Літаратурная крытыка С. Палуяна.
Сяргей Палуян, наш зямляк (нарадзіўся ў Брагіне), унёс прыкметны ўклад у развіццё беларускай крытычнай думкі. Праўда, большасць Палуянавых матэрыялаў пабачыла старонкі друку ва ўкраінскай перыёдыцы. Затое публіцыстыка друкавалася галоўным чынам у «Нашай Ніве», дзе быў змешчаны таксама і грунтоўны артыкул «Беларуская літаратура ў 1909 гаду» пад псеўданімам С. Ясяновіч. Гэтым артыкулам С. Палуян пашыраў жанравыя рамкі беларускай крытыкі, замацоўваючы ў ёй форму гадавога агляду. На жаль, дзейнасць С. Палуяна як крытыка і публіцыста доўжылася ўсяго два гады (1909—1910), але і за гэты кароткі час ён паспеў нямала зрабіць у распрацоўцы метадалагічных асноў крытыкі і ў галіне рэцэнзавання.
Канкрэтная праява сувязі С. Палуяна з культурна-гістарычнай школай — у яго імкненні вытлумачваць літаратурныя з'явы сацыяльнымі фактарамі, грамадска-палітычнымі ўмовамі. Паміж узроўнем духоўнага стану нацыі і ўзроўнем культуры, літаратуры, лічыць С. Палуян, існуе глыбокая ўзаемасувязь, дыялекгычнае ўзаемадзеянне: «Адраджэнне любога народу пачынаецца з нараджэння ў яго сваёй уласнай літаратуры. Калі гэта так, то можна сказаць і наадварот: разам з нараджэннем нацыянальнай літаратуры адраджаецца і замёршы дух нейкага народу, бо літаратура з'яўляецца паказчыкам духоўнага жыцця яго» (Палуян С. Лісты ў будучыню: Проза. Публіцыстыка. Крытыка. Мн., 1986. С. 94.).
Выступіўшы рашучым прыхільнікам ідэі народнасці літаратуры, С. Палуян паказаў, з якой цяжкасцю гэтая якасць выпрацоўвалася ў беларускім пісьменстве. Згодна з ягонымі меркаваннямі, творы А. Рыпінскага, Я. Чачота, Я. Баршчэўскага «не застануцца ў гісторыі літаратуры», хоць кожны з прыгаданых літаратараў меў задаткі «стаць першым беларускім пісьменнікам». Перашкаджала ім гэта зрабіць адарванасць ад жыццёвых інтарэсаў беларускага народа, нешматлікасць «літаратурнай прадукцыі». Яны былі непаслядоўныя ў выяўленні ўласнай пазіцыі. Той жа «спольшчаны беларус» А. Рыпінскі хоць і «горача любіў свой край», але глядзеў на яго «толькі праз зафарбаваныя ўсепольскія акуляры». С. Палуян сцвярджае, што «першым літаратурным імем на безлітаратурнай Беларусі» стаў В. Дунін-Марцінкевіч.
Нельга не бачыць і пэўнага суб'ектывізму ў разважаннях С. Палуяна. Ён не заўсёды ўлічваў гістарычныя абставіны і іх уздзеянне на літаратурны працэс. Недаацэньваліся ім нацыянальна-культурныя дасягненні, якія мела старажытная беларуская літаратура. А вось роля псіхалагічных фактараў, валявыя намаганні асобы яўна перабольшаны. Аднак пры ўсіх выдатках метадалагічнага характару артыкулы С. Палуяна каштоўныя той бескампраміснасцю, з якой іх аўтар абгрунтоўваў неабходнасць глыбокай сувязі літаратуры з жыццём народа. Слоўнае мастацтва павінна быць прасякнута нацыяльнай ідэяй, патрыятычным духам, верай у творчыя магчымасці працоўных. Вось тады яно, гаворыць крытык, зможа стаць дзейсным фактарам актывізацыі духоўнага жыцця грамадства і нацыянальнага адраджэння.
