ГЛАВА 3. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ БЕЛАРУСКІХ ЗЯМЕЛЬ У СКЛАДЗЕ ВКЛ


§ 1. Асаблівасці дзяржаўнага і саслоўнага ладу ВКЛ

К сярэдзіне ХVІ ст.у ВКЛ быў завершаны працэс фарміравання адносін феадальнай уласнасці, катэгорый феадалаў і залежнага насельніцтва, а таксама форм іх землеўладання і землекарыстання. Да гэтага часу ў ВКЛ сфарміраваліся чатыры саслоўі: феадалаў, духавенства, мяшчанства і сялянства. Феадалы (свецкія і духоўныя) і феадальна залежныя сяляне складалі асноўныя класы феадальнага грамадства.

Клас феадалаў меў сваю ўнутраную градацыю. На вяршыні іерарахічнай лесвіцы стаяў уладар дзяржавы – вялікі князь (гаспадар), які лічыўся вярхоўным землеўладальнікам у краіне, а таксама меў свае ўласныя зямельныя ўладанні (гаспадарскі дамен). На прыступку ніжэй на іерарахічнай лесвіцы стаялі буйныя феадалы, так званыя магнаты – князі і паны, якія валодалі зямлёй на правах вотчыны (спадчыннага трымання). Далей ішлі баяры (сярэднія і дробныя феадалы), якія складалі самую шматлікую групу сярод пануючага класа. З пачатку ХV ст. на іх пачала распаўсюджвацца паланізаваная назва “шляхта”, якая паступова выцесніла першапачатковую. Яны валодалі зямлёй умоўна (пры ўмове нясення вайсковай службы на карысць вялікага князя або буйных феадалаў). Да шляхты адносілася таксама не толькі не толькі феадалы, а і свабодныя людзі, якія валодалі невялікімі зямельнымі надзеламі, арандавалі зямлю ў буйных феадалаў ці знаходзіліся ў іх на службе ў якасці ляснічых, канюшых і г.д.

Пануючы стан саслоўя феадалаў быў замацаваны законам. Так, у першы сістэматызаваны агульнадзяржаўны збор законаў феадальнага права Статут ВКЛ 1529 г., які меў другую (1566 г.) і трэцюю (1588 г.) рэдакцыі, быў уключаны раздзел “Аб вольнасцях шляхецкіх”. Ён замацоўваў за апошнімі ўсе правы і вольнасці, якія яны атрымалі з часоў Ягайлы і Вітаўта.

Роля розных груп феадалаў у палітычным жыцці не заставалася нязменнай. З развіццём палітычных працэсаў адбывалася пэўная эвалюцыя, якая прыводзіла да ўзвышэння новых груп зямельных уласнікаў за кошт страты прэстыжу папярэдніх. А гэта ў сваю чаргу адлюстроўвалася на развіцці палітычных інстытутаў і дзяржаўнага ладу ВКЛ, вызначала яго спецыфіку ў параўнанні з іншымі феадальнымі манархіямі.

Характар дзяржаўнага ладу не заставаўся нязменным. Ён таксама эвалюцыяніраваў пад уплывам барацьбы цэнтрабежных і цэнтраімклівых тэндэнцый. Калі спачатку ўлада вялікага князя ў межах яго дзяржавы (апрача залежных княстваў і абласцей) нічым не абмяжоўвалася і ён з’яўляўся адзінай крыніцай права, то ўжо ў ХV ст. з’явілася яе абмежаванне шляхецкімі прывілеямі, а потым і магнацка-шляхецкімі палітычнымі органамі. І, як ні дзіўна, ВКЛ пачало набываць рысы абмежаванай, канстытуцыйнай манархіі менавіта ў той час, калі былі дасягнуты найбольшыя поспехі ў справе цэнтралізацыі дзяржавы пры вялікім князю Вітаўце. Апошні ў сваёй палітыцы па дзяржаўнай кансалідацыі і барацьбе з буйнамі феадаламі абапіраўся на баярства-шляхту. На працягу ХV – ХVІ стст. ішоў працэс пашырэння яе правоў за кошт астатніх груп пануючага класа. Гэтаму садзейнічалі прывілеі 1413, 1432, 1434 і 1447 гг. Першы з іх забяспечваў не толькі маёмасныя і асабістыя, але і саслоўна-палітычныя правы шляхты. Апошнія ўраўноўвалі шляхту ВКЛ у правах з адпаведных саслоўем у Польшчы, у тым ліку вызвалялі ад падаткаў. Адзнакай шляхецтва стала абавязковая вайсковая служба і ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. Узвышэнню шляхты спрыялі войны, якія сталі амаль бесперапыннымі з канца ХV ст. Да таго ж велікакняжацкая ўлада ў гэты час па‑ранейшаму бачыла ў шляхце асноўную сілу ў барацьбе з магнатамі. Выкарыстоўваючы гэта, шляхта дабілася спадчыннага права на зямлю, стала ператвараць яе ў вотчыны. Атрымала яна і прывілеі ў гандлі. Паступова шляхта ўзвысілася палітычна. У канцы ХV – першай палове ХVІ ст. шляхта была ўраўняна ў правах з магнатамі. Усё саслоўе землеўладальнікаў стала называцца шляхтай. Шляхецкае званне стала спадчынным.

