Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць А. Навіны.
Вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, лінгвіст, гісторык Антон Навіна быў яшчэ і выбітным крытыкам і літаратуразнаўцам, стаяў ля вытокаў гэтых галін ведаў і дзейнасці ў нас на Беларусі. Пасля поўнай палітычнай рэабілітацыі А. Навіны прайшло ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, аднак аб гэтым чалавеку і яго падзвіжніцкай дзейнасці для беларусаў ведаюць надзвычай мала людзей. Таму “прабяжымся” па біяграфіі А. Навіны, часткова ўвязаўшы ў яе і тыя аспекты, якія нас найперш цікавяць. Гэта мы зробім з дапамогай А. Сідарэвіча, узяўшы напрацаваны менавіта ім матэрыял па А. Навіне, і найперш з кнігі “Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны даведнік”.
Антон Навіна (Луцкевіч Антон Іванавіч) нарадзіўся 17(29).01.1884 г. у г. Шаўлі Ковенскай губ. (цяпер г. Шаўляй, Літва). Бацька А. Луцкевіча паходзіў са старога збяднелага беларускага шляхецкага роду герба «Навіна», сваёй зямельнай уласнасці не меў. Служыў у арміі, потым на чыгунцы. Таму сям'я часта пераязджала з месца на месца. Маці, у дзявоцтве Зоф'я Лычкоўская, з дробнай шляхты. Дзядзька А. Луцкевіча Сцяпан загінуў у паўстанні 1863, што вельмі паўплывала на выбар жыццёвага шляху будучага пісьменніка і яго старэйшага брата I. Луцкевіча, археолага, арганізатара Віленскага беларускага музея, грамадскага дзеяча. Вучыцца А. Луцкевіч пачаў у гімназіі ў Лібаве (цяпер г. Ліепая, Латвія). Калі пасля смерці бацькі сям'я пераехала ў Мінск, ён працягваў вучобу ў Мінскай класічнай гімназіі. У 1902 г. паступіў у Пецярбургскі ўніверсітэт, дзе вывучаў прыродазнаўства. А. Луцкевіч – адзін з заснавальнікаў «Круга беларускай народнай прасветы», які вёў работу сярод выхадцаў з Беларусі і ставіў мэтай стварэнне беларускай народнай школы, выданне беларускіх кніг. Разам з братам і іншымі студэнтамі выдаў у Пецярбургу «Калядную пісанку», «Велікодную пісанку» і інш. Восенню 1903 г. увайшоў у ядро палітычнай арганізацыі — Беларускай рэвалюцыйнай грамады, перайменаванай у 1905 г. у Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). А. Луцкевіч – адзін з аўтараў яе праграмы. У 1904 г. быў арыштаваны ў Мінску за распаўсюджванне партыйнай літаратуры. Потым выпушчаны без права выязджаць з горада. Давялося спыніць вучобу. Экзамены за курс прыродазнаўчага і юрыдычнага факультэтаў Пецярбургскага і Дэрпцкага ўніверсітэтаў А. Луцеквіч здаў экстэрнам.
А. Луцкевіч — актыўны ўдзельнік рэвалюцыі 1905—07 гг. На I з'ездзе БСГ (канец 1905) выбраны членам ЦК. У лютым 1906 г. перайшоў на нелегальнае становішча і пераехаў у Вільню. Разам з братам. і Цёткай узначальваў партработу ў горадзе і Віленскім краі. Адзін з заснавальнікаў органа БСГ газеты «Наша доля». Пасля 4 нумару ён, яго брат і Цётка выйшлі з складу рэдакцыі і заснавалі газету «Наша ніва», дзе ўбачылі свет творы найлепшых тагачасных беларускіх пісьменнікаў. У сваіх артыкулах і нататках (многія з іх не падпісаны) А. Луцкевіч выкрываў палітыку царызму, выказваўся за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне беларускага народа, друкаваў рэцэнзіі на кнігі беларускіх пісьменнікаў. У 1909 г. апублікаваў брашуру «Беларусы» (якая была ў кабінеце У.I. Леніна з яго паметамі). Быў членам віленскіх выдавецкіх суполак, Беларускага драматычна-музычнага гуртка ў Вільні. Пасля акупацыі горада і заходняй часткі Беларусі нямецкімі войскамі зноў разам з братам, Цёткай, В. Ластоўскім і інш. выдаваў газету «Гоман». Уваходзіў у Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую групу, пры дапамозе якой быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт (БНК). Ён таксама адзін з ініцыятараў «Канфедэрацыі Вялікага княства Літоўскага». Выступаў за стварэнне незалежнай беларуска-літоўскай дзяржавы з дзвюма аўтаномнымі тэрыторыямі, соймам і сталіцай у Вільні. На канферэнцыі беларускіх арганізацый у 1917 г. выбраны старшынёй Віленскай Беларускай Рады. Абвяшчэнне незалежнасці Літоўскай Рэспублікі (16.02.1918) прывяло А. Луцкевіча на цалкам незалежніцкія пазіцыі. У час акупацыі Літвы нямецкімі войскамі шмат працаваў дзеля стварэння беларускай школы, выкладаў беларускую мову на курсах настаўнікаў. Як і ў «Нашай ніве», змяшчаў у «Гомане» артыкулы па праблемах беларускай школы. У 1917 г. выдаў работу «Як правільна пісаць па-беларуску», а ў 1918 (разам з Я. Станкевічам) — «Беларускі правапіс». Пазней, у 1921, пераклаў на беларускую мову падручнік па элементарнай алгебры Кісялёва. Літаратурна-крытычныя працы Луцкевіча дарэвалюцыйнага перыяду сабраны ў кнізе «Нашы песняры» (1918). Пасля таго, як у 1918 г. пачалося новае нямецкае наступленне на ўсход, 21.2.1918, за 4 дні да акупацыі