускую, антычную і замежную літаратуры, тэорыю літаратуры (да 1928 — дацэнт, з 1928 — прафесар), у Мінскай Цэнтральнай партшколе — рускую мову і літаратуру (1924—27). У 1927—33 гг. з’яўляўся навуковым супрацоўнікам Інбелкульта, а затым Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. Я. Барычэўскі стаў ахвярай вульгарна-сацыялагічных нападкаў. Незаконна рэпрэсіраваны (пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках), рэабілітаваны пасмяротна ў 1956 г.

На беларускай мове Я.І. Барычэўскі пачаў друкавацца з 1925 г. У літаратуразнаўстве быў прадстаўніком культурна-гістарычнай школы. Унёс уклад у распрацоўку пытанняў тэорыі літаратуры («Паэтыка літаратурных жанраў», «Тэорыя санета»), паэтыкі асобных жанраў фальклору. Адзін з першых у беларускім літаратуразнаўстве бібліёграфаў. Актыўна і плённа даследаваў заходнееўрапейскую літаратуру.

Пасля рэабілітацыі пра Я. Барычэўскага не забылі: аб ім і яго дзейнасці ўпаміналася ў калектыўнай “Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры”; аб Я. Барычэўскім пісалі таксама М.Грынчык, В. Жураўлёў, Э. Іофе, У. Конан, М. Мушынскі і інш.

Ёсць неабходнасць у зборы ў адзінае цэлае і перавыданні навуковай спадчыны Я. Барычэўскага (хоць бы лепшай часткі з гэтай спадчыны).

Бібліяграфія асноўных прац Я. Барычэўскага:

- Мир искусств в образах. М., 1922.

- Паэтыка літаратурных жанраў. Мн., 1927.

- Тэорыя санета. Мн., 1927.

- «Матчын дар» А. Гаруна. Мн., 1928.

- Паэтыка: Курс для завочнага педфаку. Мн., 1929— 1930.

- О природе эстетического суждення // Труды БГУ. 1925. № 4—5.

- Літаратурныя погляды і густ сучаснай Нямеччыны // Полымя. 1925. № 3.

- «Памятник» Пушкина: Опыт истолкования // Працы БДУ. 1925. № 6—7.

- 20 гадоў беларускага друку // Звезда. 1926. 16 сент. (Пад крыпт. Е. Б.).

- Праблемы паэтыкі ў новай кнізе О. Вальцэля // Узвышша. 1926. № 4.

- Акадэмічнае выданне твораў Багдановіча // Звязда. 1927. 16 кастр.

- Аб акадэмічным выданні твораў М. Багдановіча // Зап. аддзелу гуманіт. н. 1928. № 2.

- [Рэц. на кн.: Янка Купала ў літаратурнай крытыцы. Мн., 1928] // Полымя. 1928. № 5.

- «Матчын Дар» А. Гаруна: (З доследаў на кафедры беларускай літаратуры ІБК) // Узвышша. 1928. № 2.

- А. Гарун і яго «Матчын дар» // Гарун А. Матчын дар. Мн., 1928.

- [Рэц. на кн.: Литературная энциклопедия. М., 1928. Т. 1] // Узвышша. 1929. № 4.

- Алесь Гурло: Да 20-годдзя яго літаратурнай дзейнасці // Сав. Бел. 1929. 29 снеж.

- Беларуская літаратура ў асвятленні расійскіх энцыклапедый // Полымя. 1931. № 9.

- Песні Беранжэ: (Да сямідзесяціпяцігоддзя з часу яго смерці) // Маладняк. 1932. № 7.

- Гётэ і тэатр // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 1.

- Гётэ і яго Фаўст // Полымя рэвалюцыі. 1932. № 1.

- Да юбілею Гётэ // ЛіМ. 1932. 28 сак.

- Огюст Барб'е: (Да пяцідзесяцігоддзя з часу яго смерці) // ЛіМ. 1932. 10 вер.

- Памёр П'ер Дэгейтар // ЛіМ. 1932. 24 кастр.

- Гётэ пра Беранжэ // ЛіМ. 1932. 19 ліст.

- Заходнееўрапейская літаратура ў Інстытуце // ЛіМ. 1932. 15 снеж.

