Атрад Гусепадобныя (Anseriformes)


Буйныя і сярэдняй велічыні птушкі. Цела цяжкае, валькаватае, як у большасці вадаплаўных птушак. Шыя доўгая, ногі кароткія, аднесены назад. Дзюба на канцы мае другі «пазногцік», па баках рота знаходзяцца рагавыя пласцінкі, або зубцы. Пярэнія тры пальцы ног у большасці відаў злучаныя поўнай плавальнай перапонкай. Апярэнне шчыльнае і густое. Цела пакрыта густым пухам. Прадстаўнікі атрада маюць птушанят вывадковага тыпу.

Атрадпрадстаўлены на Беларусі адной сям’ёй Качыныя (Anatidae), якая ўключае 31 від. У сувязі з тым, што прадстаўнікі гэтай сям’і маюць вельмі ўскосныя адносіны да лесу, ніжэй прыводзіцца агляд відаў, якія маюць вельмі важнае значэнне для лесапаляўнічых гаспадарак.

Шэрая гусь (Anser anser) рэдка сустракаецца на гнездаванні, гэта малалікі транзітна-мігравальны від. Пашыраны ў заходняй і паўночна-заходняй частках Беларусі. Аддае перавагу ледавіковым азёрам і штучным вадаёмам з развітай расліннасцю. Агульная колькасць 50–100 пар.

Буйная гусь (маса самца 2,7–4,0, самкі – 2,0–3,0 кг) шчыльнага целаскладу, светла-шэрага колеру. У дарослых птушак галава, шыя і плечы шэравата-бурыя, астатні верх больш светлы, попеліста-шэры, з больш цёмнымі і светлымі папярочнымі палосамі. На грудзях няправільныя (то дробныя і рэдкія, то больш буйныя і частыя) чарнаватыя плямы. Жывот і падхвосце белыя. Дзюба ружавата-цялеснага колеру з белай канцавінкай. Лапы чырвоныя, вочы карычневыя. Гусь манагам. Гняздо на купіне. У кладцы 3–9 (4–6) яек. Наседжванне 27–28 дзён. Харчуецца лістом чарота, вадзяной настурцыі, шматлікіх лугавых злакаў, у другой палове лета корміцца на палях з зерневымі. Каштоўны аб’ект аматарскага палявання.

Белалобая гусь (Anser albifrons) гняздуецца ў тундры. Шматлікі транзітна-мігравальны від. Канцэнтруецца на прыпынках у час міграцыі ў поймах рэк, на азёрна-балотных комплексах, велізарных палях. Вясной найбольшыя скапленні адзначаюцца на поплавах рэк Прыпяць, Днепр і Сож. Восенню інтэнсіўны пралёт назіраецца толькі ў паўночнай і цэнтральнай частках. Гэта птушка сярэдніх памераў, па афарбоўцы падобная на шэрую, але верх значна цямнейшы, надхвосце попельна-шэрага колеру. На грудзях і жываце буйныя, няправільныя чорныя плямы. Лоб белы. Дзюба аранжава-жоўтая, пазногцік белаваты. Ногі светла-аранжавыя. Маса самца 2,1, а самкі – 2,4 кг.

Гусь-гуменніца (Anser fabalis) – звычайны транзітна-мігравальны від. Канцэнтруецца на прыпынках у час міграцый на поплавах рэк, азёрна-балотных комплексах, велізарных палях. Найбольшае скапленне птушак назіраецца вясной на поплавах рэк Прыпяць, Днепр і Сож. Буйная шэрай афарбоўкі гусь. Адрозніваецца ад папярэдніх відаў чорнай дзюбай з жоўта-аранжавай або ружаватай перавяззю і такога ж колеру плямамі, пазногцік дзюбы чорна-рагавы. У дарослых птушак спіна шэравата-бурая, паясніца чорна-бурая, валлё і грудзі шэравата-белыя, жывот, падхвосце і верхнія накрыўныя хваста белыя. Ногі жоўтыя. Радужына цёмна-бурая. Самец 2,7, самка –1,8 кг.

Качка-крыжанка (Anas platyrhynchos) – шматлікі пералётны і зімавальны від, які гняздуецца, пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе амаль усе тыпы водна-балотных угоддзяў. Агульная колькасць 80 000–100 000 пар.

