Беларуская крытыка і літаратурная навука пачатку ХХ стагоддзя


 

Пытанні

1. Агульная характарыстыка развіцця крытыкі і літаратуразнаўства ў пачатку ХХ стагоддзя.

2. Літаратуразнаўчая і літаратурна-крытычная дзейнасць Я. Карскага.

3. Літаратуразнаўчая дзейнасць М. Янчука.

4. Літаратурная крытыка С. Палуяна.

5. Літаратурна-крытычная і навуковая (літаратуразнаўчая) дзейнасць М. Багдановіча.

6. Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць В. Ластоўскага.

7. З. Бядуля – літаратурны і тэатральны крытык.

8. Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць У. Самойлы.

9. Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць А. Навіны.

 

Літаратура (асноўная)

Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии.— М., 1972.

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала ХХ в.— Мн., 1985.

Мушынскі М. Крытыка і літаратуразнаўства // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т .— Мн., 1999.— Т. 1.

 

 

1. Агульная характарыстыка развіцця літаратуразнаўства і крытыкі ў пачатку ХХ стагоддзя.

 

На пачатку ХХ ст. ужо можна весці гаворку аб станаўленні ўласнага беларускага літаратуразнаўства. Перш за ўсё гэты працэс звязаны з дзейнасцю Я. Карскага і М. Багдановіча.

Яўхім Карскі — аўтар трохтомнага даследа­вання «Беларусы» (1903–1922). Вучоны правёў значную работу па збіранню і навуковаму апісанню помнікаў старажытнай пісьменнасці, а таксама твораў новай беларускай літаратуры. Сістэматызаваўшы новыя і раней вядомыя творы, вучоны зрабіў спробу ўстанавіць перыядызацыю гісторыка-літаратурнага пра­цэсу на Беларусі. Гэтым ён закладваў аснову далейшых гісторыка-літаратурных даследаванняў.

Максім Багдановіч у працах «Кароткая гісторыя бе­ларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця» (1911), «За сто лет» (1911), «Глыбы і слаі» (1911), «Новы перыяд у гісторыі беларускай літаратуры», (1912), «За тры гады» (1913), абгрунтоўваў ідэю самастой­насці і самабытнасці беларускай нацыянальнай літаратуры, сцвярджаў перспектыўнасць вывучэння літаратуры ў яе гістарычным развіцці, у сувязі з духоўным жыццём народа і грамадска-культурнымі ўмовамі. М. Багдановічам была ўдакладнена перыяды­зацыя літаратурнага працэсу, коратка, але даволі грунтоўна прааналізавана старажыт­ная, новая і навейшая беларуская літаратура, дадзена ацэнка твор­часці пісьменнікаў ХІХ – пач. ХХ стст., засяроджана ўвага на шэрагу тэарэтыка-літаратурных праблем. Адштурхоўваючыся ў цэлым ад метада­лагічных прынцыпаў культурна-гістарычнай школы, М. Багдановіч разам з тым стараўся пераадольваць слабыя бакі гэтага літаратуразнаўчага накірунку і тым самым выпрацоўваў сваю ўласную метадалогію. Адной з першых тэарэтыка-літаратурных прац у беларускім літаратуразнаўстве стаў артыкул М. Багдановіча «Санет» (1911).

Многа зрабіў для станаўлення і развіцця беларускай літаратурнай навукі і крытыкі Сяргей Палуян, аб чым сведчыць яго артыкул «Беларуская літаратура ў 1909 г.» (1910). Гэтай працай істотна пашыраліся жанравыя рамкі беларускай крытыкі, замацоўвалася ў ёй форма гадавога агляду. Акрамя адзначанага артыкула пяру С. Палуяна належаць публіцыстычныя нататкі «Лісты з Украіны» (1910), у якіх побач з іншымі пытаннямі закраналіся і праблемы развіцця беларускай літаратуры.