Такім чынам, паступова складваўся палітычны лад ВКЛ як феадальнай манархіі, якая мела шэраг асаблівасцей у параўнанні з суседняй Маскоўскай дзяржавай. Скасаванне абласных княжанняў тут не суправаджалася пераносам функцый кіравання імі ў цэнтр, як гэта адбывалася ў Вялікім княстве Маскоўскім. У руках вялікага князя літоўскага не канцэнтравалася шмат штодзённай працы, як у маскоўскага ўладара і яго думы. Таму ў ВКЛ не стваралася амаль ніякіх цэнтралізаваных устаноў. Галоўным кіраўніком княства лічыўся вялікі князь літоўскі. Ён ажыццяўляў вышэйшы суд у дзяржаве, з’яўляўся вярхоўным галоўнакамандуючым, узначальваў знешнепалітычную дзейнасць. З ХІV ст. пры асобе вялікага князя існаваў Савет па аналогіі з маскоўскай думай. Але ў адрозненне ад апошняй, Савет спачатку не быў дзяржаўнай установай. Гэта быў дарадчы орган пры вялікім князю, які ён фарміраваў па сваім меркаванні з ліку карысных і патрэбных людзей. На першым этапе галоўную ролю ў Савеце (Радзе) адыгрывалі князі. Але ў часы Вітаўта ў яе складзе пачалі пераважаць баяры, якія падтрымалі апошняга ў яго барацьбе за ўладу.

Паступова гэты дарадчы орган трансфарміраваўся ў прадстаўнічую ўстанову – Раду паноў. Паны Рады пачалі абмяжоўваць ўладу вялікага князя. Склад Рады не быў жорстка вызначаным. У яе ўваходзілі: вышэйшая свецкая і духоўная знаць (апошняя – толькі каталіцкага веравызнання), вышэйшыя службовыя асобы: канцлер (кіраўнік дзяржаўнай канцылярыі), гетман (камандуючы ўзброенымі сіламі), падскарбі земскі (кіраўнік фінансаў), маршалкі земскі і дворны, ваяводы, кашталяны, некаторыя старосты. Гарадзельскі прывілей 1413 г. абмяжоўваў доступ у Раду праваслаўнай шляхты, але з канца ХV ст. гэта забарона пачала парушацца. У звычайны час Рада складалася з вузкага кола асоб пры вялікім князю.

У другой палове ХV – першай палове ХVІ ст. вялікія князі літоўскія часта выбіраліся каралямі польскімі, што прыводзіла да іх працяглай адсутнасці ў ВКЛ. У час адсутнасці гаспадара Рада цалкам кіравала дзяржавай. А прывілеі 1492 і 1506 гг. увялі заканадаўчае абмежаванне ўлады вялікага князя з боку паноў Рады. З гэтага моманту ўсе законы і распараджэнні агульнага характару вялікі князь павінен быў выдаваць толькі са згоды паноў Рады.

