Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць У. Самойлы.


 

Публіцыст, філосаф-эстэтык, даследчык беларускай, рускай і інш. літаратур, паэт, празаік, актыўны ўдзельнік беларускага культурна-грамадскага руху пачатку 20 ст. Уладзімір Іванавіч Самойла нарадзіўся 17(29).01.1878 г. у Мінску ў сям'і настаўніка-інтэлігента Івана Іванавіча Самойлы, які працаваў дырэктарам Мінскага рэальнага вучылішча, быў кіраўніком Таварыства прыгожых мастацтваў у Мінску. Пасля заканчэння гімназіі У. Самойла вучыўся ў Маскоўскім і Пецярбургскім універсітэтах. У апошнім наведваў заняткі на некалькіх факультэтах: філасофскім, хімічным, медыцынскім, а затым і гісторыка-філалагічным. Авалодаў сям'ю мовамі, займаўся маляваннем. Закончыў Пецярбургскі ўніверсітэт у 1916 г. На пецярбургскі перыяд прыпадае час станаўлення сувязяў У. Самойлы з беларускім культурна-грамадскім рухам. Асабістыя кантакты з многімі прадстаўнікамі беларускай творчай інтэлігенцыі спрыялі росту яго нацыянальнай самасвядомасці. Праз мінскую газету «Голос провинции» (22.12.1906) ён шчыра вітаў заснаванне ў Пецярбургу кнігавыдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша аконца», падкрэсліваючы яе вялікія перспектывы ў справе беларускага нацыянальнага адраджэння. У. Самойла – адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мінчук» (1906), якое ў канцы 1907 г. рыхтавала да друку купалаўскую «Жалейку». З 1918 г. жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у розных навучальных установах, актыўна супрацоўнічаў з беларускімі, польскімі, рускімі і нямецкімі перыядычнымі выданнямі. Пасля разгрому «Беларусісай сялянска-рабочай грамады» У. Самойла паступова адыходзіць ад актыўнага палітычнага жыцця. На пачатку 1930-х гг. працуе бібліятэкарам Віленскага беларускага музея. Доўгія гады быў у прыяцельскіх адносінах з заходнебеларускімі культурна-грамадскімі дзеячамі Р. Шырмай, А. Луцкевічам, А. Някандам-Трэпкам. У кастрычніку 1939 г. У. Самойла быў арыштаваны органамі НКУС. Далейшы яго лёс невядомы. Паводле звестак польскай даследчыцы А. Бергман, сядзеў у турмах Вільні, Беластоку, Вілейкі. Відаць, расстраляны войскамі НКУС на пачатку вайны.