Даволі адмысловым даследчыкам літаратуры і крытыкам з’яўляўся Вацлаў Ластоўскі. Да бясспрэчных яго здабыткаў і здабыткаў усёй беларускай крытыкі пач. ХХ ст. трэба аднесці артыкулы «Памяці Сяргея Палуяна», «Эліза Ажэшка» (1910), «Людвіг Кандратовіч» (1912), «Леся Украінка» (1913), рэцэнзіі на зборнікі «Васількі» Ядвігіна Ш., «Рунь» М. Гарэцкага, «Родныя з’явы» Т. Гушчы (Я. Коласа) (1914), "Сплачывайце доўг" і "Чаму плача песня наша" (абодва 1913, першы адназначна належыць Ластоўскаму, другі пад пытаннем: Ластоўскі ці Купала).

Шэраг змястоўных рэцэнзій на творы і цэлыя зборнікі беларускіх пісьменнікаў пачатку ХХ ст. даў Антон Навіна (А. Луцкевіч). Найбольш вядомыя і грунтоўныя яго працы — рэцэнзіі на зб. "Шляхам жыцця" Я. Купалы і "Вянок" М. Багдановіча.

Праграмнымі для развіцця беларускага прыгожага пісьменства і беларускага тэатра пачатку ХХ ст. сталі артыкулы Максіма Гарэцкага «Наш тэатр» (1913) і «Развагі і думкі» (1914).

Акрамя названых аўтараў пасільны ўклад у станаўленне ўласнай беларускай літаратурнай навукі і крытыкі зрабілі У. Самойла (рэцэнзіі на "Жалейку" Я. Купалы і інш. працы), А. Бульба (рэцэнзіі на зб. "Песні жальбы" Я. Коласа і "Гусляр" Я. Купалы), М. Янчук, Л. Гмырак ("Свайго не чурайцеся, чужому навучайцеся", 1913), Я. Купала, Р. Зямкевіч (артыкул "Вінцук Марцінкевіч, яго жыццё і літаратурнае значэнне"), Я. Лёсік ("Ці сапраўды мы ніколі не будзем мець свайго Міцкевіча, Пушкіна, Сянкевіча, Талстога?"), З. Бядуля ("Думаць і гаварыць трэба па-беларуску"), А. Вілейскі, В. Лявіцкая.

 

 

2. Літаратуразнаўчая і літаратурна-крытычная дзейнасць Я. Карскага.

 