Для высвятлення поглядаў С. Палуяна на прыроду мастацтва істотна яго заўвага наконт магчымай недаацэнкі ролі пісьменніка як творчай індывідуальнасці. Менавіта намаганнямі апошняга і ствараецца літаратура. Мастацкі твор нельга зводзіць да люстранога адбітку рэальных з'яў. Адсюль зразумелая тая ўвага, з якой аўтар агляду «Беларуская літаратура ў 1909 гаду» ставіўся да эстэтычнага ўзроўню, да мастацкай дасканаласці твора. Зразумелыя і патрабавальнасць, крытычныя закіды ў адрас Я. Купалы, якому С. Палуян адвёў «асаблівае месца» сярод тых пісьменнікаў, хто найбольш вызначыўся ў 1909 г. «Ад гэтага песняра, — зазначае крытык, — Беларусь можа чакаць многа, калі ён толькі будзе з увагай глядзець за сваім паэтычным развіццём. Талент яго ўжо паказаў нам сябе, ды, на жаль, багата ёсць у яго вершаў неабдуманых, неабробленых. Спатыкаюцца часта і перапевы колькі разоў аднаго і таго ж, бадай тымі самымі словамі. Усё ж такі ў палавіне таго года можна прыкмеціць паварот у яго паэзіі. Новыя творы яго акуратна абдуманыя, тэм розных многа, форма лёгкая, усюды артыстычна апрацаваная. Калі і бачым дзе-якія няхваты, дык відаць і ўнутраная сур'ёзная работа, праўдзівае разуменне задач літаратуры. Яшчэ нямнога было гэтых новых вершаў, але ўжо можна сказаць, што перад Купалам вялікая будучыня, калі толькі ён не сойдзе з выбранага гасцінца». Нельга не пагадзіцца, што аўтар агляду прадэманстраваў высокі ўзровень крытычнага мыслення, здольнасць схопліваць найбольш характэрныя асаблівасці творчай манеры паэта, прагназаваць кірунак развіцця яго таленту. Падобнага зместу матэрыялы былі важкім укладам у беларускую крытычную думку.
У заслугу Палуяну-крытыку трэба паставіць праяўленую ім ініцыятыву публічнага абмеркавання праблем, звязаных з літаратурнымі ўзаемасувязямі і з перакладной літаратурай. У рэцэнзіі на серыю кніжак, выпушчаных украінскім народным выдавецтвам «Час» С. Палуян запярэчыў супраць заўчаснай папулярызацыі ў сялянскім асяроддзі сусветнай класікі (Мапасан, Дадэ, Лермантаў), бо працоўны хлебароб яшчэ не меў тады твораў уласнай літаратуры, «якая больш адпавядае складу яго душы ўжо дзякуючы аднаму таму, што яна ўкраінская». Са сказанага, аднак, не вынікае, нібыта С. Палуян недаацэньваў ролю і грамадскае, эстэтычнае значэнне вопыту іншых літаратур. Наадварот, ім глыбока ўсведамлялася небяспека адасобленасці, ізаляванасці культур. Так, у «Лістах з Украіны» С. Палуян вітаў стварэнне асобнага «беларускага аддзела» ва ўкраінскім штомесячным часопісе «Украïнська хата», бо публікацыя ў ім матэрыялаў пра «цяперашняе беларускае жыццё» павінна «прынесці вялікую карысць абодвум братнім народам». Са здавальненнем прыгадвае крытык выказванні ўкраінскіх чытачоў наконт «свежасці і моцы беларускай паэзіі».
Далей даецца пералік (з невялікімі анатацыямі) асноўных літаратурна-крытычных і публіцыстычных (з закрананнем эстэтычных пытанняў) прац С. Палуяна:
– Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках (1. Народная славеснасць і першыя спробы штучнай паэзіі) (1910). Гэта, паводле В. Рагойшы і Т. Кабржыцкай, пачатак вялікай працы па гісторыі беларускай літаратуры, якую, на жаль, С. Палуян, не скончыў). Надрукавана на Украіне. Пасля своеасаблівага тэарэтызаванага ўступу аналізуецца літаратура ХІХ ст.