У. Самойла пакінуў вялікую спадчыну, якая не поўнасцю вядомая (асабліва гэта датычыцца публікацый у рускай і нямецкай перыёдыцы). Першыя літаратуразнаўчыя артыкулы датуюцца прыкладна 1908 г. У. Самойла адыграў значную ролю ў творчым стаўленні Я. Купалы, падтрымліваючы яго ў друку, заклікаючы да настойлівай працы над сваім талентам. Праз Самойлу Я. Купала пазнаёміўся з нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай, надрукаванай па-беларуску (у пераважнай большасці адозвамі і пракламацыямі БСГ). У мінскай газеце «Северо-Западный край», будучы яе супрацоўнікам, У. Самойла змясціў верш «Мужык» (15.05.1905), які стаў для Я. Купалы паэтычным дэбютам у друку. Быў адным з першых рэцэнзентаў і даследчыкаў купалаўскай паэзіі. У сваіх газетных водгуках на выхад у свет «Жалейкі» і «Адвечнай песні» У. Самойла акцэнтаваў увагу на значнасці гэтых падзей для беларускага культурна-грамадскага Адраджэння («Наша ніва», 15.8.1908, 16.9.1910; «Минский курьер», 23.08.1908). У. Самойла – аўтар артыкулаў, прысвечаных творчасці прадстаўнікоў рускага мадэрнізму Вяч. Іванова, Д. Меражкоўскага, С. Гарадзецкага. Даў бліскучы аналіз мастакоўскім пошукам Г. Ібсена і М. Метэрлінка, сцэнічнай дзейнасці У. Меерхольда. У сваіх працах У. Самойла падкрэсліваў адносную самастойнасць мастацтва ў сістэме суадносін базіса і надбудовы грамадства. Метад даследчыка быў скіраваны на выяўленне спецыфічнага і своеасаблівага ў літаратуры і мастацтве. Вёў актыўную літаратурную перапіску з рускім паэтам А. Блокам (у РДАЛіМ захоўваюцца 4 лісты Самойлы да Блока, датаваныя 1909—11 гг.). У зборніку «Туманы» (Мінск, 1909) змясціў вялікі крытычны артыкул-нарыс «Аляксандр Блок. Асноўныя матывы паэзіі»; збіраў матэрыял для кнігі, прысвечанай яго творчасці. У. Самойла быў ініцыятарам дыскусіі, распачатай на старонках газеты «Минский курьер» (1.4.1908) у абарону беларускай мовы і культуры, выступіў у ёй з сур'ёзным абгрунтаваннем таго выкладання ў школах Беларусі на роднай мове, без якой немагчыма свабоднае выяўленне творчых сіл народа. У сваіх публіцыстычных выступленнях пачатку 1920-х г. спрабаваў даць ацэнку няпростым і хутказменным грамадска-палітычным абставінам у жыцці беларусаў, асуджальна паставіўся да імперыялістычных памкненняў афіцыйных улад Польшчы (арт. «Два кабінеты ў новым кабінеце», «Рамантызм і палітыка», «Фінансавае становішча ў Польшчы» і інш.). У 1923—27 гг. актыўна выступаў у жанры палітычнай публіцыстыкі ў выданнях Беларускай сялянска-рабочай Грамады, выкрываючы захопніцкія намеры польскага буржуазнага ўрада ў адносінах да нацыянальных меншасцей. Займаўся гісторыяй беларускай культурнай спадчыны, рыхтаваў публікацыі па праблемах этнаграфіі, літаратуры, фалькларыстыкі, мастацтва («Вялікі скарб нашай старасветчыны», «Над калыскай беларускай музыкі» і інш.). У артыкулах і рэцэнзіях, прысвечаных заходнебеларускай літаратуры, даследаваў жанравую і ідэйную разнастайнасць творчасці асобных пісьменнікаў, выявіў непаўторнасць мастакоўскага аблічча К. Сваяка. У публіцыстычна-філасофскіх нататках («Трыумфуе Беларусь», «Гэтым пераможаш!») паказаў аб'ектыўную заканамернасць барацьбы працоўных Заходняй Беларусі за сваё нацыянальнае вызваленне. Даследаваў рускую літаратуру, напісаў параўнальна-аналітычны артыкул «Блок і Дастаеўскі». Творчыя партрэты М. Рэрыха, Ф. Шаляпіна, А. Грачанінава падаў на фоне праблем культурна-мастацкага жыцця Беларусі. У брашуры «Праф. М. Здзяхоўскі пра беларускую душу» выявіў ідэю велічы і непераможнасці народнага генію, гістарычнай паўнацэннасці беларускай нацыі.

Бібліяграфія асноўных літаратуразнаўчых прац У. Самойлы.

– Александр Блок. Основные мотивы поэзии: Отрывки // Туманы. Мн., 1909.

– «Адвечная песня» Янкі Купалы // Наша ніва. 1910. 16 вер. / Пад крыпт. Вл. С.

– Рэц. на кн.: Аляхновіч Ф. Цені. Мн., 1920 // Бел. жыццё. 11 сак. / Пад крыпт. С.

– Тэатр і мастацтва. «Пан Міністр», новая п'еса Ф. Аляхновіча // Вольны сцяг. 1923. 28 вер. / Пад крыпт. С.