Мінска, была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка. Неўзабаве А. Луцкевіч разам з I. Луцкевічам, В. Ластоўскім і яшчэ шасцю членамі Віленскай Беларускай Рады быў кааптаваны ў склад Рады БНР. На пасяджэнні Народнага Сакратарыяту (урада) ён выступіў з прапановай абвясціць незалежнасць БНР, што і было зроблена 25.3.1918. Пасля распаду БСГ на некалькі палітычных арганізацый А. Луцкевіч стаў відным дзеячам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Як старшыня Рады Народных Міністраў БНР і міністр замежных спраў вёў перагаворы з урадам Украінскай Народнай Рэспублікі і вядомым бальшавіком X. Ракоўскім у Кіеве (кастрычнік 1918). У лістападзе таго ж года быў з візітам у Маскве. З дзённіка А. Луцкевіча, які ён вёў у той час, вынікала, што ён быў не супраць саюза з РСФСР і ўвядзення савецкай канстытуцыі на Беларусі пры ўмове, што Савецкая Расія прызнае незалежнасць Беларусі. У некаторых публікацыях сцвярджаецца, што А. Луцкевіч вёў перагаворы непасрэдна з У. I. Леніным. У канцы 1918 г. Луцкевіч разам з урадам БНР пераехаў у Вільню, потым у Гродна. У нотах польскаму ўраду ён пратэставаў супраць анексіі беларускіх паветаў, прызыву беларусаў у Войска Польскае. З просьбай абараніць Беларусь ад польскіх акупантаў звярнуўся да дыпламатычных прадстаўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, да ўрада Германіі. На перагаворах з прадстаўнікамі польскага Міністэрства замежных спраў адмовіўся ад супрацоўніцтва з польскім урадам на Версальскай мірнай канферэнцыі і стварэння супольнага антыбальшавіцкага фронту. На мірнай канферэнцыі ў Версалі быў супраць рашэння Антанты аб прызнанні юрысдыкцыі Калчака ў дачыненні да Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і іншых былых уладанняў Расійскай імперыі. Настойваў на прызнанні незалежнасці БНР, дамогся яе прызнання Чэхаславакіяй, Францыяй і Латвіяй. У Парыжы А. Луцкевіч вёў перагаворы з міністрам-прэзідэнтам Польшчы I. Падэрэўскім і быў запрошаны ў Варшаву. У 1919 г. пераехаў у польскую сталіцу, дзе быў практычна інтэрніраваны. Толькі 22.10.1919 г. яго прыняў Ю. Пілсудскі. Сустрэча з начальнікам Польскай дзяржавы не дала практычных вынікаў, бо Пілсудскі не прызнаў права Беларусі на дзяржаўную самастойнасць. Расказваючы пра сустрэчы з кіраўніком Польскай дзяржавы ў інтэрв'ю газеце «Кур'ер Польскі», А. Луцкевіч завяршыў яго словамі: «У любым выпадку Белая Русь павінна быць створана як асобная дзяржаўная адзінка» (1.11.1919). Хутка ў Радзе БНР адбыўся раскол: утварыліся Народная Рада і Найвышэйшая Рада. А. Луцкевіч узначаліў урад Найвышэйшай Рады БНР. Зразумеўшы, што дабіцца ад Польшчы прызнання ёю беларускай дзяржаўнасці не ўдасца, у пачатку 1920 г. ён падаў у адстаўку і пераехаў у Вільню. Там напісаў і выдаў брашуру «Польская акупацыя на Беларусі», аднавіў выданне газеты «Наша ніва» (выйшла 9 нумароў), склаў зборнікі «Наша ніва» і «Памяці Івана Луцкевіча». Для зборніка «Наша Ніва» падрыхтаваў артыкул «Палітычныя лозунгі беларускага руху», дзе пазнаёміў чытачоў з гісторыяй барацьбы за незалежнасць Беларусі, а таксама некалькі рэцэнзій. У зборніку «Памяці Івана Луцкевіча» яму належаць прадмова і нарыс пра жыццё і працу I. Луцкевіча. У 1921 г. А. Луцкевіч апублікаваў свае працы «Пуцяводныя ідэі беларускай літаратуры» і «Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры». Прывёўшы ў парадак калекцыі свайго брата, у 1921 г. адчыніў Беларускі музей імя I. Луцкевіча і стаў яго дырэктарам. У тым жа годзе заснаваў у Вільні Беларускую школьную раду, якая пазней злілася з Таварыствам беларускай школы. А. Луцкевіч адмоўна ставіўся да мірнага дагавору паміж РСФСР і Літвой (12.7.1920), паводле якога частка беларускіх зямель перадавалася Літве. Негатыўна ацаніў ён і Рыжскі трактат, паводле якога заходняя частка Беларусі пераходзіла пад уладу Польшчы. Калі ў кастрычніку 1920 г. Віленскі край захапілі войскі польскага генерала Л. Жалігоўскага, А. Луцкевіч назваў гэта новай акупацыяй. Беларускі нацыянальны камітэт пад кіраўніцтвам А. Луцкевіча байкатаваў прызначаныя Л. Жалігоўскім выбары ў Віленскі сойм. Сойм прагаласаваў за ўключэнне т. зв. Сярэдняй Літвы ў склад Польшчы. Супраць акупацыйнай улады А. Луцкевіч змагаўся легальнымі сродкамі. Пасля таго, як на лістапад 1922 г. былі прызначаны выбары ў сойм Польскай Рэспублікі, ён узначаліў Беларускі выбарчы камітэт, у які ўвайшлі прадстаўнікі амаль усіх беларускіх партый. Дзейнасць камітэта дала плён: пасламі на сойм былі абраны 10 беларусаў, сенатарамі — 3. Быў створаны Беларускі пасольскі клуб. У 1923 г. польская разведка перахапіла ліст старшыні ЦВК і СНК БССР А. Чарвякова да А. Луцкевіча, які сведчыў аб выкананні апошнім заданняў Масквы, атрыманні грошай з Беларускай ССР.