Гаспадар і Рада ў сваёй дзейнасці абапіраліся на сейм ВКЛ, на які запрашаліся прадстаўнікі прывілеяваных саслоўяў. Пачатак рэгулярнага склікання агульнадзяржаўных сеймаў прыпаў на канец ХV ст. У ХVІ ст. за імі замацавалася назва “вялікі вальны сойм”. Спачатку на ім маглі прысутнічаць усе жадаючыя шляхцічы, але з 1512 г. было ўведзена абмежаванне – па 2 паслы ад кожнага павета. На сеймах абмяркоўваліся галоўныя пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі, заканадаўчыя акты, устанаўліваліся падаткі, вырашаліся судовыя справы, выбіраліся вялікія князі і зацвярджаліся кандыдаты на важнейшыя дзяржаўныя пасады. Так палітычны лад ВКЛ пачаў набываць рысы парламенцкай манархіі, бо ўлада вялікага князя пачала абмяжоўвацца яшчэ і сеймам. Так, у Статуце ВКЛ 1529 г. ужо гаварылася аб неабходнасці выдаваць прывілеі выключна на вальным сейме. Так развіццё канстытуцыяналізму, пачатак якому быў пакладзены ў ХV ст. , прымала ўсё больш акрэсленыя абрысы.

У выніку таго, што ў ВКЛ не склалася якіх-небудзь спецыяльных устаноў цэнтральнага кіравання, акцэнт у распарадча-выканаўчых функцыях быў перанесены на месцы. Арганізацыя мясцовага кіравання была дастаткова складанай. У краіне захоўваліся яшчэ некаторыя старадаўнія княствы на чале з князямі, праўда, пазбаўленымі былых прывілеяў. Частка княстваў была ператворана ў ваяводствы на чале з ваяводамі. Больш дробнымі тэрытарыяльнымі адзінкамі былі паветы на чале са старостамі. На месцах быў створаны і дастаткова разгалінаваны адміністрацыйны апарат: кашталяны, гараднічыя, харужыя і г.д. У вёсках выканаўчую ўладу прадстаўлялі цівуны. Прадстаўнічымі органамі мясцовага кіравання ў ваяводствах і паветах з’яўляліся сеймікі, на якіх рашаліся некаторыя пытанні мясцовага кіраванні і выбіраліся паслы-дэпутаты на вальны сейм. Толькі ў выніку рэформ 1565 – 1566 гг. былі прыняты меры па ўпарадкаванню адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу. Замест розных зямель, княстваў увадзіліся ваяводствы, якія падзяляліся на паветы, а апошнія, у сваю чаргу, – на воласці.

Такім чынам, у ХІV – ХVІ стст. у ВКЛ склалася дакладная і акрэсленая сістэма прадстаўнічай манархіі. Прадстаўнічыя ўстановы сур’ёзна абмяжоўвалі ўладу вялікага князя, спрыялі замацаванню федэратыўных асноў дзяржавы. Тым самым ВКЛ сваім палітычным ладам значна адрознівалася ад Маскоўскага княства, дзе к канцу ХV ст. склалася жорстка цэнтралізаваная дзяржава з манапольнай , абсалютнай уладай вялікага князя.

 

§ 2. Эканамічнае развіццё беларускіх зямель. Станаўленне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі і масавае запрыгоньванне сялян. Беларускі феадальны горад

У феадальную эпоху галоўным сродкам вытворчасці і галоўным багаццем краіны была зямля. Манапольнае права ўласнасці на зямлю належала класу феадалаў. Асноўным прадукцыйным класам, які працаваў на зямлі і вырабляў прадукцыю, было сялянства. Яго права ўласнасці на зямлю абмяжоўвалася адносінамі землекарыстання. Першапачаткова вялікі князь літоўскі лічыўся вярхоўным ўласнікам усёй зямлі. Але з канца ХІV ст. побач з велікакняжацкай стала прызнавацца і прыватная ўласнасць на зямлю: княжацкая, баярская, царкоўная. Разам з тым землі падзяляліся на дзяржаўныя і прыватныя. Аднак да ХVІ ст. (1588 г.) не існавала дакладнага падзелу на асабістыя ўладанні вялікага князя і іншыя дзяржаўныя землі. Прыватныя ж землі падзяляліся на свецкія і царкоўныя маёнткі.

Вышэй ужо казалася пра змены ў становішчы шляхты – асноўнай часткі класа феадалаў. Паступова змяняўся і прававы статус сялян. Яны страчвалі права распараджацца зямлёй і станавіліся землекарыстальнікамі ў феадалаў. Разам з тым сяляне падзяляліся на катэгорыі ў адпаведнасці са сваім маёмасным і падатным становішчам, а таксама ў залежнасці ад той ступені асабістай свабоды, якой яны карысталіся.