– Суліма. Прафесар Здзяхоўскі аб беларускай душы. Вільня, 1924.

– Тэатр і мастацтацва. Вечар у памяць Тараса Шаўчэнкі // Голас беларуса. 1924. 10 сак .

– “У зімовы вечар” Э. Ажэшкі і “На папасе” Я. Купалы // Вольны сцяг. 1924. 20 сак.

– Тэатр і жыццё: Страхі жыцця — драма ў 3 актах Ф. Аляхновіча // Вольны сцяг. 4 студз.

– «Вечная дачка Сонца» і «Шчырай зямелькі»: [Рэц на кн.: Арсеннева Н. Пад сінім небам. Вільня, 1927] Родныя гоні. № 5—6 / Пад псеўд. М. Чэмер.

– Якуб Колас — пяюн беларускай прыроды // Беларускі дзень. 28 ліп.; 25 жн. / Пад крыпт. С.

А. Ліс пра У. Самойлу.

“Уладзімір Самойла (1878—1941) на заходнебеларускім грунце, у Вільні, з'явіўся ў канцы 1919—пачатку 1920 г. ужо спрактыкаваным журналістам і літаратарам, паміж дзвюма рэвалюцыямі ў Расіі, заангажаваным у палітыку. Ужо ў самых першых сваіх выступленнях у віленскай перыёдыцы Самойла выявіў глыбокае зацікаўленне лёсам беларускага народа, яго будучыняй. Прадбачыў падзел Беларусі і заклікаў палітыкаў не спадзявацца на міжнародныя канферэнцыі, трактаты, а арганізаваць народ, каб стаць гаспадарамі ў сваім краі (Сivis. Не чакайце міру // Незалежная думка. 1920. 11 ліп.).

У асобе У. Самойлы, чалавека глыбока дасведчанага ў пытаннях літаратуры, культуры, палітыкі, творча актыўнага, заходнебеларускі дэмакратычны друк знайшоў незаменнага рабачая, генератара ідэй. Па сведчанню супрацоўніцы віленскай перыёдыкі 20-х гадоў Л. А. Войцік, Самойла з А. Луцкевічам выконвалі асноўную работу ў газетах незалежніцкага дэмакратычнага напрамку — «Голас беларуса», «Сялянская праўда», «Сын беларуса», «Беларуская доля» і пазней у грамадскіх выданнях: пісалі перадавыя артыкулы, рыхтавалі асноўны матэрыял. Творчы дыяпазон У. Самойлы надзвычай шырокі. У аб'ёмістых публікацыях (яны звычайна займалі некалькі нумароў) ён піша пра змаганне ірландцаў за незалежнасць, высочваючы ў барацьбе зялёнага вострава беларускі вызваленчы кантэкст, выкрывае дробнабуржуазную польскую партыю «Wyzwolienіе» з яе мімікрыяй пад сябра беларускага сялянства, крытыкуе праект польскай улады аб мясцовым самакіраванні для Заходняй Беларусі (Суліма. Ад зямельнага батрацтва да дзяржаўнай незалежнасці // Беларускі звон. 1921. № 13, 16—18, 20, 24; Яго ж. Які «самаўрад» гатуе беларускаму народу Польская рэспубліка // Наша будучына. 1923. № 3—6; Яго ж. Што такое «Wyzwolienіе» з беларускага пункту гледжання // Новае жыццё. 1923. № 2—5.). У літаратурна-філасофскім эсэ «Прафесар Здзяхоўскі аб беларускай душы» палемізуе з вядомым польскім вучоным, даследчыкам творчасці Сыракомлі, высвятляе дэтэрмінаванасць псіхалогіі творцы этнічнымі каранямі (Суліма. Прафесар Здзяхоўскі аб беларускай душы. Вільня, 1924.).