Наступленне польскіх улад на беларускую школу, на правы нацыянальных меншасцяў, з аднаго боку, палітыка беларусізацыі ў БССР, вяртанне ёй зямель Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў, нэп, агульны гаспадарчы і культурны ўздым на ўсходзе Беларусі — усё гэта спрыяла радыкалізацыі нацыянальнага руху ў Заходняй Беларусі. У чэрвені 1925 г. левыя паслы ўтварылі ў сойме фракцыю Беларускай работніцка-сялянскай грамады (БСРГ). Пачалося стварэнне масавай палітычнай арганізацыі. Да канца 1926 г. БСРГ налічвала 100 тысяч чалавек. А. Луцкевіч у яе не ўступіў, хоць і супрацоўнічаў у цэнтральнай рэдакцыі грамадаўскіх газет. Яго насцярожваў нерэалістычны пункт праекта праграмы пра тое, што ўсе беларускія землі павінны аб'яднацца ў адзіную незалежную рэспубліку сялян і рабочых. Такой мэты, на яго думку, нельга было дасягнуць ані шляхам плебісцыту, ні шляхам паўстання. Ва ўмовах санацыйнага рэжыму Ю. Пілсудскага не стаяла пытанне «сацыялізм ці капіталізм?», а пытанне «дэмакратыя ці дыктатура?». Насцярожвалі А. Луцкевіча і падзеі ў СССР і БССР: прапановы «левых» весці індустрыялізацыю за кошт сялян, курс на фарсіраваную калектывізацыю, згортванне нэпа, выступленні супраць дзеячаў беларускай культуры, у якіх выявіліся першыя адхіленні ад бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі. У пачатку 1927 г. былі арыштаваны кіраўнікі БСРГ, а потым і А. Луцкевіч, які ўзначальваў прэсу гэтай арганізацыі. Пры допыце называў сябе няверуючым, «па перакананню марксістам». Улады абвінавацілі яго ў макіявелізме, у тым, што ён быў кайзераўскім, а потым і бальшавіцкім агентам, атрымліваў грошы ад Камінтэрна, супрацоўнічаў з КПЗБ. Такім чынам яны хацелі скампраметаваць беларускія культурна-асветныя арганізацыі і ўстановы, у якіх працаваў Луцкевіч. Суд, аднак, прызнаў яго невінаватым. У канцы мая 1928 г., прабыўшы ў турме 8 месяцаў, ён выйшаў на волю. У тым жа годзе пачаўся самы драматычны перыяд у яго жыцці. Паколькі рашэннем VI кангрэсу Камінтэрна сацыял-дэмакраты былі абвешчаны сацыял-фашыстамі, да іх быў аднесены і А. Луцкевіч, які заставаўся верны сацыял-дэмакратычным прынцыпам. Яго нежаданне салідарызавацца з лявацкімі сіламі разглядалася як здрада. На А. Луцкевіча, чый партрэт і станоўчую характарыстыку раней змясціла «Правда» (1928. № 51, 53), пра каго з сімпатыяй і спачуваннем пісалі ў СССР і БССР, пасыпаліся абвінавачанні ў супрацоўніцтве з пілсудчыкамі. Асаблівую раздражнёнасць выклікала ягоная публіцыстыка. У газетах «Наперад», «Беларускі звон», «Родны край» А. Луцкевіч крытыкаваў I. Сталіна і яго акружэнне за парушэнне ленінскіх прынцыпаў нацыянальнай і аграрнай палітыкі («Цень Азефа» і інш.), што ацэньвалася як антыкамуністычная і антысавецкая прапаганда. Пазней А. Луцкевіча вінавацілі ў тым, што ён супрацоўнічаў з будучымі фашыстамі Р. Астроўскім і Ф. Акінчыцам. Але на самай справе ён парваў адносіны з гэтымі дзеячамі яшчэ да таго, як яны сталі нацыянал-сацыялістамі. Больш таго, у 1932 г. разам з У. Самойлам і А. Трэпкам выклікаў Астроўскага на грамадскі суд чэсці. Атрымалася так, што А. Луцкевіча адначасова крытыкавалі і камуністы, і фашысты. Таварыства беларускай школы выключыла яго са сваіх радоў, а польскія ўлады звольнілі яго з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Адышоўшы ад актыўнай палітычнай дзейнасці, ён заставаўся дырэктарам Беларускага музея імя I. Луцкевіча і, нягледзячы на тое, што польскія ўлады пазбавілі тую ўстанову датацый, не дапусціў яе закрыцця. У 20—30-я гады А. Луцкевіч актыўна працаваў у Беларускім навуковым таварыстве, быў яго старшынёй, супрацоўнічаў з часопісамі «Родныя гоні», «Студэнцкая думка», «Калоссе», друкаваўся ў «Беларускім календары», «Гадавіку (Запісах) Беларускага навуковага таварыства», газетах «Беларуская думка», «Наперад», «Беларускі звон», «Родны край», «Пшэглёнд Віленьскі», двухтыднёвіку «Сыгналы» (Львоў і інш.). У 1934 А. Луцкевіч вітаў у Вільні дэлегатаў 10 з'езда Саюза музеяў, у 1935 выступіў на VI Усеагульным з'ездзе польскіх гісторыкаў з дакладам «Беларусы-нарадавольцы і іх орган «Гоман»». Ён даследаваў таксама мову скарынаўскіх выданняў, пісаў пра першы Статут Вялікага княства Літоўскага, жьшцё і творчасць У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, іншых беларускіх пісьменнікаў. Яму належаць артыкулы «Вільня ў беларускай літаратуры», «Эвалюцыя беларускай адраджэнчай ідэалогіі і яе адлюстраванне ў літаратуры», рэферат «Аб беларускай літаратуры «нашаніўскай пары»» і інш. Найбольш поўны зборнік літаратурна-крытычных прац А. Луцкевіча — «Адбітае жыццё» (1929). Ён займаўся і перакладчыцкай дзейнасцю. Пераклаў падручнік па алгебры, працу М. Доўнар-Запольскага «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», Новы Запавет і Псалтыр (Хельсінкі, 1931; 2 выд. ў 1948). Пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Вільню А. Навіна выступіў на сходзе культурна-асветных работнікаў-беларусаў з заклікам да адраджэння беларускай школы, культуры, мастацтва. 30.9.1939 г. быў арыштаваны па абвінавачанні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Рашэннем Асобай нарады пры НКУС СССР асуджаны на 6 гадоў зняволення, у час якога і памёр. Згодна адной версіі, гэта здарылася ў чэрвені 1941 г., калі эвакуіравалася на ўсход Вілейская турма, дзе яго трымалі, па другой — больш верагоднай — у 1946 г. у Казахстане. Рэабілітаваны ў 1989 г.