- Разбор верша М. Чарота «Там, дзе ціхі Нёман» // Заклік. 1932. № 1.

- Вершы Беранжэ ў кніжнай графіцы // Мастацтва і рэвалюцыя. 1933. № 1—2.

М. Мушынскі пра Я. Барычэўскага:

”Беларускія даследчыкі ў пераважнай большасці арыентаваліся — хоць і з розным поспехам — на сацыялагічны метад вывучэння літаратуры, што пацвярджае навуковая дзейнасць не толькі М. Гарэцкага, I. Замоціна, М. Піятуховіча, але і Я. Барычэўскага, а таксама М. Байкова, 3. Жылуновіча. Адны з іх, як, напрыклад, М. Байкоў, не ішлі далей сумнага паўтарэння схем вульгарных сацыёлагаў. Другія ж, накшталт Я. Барычэўскага, здолелі глыбей паглядзець на літаратуру і надаць сацыялагічным прынцыпам змястоўнасць і перспектыўнасць. У іх даследаваннях сацыялагічны метад дапамагаў раскрыць літаратурна-мастацкую з'яву ва ўсёй яе складанасці. Гэта быў перспектыўны шлях развіцця беларускай літаратурнай навукі.

У навуковых працах Я. Барычэўскага асноўнае месца займаюць тэарэтычныя праблемы. Яго манаграфіі «Паэтыка літаратурных жанраў» і «Тэорыя санета» — гэта сур'ёзная спроба стварыць шырокі малюнак развіцця і станаўлення жанравых форм на матэрыяле сусветнай літаратуры, спроба абагульніць вопыт навукова-тэарэтычнай думкі за папярэднія стагоддзі. Каштоўна тое, што ў працах вучонага актыўна выкарыстоўваліся звесткі з гісторыі беларускай літаратуры і беларускага літаратуразнаўства (над падборам патрэбнага матэрыялу працаваў крытык У. Дзяржынскі). Такі падыход даваў багатыя магчымасці для параўнальнага аналізу, супастаўлення беларускай і еўрапейскай навукі аб літаратуры.

Заслуга Я. Барычэўскага перш за ўсё ў тым, што сваімі працамі ён паставіў вывучэнне праблем паэтыкі на прынцыповы ўзровень. Абапіраючыся на фундаментальныя высновы Гегеля, Бялінскага, канкрэтызуючы гэтыя высновы новым матэрыялам, беларускі вучоны даў выразную класіфікацыю літаратурных родаў і відаў, спалучыў у працэсе аналізу тэарэтычны і гістарычны падыходы. Найбольш вядомыя на той час жанравыя формы эпасу, лірыкі, драмы разгледжаны ім у двух аспектах. Тым самым закладвалася прадуктыўная традыцыя адзінства гістарычнага і тэарэтычнага падыходаў да вывучэння літаратуры”.

 

9. Літаратуразнаўчая дзейнасць А. Вазнясенскага.

 

Доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Мікалаевіч Вазнясенскі нарадзіўся 5(17).7.1888 г. у пас. Чукалы Сімбірскай губерніі ў сям'і настаўніка. Скончыў славяна-рускае аддзяленне гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта (1913), дзе быў пакінуты для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. У 1915-21 гг. працаваў асістэнтам, затым прыват-дацэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Растоўскага універсітэта. У 1921-27 гг. – дацэнт, а з 1927 г. да 1930 г. – прафесар БДУ. У 1930-34 гг. працаваў у Маскоўскім інстытуце кінематаграфіі, Маскоўскім гарадскім педагагічным інстытуце, Народным камісарыяце цяжкай прамысловасці. З 1934 да 1939 гг. А. Вазнясенскі жыў у Ташкенце. У 1939 г. стаў прафесарам Казанскага педагагічнага інстытута. З 1940 г. прафесар, у 1943-47 гг. дэкан гісторыка-філалагічнага факультэта Казанскага ўніверсітэта. У 1942 г. сустракаўся ў Казані і Пячышчах з Я. Купалам. Памёр у 1966 г. у Казані.