У разгорнутым філасофскім трактаце «Гэтым пераможаш!», напісаным эмацыянальна, у форме эсэ, Самойла тэарэтычна абгрунтоўвае беларускую нацыянальную ідэю, акцэнтуе ўвагу на практычным аспекце яе рэалізацыі, выказвае глыбокую веру ў творчыя сілы свайго народа. Як і І. Канчэўскі, аўтар «нарысаў аптымізму» (такі падзагаловак эсэ У. Самойлы) стаіць за эвалюцыйны шлях развіцця нацыянальнага руху: «Тое, чаго, абапіраючыся на сваю фактычную сілу і на «турэцкае» паняцце аб сваім неабмежаваным суверэнітэце, сучасныя паны палажэння не дадуць беларускаму грамадзянству сягоння, то заўтра будзе «заваёвана» самымі мірнымі, нармальнымі метадамі нашае непераможнае духовае актыўнасці», — пісаў У. Самойла (Суліма. Гэтым пераможаш!.. // Заходняя Беларусь. С. 68.). Ва ўмовах акупіраванай Заходняй Беларусі, дзе ўсе дзяржаўныя чыннікі былі накіраваны на дэнацыяналізацыю беларускага этнасу, на ўзроўні прэм'ер-міністра заяўлялася, што «праз 50 год і са свечкай у Польшчы нельга будзе знайсці беларуса» (Скульскі), пісьменнік-філосаф безаглядна верыў у беларускае нацыянальнае адраджэнне. Заруку людскай будучыні беларускага народа Самойла бачыў у духоўнай самабытнасці яго мовы, народнай паэзіі і ў такіх знешніх фактарах, як знікненне «паваеннай варварызацыі еўрапейскага грамадзянства, моцнага ў Польшчы», дэмакратызацыі свету (Там жа. С. 66-69.). Філасофскія абагульненні У. Самойлы, апора беларускага мысліцеля на «філасофію свабоды» Фіхтэ пры аналізе ідэі беларускага адраджэння мелі і практычныя высновы, якія гучалі даслоўна так: «Беларускі народ павінен цераз пасрэдніцтва сваёй новай нацыянальнай інтэлігенцыі прысвоіць сабе тую вечную праўду, што няма такога зла, якое б было дужэй за дабро, і чым дужэй і страшней зло, чым цяжэйшыя акружаючыя нас вонкавыя абставіны жыцця, тым большую сілу, перамагаючую гэтае зло, духоўнае актыўнасці павінны мы развіць у сабе, тым мацней і цясней павінны мы спаяцца ў непераможны як для вонкавага, так і для ўнутранага зла, нацыянальны арганізм» (Там жа. С. 68, 70.). Нарысы аптымізму аўтар заканчваў адкрытым заклікам, падмацаваным словамі са Святога пісьма: «Дзяржыся ж за сваё роднае карэнне, Беларускі народзе!» — «Бо на гэтым камені збудуе для цябе Бог Царкву сваю, і пякельныя вароты не перамогуць яе». <...>

У. Самойла выступіў з разгорнутым аналізам зборніка К. Сваяка «Мая ліра», аповесці Я. Драздовіча «Вялікая шышка», з крытычным аглядам выдаванага ў Коўне В. Ластоўскім часопіса «Крывіч» (Суліма. З гаспадарства кветак васілька і пралесак на заваяванне места // Змаганне. 1923. № 1, 2; яго ж «Крывіч» // Голас беларуса. 1924. № 2.). Крытык быў уважлівы да ідэалогіі, светапогляду творцаў, а таксама да эстэтыкі і паэтыкі разглядваемых ім твораў. <...>

Малая ўвага ў 1925—1927 гг. да пытанняў крытыкі і культуралогіі з боку такога творча актыўнага пісьменніка, як У. Самойла (за гэты час у друку з'явілася толькі адна рэцэнзія знакамітага крытыка — на паэтычны зборнік Н. Арсенневай), тлумачыцца часовым пераключэннем яго на палітычна надзённую публіцыстыку. <...>