Бібліяграфія асноўных літаратурна-крытычных прац А. Навіны:
- Нашы песняры: (Літ.-сацыяльныя нарысы). Вільня, 1918.
- Жыдоўскае пытанне ў беларускай літаратуры. Вільня, 1921.
- Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры. Вільня, 1921.
- Вільня ў беларускай літаратуры. Вільня, 1925. (Адб. з час. «Студэнцкая думка». 1925. № 5).
- Адбітае жыццё: Лекцыі і стацці з беларускае адраджэнскае літаратуры. Вільня, 1929. Кн. 1.
- Янка Купала як прарок адраджэння: Публічная лекцыя, чытаная ў Вільні, Рызе і Дзвінску. Вільня, 1932.
- Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі. Вільня, 1933. (Адб. з «Гадавіка БНТ». Кн. 1).
У 2006 г. у Мінску ў выдавецтве “Кнігазбор” выйшла кніга “Антон Луцкевіч: Выбраныя творы. Праблемы культуры, літаратуры і мастацтва”. Ёсць PDF-варыянт яе.
М. Мушынскі і А. Ліс пра А. Навіну:
“У праблемных выступленнях, у водгуках на новыя кніжкі вершаў ці апавяданняў маладыя прадстаўнікі крытычнага цэха дэманстравалі высокі прафесіяналізм і майстэрства аналізу — не толькі ўменне данесці да чытача сацыяльную значнасць і эстэтычную каштоўнасць твора, але і вызначыць месца пісьменніка ў літаратуры, яго ўклад у духоўную скарбонку нацыі. «Кніжка цешыць, — пісаў А. Навіна ў рэцэнзіі на кнігу «Шляхам жыцця», — душу кожнага шчырага беларуса. Гэта ўжо сур'ёзны здабытак беларускай літаратуры. У аб'ёмным зборніку (266 с. вялікага фармату) лепей, як у асобных творах, выяўляецца творчая сіла і талент Купалы, і мы можам смела казаць, што пясняр маладой Беларусі займае пачэснае месца ў гісторыі беларускага адраджэння» (8 Наша Ніва. 1913. 26 крас.)
Узросшае майстэрства Навіны-крытыка бачна і ў яго здольнасці адкрываць пэўную заканамернасць літаратурнага развіцця ў працэсе аналізу канкрэтнай мастацкай з'явы. Так, пры разглядзе зборніка «Вянок» рэцэнзент падкрэсліў, што зварот М. Багдановіча да тэмы «чыстае красы» — не ёсць адмаўленне ад прынцыпаў сацыяльна арыентаванага мастацтва і не ўцёкі ў свет прыгожых мар і летуценняў: М. Багдановіч ставіў на мэце ўзбагаціць беларускую літаратуру новымі матывамі, вобразамі, жанравымі формамі, узняць яе на ўзровень еўрапейскага прыгожага пісьменства. I такое імкненне аўтара «Вянка» адпавядала аб'ектыўным заканамернасцям развіцця беларускага слоўнага мастацтва, унутрана гатовага да вырашэння складаных задач. А. Навіна справядліва акцэнтуе ўвагу на смелым наватарстве М. Багдановіча, адзначаючы творчы характар яго пошукаў.
Па вялікім рахунку павінна быць ацэнена выснова Навіны-тэарэтыка наконт глыбокай змястоўнасці мастацкай формы ў творах М. Багдановіча і яго тэзіс адносна непасрэднай залежнасці ўзроўню літаратуры ад узроўню распрацаванасці літаратурнай мовы. «Багдановіч умее ўсё ажывіць, ператварыўшы па-свойму. I лёгка ліюцца яго вершы кунштоўнай, філіграннай работы, а кожын формай падыходзіць да думкі. Думак тых — багата, і вось мы бачым у «Вянку» вершы такой формы, такой будовы — часта вельмі рэдкай, якой могуць пахваліцца толькі найбольш культурныя.народы з найвышэй развітай літаратурнай мовай. Здаецца, калі б наш «пясняр красы» меў толькі адну мэту: паказаць, што беларуская мова можа развівацца, як мова літаратурная, — дык ён гэтай мэты дайшоў» (9 Там жа. 1914. № 8. 21 лют.)
Надзвычай каштоўным у навуковым плане было і тое, што да вызначэння агульных тэндэнцый беларускай літаратуры пачатку XX ст. А. Навіна ішоў не шляхам накладвання на творчасць М. Багдановіча гатовых, апрыёрна сфармуляваных схем, а праз аналіз вобразнай сістэмы вершаў, праз спасціжэнне творчай індывідуальнасці мастака слова. «Вянок», — падкрэсліваў аўтар водгуку, — гэта праўдзівы перл у беларускай паэзіі. Раўнаваць Багдановіча ні з кім не будзем: не затым, што няма лепшых за яго паэтаў (бо такія ёсць), але затым, што ён ні да каго не падобны» (10 Там жа.)”.
