Атрад Совападобныя (Strigiformes)
Атрад Совападобныя прадстаўлены на Беларусі 2 сем’ямі, якія ўключаюць 13 відаў. Усе яны, за выключэннем звычайнай няясыці і вушастай савы, маюць той або іншы статус аховы (аднесены да пэўнай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь).
Совы – пераважна начныя драпежныя птушкі. Дзюба кароткая кручкаватая, у аснове пакрыта васкавіцай. Ногі ў большасці відаў апераны да канца пальцаў. Лапы зваротнапалыя (чацвёрты палец можа паварочвацца назад). Кіпцюры крывыя, вельмі вострыя. Вочы вялікія, бінакулярныя. Дыск твара з асаблівых, канцэнтрычна размешчаных вакол вока мяккіх пёраў. Апярэнне пушыстае, мяккае. Крылы шырокія закругленыя. Палёт бясшумны. Вонкавыя вушныя адтуліны незвычайна вялікія. Звонку яны пакрытыя жорсткімі, здольнымі адтапырвацца пёрамі, якія выконваюць ролю ракавіны. Слых у соў вельмі тонкі.
Харчуюцца совы выключна жывёльнай стравай. Знішчаючы вялікую колькасць мышападобных грызуноў, совы прыносяць карысць лесу. Гнёзды без подсцілу, робяць іх совы ў дуплах, на гарышчы, на зямлі. У кладцы 1–14 вялікіх шарападобных яек. Наседжванне пачынаецца пасля адкладу першага яйка. Птушаняты гнездавога тыпу.
Сям’я Савіныя (Strigidae) уключае 12 відаў.
Соўка-сплюшка (Otus scops) – вельмі рэдкі пералётны від, які гняздуецца. Пашыраны па ўсходняй і паўднёва-усходняй частках Беларусі. Насяляе высакаўзроставыя змешаныя і лісцевыя лясы, пераважна дубровы і алешнікі. Агульная колькасць каля 10–50 пар. Від аднесены да чацвёртай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Маленькая, крыху большая за шпака, соўка. Вушныя пучкі пер’я невялікія, у прыжатым стане ледзь бачныя. Пальцы голыя. Апярэнне шчыльнае, бледна-шэрага колеру. Спіна буравата-шэрая з рыжаватасцю. На патыліцы, плечавых пёрах і сярэдніх накрыўных крыла белаватыя пярэсціны. Рулявыя пёры шэрыя, папярочна штрыхамі. Жывот афарбаваны святлей за спіну. Радужына у маладых жоўтая, у старых – аранжавая. Дзюба і кіпцюры рагавога колеру ў асновы, на вяршыні цямнейшыя.
Пугач (Bubo bubo) – рэдкі аседлы від. Пашыраны па ўсёй Беларусі, але на поўдні яго больш. Насяляе поплаўныя і забалочаныя лісцевыя лясы, пераважна вольсы. Агульная колькасць 250–400 пар. Пугач аднесены да першай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Самая буйная сава, каля 3 кг вагой. Размах крылаў 1,5 м. Агульная афарбоўка апярэння стракатая. На галаве выдаюцца накіраваныя ў бакі вушныя пучкі пер’я. Верх цела цёмны. Ніз светла-жоўты з буйнымі чорнымі падоўжанымі плямамі. Радужына чырванавата-аранжавая.
Вераб’іны сычык (Glaucidium passerinum) – рэдкі аседлы від. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе змешаныя, пераважна з удзелам елкі лясы. Колькасць 1200–2000 пар. Від аднесены да чацвёртай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Самая маленькая соўка. Верх буравата-шэры з белымі стракацінамі, жывот белаваты ў падоўжаных бурых плямах. Галава зверху насычана дробнымі белымі плямамі. На спіне, плечавых і накрыўных крыла белыя плямы больш буйныя. Рулявыя з трыма белымі папярочнымі палоскамі і белымі вяршынямі. Лапы маюць апярэнне да кіпцюроў. Радужына жоўтая. Дзюба воскава-рагавога колеру. Кіпцюры цёмна-бурыя.
Касматаногі сыч (Aegolius funereus) – нешматлікі аседлы від. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе старыя, пераважна сасновыя і змешаныя лясы, часта лясныя астравы сярод балот. Агульная колькасць 2500–5000 пар. Від аднесены да трэцяй катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Памерамі нагадвае галку з вялікай галавой. Вушных пучкоў няма. Верх галавы, патыліца і шыя ззаду ў дробных кроплепадобных белых плямках. Пярэдняя частка спіны бурая. Махавыя пёры бурыя з белымі папярочнымі плямамі. Дыск твару рэзка акрэслены. Цэўка белая, густа апераная. Радужына ярка-жоўтая, дзюба воскава-жоўтая, кіпцюры чорныя.
Сыч сінель (Athene noctua) – рэдкі аседлы від. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе ўрбанізаваны ландшафт, адкрытыя тэрыторыі па ўскрайках населенных пунктаў і сельскагаспадарчых комплексаў. Колькасць 400–1000 пар. Від аднесены да чацвёртай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Некалькі драбнейшы за касматаногага сыча, ад якога адрозніваецца няпоўным тварным дыскам, больш плоскай галавой і менш аперанымі пальцамі. Вушных пучкоў няма. Спіна буравата-шэрая з белаватымі пярэсцінамі. Верх галавы і патыліца ў дробных бялёсых пярэсцінах, якія зліваюцца ў падоўжаныя палоскі. Горла, валлё і жывот белыя з бурымі падоўжанымі палоскамі. Радужына ярка-жоўтая. Дзюба воскава-жоўтая. Кіпцюры чорныя.