– Беларуская літаратура ў 1909 гаду (1910). Надрукавана ў “Нашай ніве” пад псеўданімам С. Ясяновіч. Гэта першы аглядавы артыкул у беларускім літаратуразнаўстве. У ім С. Палуян ацэньвае ўклад у роднае пісьменства не толькі, паводле яго вызначэння, “старых” пісьменнікаў (Я. Купала, Я. Колас, Цётка, К. Каганец, Ядвігін Ш., А. Паўловіч), але і маладых, якія на той час толькі заявілі пра сябе (М. Багдановіч, Ц. Гартны, К. Буйло і інш.).
– “Тарас на Парнасе”. Ш. Ядвігін. “Дзед Завала” (1910) – невялічкі аналіз двух кніжачак, якія выпусціла Віленскае выдавецтва “Наша хата”.
– Якуб Колас. “Другое чытанне для дзяцей беларусаў” (1910) – невялічкі аналіз кніжкі-хрэстаматыі, якая выйшла ў Пецярбургу.
– Выдавецтва “Час” (1910) – аналіз серыі кніжак, выпушчаных гэтым выдавецтвам. Закранаюцца пытанні перакладу, мастацка-эстэтэтычных вартасцей твораў.
– Г. Вашчанка. Сляпы. (1910). Аналізуецца выдадзеная ў Пецярбургу п’еса ўкраінскага пісьменніка. Фігуруюць пытанні залішняй аўтарскай тэндэнцыйнасці, псіхалагізму творчасці, спецыфічнай формы (вялікія рэмаркі, з-за якіх твор можа здавацца апавяданнем).
– Аб беларускім нацыянальным адраджэнні (1909). Закранаюцца пытанні велізарнай ролі пісьменнікаў у абуджэнні нацыянальнай свядомасці беларусаў.
5. Літаратурна-крытычная і навуковая (літаратуразнаўчая) дзейнасць М. Багдановіча.
Асабліва вялікі ўклад у беларускую крытыку і літаратуразнаўчую думку ўнёс М. Багдановіч. Ён па праву лічыцца адным з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага літаратуразнаўства. У аснову прац М. Багдановіча пакладзены тэарэтыка-метадалагічныя прынцыпы культурна-гістарычнай школы, якая займала вядучае становішча ў рускай акадэмічнай навуцы канца XIX — пачатку XX стст. Яе галоўныя пастулаты — вывучэнне літаратуры ў сувязі з грамадска-палітычнымі ўмовамі жыцця і духоўным развіццём, даследаванне нацыянальнай асаблівасці кожнай літаратуры, сталая ўвага не толькі да вяршынных мастацкіх з'яў, але і да твораў менш значных, увогуле да ўсяго масіву моўнай творчасці, у тым ліку і да старажытнай пісьменнасці, фальклору, этнаграфіі, дакументалістыкі, мемуарных жанраў як надзейнай крыніцы вывучэння побыту, нораваў, звычаяў, псіхалогіі, маральнага стану народа. Прадстаўнікі школы ўнеслі метадалогію ў літаратуразнаўства і тым самым садзейнічалі яго фарміраванню як навуковай дысцыпліны. На першы план імі ставіліся пошукі заканамернасцей літаратурнага развіцця, выпрацоўка сістэмнага ўяўлення пра літаратуру.
Асноўныя гісторыка-літаратурныя працы М. Багдановіча – гэта «Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да XVI сталецця» (1911) і фрагмент «Нарыса гісторыі беларускай пісьменнасці» пад назваю «За сто лет» (1911). У першай М. Багдановіч паспрабваў даць карціну развіцця беларускага прыгожага пісьменства ад часоў Кіеўскай Русі і да пачатку дзейнасці Ф. Скарыны. М. Багдановічу ўдалося стварыць даволі поўны і выразны малюнак беларускай старажытнай літаратуры — устанавіць пэўныя перыяды яе развіцця (XIII—XIV стст. і XV ст.), ахарактарызаваўшы кожны перыяд у найбольш тыповых рысах і асаблівасцях, вытлумачыць прычыны пераходу літаратуры на іншы ўзровень. У другой працы (толькі распачатай) М. Багдановіч засяроджвае ўвагу на варунках і асаблівасцях развіцця беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя.