Поўнай уласнасцю феадалаў была чэлядзь нявольная”, якая ўяўляла сабой катэгорыю хатніх рабоў. Чэлядзь не вяла сваёй уласнай гаспадаркі і жыла пры дварах феадалаў. Крыніцамі набору яе былі: купля-продаж, шлюб з нявольным чалавекам, нараджэнне ў няволі, пакаранне за злачынства. Акрамя працы на полі, чэлядзь выконвала і іншую працу ў гаспадарцы: апрацоўвала агароды, сады, пасвіла статкі, жанчыны ткалі лён і г.д.

Асноўную частку насельніцтва складалі “цяглыя” сяляне ўсіх найменняў. Яны мелі меншую ступень асабістай залежнасці ад ўладальніка. Акрамя таго, яны карысталіся зямельнымі надзеламі, рознымі па памеры і гаспадарчым складзе. Сялянскія надзелы складаліся звычайна з сядзібнай і агароднай зямлі, поля, сенажаці, часам – бабровых і рыбных ловен.

Для сялянскага землекарыстання была характэрна надзвычайная церазпалосіца ў размеркаванні надзелаў і сядзіб. Уся зямля, як тая, што знаходзілася ў карыстанні асобнай сям’і, ці “дыму”, так і тая, якой карысталіся ўсе жыхары вёскі (лясы, балоты, азёры, рэкі і г.д.), лічылася маёмасцю складаных сялянскіх згуртаванняў – абшчын. Абшчына несла адказнасць за своечасовае выкананне сялянскіх павіннасцей, а пазней стала ўдзельнічаць і ў землеўпарадкаванні сялянства.

За карыстанне зямлёй сяляне былі абавязаны плаціць уласніку пэўную рэнту. Формы рэнты былі розныя і падзяляліся на тры асноўныя віды: адработачную, грашовую і прадуктовую.

Адработачная рэнта была адной з самых распаўсюджаных на тэрыторыі Беларусі, яна назавалася паншчынай. Паншчыну селянін павінен быў адпрацаваць у гаспадарскім маёнтку. Часцей за ўсё гэта былі палявыя работы, на якіх селянін быў двойчы ў тыдзень разам з канём і сваім інвентаром: сякерай, касой, бараной. Цяглыя сяляне адбывалі паншчыну не толькі на полі. Некаторая частка сялян у якасці асноўнай павіннасці абкладалася чыншам. Такія сяляне называліся асаднымі, ці чыншавымі. Чынш уяўляў сабой грашовую форму рэнты.

Разам з паншчынай і чыншам, якія былі асноўнымі павіннасцямі, сяляне выконвалі і дадатковыя: “талокі” – агульныя сязонныя гаспадарчыя работы, “гвалты”, ці “згоны” – агульныя тэрміновыя работы, прывязаныя да пэўных выпадкаў: для рамонту дарог, гацей, для аблавы на звяроў, у выпадку стыхійных бедстваў і г.д.

К канцу ХV ст. адным з асноўных відаў павіннасцей было дзякла – даніна прадуктамі. Яно было мядовым, бабровым, кунічным, збожжавым, піўным, сенным і г.д.

У залежнасці ад ступені асабістай свабоды цяглыя сяляне падзяляліся на “пахожых” і “непахожых”. Спачатку ўсе сяляне мелі права пераходу ад аднаго ўладара да іншага, права сыходу з абшчыны. З развіццём інстытута феадальнага права на зямлю выяўлялася акрэсленая зацікаўленасць феадалаў у яго ліквідацыі.

Прывілей 1447 г. пачаў працэс юрыдычнага абгрунтавання прыгоннага права ў ВКЛ. Ён сцвярджаў, што сяляне, якія пражылі на зямлі феадала 10 год, станавіліся “непахожымі”, старажыхарамі. Адзнакай старажыхарства было і спадчыннае валоданне зямлёй селяніна.

Разам з “непахожымі” ў феадальных маёнтках жылі і сяляне “пахожыя”, ці вольныя.

“Людзі служэбныя”, ці “служкі”, складалі трэцюю, даволі шматлікую катэгорыю насельніцтва. Па сваім эканамічным становішчы яны былі блізкія да цяглавага сялянства. Яны таксама былі землекарыстальнікамі, што сядзелі з сем’ямі на сваіх вотчынах. Але ад сялян яны адрозніваліся сваёй асаблівай службай. Галоўнай іх павіннасцю была вайсковая служба. У мірны час яны раз’язджалі па справах княжацкай і феадальнай адміністрацыі.

