Атрад Ястрабападобныя (Accipitriformes)
Атрад уключае 2 сям’і: Ястрабіныя (Accipitridae) 21 від і Скапіныя (Pandionidae) 1 від.
Найбольш пашыранымі з’яўляюцца шуляк-галубятнік (3000–5000 пар) і шуляк-карагольчык (6500–8500 пар). Насяляюць прадстаўнікі гэтых атрадаў розныя ландшафты, пры гэтым ключавым біятопам для іх з’ўляецца лес. Прадстаўнікам гэтых атрадаў характэрны наступныя рысы. Гэта птушкі сярэдніх або буйных памераў. Апярэнне шчыльнае, няяркай афарбоўкі. Дзюба кароткая з загнутым уніз вострым кручком і вострымі разнымі краямі. Кіпцюры вострыя, крута загнутыя, арагавелая падэшва лап і пальцаў зярністая або шыпаватая, прыстасаваная для ўтрымання жывой здабычы. Пальцаў чатыры. Харчуюцца ў асноўным жывёльнай стравай. Здабычу забіваюць лапай, давячы і колючы кіпцюрамі, асабліва доўгім заднім. Страву пераварваюць хутка. Нястраўныя рэшткі яе (косці, зубы, пёры, поўсць, хіцін) адрыгваюць і выкідваюць праз рот (пагадкі). Зрок вельмі востры. Гняздуюцца парамі, некаторыя невялікімі калоніямі. На працягу года робяць адну кладку. У буйных відаў у кладцы 1–2 яйкі, у дробных – 6–7. Наседжванне пачынаецца пасля адкладу першага яйка. Наседжваюць абодва бацькі, але самка сядзіць часцей. Тэрмін наседжвання 28–55 дзён. Па ступені развіцця птушаняты займаюць прамежкавае становішча паміж гнездавымі і вывадковымі тыпамі птушак. У драпежных птушак адна лінька на працягу года, працякае павольна, таму яны заўсёды здольны лётаць.
Сям’я Ястрабіныя (Accipitridae) уключае 21 від.
Звычайны асаед (Pernis apivorus) мае статус віду, які гняздуецца, пералётны і транзітна мігравальны. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе пераважна змешаныя і лісцевыя лясы розных тыпаў. Агульная колькасць 1000–2000 пар.
Птушка сярэдніх памераў: даўжыня цела самца 26–32 см, самкі – 33 см. Апярэнне мяняеца ад цёмна-бурага да цёмна-шэрага. У старых птушак добра выражаны палавы дымарфізм: у самца ніз белы з шэравата-жоўтым адценнем, у самкі буры з цёмнымі пярэсцінамі. На канцы хваста светлая кайма. У прыродзе асаеда лепш за ўсё пазнаць па светлай, попельна-шэраватай або жаўтавата-рыжай галаве, якая па афарбоўцы выдзяляецца ад астатняй часткі цела.
Чорны коршун (Milvus migrans) – рэдкі від, які гняздуеца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе змешаныя і лісцевыя лясы пераважна на забалочаных тэрыторыях або паблізу вадаёмаў. Агульная колькасць 250–300 пар.
Крыху большы за варону. Апярэнне цёмна-бурае, галава злёгку вохрыстая, грудзі і жывот рыжаватыя. На хвасце цёмны папярочны рысунак. Ногі жоўтыя, кіпцюры чорныя. Добра пазнаваць па выразе ў хвасце.
Чырвоны коршун (Milvus milvus) – вельмі рэдкі від, які гняздуецца, пералётны. Пашыраны на крайніх заходніх прасторах Беларусі. Насяляе пераважна ўскрайкі сасновых або змешаных лясоў, якія маюць мяжу з балотамі або вадаёмамі. Колькасць вельмі малая: 3–10 пар. Аднесены да другой катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Птушка мае даўжыню цела каля 63 см. Апярэнне чырванавата-рыжае. Верх цела буры з жоўта-чырвонай аблямоўкай пер’я, ніз яркі іржава-рыжы. Выразка ў хвасце глыбокая.