Буйная качка вельмі падобная на хатнюю (маса самца 0,9–1,3, самкі – 0,7–1,0 кг). У самца вясной галава і верхняя частка спіны цёмна-зялёнага колеру з металічным адлівам. Знізу гэтая афарбоўка абмежавана белым ашыйнікам. Плечы і пярэдняя частка спіны буравата-шэрыя, з папярочнымі тонкімі, струйчатымі белымі лініямі, ніжняя частка спіны чорна-бурая. Надхвосце чорнае з сіняватым адлівам. Валлё і верх грудзей каштанавыя, астатні ніз і бакі шэраватыя, у дробных папярочных палосах. Па баках надхвосця белыя плямы. Люстэрка крыла фіялетавае, абмежаванае ззаду чорнай, а потым белай палоскамі.

Самка зверху чорна-бурая, асобныя пёры – ржава-бурыя ў плямах. Бакі галавы святлейшыя з чорнымі пярэсцінамі. Знізу цела рыжавата-бурае ў цёмных пярэсцінках. Маладыя падобны на самку, аднак самца можна пазнаць па зеленаватай дзюбе. Качка-крыжанка манагам. Гняздуецца на зямлі, часта ў лесе далёка ад вады. У кладцы 8–11 яек. Наседжванне 26 дзён. Харчуецца расліннай і жывёльнай стравай. У канцы лета і восенню сістэматычна корміцца на палях з зерневымі. Найбольш значны паляўнічы від сярод птушак.

Качка-перазня (Anas strepera) – малалікі від, які гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі, найбольш шырока на Палессі. Насяляе высокапрадукцыйныя штучныя і натуральныя мелкаводныя вадаёмы з багатай воднай расліннасцю. Асноўная частка папуляцыі гняздуецца ў пойме Прыпяці на ўчастках з вялікай колькасцю поплаўных вадаёмаў. Агульная колькасць ацэньваецца ў 1000–1500 пар.

Драбнейшая за крыжанку. Агульная афарбоўка шэрая. У шлюбным убранстве ў самца галава і шыя светла-шэрыя ў дробных крапінках, верх галавы цёмна-буры. Задняя частка шыі і бакі цела шэрыя з чорным струйчатым малюнкам на пёрах. Спіна шэравата-бурая. Паясніца, надхвосце і ніжнія накрыўныя хваста аксаміціста-чорныя. Валлё і верх грудзей цёмна-шэрыя з лускавінкавай рабізной. Бакі ў папярочных хвалістых палосах. Першаступенна махавыя шэрыя, другаступенныя – першыя чатыры пёры попельна-шэрыя, сярэднія – белыя, заднія – шэрыя. Люстэрка двухкаляровае: ззаду напалавіну белае, спераду – чорнае. Дробныя накрыўныя крыла буравата-шэрыя, сярэднія – рыжаватыя, вялікія накрыўныя – аксаміціста-чорныя. Рулі шэрыя з белымі вяршынямі. Дзюба аспідна-шэрая. Лапы аранжава-жоўтыя. Маса птушкі каля 0,8 кг. Размнажэнне і харчаванне падобнае да крыжанкі.

Качка-лапаноска (Anas clipeata) – малалікі від, які гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашырана па ўсёй тэрыторыі Беларусі, пераважна на Палессі. Аддае перавагу адкрытым поплавам рэк з вялізнымі лугамі і шматлікімі поплаўнымі вадаёмамі, радзей высокапрадукцыйным натуральным і штучным вадаёмам. Каля 1000–6400 пар.

Качка сярэдніх памераў. Ад іншых качак адрозніваецца большай лапатападобна пашыранай на канцы дзюбай. У самца ў шлюбным убранстве галава і шыя чорныя з фіялетава-сінім металічным бляскам. Спіна, верхнія накрыўныя хваста і падхвосце з сіне-зялёным адлівам. Плечавыя пёры часта белыя, частка з бурымі адмецінамі ў цэнтры. Люстэрка сіне-зялёнага колеру. Хвост белаваты з бурымі пярэсцінамі. Сярэдняя пара рулявых бурая. Дзюба чорная. Лапы аранжава-чырвоныя. Самка і маладыя буравата-шэрай афарбоўкі, пёры на спіне з рыжаватымі аблямоўкамі, на галаве такога ж колеру штрыхі. Жывот брудна-вохрысты ў дробных бурых стракацінах. Дзюба зверху буравата-аліўкавая, ніжняя сківіца аранжавая з дробнымі чорнымі крапінкамі. Лапы аранжавыя. Самцы маюць масу 0,5–0,6, самкі 0,5–0,7 кг. Размнажэнне і харчаванне падобнае да крыжанкі.