Пісаў на рускай і беларускай мовах. Друкавацца А. Вазнясенскі пачаў з 1913 г. Быў прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ва ўсходнеславянскім літаратуразнаўстве. У 20-я гады развіваў традыцыі дакастрычніцкага акадэмічнага літаратуразнаўства, «філалагічнага метаду». Аналізуючы творчасць М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа, даў параўнальна-тыпалагічную характарыстыку іх творчасці ў кантэксце еўрапейскіх літаратур. А. Вазнясенскі – аўтар артыкулаў пра М. Гогаля, М. Лермантава, I. Тургенева і іншых пісьменнікаў, якія былі надрукаваны ў рускім дарэвалюцыйным друку. Доктарская дысертацыя А. Вазнясенскага «Даследаванні па гісторыі новай беларускай літаратуры» (ч. 1-3) зберагаецца ў бібліятэцы Казанскага універсітэта.

Навуковая спадчына А. Вазнясенскага асэнсоўвалася ў постсталінскі перыяд у працах В. Жураўлёва, У. Конана, М. Мушынскага і некат. інш. даследчыкаў.

Бібліяграфія асноўных прац А. Вазнясенскага:

- Паэтыка М. Багдановіча. Коўна, 1926. [Адбітак з час. «Крывіч». 1926. № 1].

- Асноўныя прынцыпы пабудовы беларускай навукі аб літаратуры. Мн., 1927. [Адбітак з «Прац БДУ». 1927. № 16].

- Сучасны беларускі тэатр (21—26 год). Мн., 1927. [Адбітак з час. «Узвышша». 1927. № 3].

- Традиция «формальных» (эстетическнх) изучений в науке о литературе. Мн., 1927. [Адбітак з «Прац БДУ». 1927. № 16].

- Метод преподавания литературы в средней школе // Вестн. Наркомпроса. 1922. № 2.

- Метод изучения литературы // Працы БДУ. 1922. № 1.

- Классификация методов историко-литературной науки // Працы БДУ. 1925. № 6—7.

- Паэтычнае мастацтва навейшай беларускай літаратуры // Звезда. 1926. 21 нояб.

- Паэмы Янкі Купалы: Сюжэтная пабудова і стыль // Узвышша. 1927. № 1.

- Сучасны беларускі тэатр (21—26 год) // Узвышша. 1927. № 3.

- Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа // Полымя. 1929. № 8.

- Раман М. Зарэцкага «Сцежкі-дарожкі» // Літ. дад. да газ. «Сав. Бел.». 1929. № 18.

- Другі Беларускі Дзяржаўны тэатр // Узвышша. 1929. № 6.

- Перспектывы сучаснага беларускага тэатра // Маладняк. 1930. № 4.

М. Мушынскі аб А. Вазнясенскім:

“Сацыялагічны метад аказаўся, аднак, прымальным не для ўсіх вучоных. Некаторыя з іх, напрыклад А. Вазнясенскі (1888-1966), звярнуліся да прынцыпаў даследавання, якія прапагандавала фармальная школа, прыхільнікі марфалагічнага метаду. І гэты факт вельмі паказальны для разумення ўнутраных заканамернасцей развіцця беларускага літаратуразнаўства 20-х гадоў, гатовага да ўспрымання новых падыходаў. Каштоўнасць даследчых прац А. Вазнясенскага ў тым, што ў іх аналізуецца паэтыка, структура, моўна-выяўленчае багацце твора. Трывалай традыцыі даследавання такога тыпу беларуская навуковая думка на той час яшчэ не мела. Пры ўсіх выдатках, уласцівых працам фармалістаў, вывучэнне элементаў структуры, аналіз мастацкай формы былі неабходнымі беларускаму літаратуразнаўству, бо такі кірунак пэўным чынам нейтралізаваў вульгарна-сацыялагічную метадалогію, наглядна даводзіў яе поўную бесперспектыўнасць.

Істотны і другі момант: аб'ектам вывучэння ў беларускіх структуралістаў аказваліся творы класікаў нацыянальнай літаратуры — вершы, паэмы М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа. Гэта значыць, калі вульгарызатары раппаўскай арыентацыі ставілі за мэту абавязкова выкрыць «нацыяналістычную прыроду творчасці» выдатных майстроў слова, дык у супрацьлегласць ім Вазнясенскі аналітычным шляхам пацвярджаў вялікую заслугу Я. Купалы, Я. Коласа перад беларускай літаратурай.