Арлан-белахвост (Haliaeetus albicilla) гняздуецца і зімуе па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе велізарныя прасторы, якія ўключаюць участкі высакаствольнага лесу, а таксама больш-менш буйныя вадаёмы або забалочаныя тэрыторыі. Агульная колькасць 50–90 пар. Від аднесены да першай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Буйная бурая птушка. Даўжыня цела 85–95 см. Вохрыстая галава і шыя, белыя або белаватыя пёры надхвосця і белы, злёгку клінападобны (у распушчаным стане) хвост.
Арол-вужаед (Circaetus gallicus) гняздуецца і пералётны від. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі. Насяляе высакаўзростныя ўчасткі пераважна сасновых лясоў, часцей за ўсё сярод велізарных верхавых або пераходных балот ці іх перыферыі. Агульная колькасць 450–650 пар. Аднесены да першай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Змеяед – буйная птушка з вялікай галавой і доўгім хвастом. Спіна цёмна-бурая, ніз цела белы ў пярэсцінах. На хвасце 2–3 цёмныя папярочныя палосы. Дзюба чорная, васкавіца і ногі блакінавата-шэрыя.
Балотны лунь (Circus aeruginosus) – звычайны від, які гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе зарасні жорсткасцябловай расліннасці на вадаёмах або нізінных балотах. Агульная колькасць 2500–3000 пар.
Балотны лунь бурай або цёмна-бурай афарбоўкі з іржава-вохрыстай патыліцай і шыяй. Калі сядзіць, то добра бачны падоўжаныя іржава-рыжыя пёры на нагах, або «штаны». Даўжыня цела ў межах 49–53 см.
Палявы лунь (Circus cyaneus) – рэдкі від, які гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі, аднак вельмі нераўнамерна і носіць непастаянны характар. Насяляе вялізныя бязлесыя тэрыторыі, пераважна палі зерневых культур, часцей на меліяраваных землях або паблізу водна балотных угоддзяў. Агульная колькасць 250–300 пар.
Памерам набліжаецца да голуба. Складзены лёгка, з доўгімі крыламі і хвастом. У самцоў і самак канцы крылаў чорныя, астатняе апярэнне ў самцоў шыза-белае, у самак на спіне бураватае, на жываце – белаватае альбо вохрыстае з падоўжанымі пярэсцінамі.
Лугавы лунь (Circus pygargus) – від звычайны, гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе вялізныя бязлесыя тэрыторыі – лугі, нізінныя балоты, а таксама сельскагаспадарчыя палі зерневых культур і шматгадовых траў. Агульная колькасць каля 600–1100 пар.
Крыху меншы за палявога. У старых птушак верх цела і хвост шызавата-шэрыя, ніз вохрысты з вузкімі рыжаватымі прадольнымі палосамі. У лугавога луня на крыле ёсць цёмная папярочная палоска, якую можна бачыць, калі ён ляціць.
Шуляк-галубятнік (Accipiter gentilis) – звычайны аседлы і вандроўны від. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе пераважна лясы розных тыпаў, якія мала наведваюцца людзьмі. Кольцасць ацэньваецца 3000–5000 парамі.
Моцная птушка шчыльнага целаскладу. Крылы шырокія, кароткія, хвост доўгі. Даўжыня цела самца 52–55 см, самкі – 60 см. Спіна цёмна-бурая або цёмна-шэрая. Жывот у старых птушак белы з ярка выражанай папярочнай рабаватасцю. На хвасце 5 цёмных папярочных палос.
Шуляк-карагольчык (Accipiter nisus) – звычайны аседлы від. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе ўскрайкі лясных, пераважна сасновых або з удзелам елкі масіваў паблізу балот і вялізных поплаваў, радзей астраўныя лясы і загушчаныя лесапасадкі сярод аграландшафтаў. Колькасць прыблізна 6500–8500 пар.
Памерамі нагадвае галку. Вонкава падобны на ястраба-галубятніка. Спіна цёмна-шэрая або цёмна-бурая, жывот белы з папярочнай паласатасцю. Даўжыня цела самца 32–34, самкі – 36–40 см.