Качка-чырка (Anas guerguedula) – звычайны пералётны від, які гняздуецца. Пашыраны па ўсёй Беларусі, пераважна на Палессі. Аддае перавагу адкрытым поплавам раўнінных рэк Палесся з вялізнымі лугамі і шматлікімі поплаўнымі вадаёмамі. Агульная колькасць каля 35 000–65 000 пар.

Дробная качка (маса самца 0,3–0,4, самкі 0,25–0,35 кг). У шлюбным убранстве ёсць белая паласа, якая ідзе над вокам да патыліцы і ўніз да паловы шыі. Галава зверху цёмна-бурая. Пёры на ілбе з вузкімі белымі штрыхамі, бакі галавы і шыя карычневата-бурага колеру з белымі рыскамі. Патыліца і горла чорныя. Спіна цёмна-бурая са светлымі пярэсцінамі. Задні бок шыі, валлё і грудзі буравата-карычневыя. На валлі цёмны струменьчаты малюнак. Бакі цела шызыя з дробным папярочна-струменьчатым малюнкам. Люстэрка зеленавата-стальное, аблямованае белай палоскай. Дзюба чорна-бурая. Лапы блакітнавата-шэрыя. У самкі спіна цёмна-бурая з белымі аблямоўкамі пер’я. Галава цёмна-бурая, з бакоў святлейшая. Горла белаватае. Валлё і бакі цела іржава-бурыя з цёмнымі плямамі ў цэнтры пяра. Жывот шэраваты з цёмнымі стракацінамі. Накрыўныя светла-шэрыя. У кладцы каля 9 яек, наседжванне каля 21–23 сутак. Любімы корм у траскунка – малюскі-прудавікі, жывародкі і катушкі.

Качка-цыранка (Anas crecca) – звычайны пералётны від, які гняздуецца, у невялікай колькасці зімуе. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, пераважна ў паўночнай частцы. Асноўная частка папуляцыі гняздуецца на малых азёрах і лясных рачулках, каналах гідралесамеліярацыі. Агульная колькасць 6000–8000 пар.

Самая малая сярод нашых качак. У самца ў шлюбным убранстве ад вачэй да патыліцы праходзіць чорная з сіне-зялёным адлівам паласа, абмежаваная ад карычневых бакоў галавы вузкай белай палоскай. Задняя частка шыі і лапаткі шэрыя, з чорнымі струменьчатымі лініямі, спіна і надхвосце шэра-бурыя. Падбародак чорны, ніз шыі наперадзе і валлё белыя. На шыі папярочныя чарнаватыя палоскі, на валлі і зверху грудзей – акруглыя плямкі. Сярэдзіна грудзей белая ў няясных стракацінках, надхвосце чорнае. Люстэрка на крыле чорна-зялёнае. У самкі верх чорна-буры з рыжаватымі або шэраватымі краямі пер’я. Адрозніваецца ад траскунка (у час летне-восеньскага палявання) па колеру стрыжняў першаступенна махавага пер’я, якое ў цыранкі цёмнае, а ў чыркі светлае. Маса самцоў 0,45–0,50, самак – 0,32–0,38 кг. Гняздуецца часцей на купіне ў асновы дрэў забалочанага лесу. У кладцы 9–11 яек. Наседжванне 23 дні. Харчуецца воднай расліннасцю і дробнымі пазванковымі, у канцы лета можна сустрэць на палях з зерневымі.

Чубаты нырок (Aythya fuligula) – звычайны пералётны від, які гняздуецца, транзітна мігруе і ў невялікай колькасці зімуе на Беларусі. Адносіцца да нырцовых качак. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі, пераважна лакальнымі групоўкамі. Насяляе буйныя мезатрофныя і высокаэўтатрофныя ледавіковыя азёры, вадасховішчы і сажалкі з наяўнасцю адкрытых астравоў, рэдка на поплаўных азёрах. Колькасць складае 4000–6000 пар.