“У актыў беларускай крытыкі павінны быць залічаны і рэцэнзіі Антона Навіны на «Матчын Дар» А. Гаруна і на даследчую працу «Белорусская речь...» Я. Карскага (абедзве — «Гоман», 1918), на аповесць «Дзве душы» М. Гарэцкага (зборнік «Наша Ніва», 1920) і на яго ж славутую «Гісторыю беларускае літаратуры» (газета «Наша Ніва», 1920). Пад пяром патрабавальнага крытыка кніга М. Гарэцкага атрымала заслужана высокую, аб'ектыўную ацэнку. Рэцэнзентам трапна схоплены асаблівасці аўтарскай манеры, у якой падаецца гісторыка-літаратурны матэрыял: «I прысуд яго заўсёды справядлівы, хоць часам залішне просталінейны, — глыбокі, хоць выказаны ў некалькіх словах» (Наша Ніва. 1920. 22 лістап.). А вось заўвага пра больш буйны недахоп працы: А. Навіна адзначае «схематычнасць выкладу, што зацямняе суцэльны абраз нашага літаратурнага творства» (19 Там жа.). Гэтая хіба, вядома ж, народжана аб'ектыўнымі ўмовамі — немагчымасцю ў межах невялікай кнігі даць шырокі, разгорнуты малюнак складвання беларускай літаратуры на працягу некалькіх стагоддзяў. Таму пэўная эскізнасць і схематызм былі заканамерным вынікам.
Галоўным жа здабыткам А. Навіны і ўсёй тагачаснай крытыкі была кніга «літаратурна-сацыяльных нарысаў» «Нашы песняры» (1918), у якой разгледжана творча-грамадская дзейнасць Я. Коласа, Я. Купалы, Ц. Гартнага, М. Багдановіча, Цёткі, К. Буйло, З. Бядулі. Сабраныя пад адной вокладкай нарысы (спярша яны друкаваліся ў газеце «Гоман» за 1917 г.) склалі цэласную літаратурна-крытычную працу, якая вызначаецца адзінствам аўтарскай пазіцыі, адзінствам погляду на творчасць вядучых паэтаў. Фактычна гэта і першая на Беларусі кніга літаратурнай крытыкі. У ёй А. Навіна паслядоўна ажыццявіў эстэтычныя прынцыпы, сфармуляваныя ім у нашаніўскай дыскусіі, узбагаціў іх новым зместам — тымі мастацкімі адкрыццямі, якія былі зроблены пасля 1913 года. У цэнтры ўвагі Навіны-крытыка — галоўная тэма, вядучы пафас, тып таленту, адметнасць стылявой манеры, вобразнага ладу паэта, характар выяўленчых сродкаў, патэнцыяльныя магчымасці развіцця. У якасці дамінуючай рысы адзначаны патрыятызм Я. Коласа, які найбольш выразна выяўляецца праз малюнкі прыроды, праз паэтызацыю «роднага кута». Пры разглядзе Я. Купалы на першы план вылучана «гармонія мыслі і формы» выдатнага песняра-адраджэнца. А ў М. Багдановіча — гэта гуманістычны пафас, сцвярджэнне агульначалавечых каштоўнасцяў, высокі эстэтычны ўзровень вершаў, наватарскае ўзбагачэнне паэзіі дасканалымі жанравымі формамі.
Канцэпцыя А. Навіны, скіраваная супраць недаацэнкі літаратуры як з'явы мастацкай, знайшла сваю падтрымку ў літаратурна-крытычным асяроддзі, а гэта пэўным чынам сведчыла аб прафесійным узроўні ўсёй тагачаснай крытыкі”.
“А. Луцкевіч высока ацаніў талент лірыка пры аналізе першай кніжкі У. Дубоўкі «Строма», дарэчы, выдадзенай у Вільні (Навіна Ан. «Строма» У. Дубоўкі // Наша будучына. 1923. № 5.). Рэцэнзія крытыка на паэму Я. Коласа «Сымон-музыка» не вызначалася тэарэтычнай глыбінёй. Аўтар меў на мэце аператыўна пазнаёміць заходнебеларускага чытача з новым выдатным творам айчыннай літаратуры (Навіна Ан. «Сымон-музыка» // Жыццё беларуса. 1925. № 16, 17.)”.
“Публікацыі, прысвечаныя творчасці асобных пісьменнікаў мінулага, а таксама сучасных, зробленыя найчасцей з нагоды ўгодак творцаў, хоць насілі папулярызатарскія мэты, заключалі ў сабе і абагульненні сацыяфіласофскага зместу. Такія падыходы назіраюцца ў артыкулах А. Луцкевіча, прысвечаных М. Багдановічу, творчасці М. Гарэцкага, Ядвігіна Ш., Дуніна-Марцінкевіча (Навіна Ант. Максім Багдановіч: У чацвёртыя ўгодкі смерці яго // Наша думка. 1921. № 1; Яго ж. Ідыёлаг народнае інтэлігенцыі // Беларускі звон. 1922. № 5; Яго ж. Ядвігін Ш. (Антон Лявіцкі) // Там жа. № 7; Яго ж. Вінцук Дунін-Марцінкевіч // Беларуская доля. 1925. № 15.). Тэарэтычна былі асэнсаваны ідэалагічныя асновы новай беларускай літаратуры ў сацыялітаратуразнаўчым эсэ «Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры» А. Навіны (Навіна Ант. Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры. Вільня, 1921.)”.
“«Хоць у Коласа пануе сумны настрой, — пісаў у прадмове да юбілейнага выдання выбраных твораў класіка А. Навіна, — хоць жалем і скаргамі пранікнуты ягоныя «Песні жальбы», як і душа нашага вясковага люду, аднак сум і туга яго не адчайныя, не безнадзейныя: праз іх прабіваецца пачуццё ўласнае сілы, прабіваецца магутнае імкненне да волі... вера ў тое, што сучасны стан — гэта нешта дачаснае...» (Колас Я. Выбр. тв. Угодкавае выданне. Вільня, 1927. С. 6.)”.