Да названых, так бы мовіць, асноўных гісторыка-літаратурных прац М. Багдановіча прымыкаюць два арыгінальныя і сапраўды навуковыя (па свайму зместу і даследчыцкіх падыходах) артыкулы “Краса і сіла” і “Памяти Т.Г. Шевченко”, у якіх беларускі паэт ці не ўпершыню ў еўрапейскім і сусветным літаратуразнаўстве вельмі глыбока прааналізаваў паэзію ўкраінскага кабзара, вызначыў яе адметнасці, спецыфіку, мастацкія вартасці твораў.
Ёсць у М. Багдановіча і іншыя гісторыка-літаратурныя працы, прысвечаныя разгляду творчасці (у асноўным кароткаму, бегламу, але пры гэтым вельмі трапнаму) рускіх, украінскіх і замежных пісьменнікаў (К. Рылееў, А. Чэхаў, В. Брусаў, І. Франко, В. Самійленко, Р. Тагор і інш.).
З літаратурна-крытычных прац вылучаюцца дзве: “Глыбы і слаі” (1911) і “За тры гады” (1913). У першай асэнсоўваецца развіццё беларускай літаратуры, яе здабыткі ў 1910 годзе. У другой адпаведна аналізуецца рух беларускага прыгожага пісьменства ў перыяд з 1910 па 1912 гг.
М. Багдановіча можна лічыць і тэарэтыкам літаратуры. На гэта ўказвае яго тэарэтычны нарыс “Санет”, дзе вядзецца расповед аб спецыфіцы санета як цвёрдай вершаванай формы.
6. Літаратурна-крытычная і навуковая дзейнасць В. Ластоўскага.
Да асноўных літаратурна-крытычных і навуковых прац В. Ластоўскага адносяцца:
– “Памяці Сяргея Палуяна” (1910): аб значэнні дзейнасці гэтага нашага слыннага земляка з Брагіна.
– “Эліза Ажэшка” (1910): аб творчасці гэтай пісьменніцы, яе ўплыве на ўласна беларускіх аўтараў.
– “Пятрок з Крошына” (1911): расповед аб бунце ў Крошыне і аб тым, як (якім чынам) забралі сшыткі з беларускімі вершамі ў Паўлюка Багрыма, а затым аддалі юнака ў салдаты. Заўважым, Паўлюк імянуецца ў В.Ластоўскага Петраком.
– “Людвік Кандратовіч” (1912): падаецца сціслая біяграфія паэта, затым указваецца на беларускі характар, дух яго польскамоўнай творчасці, а ў канцы прыводзяцца звесткі аб наяўнасці ў гэтага аўтара досыць значнай колькасці беларускамоўных вершаў.
– “Леся Украінка” (1913): аб творчасці гэтай украінскай пісьменніцы.
– “Сплачвайце доўг” (1913): артыкул распачаў вядомую дыскусію ў “Нашай ніве”.
– “Памажыце!” (1913): заклік да чытачоў “Нашай нівы” прысылаць звесткі аб беларускіх пісьменніках, а таксама іх творы.
– “Па сваім шляху” (1914): тут, можна гаварыць, выпрацавана праграма развіцця беларускай літаратуры, якая не павінна перапяваць (на новы лад) створанае суседзямі, а ісці па сваім шляху: “Наша літаратура дагэтуль прадстаўляе ў мініяцюры свойскай масці адбіццё ідэалогіі гэтых вялікіх (расійскай і польскай – В.Я.) літаратур, і гэта брыдкі яе грэх. Мы павінны адкінуць благі ўплыў бульварнай і неўрастэнічнай суседскай літаратуры. Мы, народ малады і здаровы, павінны тварыць сваю асобную, дужую маладой сілай літаратуру будучыні”.
– “Васількі” (1914): гэта рэцэнзія на кнігу Ядвігіна Ш. Спачатку падаецца сціслая творчая біяграфія пісьменніка (ад 1890-х гг. – часу перакладу “Сігнала”), затым крытык спрабуе акрэсліць асаблівасці творчай індывідуальнасці Ядвігіна Ш., вызначыць самае асноўнае ў ёй. У канцы рэцэнзіі Ластоўскі зазначае, Ядвігін Ш.-празаік павінен расці і даць беларускай літаратуры новыя мастацкія рэчы, прычым не толькі малой празаічнай формы.