Сярэдніх памераў, шчыльна складзеная качка з чорным верхам і снежна-белым нізам. У самца ў шлюбным убранстве галава сіне-чорная з фіялетавым адлівам. На патыліцы такой самай афарбоўкі чубок з пучка падоўжаных пёраў. Шыя, валлё, верхняя палова грудзей і падхвосце чорныя. Жывот белы. На крылах белыя люстэркі з чорнай аблямоўкай ззаду. Дзюба кароткая, свінцова-блакітнага колеру, з чорным пазногцікам. Лапы свінцова-шэрыя з чорнымі перапонкамі. У самкі чорны колер заменены цмяным чорна-бурым. На спіне і накрыўных крыла светлыя крапінкі. Бакі цела бурыя. Жывот белы, з бураватымі плямамі. Маса каля 0,65–0,73 кг. У кладцы 8–10 яек, наседжванне 25–28 дзён. Здабывае корм днём (калі папярэднія робяць гэта часцей ноччу). Корм змешаны, жывёльны, складаецца пераважна з водных бесхрыбетных, у рацыёне яго больш за раслінны.

Нырок-сівак (Aythya ferina) – звычайны пералётны від, які гняздуецца, транзітна-мігравальны і ў невялікай колькасці зімуе. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі, пераважна групоўкамі. Насяляе вялікія па плошчы, высокапрадукцыйныя ледавіковыя азёры, вадасховішчы і пруды з мазаічным размяшчэннем надводнай расліннасці, радзей поплаўныя азёры. Вялікая частка папуляцыі гняздуецца на штучных вадаёмах – прудах рыбгасаў і вадасховішчах. Каля 6000–8000 пар.

Буйная, цяжкага целаскладу качка. Самцы 0,86–1,0, самкі 0,65–0,92 кг. У самца ў шлюбным убранстве галава і верхняя частка шыі яркага карычнева-рыжага колеру. Валлё і пярэдняя частка грудзей чорныя. Спіна і бакі тулава попеліста-шэрыя з тонкімі папярочнымі струменьчыкамі. Паясніца цёмна-шэрая, надхвосце чорнае. Жывот брудна-шэры. Дзюба чорная, пасярэдзіне з свінцова-блакітнаватай перавяззю. У самкі і маладых галава, шыя, валлё і грудзі шэравата-бурыя з белымі стракацінамі. Жывот цёмна-шэры з чорнымі крапінкамі. Спіна светла-шэрая з цёмнай папярочнай хвалістай рабізной. У кладцы часцей 7–10 яек. Самка наседжвае кладку 23–24 суткі. Харчуюцца дарослыя асобіны расліннымі часткамі – насеннем і цыбулінамі рдэстаў, земнаводнай грэчкі, мяккай зелянінай іншых водных раслін. Сярод жывёльных рэшткаў часцей харчуюцца лічынкамі хіраномусаў, якіх нырцы знаходзяць у іле і на дне азёр.

2. Атрад Сеўцападобныя (Charadriiformes)

Па сучаснай сістэматыцы ў атрад увайшлі прадстаўнікі кулікоў, чаек і чысцікаў (раней гэта былі асобныя атрады, што можа сустрэцца у літаратуры).

Атрад Сеўцападобныяпрадстаўлены ў Беларусі 9 сем’ямі, 57 відамі. Цела гэтых птушак прыстасавана да жыцця каля вады. Ногі і дзюба, як правіла, доўгія. Лапы з трыма або чатырма тонкімі пальцамі, з якіх вельмі развіты пярэдні, задні палец недаразвіты і знаходзіцца вышэй пярэдняга. Апярэнне шчыльнае, няяркае. Зліваецца з навакольным асяроддзем. Большасць відаў ствараюць пары, але ёсць і палігамы. Амаль усім кулікам уласцівы шлюбныя гульні. Гняздуюцца ў асноўным на зямлі. Яек у кладцы звычайна 4. Яны грушападобнай формы. Наседжваюць абое бацькі крыху болей 20 дзён. Птушаняты вывадковагу тыпу. Усе кулікі добра бегаюць, плаваюць, а некаторыя нават ныраюць. Гэта пералётныя птушкі. Таксама як і прадстаўнікі гусепадобных яны маюць ускосную сувязь з лесам (акрамя слонкі). Аднак для лесапаляўнічай гаспадаркі, дзе сустракаюцца водна-балотныя ўгоддзі, шэраг з іх з’яўляюцца аб’ектам палявання.



Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1960;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.012 сек.