“Адной з вызначальных рыс паэзіі М. Багдановіча А. Навіна лічыць уласцівыя ёй «паўтоны ў гуках, фарбах і перажываннях», прыраўноўвае яе да несмяротнай музыкі Ф. Шапэна (Багдановіч М. Вянок: Зборнік вершаў. 2-е выд., папраўлена. Вільня, 1927. С. IV.). Праводзячы ў сваіх артыкулах пра М. Багдановіча тэзіс аб ім як аб песняру красы, літаратуразнаўца палемічна падкрэслівае вялікае утылітарнае значэнне творчасці паэта для беларускага народа ў плане прызнання яго ўсясветнай супольнасцю: «Ускрываючы вечную, неўміручую красу ў нашым родным, беларускім, Багдановіч уводзіць нас у сям'ю культурных народаў з большай пэўнасцю, чымся тыя, хто піша вялікія трактаты аб нашым праве на гэта» (Там жа. С. VI.)”.
“Крытыка і літаратуразнаўства ў Заходняй Беларусі мелі і такую форму бытавання, як публічная лекцыя, артыкул у друку з нагоды ўгодкаў нарадзін або смерці пісьменніка. Так, к пятым угодкам смерці Ядвігіна Ш. была, мабыць, упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве аб'ектыўна ацэнена творчасць гэтага неардынарнага празаіка (Навіна А. Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.) // Родныя гоні. 1927. Кн. I. С. 13—19.).
«Пры ўсёй туманнасці сваёй ідэалогіі, далёкай ад ідэалогіі творцаў беларускага адраджэння, Ядвігін Ш. заўсёды будзе займаць у беларускай літаратуры адно з пачэсных месц як мастак слова, каторы здолеў адчуць і выявіць у прозе дух беларускага народа і беларускай прыроды», — падагульняў свой праніклівы сацыялагічна-эстэтычны аналіз спадчыны пісьменніка А. Навіна (Там жа. С. 19.)”.
“Да разгляду паэзіі Янкі Купалы заходнебеларускі крытык звяртаўся некалькі разоў. Творчасць нацыянальнага паэта-вешчуна набыла ў абуджанай вызваленчымі ідэямі Заходняй Беларусі сэнс духоўнага арыенціра, стала знакам чалавечай і нацыянальнай годнасці, выкарыстоўвалася ў штодзённай палеміцы інтэлігенцыі з польскім афіцыёзам, рознамаснымі незычліўцамі беларушчыны (Таўлай В. Янка Купала ў Заходняй Беларусі // Творы. Мн., 1961. С. 196-203.).
Калі арыткулы А. Навіны, прысвечаныя творчасці М. Багдановіча, Ядвігіна Ш., Я. Коласа, пры ўсёй іх змястоўнай насычанасці формаю нагадвалі эцюды, то першая яго публічная лекцыя пра паэзію Янкі Купалы мела характар разгорнутага даследавання (Навіна А. Напевы ліры Янкі Купалы // Адбітае жыццё: Лекцыі і стацці з беларускае адраджэнскае літаратуры. С. 41—58.). У сціслым кантэксце з жыццёвым і эстэтычным досведам Купалы крытыкам прасочаны ўсе этапы творчасці паэта, трапна акрэслена ідэйна-эстэтычная адметнасць творчай індывідуальнасці вялікага нацыянальнага песняра. Даследчык акцэнтуе ўвагу на такіх аспектах Купалавай паэзіі, як персаніфікацыя сацыяльнай крыўды беларускага мужыка ў асобе самога аўтара, увасабленне паэтам нацыянальнай ідэі, мастацкая прырода яго лірыкі. «Глыбока абняты народны дух, здольнасць схопліваць самае істотнае ў рэчах і з'явішчах, утоены гумар — усё гэта злучылася ў Купалы ад самага пачатку з лёгкасцяй мовы, пачуццём рытму, сілай экспрэсіі і музыкальнасцяй», — рабіў першае абагульненне крытык. Ім тонка асэнсавана эвалюцыя паэзіі Купалы і дакладна спрагназаваны на ўзроўні 20-х гадоў перспектывы яе далейшага цягу (Там жа. С. 57.). У заключэнне А. Навіна раскрывае тыя падставы, вартасці паэзіі беларускага творцы, якія забяспечваюць ёй месца сярод здабыткаў культуры агульначалавечай, сусветнай: «...Усё нашае нацыянальнае сілай творчага таленту свайго Купала падыймае на вышыню агульналюдскага разумення, знаходзячы ў ім і адбіраючы цэннасці агульналюдскае вагі. Гэта перадусім — вялікая краса і дух волі, гэта — магутны парыў да вызвалення і цела і духу народа, гэта — імкненне да чалавечнасці» (Там жа. С. 58.).
Выконваючы функцыю прыкладную, асветніцкую, што ў абставінах станаўлення грамадскай свядомасці заўсёды архіважна, літаратуразнаўства і крытыка ў Заходняй Беларусі 20—30-х гадоў патрапляла заставацца на належнай тэарэтычнай вышыні. Дыяпазон узнятай імі праблематыкі быў даволі шырокі. Ён уключаў пытанні грамадскай існасці мастацкай літаратуры, прыроды народнай эстэтыкі, эвалюцыі адраджэнскай ідэалогіі і яе адлюстравання ў прыгожым пісьменстве (Навіна А. Істота літаратуры і яе грамадскае значэнне // Родныя гоні. 1927. Кн. 2; Яго ж. Эвалюцыя беларускае адраджэнскае ідэалогіі і адбіццё яе ў літаратуры // Студэнцкая думка. 1926. № 1(7); Суніца Р. Аб беларускай народнай эстэтыцы // Родныя гоні. 1927. Кн. 4.). У шырокім сацыялагічным і літаратурным аспекце ставілася і вырашалася праблема беларускага горада, пераважна на матэрыяле заходнебеларускага рэгіёна. Акцэнт рабіўся на праблематычнасці горада як базы беларускага вызваленчага руху (Д. Праблема беларускага места // Студэнцкая думка. 1925. № 4(5).)”.