Звычайная кугакаўка (Strix aluco) – аседлы від. Пашырана па ўсёй Беларусі. Насяляе старыя, пераважна лісцевыя і змешаныя лясы. Агульная колькасць 8500–12 000 пар.
Буйная лясная сава цёмна-шэрай (або рыжай) афарбоўкі з буйной галавой без вушных пучкоў. Вочы чорныя. Крылы кароткія, шырокія. Верх галавы і спіна шэрыя з белымі бурымі плямамі. На плечавых пёрах і накрыўных крыла белыя плямы асабліва буйныя. Жывот белы з шырокімі бурымі мазкамі і папярочным рысункам. Дзюба жоўта-рагавога колеру, кіпцюры чорна-бурыя. Цэўка і пальцы апераныя.
Доўгахвостая кугакаўка (Strix uralensis) – рэдкі аседлы від. Пашырана значна ў паўночнай і абмежавана, пераважна лакальна, у цэнтральнай частцы тэрыторыі. Насяляе вялізныя прасторы забалочаных лясоў. Агульная колькасць 1200–1800 пар. Аднесена да трэцяй катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Падобная на звычайную кугакаўка, але буйнейшая за яе і больш светла аперана. Ніз з падоўжанымі плямамі. Патыліца і шыя ззаду светла-шэрыя. Спіна і плечавыя пёры бурыя з вохрыстымі аблямоўкамі. Валлё і жывот смятанкавага колеру з шырокімі бурымі стрыжневымі плямамі. Лапы апераныя да кіпцюроў. Кіпцюры чорныя. Радужына цёмна-бурая. Дзюба воскава-жоўтая.
Барадатая кугакаўка (Strix nebulosa) – рэдкі аседлы від. Пашырана лакальнымі групоўкамі па ўсёй тэрыторыі, больш шырока ў яе паўднёвай частцы. Насяляе старыя змешаныя забалочаныя лясы, вялізныя лесабалотныя масівы. Колькасць 50–100 пар. Аднесена да першай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Буйнешая за звычайную кугакаўку. Мае цёмную афарбоўку апярэння, невялікія жоўтыя вочы. Дыск твара з рэзкімі цёмнымі канцэтрычнымі кругамі. На горле чорная пляма (барада). Дзюба жоўтая. Радужына ярка-жоўтая. Кіпцюры чарнаватыя.
Вушастая сава (Asio otus) звычайны аседлы і зімавальны від. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе ўскрайкі лесу, астраўныя лясы і хмызняковыя зараснікі ў спалучэнні з адкрытымі тэрыторыямі рознага тыпу, уключаючы сельскагаспадарчыя ўгоддзі. Налічваецца 12 000–20 000 пар.
Сярэдняй велічыні лясная сава. Лёгка пазнаецца па добра-развітым, высокападнятым вушным пучком пёрам. Сава, якая сядзіць, мае выгляд слупка. Дыск твара бледна-вохрысты з чорнымі адмецінамі каля вачэй. Радужына аранжава-чырвоная. Дзюба і кіпцюры чорныя.
Балотная сава (Asio flammeus) – рэдкі пералётны і зімавальны від. Сустракаецца па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе нізінныя балоты і забалочаныя лугі. Агульная колькасць 500–1500 пар. Аднесена да другой катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Памерамі нагадвае вушастую саву. Вушныя пучкі пёраў амаль нерыкметныя. Агульная афарбоўка буравата-вохрыстая, на спіне з падоўжанымі бурага колеру плямамі. Дыск твара светла-шэры. Вакол вачэй цёмна-бурае кольца. Жывот смятанкава-белы ў самцоў і жаўтавата-вохрысты з цёмнымі наствольнымі штрыхамі ў самак. Дзюба чорная. Радужына жоўтая.
Вельмі рэдка ў зімовы час залятаюць на Беларусь белая (Nyctea scandiaca) і ястрабіная (Surnia ulula) совы.
Сям’я Сіпухавыя (Tytonidae) прадстаўлена адным відам – сіпухай (Tyto alba). Гэта вельмі рэдкі аседлы від. Пашыраны на захадзе і паўднёвым захадзе Беларусі. Насяляе сухія адкрытыя тэрыторыі з курцінамі дрэвавай расліннасці. Агульная колькасць 5–15 пар. Аднесена да першай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Вялічынёй з голуба. Ад сапраўдных соў (папярэдняя сям’я) адрозніваецца шэрагам прыкметаў. Голас у сіпух – сіпенне або шыпенне, адсюль і назва. Дыск твара трохкутны ў выглядзе сэрца, рэзка выражаны. Апярэнне шчыльнае. Агульная афарбоўка яе зверху светла-попельна-шэрая. Дыск твара белаваты, па краях рыжавата-буры. Радужына цёмна-бурая. Дзюба воскава-жоўтая. Кіпцюры чорныя.
Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1203;