Вядома, і ў працах А. Вазнясенскага ёсць недахопы і слабыя бакі: гэта пэўная недаацэнка змястоўнасці твора і абсалютызацыя такога элемента формы, як кампазіцыя. Тым не менш дзейнасць А. Вазнясенскага заслугоўвае высокай ацэнкі. Яго працы спрыялі ўмацаванню тэарэтычных асноў беларускай літаратурнай навукі, нейтралізавалі пагрозу, якая ішла ад вульгарнай сацыялогіі, дзе цалкам ігнаравалася эстэтычная прырода мастацтва. Шмат пісаў Вазнясенскі і пра беларускую драматургію («Сучасны беларускі тэатр», 1927; «Другі Беларускі дзяржаўны тэатр», 1929; «Перспектывы сучаснага беларускага тэатра», 1930), і гэтыя яго працы побач з іншымі ўвайшлі ў актыўны фонд літаратурнай навукі”.

10. Літаратуразнаўчая дзейнасць М. Піятуховіча.

 

Літаратуразнавец, крытык, педагог Міхаіл Мікалаевіч Піятуховіч нарадзіўся 23.02.1891 г. у в. Алексінічы Сенненскага пав. Магілёўскай губ. (цяпер Сенненскі р-н Віцебскай вобл). Паходзіў з сям'і вясковага праваслаўнага святара. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Магілёўскай духоўнай семінарыі. У 1917 г. на казённы кошт скончыў Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут і быў накіраваны ў Петраградскі ўніверсітэт для падрыхтоўкі да прафесарскага звання па кафедры рускай мовы і славеснасці. Матэрыяльныя цяжкасці прымусілі М. Піятуховіча ў пачатку 1920 г. пераехаць у Адэсу да сваякоў жонкі. Працаваў там інструктарам у аддзеле народнай адукацыі і на іншых адміністрацыйна-педагагічных пасадах. У 1921 г., як беларус, быў накіраваны ў БССР для навуковай і педагагічнай працы. У верасні 1921 г. абраны членам Навукова-тэрміналагічнай камісіі, з лютага 1922 г. — навуковы супрацоўнік, з 1925 — правадзейны член Інбелкульта, з 1929 г. — правадзейны член АН БССР, якім з’яўляўся да 1936 г. Навукова-даследчая праца М. Піятуховіча ўвесь час ішла поруч з працай педагагічнай. У 1921-26 гг. ён выкладаў беларускую літаратуру ў Белпедтэхнікуме, адзін год (1925-26) быў там намеснікам дырэктара па навучальнай рабоце. З лютага 1922 г. працаваў у БДУ: спачатку дацэнтам, з кастрычніка 1926 г. — прафесарам на кафедры беларускай літаратуры. У маі 1926 г. абраны на пасаду дэкана педагагічнага факультэта. У пачатку 30-х г. над М. Піятуховічам навісла пагроза рэпрэсій, абумоўленая яго «непралетарскім» паходжаннем. Так званая камісія па чыстцы і праверцы Беларускай Акадэміі навук абвінаваціла вучонага ў тым, што яго працы «з'яўляюцца "баявой зброяй контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму”». М. Піятуховіч быў вымушаны не толькі абараняцца, але і часткова «прызнаваць свае памылкі». Нягледзячы на тое, што ў 1933 г. М. Піятуховіч быў атэставаны Прэзідыумам Акадэміі як «правераны вучоны спецыяліст», ён вырашыў у 1934 г. выехаць за межы Беларусі. Жыў у г. Арджанікідзе, працаваў выкладчыкам-славістам у Паўночна-Каўказскім і Паўночна-Асецінскім педагагічных інстытутах. Рэпрэсіі, аднак, не абмінулі яго. 9.01.1937 г. ён быў арыштаваны, прывезены ў Мінск і, як «нацыяналіст», рашэннем калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 19.12.1937 г. прыгавораны да расстрэлу. Пасмяротна рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 27.12.1957 г.