Выдатны філолаг-славіст, заснавальнік беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, палеограф, фалькларыст, урэшце літаратурны крытык, акадэмік Пецярбургскай АН (1916, член-карэспандэнт з 1901), правадзейны член Інстытута беларускай культуры (1922), Чэшскай АН (1929). Яўхім Фёдаравіч Карскі нарадзіўся 20.12.1860 г. (1.1.1861 па ст. ст.) у вёсцы Лаша Гродзенскага пав. Гродзенскай губ (цяпер Гродзенскі р-н Гродзенскай вобл.) у мнагадзетнай сям'і вясковага настаўніка, які ў пошуках лепшай долі не раз пераязджаў з месца на месца (Лаша на Гродзеншчыне, Ятра і Бярозавец на Навагрудчыне, Волма на Міншчыне), што дазволіла будучаму вучонаму з маленства глыбей спазнаць Беларусь і яе духоўную культуру. Пачатковую адукацыю атрымаў у Ятранскім народным вучылішчы. На вучобу ў гімназіі не было сродкаў, таму паступіў у Мінскае духоўнае вучылішча, а потым – у семінарыю. У семінарскія часы даваў прыватныя ўрокі, каб матэрыяльна дапамагчы сям'і. Пасля заканчэння вучобы ў семінарыі (1881) паступіў на казённы кошт у Нежынскі гісторыка-філалагічны інстытут на Украіне, дзе ў свой час у колішнім юрыдычным ліцэі вучыўся Ф. Багушэвіч. Пасля бліскучага заканчэння інстытута (1885) уладкаваўся на працу ў Вільні ў 2-ю Віленскую гімназію, дзе на працягу 8 гадоў выкладаў рускую і стараславянскую мовы, а таксама рускую літаратуру. У 1891 г. здаў у Варшаве магістарскі экзамен, а праз 2 гады савет Кіеўскага універсітэта прысудзіў яму за даследаванні беларускай мовы вучоную ступень магістра рускай мовы і славеснасці (гэта была першая ў гісторыі дысертацыя па беларускай мове). У 1893 г. Я. Карскі перабраўся ў Варшаву і надоўга звязаў свой лёс з Варшаўскім універсітэтам: спачатку працаваў выкладчыкам-лектарам, з 1894 г. – экстраардынарным, а пасля ардынарным прафесарам кафедры рускай і славянскай мовы і рускай літаратуры, пасля рэктарам гэтай навучальнай установы. За працы ў беларусазнаўстве ў 1894 г. узнагароджаны вялікім залатым медалём Рускага геаграфічнага таварыства. У 1896 г. за даследаванне «Заходнерускія пераклады псалтыра ў XV–XVII стст.» савет Маскоўскага ўніверсітэта прысудзіў яму вучоную ступень доктара філалогіі. Ён быў абраны членам Археаграфічнай камісіі Маскоўскага археалагічнага таварыства, членам-карэспандэнтам Таварыства аматараў старажытнага пісьменства (1898). У 1901 г. за працы ў галіне палеаграфіі Пецярбургская АН узнагародзіла яго малой Ламаносаўскай прэміяй. У 1905 г. ён узначаліў найбольш буйны філалагічны часопіс тагачаснай Расіі – «Русскій филологический вестник», дзе змясціў шмат сваіх навуковых прац і бібліяграфічных матэрыялаў. У гэтым жа годзе Карскі стаў першым выбраным рэктарам Варшаўскага ўніверсітэта. У 1908 г. пераабраны на новы тэрмін, але ў 1910 г. адмовіўся ад гэтай пасады ў знак пратэсту супраць самавольства міністра Касо. У 1915–1916 гг. Я.Ф. Карскі працаваў у Растове-на-Доне, куды быў эвакуіраваны Варшаўскі ўніверсітэт, а пасля выбрання правадзейным членам АН (1916) пераехаў у Петраград. Пасля рэвалюцыі Карскі едзе ў Мінск, дзе яго заспела польская акупацыя. Акупацыйныя ўлады, каб прыцягнуць сусветна вядомага вучонага на свой бок, прапанавалі яму пенсію, але Я. Карскі адмовіўся і жыў на мізэрныя ганарары, якія атрымліваў за публікацыю ў беларускіх газетах артыкулаў па гісторыі роднай літаратуры і культуры (аб гэтым моманце і аспекце дзейнасці Я. Карскага больш падрабязней скажам крыху ніжэй). У снежні 1919 г. Карскі пабываў у Варшаве, адкуль перавёз у Мінск сваю бібліятэку, якую пазней перадаў Беларускаму ўніверсітэту. Пасля вызвалення Мінска (ліпень 1920) вярнуўся ў Петраград, дзе стаў адным з арганізатараў акадэмічнай навукі. Ён быў членам Праўлення і Прэзідыума АН, дырэктарам Музея антрапалогіі і этнаграфіі, старшынёй Слоўнікавай камісіі, Камісіі па рускай мове, членам камісіі «Навука і навуковыя работнікі», рэдактарам часопіса «Известия ОРЯС» Акадэміі навук, членам акадэмічнага Рэдакцыйна-выдавецкага савета, прафесарам філалагічнага факультэта Петраградскага (Ленінградскага) ўніверсітэта, супрацоўнікам ўніверсітэцкага Навукова-даследчага інстытута. Я. Карскі шмат зрабіў у гэты перыяд для пашырэння міжнародных сувязей савецкай славістычнай навукі, быў дэлегатам 1-га міжнароднага з'езда славянскіх географаў і этнографаў у Празе (1924), выбіраўся ганаровым членам Таварыства аматараў расійскай славеснасці (1925), Таварыства пісьменства і мастацтва ў Ленінградзе (1927). Памёр Я.Ф. Карскі 29.4.1931 г. у Ленінградзе.

Знаходзячыся большую частку свайго свядомага жыцця па-за межамі Беларусі, Я. Карскі, тым не меней, амаль ніколі не парываў сувязей з Радзімай. Так, ён ліставаўся з пісьменнікамі Я. Купалам, Я. Коласам, М. Гарэцкім, А. Паўловічам, вучонымі П.А. Бузуком, I.I. Замоціным, С.М. Некрашэвічам, Я.I. Хлябцэвічам, А.А. Шлюбскім, М.М. Шчакаціхіным і інш.

