Атрад Сокалападобныя


Атрад Сокалападобныя (Falconiformes)налічвае ў свеце 58 відаў. Птушкі гэтага атрада прадстаўлены на Беларусі адной сям’ёй Сакаліныя (Falconidae), 5 відамі. Птушкі сярэдніх або дробных памераў. Апярэнне шчыльнае, няяркай афарбоўкі. Ад вока ўніз ідзе чорны або буры «вус». Дзюба кароткая кручкападобная з вострымі разнымі краямі. Кіпцюры вострыя, крутазагнутыя, падэшва шурпатая, прыстасаваная для ўтрымання жывой здабычы. Чатыры пальцы. Харчуюцца ў асноўным жывёльнай стравай, здабываючы яе часцей на ляту. Прадстаўнікі атрада добра пазнаюцца па зубцу на наддзюб’і, якому адпавядае выразка на паддзюб’і. З дапамогай зубца ў ахвяры лёгка адрываецца галава. Страву пераварваюць хутка. Неперавараныя рэшткі яе (косткі, зубы, пёры, поўсць) адрыгваюць і выкідваюць праз рот (пагадкі). Зрок вельмі востры. Гняздуюцца парамі, некаторыя невялікімі калоніямі. На працягу года адна кладка. У буйных відаў у кладцы 1–2 яйкі, у дробных 6–7. Наседжванне пачынаецца з першага адкладзенага яйка. Наседжваюць абодва бацькі, але самка сядзіць часцей. Тэрмін наседжвання 21–29 дзён. Птушаняты пераважна гнездавога тыпу. На працягу года адна лінька, якая расцягнута, і птушка здольна да палёту заўжды.

Сокал-пустальга (Falko tinnunculus) – від, які гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе ўскрайкі і астраўныя лясы сярод палёў. Агульная колькасць 1400–2000 пар. Аднесены да другой катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Ад іншых сокалаў адрозніваецца тым, што ў афарбоўцы пераважае рыжы (гліністы) колер. У дарослых добра выражаны палавы дымарфізм. У дарослага самца спіна і верхнія накрыўныя крыла рыжага (гліністага) колеру з цёмнымі кроплепадобнымі плямамі. Галава зверху попельна-шэрая з вузкімі чорнымі штрыхамі. Горла белае. Уніз ад вока ідуць кароткія буравата-чорныя вусы. Рулявыя пёры шызыя з шырокай чорнай паласой праз перад вяршыні. Самкі буйнешыя за самцоў. Спіна ў іх іржава-рыжая з больш буйнымі папярочнымі чорнымі пярэсцінамі. На хвасце адсутнічае папярочная паласа. Даўжыня цела каля 33 см. Пазнаць гэтую птушку можна па трапяткім палёце з завісаннем на адным месце.

Сокал-шулёнак (Falko vespertinus) – від, які гняздуецца, пералётны і залётны ў негнездавы час. Пашыраны адзінкава на лакальных участках у розных частках краіны (часцей на поўдні). Насяляе аграландшафты з курцінамі дрэвавай і хмызняковай расліннасці або астравы лесу. Агульная колькасць 10-50 пар. Від аднесены да другой катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Велічынёй як горлінка з доўгімі вострымі крыламі. Дарослы самец адрозніваецца суцэльным аспідна-шызым апярэннем з сіваватым налётам на крылах. Толькі задняя частка жывата і пёры голені іржава-рыжыя. Даўжыня цела каля 30 см.

Сокал-дрымлюк (Falko columbarius) – від, які гняздуецца, пералётны і зімавальны. Насяляе велізарныя верхавыя і пераходныя балоты, радзей ускрайкі сасновых лясоў у спалучэнні з аграландшафтамі. Пашыраны пераважна ў Віцебскай, а таксама на поўначы Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей. Агульная колькасць 300–350 пар. Аднесены да трэцяй катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Даўжыня цела каля 30 см. У дарослага самца верх цёмна-шызы, на пёрах іржавыя аблямоўкі і вузкія чорныя наствольныя штрыхі. На патыліцы светлыя стракаціны. Ззаду шыя і яе бакі іржавыя. Вусы няясна намечаныя. Шчокі і горла белаватыя. Грудзі і жывот белавата-вохрыстыя з бурымі прадольнымі плямамі. Рулі шызыя з шырокай перадвяршыневай паласой.

Каршачок (Falko subbuteo) – звычайны від, які гняздуецца, пералётны і транзітна-мігравальны. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе ўскрайкі лясных масіваў і астраўныя лясы каля балот, рачных далін або сельскагаспадарчых угоддзяў. Агульная колькасць 2700–3200 пар. Аднесены да трэцяй катэгорыі Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Даўжыня цела каля 33 см. Верх цёмна-буры з шызаватым адценнем. На шыі ззаду белыя стракаціны. Ад кутка рота ўніз ідуць шырокія чорныя поласы – «вусы». Накрыўныя вуха амаль чорныя, ствараюць як быццам бы другія вусы. Горла, грудзі і жывот белыя з шырокімі бурымі пястрынамі. Задняя частка жывата, пёры голені і падхвосце у самцоў каштанава-рыжыя, у самак – светла-рыжыя, плямістыя.

Сокал-падарожнік (Falko peregrinus) – вельмі рэдкі, залётны ў час вандровак, адзінкава зімавальны від. Да сярэдзіны двадцатага стагоддзя быў вядомы як вельмі рэдкі від, які гняздуецца ў Брэсцкай, Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай вабласцях. Перастаў адзначацца на гнездаванні пасля 1973 года. Мае першую катэгорыю Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Даўжыня цела 47-50 см. Верх цела цёмна-буры з шызаватым налётам. Ніз белы або смятанкава-белы з цёмна-бурымі прадольнымі і кроплепадобнымі плямамі. Галава зверху амаль чорная. Шчокі белыя. Ад вачэй уніз ідуць шырокія чорныя поласы – «вусы». Рулявыя пёры бурыя з папярочнымі светлымі і цёмнымі плямамі.

Прадстаўнікі атрада ў карысныя для лясной гаспадаркі птушкі.



Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1259;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.009 сек.