– “М. Гарэцкі. Рунь” (1914): “Ён малюе трагедыю і боль душы Маладой Беларусі не паверхнасна, а заглядае ўглыб, пад карэнне”, “Рунь” М. Гарэцкага – гэта вялікі ўклад у беларускую літаратуру, як па глыбіні і багаццю думак, так і красе мовы, каторую аўтар умее гэтак прыкрасіць магілёўскімі правінцыялізмамі і падборам слоў для выражэння сваёй думкі”..
– “Тарас Гушча. Родныя з’явы” (1914). Звяртаецца ўвага на тое, што ў творах Гушчы (Я. Коласа), па-першае, шмат жыццёвай і псіхалагічнай праўды, па-другое, адбіты практычна ўвесь спектр беларускага сялянскага жыцця. Завяршаецца рэцэнзія на аптымістычнай ноце: “А Тарас Гушча не сказаў яшчэ свайго апошняга слова: яго талент з кожным годам набірае большага напружання і большай развітасці ў вясёлкавых пералівах гумару і зіхацення чыстых слёз, каторымі перасыпае гумар. Трэба спадзявацца, што імя Т. Гушчы з часам будзе вядома далёка па-за межамі нашымі, бо ў творчасці Гушчы апрача фактычнай смешнай стараны скрыта глыбіня думкі, падобна як гэта бачым ва ўкраінскага пісьменніка Стэфаніка, да каторага месцамі аўтар набліжаецца, –- ды ў расейскага пісьменніка Чэхава. Але Т. Г. не патурае ім, а творыць сваё, творыць новую цэннасць, выснаванаму з характару душы беларускай”.
– “Да шукання крыніц народнай творчасці” (1923). Гэта фалькларыстычны артыкул. На аснове прыкладаў са сваёй малой радзімы Ластоўскі аналізуе шэраг фальклорных, абрадаў і жанраў і інш.
– “Крыўскі варыянт быліны аб Іллі Мурамцы” (1924). Гэта таксама фалькларыстычны артыкул.
– “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” (1926). У гэтай вялікай і грунтоўнай працы (яна, дарэчы, перавыдадзена нядаўна факсімільна) зроблены агляд звыш 1000 беларускіх рукапісных кніг, грамат, старадрукаў, пачынаючы з Х ст. і заканчваючы ХІХ ст.
М. Мушынскі аб В. Ластоўскім:
– “Аб узроўні літаратурнай крытыкі, ступені яе ўздзеяння на літаратурны працэс, на маральна-творчую атмасферу ў пісьменніцкім асяроддзі можна гаварыць у тым выпадку, калі ў крытыцы сфарміраваліся пэўныя творчыя індывідуальнасці. Адной з такіх індывідуальнасцей побач з А. Луцкевічам быў В. Ластоўскі, да бясспрэчных здабыткаў якога трэба залічыць яго артыкулы «Памяці Сяргея Палуяна», «Эліза Ажэшка» (1910), «Людвіг Кандратовіч» (1912), «Леся Украінка» (1913), рэцэнзіі на зборнікі «Васількі» Ядвігіна Ш., «Рунь» М. Гарэцкага, «Родныя з'явы» Т. Гушчы (1914).
Унутраная логіка развіцця беларускай крытычнай думкі — і гэта своечасова адчуў В. Ластоўскі — вяла да непазбежнага з'яўлення так званай прагнастычнай крытыкі, здольнай зазірнуць у заўтрашні дзень нацыянальнай літаратуры. Гэта сімптаматычны, вельмі паказальны факт, бо прадбачанне будучыні патрабуе глыбокага аналізу шматстайных грамадска-палітычных і ўласна літаратурных з'яў у іх узаемасувязі і ўзаемадзеянні, а прадказанне тады эфектыўнае, калі пабудавана на тонкім адчуванні спецыфікі мастацтва. Выказацца наконт кірунку развіцця беларускай літаратуры на вопыце пошукаў Коласа-празаіка і паспрабаваў В. Ластоўскі ў сваім водгуку на зборнік «Родныя з'явы». Рэцэнзент уключыў творы беларускага пісьменніка ў шырокі агульналітаратурны кантэкст, прыгадаўшы вядомыя імёны В. Стэфаніка, А. Чэхава <...> Крытык зусім слушна вытлумачвае генезіс наватарства Коласа — творцы новых эстэтычных каштоўнасцей — глыбінёй спасціжэння ім духоўных асноў народнага жыцця, глыбінёй пранікнення ў нацыянальны характар, у псіхалогію беларуса. Болей таго! Паводле меркаванняў В. Ластоўскага, жыццесцвярджальны характар творчасці Я. Коласа, уласцівы яму гістарычны аптымізм якраз і даюць падставы спадзявацца на шчаслівы лёс Беларусі: «А колькі сонца, жыцця! Сапраўды багата душа беларускага народа, калі можна выдаць з сябе такія таленты... Вялікая будучыня народа, каторы ў досвітках свайго адраджэння кідае такія перлы».