Навуковая спадчына Я.Ф. Карскага (а ён напісаў больш за 700 прац па славістыцы наогул, беларусістыцы і русістыцы) не страціла сваёй каштоўнасці да сённяшняга часу. Ацалелая частка яго асабістага архіва захоўваецца ў Санкт-Пецярбургскім аддзяленні Архіва Расійскай АН. Бібліятэка, перададзеная ў 1922 г. БДУ, зберагаецца асобнай калекцыяй у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі (у гады Вялікай Айчыннай вайны часткова страчана). На радзіме Я. Карскага ў в. Лаша створаны мемарыяльны музей, яго імем названы Гродзенская абласная бібліятэка, вуліца ў Гродне, Лашанская васьмігадовая школа. У 1990 г. урад Беларусі ўстанавіў 8 стыпендый імя Я. Карскага для студэнтаў вну.

Энцыклапедыяй беларусазнаўства лічыцца па праву фундаментальная трохтомная (у 7 выпусках) праца Я. Карскага «Беларусы» (1903–1922), якая стала вышэйшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі канца ХІХ – пач. ХХ стст. у вывучэнні беларусаў (яна поўнасцю перавыдадзена ў нас у канцы ХХ ст.). У выніку глыбокага, комплекснага, параўнальна-гістарычнага даследавання гісторыі, мовы, фальклору, пісьменнасці, шматвяковай культуры беларускага народа ўпершыню была навукова абгрунтавана яго нацыянальная самабытнасць як асобнага славянскай адзінкі.

У першым томе «Уводзіны ў вывучэнне мовы і народнай славеснасці» (Варшава, 1903; Вільня, 1904) даследуецца паходжанне беларускага народа, акрэсліваюцца межы яго этнічнай гісторыі, даецца этнаграфічная карта Беларусі пач. ХХ ст., складзеная галоўным чынам на аснове звестак дыялекталогіі. Асветлены важнейшыя этапы гісторыі беларускай мовы, яе ўзнікненне і спецыфічныя асаблівасці, узаемасувязі з рускай, украінскай, польскай, літоўскай і інш. мовамі. Спецыяльны раздзел прысвечаны крытычнаму агляду навуковых прац канца ХVІІІ – пач. ХХ ст. на розных мовах па беларускай этнаграфіі, мове, фальклору, літаратуры, а кароткі нарыс – гісторыі вывучэння старабеларускай літаратурнай мовы, у аснове якой, на думку Я. Карскага, ляжала жывая беларуская мова. Вялікую каштоўнасць маюць анатаваная бібліяграфія выданняў тэкстаў старажытнай беларускай дзелавой пісьменнасці, спісы найбольш значных помнікаў старабеларускай мовы, асобных рукапісаў і рукапісных зборнікаў з паказам іх публікацыі і месца зберажэння арыгіналаў, а таксама кароткая бібліяграфія беларускіх старадрукаў, пачынаючы з Бібліі Ф. Скарыны.

У трох выпусках 2-га тома «Мова беларускага племені» (1908–1912) Я. Карскі даў закончанае вучэнне пра гукавы і граматычны лад старабелеларускай і сучаснай беларускай мовы ў яе народна-дыялектнай і літаратурнай формах.

Трэці том «Беларусаў» (менавіта ён з’яўляецца найперш прадметам нашай гаворкі) «Нарысы славеснасці беларускага племені» складаецца з трох выпускаў: «Народная паэзія» (1916), «Старая заходнеруская пісьменнасць» (1921), «Мастацкая літаратура на народнай мове» (1922).