Першы артыкул М. Піятуховіча «Прырода ў творчасці Я. Коласа» апублікаваны ў 1921 г. З гэтага часу ён актыўна выступаў у друку як крытык і даследчык беларускай літаратуры. М. Піятуховіч з’яўляецца рэдактарам-укладальнікам першай гісторыка-літаратурнай хрэстаматыі «Выпісы з беларускае літаратуры: Новы і найноўшы кругабегі». Вывучаў дзейнасць Ф. Скарыны і ў сувязі з чатырохсотгоддзем беларускага кнігадруку выдаў сваю працу пра яго. Даследаваў адраджэнцкі характар творчасці Ф. Багушэвіча. Пісаў артыкулы пра творчасць Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., Ц. Гартнага, М. Чарота, П. Труса, З. Бядулі, К. Чорнага, М. Лынькова. Даследаванні М. Піятуховіча вылучаліся грунтоўнасцю, канкрэтным аналізам мастацкіх твораў, імкненнем вызначыць рысы творчай індывідуальнасці пісьменніка, заглыбіцца ў яго мастацкі свет. Шырокая эрудыцыя, уменне бачыць літаратурны працэс у сукупнасці фактаў і руху плыняў выявіліся ў сістэматызаванай працы М. Піятуховіча «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры: Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і XX ст.» (ч. 1), якая была фактычна пэўным падсумаваннем яго гісторыка-літаратурнай дзейнасці ў 20-я г. У «Нарысах...» адлюстраваліся характэрныя супярэчлівасці тагачаснага літаратуразнаўства, яго моцныя і слабыя бакі. Апрача апісання і аналізу асноўных вядомых на той час фактаў творчых біяграфій беларускіх пісьменнікаў 19 — пачатку 20 ст., М. Піятуховіч імкнуўся даць ім ідэйна-эстэтычную ацэнку, у якой зыходзіў пераважна з дамінуючай тады канцэпцыі сацыяльнай і класавай абумоўленасці мастацкай творчасці. Аднак, адчуваючы вузкасць і шмат у чым бясплённасць такога падыходу, М. Піятуховіч абгрунтоўваў, насуперак вульгарызатарам, ролю суб'ектыўна-псіхалагічнага фактара ў творчасці мастака, і гэта прыводзіла яго да цікавых назіранняў і вывадаў, якія не страцілі свайго значэння і ў пазнейшы час. У 30-я г. ў яго працах назіраецца тэндэнцыя да схематызму і крытыкі так званага «нацыянал-дэмакратызму» ў літаратуры — тое, чаго пад пагрозай жыцця вымагалі ад пісьменнікаў тагачасныя штатныя ідэолагі. Літаратурна-крытычныя выступленні М. Піятуховіча заўсёды мелі сваіх апанентаў, аднак к 1934 г. палеміка выйшла за межы літаратурных дыскусій і прыняла характар грубых палітычных абвінавачванняў, што змусіла М. Піятухо'віча пакінуць Бацькаўшчыну, але ўсё роўна не ўратавала ад расправы.

Вялікай заслугай М. Піятуховіча з'яўляецца тое, што ён захаваў і апісаў рукапісы А. Рыпінскага. Яго праца «Рукапісы А. Рыпінскага» апублікавана толькі ў 1990 г.

Бібліяфафія асноўных прац М. Піятуховіча:

- Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасць. Мн., 1926 [Адб. з выд. «Чатырохсотлецце беларускага друку». Мн., 1926].

- Апавяданне «У палескай глушы» як новы этап беларускай мастацкай прозы. Мн., [1927] [Адб. з нявыдадзенага навуковага зборніка інстытута Беларускай культуры. Мн., 1925].

- Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. Мн., 1927 [Адб. з «Прац БДУ». 1927. № 16].

- Паэтычнае светаадчуванне ў творчасці Якуба Коласа. Мн., 1927 [Адб. з «Прац БДУ». 1927. № 16].

- Звычаі і песні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. Мн., 1928.

- Лірыка і проза Ц. Гартнага. Мн., 1928 [Адб. з брашуры «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы». Мн., 1928].

- Нарысы гісторыі беларускай літаратуры: Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і XX вв. Мн., 1928. Ч. 1.

- Прырода ў творчасці Я. Коласа // Вольны сцяг. 1921. № 6.