Канюк-мышалоў (Buteo buteo) гняздуецца, транзітна-мігравальны і ў невялікай колькасці зімавальны від. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе пераважна змешаныя і лісцевыя лясы розных тыпаў. Агульная колькасць 8000–11 000 пар.
Крыху большы за варону. Спіна бурая, ніз цела пярэсты. На грудзях прадольны, на жываце–папярочны бураваты рысунак. Крылы шырокія, хвост кароткі, закруглены.
Малы арлец (Aguila pomarina) гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны від. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе вільготныя і забалочаныя змешаныя або лісцевыя лясы, ускрайкі лясных масіваў паблізу лугавых або забалочаных тэрыторый. Колькасць ацэньваецца 3000–3500 парамі. Аднесены да трэцяй катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Даўжыня цела самца 37–41, самкі – 40–42 см. Светла бурая афарбоўка. Папярочныя палосы назіраюцца толькі на крайніх рулях.
Вялікі арлец (Aguila clanga) – вельмі рэдкі від, які гняздуецца. Пашырэнне адзначаецца ў адным месцы Віцебшчыны, а таксама Гомельшчыны. Насяляе ўскрайкі змяшаных або лісцевых лясных масіваў пераважна паблізу рачных далін або балот. Агульная колькасць 20–25 пар. Від аднесены да першай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Вялікі падворлік мае бурую афарбоўку. Надхвосце белае. На рулявых пёрах маюцца папярочныя палосы.
Арол-маркут (Aguila chrysaetos) – вельмі рэдкі, аседлы і вандроўны від. Пашыраны пераважна ў гнездавы перыяд ў паўночнай частцы і больш шырока, на ўсёй тэрыторыі, у негнездавы перыяд. Насяляе ўчасткі высакствольнага лесу ў буйных масівах, размешчаных далёка ад населеных пунктаў. Аднесены да першай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Буйная птушка цёмна-бурай афарбоўкі. Даўжыня цела каля 89 см. На патыліцы і верхняй частцы шыі рыжаватыя завостраныя пёры. Грудзі рыжаватыя. Ніжняя частка рулявых пёраў мае цёмную папярочную паласу.
Арол-карлік (Hieraaetus pennatus) – вельмі рэдкі від, які гняздуецца і транзітна мігруе. Пашыраны ў паўдневай і паўднева-заходняй частцы Беларусі. Насяляе пераважна лісцевыя або змешаныя прыспелыя і спелыя лясы. Колькасць каля 5–15 пар. Аднесены да першай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Сярэдняй велічыні птушка з доўгімі і шырокімі крыламі і доўгім хвастом. Лоб чарнаваты, спіна цёмна-бурая, крылы і хвост чорна-бурыя, жывот вохрысты з пярэсцінамі. Даўжыня цела каля 48 см.
Такія прадстаўнікі сям’і ястрабіных, як стэпавы мышалоў (Circus macrourus), арол-магільнік (Aguila heliaca), курганнік (Buteo rufinus), канюк касматаногі (Buteo lagopus), белагаловы сіп (Gyps fulvus), чорны грыф (Aegypius monachus), маюць статус залётных або транзітна-мігравальных відаў.
Сям’я скапіныя (Pandionidae) прадстаўлена скапой (Pandion haliaetus). Скапа – рэдкі від, які гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашырана ў паўночнай частцы, асабліва ў Паазер’і, месцамі па ўсёй Беларусі. Насяляе прастору каля буйных вадаёмаў, часцей за ўсё маланаведвальныя чалавекам участкі лесу сярод балотных масіваў або на ўзбярэжжах. Агульная колькасць 120-180 пар. Від аднесены да першай катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.
Буйны драпежнік (даўжыня цела самца 34 см, самкі – 34–59 см), якога лёгка пазнаць па двухколернай афарбоўцы апярэння. Спіна цёмна-бурая, жывот белы. На галаве ледзь бачны чубок. Дзюба чорная, васкавіца блакітнавата-шэрая.
Прадстаўнікоў гэтых атрадаў неабходна лічыць карыснымі для лясной гаспадаркі і ствараць умовы для іх нармальнай жыццядзейнасці.
Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1168;