У першым выпуску грунтоўна асветлена гісторыя развіцця беларускага фальклору, ахарактарызаваны асноўныя жанры і віды народнай паэзіі беларусаў. Даследаваны культурны стан плямён, якія склалі аснову беларускай народнасці, паказаны іх сямейныя і грамадскія ўзаемаадносіны, апісаны жыллё, ежа, заняткі, побыт, светапогляд, рэлігійныя вераванні, мова, міфалогія, выказаны думкі пра ўзнікненне народнай паэзіі і яе асаблівасці ў старажытнасці. Разгледжаны адзін з самых старажытных жанраў – замовы, іх паходжанне, функцыянальнасць, змест, сувязь з язычніцтвам і хрысціянствам, мастацкая форма. Апісаны абрадавыя песні ў іх цеснай сувязі з паказам асаблівасцей абрадаў і звычаяў – калядныя абрады і песні; масленіца; веснавыя абрады і песні; русальны або зялёны тыдзень, сёмуха, траецкія песні; Купала, купальскія і пятроўскія песні; абрады і песні пры палявых работах, асабліва жніўныя; абрады і песні пры нараджэнні чалавека; вясельныя абрады і песні; абрады пры пахаванні і пахавальныя галашэнні; неабрадавыя бытавыя песні, прыпеўкі; прыказкі і прымаўкі; загадкі; казкі. Асобна разгледжаны сляды гераічнага эпасу і духоўныя вершы. Паказана сувязь беларускага фальклору з фальклорам рускага і ўкраінскага народаў. Даследаваны пытанні беларускага народнага вершаскладання.

У другім выпуску разглядаюцца помнікі старажытнай беларускай літаратуры ХІV–ХVІІІ стст. У прынцыпе гэта першая спецыяльная манаграфія, дзе найбольш поўна паказана літаратурна-мастацкая спадчына беларускага народа. Вылучэнне твораў з неабсяжнага фонду пісьменнасці, што бытаваў на Беларусі ў эпоху феадалізму, і ўключэнне іх у гісторыю беларускай літаратуры Карскі праводзіў па строга моўных прыкметах. Творы, напісаныя беларусамі па-польску ці на латыні, як правіла, не разглядаліся ім. Я. Карскі раскрыў культурна-гістарычныя перадумовы зараджэння пісьменнасці на старабеларускай мове, якая з ХІV ст. упершыню пачала выступаць у якасці літаратурнай. Аналіз твораў вучоны зрабіў паводле ідэйна-тэматычнага і жанравага прынцыпаў. Разгледзеў перакладную літаратуру (кн. Бібліі, жыціі, апокрыфы, рэлігійныя і свецкія аповесці, хронікі). Я. Карскі ахарактарызаваў і высока ацаніў перакладчыцкую дзейнасць Ф. Скарыны, які «ніколькі не ўступаў тагачасным заходнееўрапейскім дзеячам ні сваім розумам, ні энергіяй, ні сваімі высокімі задумамі». Большая частка кнігі адведзена разгляду твораў арыгінальнай літаратуры: летапісаў і статутаў, помнікаў гісторыка-мемуарнай і царкоўна-рэлігійнай прозы, вершаў і інтэрмедый, а таксама палемічнай публіцыстыкі 2-й пал. ХVІ – 1-й пал. ХVІІ стст.

Трэці выпуск прысвечаны разгляду беларускай літаратуры ХІХ – пач. ХХ стст. Карскі правеў сістэматызацыю матэрыялаў і зрабіў важны крок па шляху да навуковага асэнсавання літаратуры ў яе гістарычным развіцці, зрабіў спробу перыядызацыі гісторыка-літаратурнага працэсу. У цэлым вучоны кіраваўся прынцыпамі культурна-гістарычнай школы, але бачыў і абмежаванасць гэтага метаду, што выявілася ў пільнай увазе да жанравай прыроды літаратурных твораў. Пасля агульнага агляду літаратуры ўзятага для аналізу перыяду ідзе разгляд “Энеіды навывырат”, шэрагу ананімных твораў. Затым аналізуецца творчасць г. зв. “старых беларускіх пісьменнікаў” у асобах А. Рыпінскага, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча і некат. інш. Асобны падраздзел прысвечаны разгляду “Тараса на Парнасе”. А. Ельскага, М. Косіч, А. Пшчолку, І. Арлоўскага Я. Карскі адносіць да пісьменнікаў “пераходнага часу”. “Навейшую беларускую літаратуру”, паводле Я. Карскага, складае творчасць такіх пісьменнікаў, як Ф. Багушэвіч, І. Неслухоўскі (Я. Лучына), Алаіза Пашкевіч (Цётка), І. Луцэвіч (Я. Купала), К. Міцкевіч (Я. Колас) і іншых вядомых нам класічных аўтараў гэтага часу. У “Матэрыялах для слоўніка астатніх беларускіх пісьменнікаў апошняга часу” падаюцца звесткі пра больш дробных пісьменнікаў: называюцца іх творы, указваецца месца апублікавання гэтых твораў, з вершаваных рэчаў часта прыводзяцца цытаты.