Прагностыка аўтара водгуку не была аддягненай, яна грунтавалася на канкрэтным аналізе вобразнай сістэмы апавяданняў. Ідэйна-змястоўную і стылявую адметнасць Коласа-празаіка В. Ластоўскі бачыў у згарманізаванасці малюнка, створанага пісьменнікам, у майстэрстве, з якім вытлумачваюцца паводзіны чалавека, ягоныя ўчынкі, душэўныя перажыванні, абумоўленыя сацыяльна-бытавымі абставінамі: «А колькі праўдзівай праўды псіхалаіічнай у творах Т. Гушчы і як ён умее схапіць яе»”.
– “Як адно з наглядных пацвярджэнняў інтэнсіўнасці пошуку ў галіне беларускай крытыкі можна расцэньваць з'яўленне жанравай формы палемічнага артыкула. Неабходнасць і эфектыўнасць такой формы наглядна выявіла дыскусія 1913 г. на старонках «Нашай Нівы», прысвечаная абмеркаванню шляхоў развіцця нацыянальнага слоўнага мастацтва. Кола спрэчных пытанняў было сфармулявана ў выступленні «Сплачывайце доўг» Юрыя Верашчакі (В. Ластоўскага) і «Чаму плача песня наша? (Адказ Юрку Верашчаку)». «Адказ...» падпісаны псеўданімам «адзін з парнаснікаў». Лічыцца, што гэта — псеўданім Янкі Купалы. Але такое меркаванне не бясспрэчнае. Мала таго! Не выключана магчымасць, што і «Адказ...» належыць пяру Ю. Верашчакі або напісаны па заданні апошняга, каб у завостранай форме ўзбуйніць балявыя кропкі развіцця нацыянальнай літаратуры, прыцягнуць да іх асаблівую ўвагу ўдзельнікаў дыскусіі. А дыскутаваць было пра што.
Ю. Верашчака гняўліва дакараў беларускіх пісьменнікаў за тое, што іхнія творы прасякнугы матывамі смутку, тугі, жалю, расчаравання, бясконцымі нараканнямі на гаротны лёс, нешчаслівую долю. У той жа час, кажа ён, хараства і прыгажосці роднага краю, светлых момантаў жыцця селяніна песняры не бачаць і не спяшаюцца абудзіць актыўны пачатак у характары беларуса, каб дапамагчы яму ў пошуках шляхоў да светлай будучыні. «Апроч драздоў, ануч, гною і пракляцця ў маёй душы ёсць шмат красы, перад маімі вачмі скрозь краса, жыццё, сонца, песні і бязмернае багацце відоў. Я хачу мець усё гэта ператворанае ў спектры калектыўнай нашай душы — у словах нашых паэтаў-прарокаў» (Наша Ніва. 1913. № 26-27. 5 ліп.) Крытык лічыў, што пры аднабаковым поглядзе на рэчаіснасць істотна звужаецца функцыя літаратуры, яе грамадска-пераўтваральная роля, недаацэньваюцца і творча-патэнцыяльныя магчымасці народа.