Самойла публічна адмаўляўся ўдзельнічаць далей у беларускім палітычным жыцці, пакідаючы за сабой адно права на культуралагічную працу. Гэты «хросны бацька» Янкі Купалы, чалавек заслужаны перад Беларуссю сваёй інтэлектуальнай працай і ахвярнасцю, меў права на папярэджанне і выказваў сваю засцярогу прынцыпова і шчыра: «Гэты падзел, — сцвярджаў Самойла, — пры нашай слабай культурнасці дый асабліва складаных і цяжкіх абставінах жыцця ідзе, на жаль, значна далей, як нармальны падзел грамадзянства на палітычныя партыі ці грамадскія групы, не толькі распыляючы, але... папросту руйнуючы, зніштажаючы грамадзянства, якое і без таго не можа пахваліцца багаццем на людзей, здольных да культурна-будаўнічай працы... я не маю больш попрасту а ні фізічных, а ні маральных сілаў зносіць такі стан грамадства, сябрам якога я хачу сябе лічыць. Я не магу не толькі працаваць, а попрасту не магу больш дыхаць атручанай атмасферай, якая створана гэтым нігілістычным, запамінаючым аб людскіх і боскіх законах, аб інтарэсах і маральным здароўі грамадзянства і народа падзелам і яго вынікамі...» <...>

Трэба сказаць, што абет маўчання, неўмяшання ў палітычныя страсці Самойла датрымаў толькі часткова. Сапраўды, на працягу бліжэйшых некалькіх гадоў яго публікацыі ў беларускім і польскім віленскім друку датычылі толькі культуралагічных праблем. У гэты час ён яшчэ паспяхова прапагандаваў у нямецкім славістычным штогодніку «Jahrzeitschrift fur slawischen Kultur und Geschichte» здабыткі гуманітарыстыкі Савецкай Беларусі, а ў 1932 г. выступіў з аналітычнай публіцыстыкай, узняўшы найактуальнейшую на той час праблему жыцця беларускага этнасу. Самойла бліскуча прааналізаваў эвалюцыю ўрадавай польскай палітыкі канца 20 — пачатку 30-х гадоў у дачыненні да беларусаў і ўпершыню доказна і аўтарытэтна засведчыў карэлятыўную сувязь так званага найноўшага курсу яе з новай нацыянальнай палітыкай Саветаў — устаноўкай на татальнае знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі ўскраін. Фактычна публікацыя вядомага беларускага інтэлектуала, зробленая ў Вільні, была скіравана на азнаямленне еўрапейскай грамадскасці з трагедыяй беларускага народа і яго інтэлігенцыі, аддадзеных на ласку антыдэмакратычных рэжымаў Польшчы і Савецкай Расіі. Аналітыка Самойлы была ўвасоблена ў дасканалай літаратурнай форме і складае адзін з арганічных здабыткаў заходнебеларускай літаратуры, грамадскай думкі Беларусі (Sulima. "Nowy" i "najnowszy" kurs polityki polskiej w sprawie bialoruskiej / Wilno, 1932.). <...>

Ні да літаратурнай крытыкі, ні да актуальнай публіцыстыкі ў перадваенную пару не вярнуўся ўжо У. Самойла, знакаміты Суліма-Чэмер. Сярод культуралагічных публікацый яго пра М. Рэрыха, Ф. Шаляпіна, М. Забэйду-Суміцкага, хор Р. Шырмы адна, прысвечаная 750-годдзю «Слова аб палку Ігаравым», насіла гісторыка-літаратуразнаўчы характар, мела на мэце маральна падтрымаць заходнебеларускую інтэлігенцыю ў скрушны для яе час (Чэмер У. Вялікі скраб нашай старасветчыны // Калоссе. 1938. Кн. 2—4. С. 77-82. 138-146, 199-206.). На парозе Еўропы стаяла другая сусветная вайна. Філосаф, неардынарны палітолаг і літаратар У. I. Самойла прадбачыў яе трагічны плён”.

 



Дата добавления: 2021-06-28; просмотров: 440;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.016 сек.