Хоць Я.Ф. Карскі і належаў да прадстаўнікоў г. зв. акадэмічнай навукі, ён разам з тым не цураўся і жывога, непасрэднага ўдзелу ў бягучым грамадска-культурным жыцці. Так, у час знаходжання на Беларусі ў эпоху рэвалюцыйных віхур ім у шэрагу перыядычных выданняў, і найперш у газеце «Беларусь», былі надрукаваны матэрыялы, якія ў сваёй сукупнасці ўзнавілі асобныя, найбольш яскравыя старонкі старажытнай, а часткова і новай беларускай літаратуры. Пяру Я. Карскага належаць даследчыя матэрыялы, дзе разгледжана грамадска-культурная і творча-мастацкая дзейнасць Я. Кміты-Чарнабыльскага, А. Рыпінскага, А. Вярыгі-Дарэўскага, В. Каратынскага, Л. Кандратовіча, Ф. Тапчэўскага, В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Ельскага, А. Пашкевіч. Як зазначае М.І. Мушынскі ў акадэмічнай “Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя”, названыя працы з пункту гледжання іх зместу і навуковай каштоўнасці надзвычай важныя. Па-першае, яны вельмі багатыя на фактуру. Многія звесткі прыводзяцца тут упершыню, яны ўзятыя з неапублікаваных крыніц, з рукапісаў. Адпаведна прынцыпам культурна-гістарычнай школы вялікая ўвага звярталася на біяграфічныя даныя, на ўмовы, у якіх жыў і працаваў пісьменнік, на абставіны, пры якіх з'явіўся той ці іншы твор. Карскі свядома ўстрымліваўся ад ацэнкі літаратурнага твора ці помніка старой пісьменнасці з ідэалагічнага пункту гледжання. Акцэнт ставіўся на яго культурна-асветным, выхаваўчым значэнні, на маральнай скіраванасці. Таму публікацыі вучонага доўгі час не страчвалі свайго значэння як надзейная крыніца фактаў, звестак для даследчыкаў розных навуковых кірункаў. Аўтарытэт падобным працам надавала і тое, што іх аўтар не пакідаў па-за ўвагай моўна-стылявыя асаблівасці твора. Пэўная апісальнасць публікацый Я. Карскага часта нейтралізавалася яго імкненнем вызначыць дамінанту творчасці кожнага творцы, што зафіксавана нават у загалоўку артыкулаў. Так, напрыклад, В. Дунін-Марцінкевіч ахарактарызаваны ім як «стары беларускі пісьменнік», А. Рыпінскі – як «стары беларускі этнограф і пісьменнік», Цётка аднесена да песняроў «эпохі адраджэння беларускай літаратуры». Не ўхіляўся вучоны і ад разгляду праблем, якія датычылі творчасці пісьменнікаў навейшага часу, што бачна з артыкула «Максім Багдановіч – беларускі паэт чыстага мастацтва», Тут Я. Карскі падтрымаў пункт гледжання даследчыкаў, якія характарызавалі аўтара «Вянка» як «песняра чыстай красы».