У «Адказе Юрку Верашчаку» «сумна-плачлівая» танальнасць беларускай песні вытлумачваецца гістарычнымі варункамі, грамадска-палітычнымі абставінамі — несправядлівым сацыяльным ладам, нацыянальным прыгнётам, нешматлікасцю свядомай інтэлігенцыі, якая працяглы час вымушана была духоўна абслугоўваць іншыя народы, адракаючыся ад свайго, узбагачаць «чужыя культуры». «Адзін з парнаснікаў» часткова пагадзіўся з суровымі закідамі апанента, але адначасова выказаў упэўненасць у тым, што беларускі народ прачнецца да новага жыцця, а яго паэты «будуць пяяць аб вялікім багацці і красе сваёй бацькаўшчыны» (Там жа. № 30. 26 ліп.)
Удзельнікі дыскусіі, як бачым, істотна разышліся ў поглядах: ці мастацтва заклікана адлюстроўваць галоўным чынам негатыўныя з'явы рэчаіснасці (сацыяльныя канфлікты, гаротную долю селяніна і г. д.), ці яго мэты, функцыі болей шырокія, разнастайныя — адбіваць увесь спектр жыцця, у тым ліку і ідэальны пачатак, духоўную субстанцыю? Фактычна гаворка тут ішла пра філасофскую канцэпцыю мастацтва, яго сутнасць, прызначэнне, пра канцэпцыю нацыянальна-самабытнай літаратуры. Зварот да падобнай праблемы быў яшчэ адным пацвярджэннем плённасці шляхоў, якімі рухалася беларуская крытычная, навуковая думка.
Нельга не заўважыць, што пазіцыя кожнага з удзельнікаў дыскусіі мела і моцныя, і слабыя бакі. У сваіх сцвярджэннях Ю. Верашчака быў шмат у чым несправядлівы, неаб'ектыўны, бо на той час беларускае слоўнае мастацтва з дастатковай выразнасцю выявіла высокі эстэтычны ўзровень і жанравую разнастайнасць (зборнік Я. Купалы «Гусляр», яго паэмы «Курган», «Бандароўна», «Сон на кургане», камедыя «Паўлінка»; сацыяльна-псіхалагічныя апавяданні Я. Коласа, пачатковыя раздзелы «Новай зямлі»; выдатныя ўзоры пейзажнай, інтымнай, філасофскай лірыкі М. Багдановіча, Я. Купалы і Я. Коласа, А. Гаруна, 3. Бядулі, К. Буйло і інш.). I таму не зусім зразумела, зыходзячы з якіх меркаванняў апанент Ю. Верашчакі так лёгка пагадзіўся з папрокамі наконт празмернага песімізму і аднастайнасці беларускай паэзіі, прыняў іх за справядлівыя. На поўным сур'ёзе аспрэчваць падобныя закіды можна было пяць-сем гадоў таму, але не ў 1913 годзе!
Што датычыць В. Ластоўскага, дык пэўная тэндэнцыйнасць, прадузятасць некаторых яго ацэнак тлумачыцца хутчэй за ўсё імкненнем узбуйніць маштаб дыскусіі з мэтаю паглядзець на беларускае слоўнае мастацтва ў далёкай перепектыве. I каб засцерагчы літаратуру ад небяспечнай вузкасці, палітычнай заангажаванасці, ён і пайшоў на свядомае перабольшванне хібоў сучаснай яму паэзіі, на завастрэнне думкі. Логіка палемічнай барацьбы такое дазваляла. Тым болей, што ў стратэгічным плане, у канцэптуальнай трактоўцы сутнасці мастацтва Ластоўскі-тэарэтык меў рацыю. Невыпадкова ж яго погляды на паэзію як з'яву духоўнага парадку актыўна падтрымалі «пясняр чыстае красы» М. Багдановіч, аўтар артыкула «Не хлебам адзіным» 3. Бядуля, М. Гарэцкі ў артыкулах «Наш тэатр», «Развагі і думкі».
У святле прыведзеных фактаў дапушчэнне, паводле якога аўтарам «Адказу Юрку Верашчаку» з'ўляецца сам В. Ластоўскі або яго ідэйны аднадумца з рэдакцыі «Нашай Нівы», не выглядае як штосьці нелагічнае, надуманае. Верагоднасць дапушчэння вялікая. Бо падобнага роду захады мелі месца ў гісторыі літаратуры, свядомыя падробкі, містыфікацыі цалкам апраўданы. Яны не скіраваны на прыніжэнне асобы магчымых апанентаў. Мэтаю іх была калектыўная выпрацоўка доўгатэрміновай праграмы развіцця нацыянальнай культуры. Нашаніўскія дзеячы верылі ў стваральную сілу навукова-крытычнай думкі.