- Якуб Колас як нацыянальны беларускі паэт // Адраджэнне. 1922. СШ. 1.

- Рэц. на кн.: Чарот М. Завіруха. Мн., 1922 // Полымя. 1922. № 1.

- Рэц. на кн.: Гартны Ц. Песні працы і змагання. Берлін, 1922 // Полымя. 1922. № 2.

- Максім Багдановіч як паэт-імпрэсіяніст // Полымя. 1922. № 7-8.

- Францыск Скарына і яго літаратурная дзейнасць // Асвета. 1925. № 7.

- Асноўныя этапы ў развіцці лірыкі Янкі Купалы // Полымя. 1925. № 4.

- Францішак Багушэвіч як ідэолаг беларускага адраджэння і як мастак // Працы БДУ. 1925. № 6-7.

- Повесць «У Палескай глушы» як новы этап беларускай мастацкай прозы // Якуб Колас у літаратурнай крытыцы. Мн., 1925.

- Творчы шлях Якуба Коласа // Полымя. 1925. № 8.

- Асноўныя этапы беларускай літаратуры // Працы акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Мн., 1927.

- Цені і святло ў творчасці М. Багдановіча // Полымя. 1927. № 3.

- Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі): Жыццё і літаратурная дзейнасць // Зап. аддзелу гуманіт. навук. Працы, клясы філёлёгіі. Мн., 1928. Т. 1. Кн. 2.

- Творчы шлях Алеся Гурло // Полымя. 1930. № 1.

- Мастацкая проза М. Лынькова // Лынькоў М. Выбр. тв. Мн., 1931.

- Творчы шлях Паўлюка Труса: Нарыс // Маладняк. 1932. № 8.

- П'еса «Напор» Александровіча // Драматургія. Мн., 1934.

- Да характарыстыкі літаратурнай спадчыны П. Труса // Трус П. Творы. Мн., 1935.

М. Мушынскі пра М. Піятуховіча.

“Цікавай старонкай гісторыі беларускага літаратуразнаўства з'яўляецца навукова-педагагічная дзейнасць М. Піятуховіча (1891—1937). Як і многія тагачасныя даследчыкі, М. Піятуховіч аддаў значную даніну сацыялагізатарству («Нарысы гісторыі беларускай літаратуры»). Ён не толькі змест твора ставіў у непасрэдную залежнасць ад класавай псіхаідэалогіі, сацыяльнага паходжання аўтара, але і форму разглядаў як «вытворную ад сацыяльна-эканамічных фактараў» (Піятуховіч М. Нарысы гісторыі беларускай літаратуры. Ч.1: Агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў XIX і пачатку XX ст. 1928. С. 21.). Зусім відавочна, што такі падыход метадалагічна непрымальны, бо ён спрашчае прадмет даследавання, закрывае шлях да пазнання складанай сувязі жыцця і мастацтва. Уласнымі працамі Піятуховіч пацвердзіў няплённасць узятых ім на ўзбраенне прынцыпаў аналізу літаратуры. У «Нарысах...» ён не змог даць аб'ектыўнага малюнка развіцця беларускай літаратуры ў найбольш характэрных яе праявах, не здолеў раскрыць змест, ідэйную скіраванасць творчасці беларускіх пісьменнікаў XIX—пачатку XX ст. Яго «агляд літаратурна-ідэалагічных плыняў», ацэнка твораў Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, Багдановіча спрошчаныя, аднабаковыя. Напрыклад, аптымістычны пафас вершаў Цёткі даследчык выводзіў не з адметнасці светаадчування паэтэсы, а з высокага ўзроўню матэрыяльнага становішча яе бацькоў. Трэба, аднак, падкрэсліць, што і Піятуховіч імкнуўся ўнесці ў сацыялагізатарскія схемы пэўныя папраўкі, удакладненні альбо ўвогуле ігнараваў патрабаванні вульгарызатараў. Тут ён дасягаў добрых вынікаў. Менавіта гэтымі момантамі перш за ўсё і каштоўныя гісторыка-літаратурныя працы М. Піятуховіча”.



Дата добавления: 2021-06-28; просмотров: 476;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.044 сек.