Увогуле сфера навуковых інтарэсаў Я. Карскага была даволі шырокай. Гэта пацвярджаецца публікацыямі «Беларускі народ і яго мова», «Творы беларускай літаратуры, маючыя камічна-гумарыстычны характар», «У справе гісторыі беларускай драмы». Тут даследчыка, як бачым, цікавяць пытанні сацыяльна-палітычнага і культурнага характару, праблемы жанру і стылю. I нават у тым выпадку, калі артыкулы былі звернуты да спецыфічна моўнай праблематыкі («Літоўцы, латышы і беларусы: узаемныя ўплывы на язык»), яны ўсё роўна адыгрывалі значную ролю ў развіцці гісторыка-літаратурных даследаванняў, фактам свайго з'яўлення актывізуючы цікавасць да аналагічных працэсаў у літаратурнай творчасці. Зрэшты, вучоны і сам звяртаў увагу на з'явы, агульныя для мовы і літаратуры («Жыдоўскі элемент у беларускай мове і літаратуры, асабліва старой»; «Што яшчэ трэба зрабіць у справе беларускай мовы і літаратуры»). У тагачасных умовах падобны сінкрэтызм быў не толькі прымальным, але і неабходным, бо дапамагаў выпрацоўцы поглядаў на літаратуру як мастацтва слова. Ды і праблемы развіцця, удасканальвання, узбагачэння літаратурнай мовы заставаліся актуальнымі, востра надзённымі. Ад вырашэння гэтых праблем шмат у чым залежаў і лёс нацыянальнай літаратуры як прыгожага пісьменства.

 

 

3. Літаратуразнаўчая дзейнасць М. Янчука.

 

Мікалай Андрэевіч Янчук нарадзіўся на Падляшшы, этнічным паграніччы культур беларускага, украінскага і польскага народаў, у сям'і сеяяніна-аднадворца, пазней — старасты мясцовай ўніяцкай царквы. Бацькі яго — Андрэй і Ксенія, якія адносілі сябе да «падлескіх русінаў» ці маларосаў, пасля адмены прыгоннага права набылі кавалак зямлі і сталі заможнымі гаспадарамі. Скончыўшы рускую школу ў Карніцы (1871), М. Янчук паступіў у Бельскую гімназію. Там зблізіўся з прагрэсіўнай сям'ёй чыноўніка Я. Гарднера, якая прытрымлівалася ліберальна-дэмакратычных поглядаў. Гарднеры, якія былі асабіста знаёмыя з вядомым рускім літаратарам Д. Пісаравым і яго родзічамі, дапамаглі М. Янчуку перанесці асабістую драму — заўчасную смерць бацькі. Вяртаючыся ў Маскву (1879), яны запрасілі здольнага юнака з сабой, дапамаглі яму ўладкавацца ў восьмы клас V гімназіі, якая лічылася ў Маскве адной з найлепшых. Пасля паспяховага заканчэння Маскоўскага ўніверсітэта (1885) М. Янчук паглыбляў свае веды па фальклору і этнаграфіі на кафедры прафесара М. Ціханравава. Затым працаваў настаўнікам, а з 1892 памочнікам бібліятэкара Румянцаўскага музея, хавальнікам Дашкаўскага этнаграфічнага музея ў Маскве. У 1889—1903 выконваў абавязкі сакратара аддзела этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ўніверсітэце. 3 1901 г. узначальваў музычна-этнаграфічную камісію этнаграфічнага аддзела гэтага таварыства.

У 1886 выйшла у свет першае грунтоўнае даследаванне М. Янчука «Маларускае вяселле ў Карніцкім прыходзе Канстанцінаўскага павета Сядлецкай губерні». Гэтай і наступнай навуковай працай («Па Мінскай губерні», 1889) малады даследчык заклаў падмурак беларускай музычнай фалькларыстыкі. Плёнам навуковай экспедыцыі, арганізаванай М. Янчуком у Беларусь на пачатку 1886 г., стаў шэраг цікавых матэрыялаў, прысвечаных побыту і культуры беларусаў (яны друкаваліся на працягу 1886—1987 г. на старонках «Минского листка»). Разам з вядомым даследчыкам М. Харузіным М. Янчук склаў шырокавядомую «Праграму па збору этнаграфічных звестаю» (1887), якая хутка распаўсюдзілася па тэрыторыі ўсёй Расіі, а праз некаторы час арганізаваў навуковы часопіс «Этнографнческое обозренне». Пры рэцэнзаванні ў часопісе ён аддаваў перавагу тым публікацыям, якія мелі дачыненне да Беларусі, яе матэрыяльнага і духоўнага жыцця. М. Янчук быў аўтарам ідэі навуковай сістэматызацыі і выдання па-беларуску мастацкіх помнікаў літаратуры і фальклору, аднак адсутнасць неабходных сродкаў не дазволіла яму ажыццявіць пастаўленую мэту.