I сам В. Ластоўскі ў далейшым актыўна абараняў тэзіс пра неабходнасць «сплачвання доўгу» беларускімі пісьменнікамі, ідэю запазычанасці літаратуры перад Бацькаўшчынай, перад неапетай яе красой і прыгажосцю. Гэта бачна з нашаніўскіх артыкулаў крытыка «Ці ёсць расійская і польская культура», «Ці-ткі мы сапраўды цямней ад усіх?», «Перш за ўсё самі», «Голас сумленнасці», «Па сваім шляху». Тут В. Ластоўскі паглыбляе ўласную канцэпцыю, адначасова прызнаючы і пэўны суб'ектывізм, палемічную завостранасць ранейшых меркаванняў. Так, у артыкуле «Ці-ткі мы сапраўды цямней ад ўсіх?» аўтар уступае ў палеміку з тымі, хто ўзяў сабе за моду «бесперастанку жаліцца на нашу цемнату». Крытык лічыць, што гэтыя жальбы небяспечныя, бо ў іх гатовы паверыць «беларусы-селяне», а паверыўшы, могуць страціць жаданне змагацца за лепшую долю. «...Інтэлігенцыі нашай няма што тыкаць селяніна цемнатой, калі яна сама не надта што святлейшая» (Наша Ніва. 1913. № 22. 31 мая.). А ў артыкуле «Па сваім шляху» В. Ластоўскі ўжо гаворыць пра вялікія поспехі і дасягненні айчыннай літаратуры, чаго раней не заўважаў: «I мы, беларусы, уняслі ўжо нашу цэннасць у агульналюдскую скарбніцу, і мы ўжо не бясплоднае дрэва, каторае павінна быць высечана і спалена: мы ўжо далі плады» (Там жа. 1914. № 9. 27 лют.).
Паказальна і тое, што за дапамогай крытык звярнуўся да М. Багдановіча, прыгадаўшы канцэптуальнае выказванне апошняга ў артыкуле «За тры гады» (1913): «Не трэба цяпер, канечна, ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця, душу радуючай красы. Не трэба, бо і ў саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас звярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, не знойдзецца ў іх» (Калядная пісанка, 1913.). Аднак В. Ластоўскі ўстрымаўся ад таго, каб працытаваць важкую ў тэарэтыка-метадалагічным плане выснову М. Багдановіча наконт узроўню тагачаснай беларускай пісьменнасці: «I ясным робіцца праз гэта, што не толькі нашаму народу, але і ўсясветнай культуры нясе яна свой дар». Адсутнасць гэтага выказвання невыпадковая: прызнаючы за навейшай беларускай паэзіяй і прозай значныя дасягненні («у апошнія гады нашы пісьменнікі ўнеслі не мала цэннага...»), В. Ластоўскі лічыў, што «ўсё ж такі пакуль наша літаратура не мае ўсясветнага значэння» (Наша Ніва. 1914. № 9. 27 лют.).
Як бачым, распрацоўваючы канцэпцыю нацыянальна-самабытнай літаратуры, В. Ластоўскі ставіў перад беларускімі пісьменнікамі глабальную задачу — шляхам актыўнай творчай працы, смелымі наватарскімі пошукамі далучаць нацыянальную пісьменнасць да «ўсясветнай культуры». Каб дасягнуць такога ўзроўню, недастаткова «хвалюючых дум», «далікатных ды чулых перажыванняў», «цікавых літаратурных форм», патрэбны новыя мастацкія ідэі, такія, каб чытачы іншых літаратур знайшлі ў беларускіх творах адказы на свае ўласныя жыццёвыя і аксіялагічныя пытанні. «На нашых «навінах» павінна быць багатая ўрода, мы павінны знайсці ў сабе і даць свету новыя думы, сказаць новае слова» (Там жа.)”.
Дата добавления: 2021-06-28; просмотров: 601;