Атрад Журавападобныя (Gruiformes)
Па сучаснай сістэматыцы на Беларусі прадстаўлены 3 сем’ямі: Пастушковыя (Rallidae), Жураўліныя (Gruidae) і Драфіныя (Otididae). Прадстаўнікі дзвюх апошніх сем’яў або зніклі (драфа), або занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь (шэры журавель). Паляўнічае значэнне маюць лыска, чаротніца, пастушок.
Сям’я Пастушковыя (Rallidae) на зямлі прадстаўлена больш за 130 відамі. Апярэнне маюць рыхлае, мяккае. Цела плоскае, сціснутае з бакоў, прыстасавана да руху ў густых травяністых і чаротавых зарасніках. Цэўка і пальцы ног доўгія, дазваляюць хадзіць па вадзе і бегаць па вязкім грунце. Манагамы. Гняздуюцца на зямлі або будуюць з сухога чароту плыўныя гнёзды (лысуха). У кладках 6–8 яек. Птушаняты вывадковага тыпу, пакрыты чорным пухам. Выдатна бегаюць і плаваюць. Падымаюцца на крыло з цяжкасцю.
Лыска (Fulica atra) – звычайны від, які гняздуецца, пералётны і зімавальны ў невялікай колькасці. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе высокапрадукцыйныя штучныя і натуральныя вадаёмы. Агульная колькасць 14 000–17 000 пар.
Сярэдняй велічыні цьмяна-чорнай афарбоўкі птушка. Галава і шыя густа-чорнага колеру, спіна аспідна-чорная, ніз бялёсавата-чорны. На ілбе скураная голая бляшка. Дзюба белая з ружаватай асновай. Ногі блакітнавата-шэрыя. Самка крыху святлейшая за самца. Маса 0,7–1,0 кг. Харчуюцца ў асноўным мяккай воднай расліннасцю, насеннем рдэстаў, а таксама жывёльнай стравай – лічынкі вусякоў, дарослыя вусякі, малькі рыбы.
Чаротніца (Gallinula chloropus) – нешматлікі від, які гняздуецца, пералётны і адзінкава зімавальны. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе поплаўныя азёры. Штучныя і натуральныя вадаёмы. Агульная колькасць 15 000–20 000 пар.
Памерам амаль як курапатка, аднак цела плоскае, сціснутае з бакоў. Хвост уздзёрнуты. Апярэнне ў асноўным матава-чорнае. Ногі доўгія. На ілбе голая чырвоная пляма. Галава і шыя цьмяна-чорныя. Спіна і верхнія канечнасці крылаў аліўкава-бурыя. Жывот аспідна-чорны, пасярод белаваты. Ногі зеленавата-аліўкавыя. Самец і самка па афарбоўцы амаль што аднолькавыя. Маса каля 0,25 кг. Кладка 8–11 яек. Наседжванне 19–22 сутак. Харчуецца воднымі і балотнымі вусякамі, іх лічынкамі, павукамі, ракападобнымі. У меншай ступені ядуць раслінную страву.
Драч (Crex crex) – звычайны від, які гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе лугі і нізінныя балоты, асабліва тыя, што знаходзяцца ў поплавах. Агульная колькасць 25 000–60 000 пар.
Крыху большы за перапёлку. Мае светла-рыжую афарбоўку. Цела з бакоў плоскае, дзюба кароткая, высокая ў асновы, сціснутая пасярэдзіне бакоў. Спінныя пёры з прадольнымі цёмнымі стрыжневымі плямамі і вохрыстымі аблямоўкамі. Горла і шыя спераду белаватыя з вохрыстым налётам. Бакі цела вохрыста-рыжыя з белымі папярочнымі палоскамі. Дзюба светла-рагавога колеру. Маса каля 0,16 кг. Кладка 8–10 яек. Наседжванне 19 дзён. Харчуецца пераважна жывёльнай стравай – вусякамі, смаўжамі, чарвякамі, а восенню на палях зернем злакаў.
Пастушок (Rallus aguaticus) – нешматлікі від, які гняздуецца, пералётны і зрэдку зімавальны. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе зарослыя травяністай і хмызняковай расліннасцю нізкія берагі вадаёмаў і рэк. Агульная колькасць 8000–14 000 пар.
Па памерах набліжаецца да перапёлкі. Мае дзюбу загнутую ўніз. Верх птушкі аліўкава-бурага колеру з шырокімі цёмнымі стрыжнёвымі стракацінамі на пёрах спіны. Пёры ілба жорсткія. Бакі галавы, шыя спераду, валлё і пярэдняя чатска жывата аспідна-чорныя. Задняя частка жывата вохрыстая. Бакі маюць чорныя і белыя палоскі. Лапы буравата-мяснога колеру. Маса каля 0,15 кг. Кладка або каля самой вады, або 10–15 см над вадой, на заломах сухіх сцяблоў трыснягу або рагозу. У кладцы 6–12 яек. Наседжванне 19 сутак. Харчуюцца пераважна жывёльнай стравай.
Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1714;