У 1912 М. Янчук надрукаваў нарыс «Некалькі слоў пра найноўшую беларускую літаратуру», дзе зыходзіў з разумення літаратуры як мастацкага адбітка народнага жыцця, як формы выяўлення сацыяльнай і нацыянальнай самасвядомасці, паказаў сваё разуменне вытокаў новай беларускай літаратуры, разглядаў праблемы яе перыядызацыі. Як вельмі прагрэсіўную з'яву ў жыцці беларускага народа ацаніў культурна-асветніцкую дзейнасць газеты «Наша ніва», з рэдакцыяй якой падтрымліваў устойлівыя кантакты. 3 пачатку 1890 г. М. Янчук быў звязаны з беларускімі студэнтамі, якія вучыліся ў Маскве. Спрабаваў дабіцца ад маскоўскіх улад дазволу на пастаноўку п'есы Ядвігіна Ш. «Злодзей». У сваю чаргу Ядвігін Ш. падараваў М. Янчуку свой пераклад на беларускую мову апавядання У. Гаршына «Сігнал».

М. Янчук даследаваў творчасць А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, апакрыфічныя творы, перакладаў з чэшскай і польскай моў паэзію, прозу і драматургію на рускую мову.

М. Янчук пераклаў на рускую мову вядомы верш Я. Купалы «Нашай ніве» («Не загаснуць зоркі ў небе»), які на доўгі час стаў своеасаблівым беларускім гімнам, і напісаў да яго мелодыю (пералажэнне для хору Б. Падгарэцкага). У 1918 г. М. Янчук напісаў на палескай гаворцы верш «Янкові Купалі», прысвечаны беларускаму песняру, прымаў удзел у рэдагаванні і выданні першай кнігі Я. Купалы па-руску (1919). М. Янчук спрабаваў свае сілы і ў драматургіі, стварыў шэраг п'ес («На чужыне», «Піліп-музыка», «Не памогуць і чары, калі хто каму не да пары» і інш.), пабудаваных у асноўным на фальклорна-этнаграфічным матэрыяле. Яго музычная камедыя «Піліп-музыка» ў 1886 і 1903 гг. ставілася ў Мінску ўкраінскай трупай М. Старыцкага. А п'еса «Не памогуць чары...» выконвалася ў Маскве той жа трупай на бенефіс М. Занькавецкай (1891). Працаваў М. Янчук і над опернай інсцэніроўкай «Гайдамакаў» Т. Шаўчэнкі (1915). Напісаў ён таксама шмат вершаў на роднай карніцкай гаворцы, якія, за рэдкім выключэннем, засталіся ў рукапісах.

У 1920 г. выйшла кніга М. Янчука «Курс беларусазнаўства. Лекцыі, прачытаныя ў Беларускім народным універсітэце ў Маскве летам 1918 года», дзе быў змешчаны «Этнаграфічны нарыс».

У 1920 г. у Маскве выйшлі «Очерки белорусской литературы под редакцией Н. А. Янчука. Вып. 1. Новейшая литература».

М. Янчук з'яўляўся адным з актыўнейшых членаў Беларускага навукова-культурнага таварыства, якое летам 1918 г. узнікла ў Маскве і займалася вывучэннем і папулярызацыяй культурна-мастацкіх здабыткаў беларускага народа.

М. Янчук прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1921), быў зацверджаны ў ім прафесарам кафедры беларускай літаратуры і этнаграфіі, а чытаць студэнтам лекцыі ездзіў з Масквы. У адну з такіх паездак, вяртаючыся з Мінска, ён захварэў на тыфус, пераадолець жа хваробу ўжо не хапіла сіл. Пахавалі М. Янчука ў Маскве. Пасля смерці вучонага БДУ набыў яго ўласную бібліятэку — звыш двух тысяч тамоў мастацкай і навуковай літаратуры (цяпер яны захоўваюцца ў аддзеле рэдкай кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі).

У 1922 г., ужо пасля смерці М. Янчука, у Мінску ўбачыла свет яго кніга “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры: Старадаўні перыяд”, на якую, дарэчы, напісаў вельмі прыхільную рэцэнзію Я. Карскі.

 

 



Дата добавления: 2021-06-28; просмотров: 620;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.019 сек.