“А. Луцкевіч, які к гэтаму часу цалкам засяродзіўся на літаратуразнаўстве, працягвае даследаванне творчасці Янкі Купалы і Максіма Багдановіча. Піша працу пра Купалу як паэта-вешчуна, носьбіта беларускай ідэі, духоўнага правадыра народа (Навіна А. Янка Купала — прарок Адраджэння. Вільня, 1932.). Дзве публікацыі А. Луцкевіча пра М. Багдановіча прысвечаны адпаведна даследаванню фарміравання светапогляду паэта і крыніцам яго паэзіі (Навіна А. Праблема сфармавання нацыянальнае душы Максіма Багдановіча // Калоссе. 1937. Кн. 4 (13). С. 218—224; Яго ж. Да крыніцаў творчасці М. Багдановіча // Калоссе. 1937. Кн. 3 (20). С. 163—167.). У абодвух артыкулах літаратуразнаўцам абагульнены вельмі вялікі матэрыял, які дазволіў глыбей спасцігнуць многія з'явы, моманты ў творчай спадчыне паэта, яго значэнне для адраджэння Беларусі. Навіна-Луцкевіч сваімі росшукамі ўзбагачаў методыку беларускага літаратуразнаўства. Ужо ў даваенныя часы ён арганічна выходзіў на тыпалагічныя метады даследавання. Аналізуючы паралельна вобразы аповесцей М. Гарэцкага «Дзве душы» і яго польскага сучасніка Ст. Жаромскага «Прадвесне» як твораў, што мастацкі даследуюць стан грамадства на зломе эпох, А. Луцкевіч і праз гады дапамагае дакладней расчытаць неардынарны твор беларускага класіка”.
Тэма№ 3
Беларуская крытыка і літаратурная навука ў 1920-1930-я гады
Пытанні
1. Агульная характарыстыка развіцця крытыкі і літаратуразнаўства ў 1920-1930-я гады.
2. “Маладнякоўская” крытыка.
3. “Палымянская” крытыка.
4. Крытыка “Узвышша”.
5. Вульгарна-сацыялагічная крытыка ў літаратурным працэсе 1920-1930-х і 1940-х – першай паловы 1950-х гг.
6. Навуковая і літаратурна-крытычная дзейнасць М. Гарэцкага.
7. Літаратуразнаўчая дзейнасць І. Замоціна.
8. Літаратуразнаўчая дзейнасць Я. Барычэўскага.
9. Літаратуразнаўчая дзейнасць А. Вазнясенскага.
10. Літаратуразнаўчая дзейнасць М. Піятуховіча.
11. Літаратурна-крытычная дзейнасць А. Бабарэкі.
12. Літаратурна-крытычная дзейнасць Я. Пушчы.
13. Ф. Аляхновіч – крытык і гісторык беларускага тэатра.
14. Навуковая і літаратурна-крытычная дзейнасць І. Дварчаніна.
15. Навуковая і літаратурна-крытычная дзейнасць А. Станкевіча.
Літаратура (асноўная)
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии.— М., 1972.
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917–1934 гг.).— Мн., 1968.
Мушынскі М. Крытыка і літаратуразнаўства // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т .— Мн., 1999.— Т. 2.
Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства. 20–30-я гады.— Мн., 1975.
Мушынскі М.І. Літаратуразнаўства // Інстытут беларускай культуры.— Мн., 1993.
1. Агульная характарыстыка развіцця крытыкі і літаратуразнаўства ў 1920-1930-я гады.
1920–1930-я гг. сталі якасна новым этапам у станаўленні і развіцці беларускай літаратурнай навукі. Менавіта ў дадзены перыяд, і асабліва ў першай яго палове, беларускае літаратуразнаўства надзвычай вырасла, пасталела і набыло статут самастойнай нацыянальнай галіны навуковых ведаў.
Дасягненні беларускага літаратуразнаўства гэтага часу ў першую чаргу звязаны з дзейнасцю М. Гарэцкага, І. Замоціна, Я. Барычэўскага, А. Вазнясенскага, М. Піятуховіча. Усе яны ў той альбо іншай ступені мелі дачыненне да Інбелкульта, які з’яўляўся асноўным каардынацыйным цэнтрам беларускага літаратуразнаўства на працягу 1922–1928 гг. З 1927 г. у ім існаваў аддзел гуманітарных навук, у які ўваходзіла і кафедра беларускай літаратуры (з камісіяй па выданні твораў беларускіх пісьменнікаў). Выдаваліся «Запіскі аддзела гуманітарных навук» Інбелкульта.
Максімам Гарэцкім напісана першая сістэматызаваная навуковая праца па гісторыі развіцця беларускай літаратуры, якая стала адначасова і першым грунтоўным падручнікам па беларускай літаратуры. У ёй разгледжана развіццё нашай нацыянальнай літаратуры ад старажытнасці да першых паслякастрычніцкіх гадоў, ахарактарызаваны вядомыя на той час літаратурныя помнікі, творы новай і найноўшай літаратуры, паказана станаўленне літаратурных плыней і кірункаў, вызначана месца і роля вядучых аўтараў у гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. «Гісторыя беларускае літаратуры» М. Гарэцкага вытрымала некалькі выданняў і, што таксама немалаважна, не страціла сваёй каштоўнасці і практычнай значнасці па сённяшні дзень. Немалыя заслугі М. Гарэцкага і ў станаўленні беларускай літаратурнай крытыкі. Ён даволі рэгулярна змяшчаў у розных перыядычных выданнях свае крытыка-біяграфічныя нарысы па творчасці самых розных аўтараў — як пісьменнікаў-адраджэнцаў старэйшага пакалення, так і маладых літаратараў. Як буйны вучоны-літаратуразнаўца М. Гарэцкі не мог не выпрацаваць уласную тэарэтыка-метадалагічную сістэму. Асноўнае, самае сутнаснае з яе адлюстравалася ў «Назваслоўі», якое ўвайшло ў склад «Гісторыі беларускае літаратуры» выдання 1924-га г.
Нямала зрабіў для развіцця беларускага літаратуразнаўства прафесар Іван Замоцін. Ён даў грунтоўную, у цэлым аб’ектыўную ацэнку спадчыны М. Багдановіча («М. Багдановіч. Крытыка-біяграфічны нарыс», 1927), драматургіі Я. Купалы («Беларуская драматургія», 1927), Ц. Гартнага («Драматычныя творы Цішкі Гартнага», 1928), ліра-эпасу Я. Коласа («Пуціны беларускай літаратуры. Якуб Колас. «Новая зямля», 1924; «Паэма Якуба Коласа «Сымон-музыка» як аўтахарактарыстыка», 1926). Прыкметнай з’явай у беларускім літаратуразнаўстве сталі спробы І. Замоціна стварыць самастойны кірунак даследавання на аснове т. зв. «тэорыі чатырох сінтэзаў» (спалучэнне пры аналізе генетычнага, фармальна-мастацкага, сацыялагічнага і ідэалагічнага падыходаў). І. Замоцін слушна крытыкаваў многае ў тагачасных модных фрэйдысцкіх і інтуітывісцкіх канцэпцыях, фармалістычных трактоўках мастацтва і суб’ектыўна-ідэалістычных прынцыпах яго вывучэння.
Шмат цікавых назіранняў над творчасцю М. Багдановіча, Я. Купалы, Я. Коласа зрабіў Аляксандр Вазнясенскі. Асабліва неабходна вылучыць яго працу «Паэтыка М. Багдановіча» (1926), якая была адной з этапных з’яў у распрацоўцы пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі. На жаль, А. Вазнясенскі даволі доўгі час знаходзіўся ў палоне фармальнага метаду, што перашкодзіла яму сапраўды аб’ектыўна ацаніць многія з’явы ў беларускім прыгожым пісьменстве.
Этапнымі ў распрацоўцы шэрагу пытанняў тэорыі літаратуры і метадалогіі ў беларускім літаратуразнаўстве сталі таксама працы Яўгена Барычэўскага «Паэтыка літаратурных жанраў» (1927) і «Тэорыя санета» (1927). Даследчык арганічна спалучаў у літаратуразнаўчым аналізе гісторыю развіцця і тэорыю жанравых форм лірыкі, эпасу, драмы. Гэтым вучоны замацоўваў плённую традыцыю адзінства гістарычнага і тэарэтычнага падыходу да мастацтва.
Даволі значнай фігурай у беларускім літаратуразнаўстве 1920–1930-х гг. быў Міхайла Піятуховіч. Але, на жаль, яго літаратуразнаўчая канцэпцыя мела вельмі моцны сацыялагізатарскі ўхіл. Яскрава гэта выявілася і ў адной з самых буйных прац даследчыка — «Нарысах гісторыі беларускай літаратуры» (1928). У аснову перыядызацыі літаратуры М. Піятуховіч паклаў этапы эканамічнага развіцця грамадства. Спрошчана разумеючы ўзаемасувязь грамадзянскай гісторыі і літаратуры, выводзячы ўзровень развіцця прыгожага пісьменства непасрэдна з узроўню эканомікі, Піятуховіч не здолеў глыбока выявіць вядучыя тэндэнцыі літаратурнага працэсу, аб’ектыўна ацаніць творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, М. Багдановіча, Цёткі.
На станаўленне і далейшае развіццё маладой беларускай літаратурнай навукі ў 1920-я – пачатку 1930-х гг. аказвала плённае ўздзеянне літаратурная крытыка, як правіла, пісьменніцкая. Найбольш значныя дасягненні беларускай літаратурнай крытыкі гэтага перыяду звязаны з дзейнасцю літаратурных арганізацый «Маладняк», «Узвышша», «Полымя» і іх аднайменных перыядычных выданняў, якія абгрунтоўвалі і праводзілі ў жыццё ідэйна-эстэтычныя праграмы дадзеных аб’яднанняў. У распрацоўцы тэарэтычных асноў беларускай крытыкі, павышэнні яе прафесійнага ўзроўню вялікая заслуга належыць А. Бабарэку, У. Дубоўку, К. Чорнаму, Я. Пушчу, Ф. Купцэвічу.
Зборнікамі «Якуб Колас у літаратурнай крытыцы» (1926), «Творчасць К.М. Міцкевіча (Якуба Коласа)» (1926), «Янка Купала ў літаратурнай крытыцы» (1928) і «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928) закладзены асновы мэтанакіраванага вывучэння творчасці старэйшых беларускіх майстроў слова.
У другой палове 1920-х гг. распачалася сур’ёзная тэксталагічная праца, звязаная з падрыхтоўкай да выдання двухтомніка М. Багдановіча, а таксама збораў твораў Я. Купалы і Я. Коласа.
Развіццё беларускага літаратуразнаўства ў 1930-я гг. адбывалася ў надзвычай складаных умовах: грубейшыя парушэнні законнасці, што мелі месца ў гэты час, істотна запаволілі далейшы рост літаратурнай навукі і крытычнай думкі; акрамя таго, палітычныя абставіны ўнутры краіны паўплывалі на ўзмацненне вульгарнага сацыялагізму і дагматызму ў крытычных ацэнках.
У 1930-я гг. вывучэнне літаратуры было сканцэнтравана пераважна ў Інстытуце літаратуры
Дата добавления: 2021-06-28; просмотров: 880;