У сярэдзіне ХVІ ст. велікакняжацкі двор стаяў перад праблемай павелічэння прыбытковасці гаспадаркі. Частыя войны паставілі вялікага князя літоўскага ў залежнасць ад шляхты, бо толькі з яе згоды зараз можна было ваціраваць надзвычайныя падаткі на ўтрыманне наёмнага войска. Гаспадарскія маёнткі аддаваліся ў заставу пад вялікія грашовыя заклады. Выкупліваць іх удавалася далёка не заўсёды. Гэта прывяло да моцнага скарачэння велікакняжацкага дамену. Таму, каб павысіць прыбытковасць застаўшыхся маёнткаў, Жыгімонт Аўгуст у 1557 г. абвясціў аб правядзенні на дзяржаўных землях рэформы, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Валочная памера”. Уся зямля падзялялася на роўныя надзелы, “валокі”, памерам 21,3 га. кожны. Лепшыя ўрадлівыя землі забіраліся пад княжацкія фальваркі, у якіх сяляне адбывалі паншчыну. Кожная сялянская гаспадарка замацоўвалася за часткай валокі. Сяляне гублялі права пераходу да іншага гаспадара і станавіліся прыгоннымі. З валокі вызначалася і сума розных павіннасцей. Яны былі рознымі для цяглых і асадных сялян. Так, цяглыя сяляне павінны былі за кожную валоку працаваць па 2 дні ў тыдзень у фальварку, а таксама плаціць натуральны аброк аўсом, сенам, хатняй птушкай, уносіць невялікі грашовы чынш і выконваць працоўную павіннасць у княжацкіх замках. Асадныя (чыншавыя) сяляне павінны былі плаціць чынш ад 66 да 106 грошаў у год. Пасля дзяржаўных маёнткаў “Валочная памера” была праведзена і ў маёнтках феадалаў. К канцу ХVІ ст. яна ўжо скончылася ў заходніх і цэнтральных абласцях Беларусі, некалькі пазней – ва ўсходніх і паўднёвых.

Зараз уся зямля, маёмасць сялян і самі сяляне сталі ўласнасцю феадала ці дзяржавы ў залежнасці ад таго, на чыёй зямлі яны сядзелі. Прынятыя ў хуткім часе Статуты ВКЛ 1566 і 1588 гг. устанавілі спачатку 10‑, а потым 20-гадовы тэрмін вышуку беглых сялян і вяртання іх гаспадарам. Гэта азначала канчатковае юрыдычнае афармленне прыгоннага права на Беларусі і ва ўсім ВКЛ.

У ХІV – ХVІ стст. назіраўся значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады былі цэнтрамі рамяства і гандлю. Па памерах яны адрозніваліся, большая частка з іх былі невялікія. Гэта былі паселішчы з некалькіх вуліц з 200 – 300 дварамі. Найбольш буйнымі гарадамі на тэрыторыі Беларусі ў гэты час былі Вільня, Полацк, Магілёў, Віцебск, Мінск, Брэст, Гародня, Слуцк, Новагародак. Павялічваліся і паселішчы гарадскога тыпу – мястэчкі. Гарады і мястэчкі ўзнікалі як на дзяржаўных, так і на прыватнаўласніцкіх землях. Мястэчкі ў асноўным належалі феадалам. Каля 40% усіх гарадоў таксама былі прыватнаўласніцкімі. Гарады, што належалі феадалам, былі адміністрацыйнымі, гаспадарчымі і культурнымі цэнтрамі іх зямель. Жыхары гэтых гарадоў неслі феадальныя павіннасці на карысць свайго гаспадара.

Разам з прыватнаўласніцкімі былі і дзяржаўныя, ці велікакняжацкія гарады. Іх насельніцтва лічылася асабіста вольным. Аднак у ХVІ ст. у гэтых гарадах з’явіліся ўладанні свецкіх і духоўных феадалаў разам з залежным ад іх насельніцтвам. Прыватныя ўладанні ў велікакняжацкіх гарадах атрымалі назву “юрыдык”. Яны складалі адасобленую частку горада і не падпарадкоўваліся ўладзе гарадскога самакіравання. Да другой паловы ХVІ ст. магдэбургскае права атрымалі амаль усе буйнейшыя гарады Беларусі.

Гарадское самакіраванне мела свае асаблівасці. Галоўным органам адміністрацыйнага кіравання горада быў магістрат. Ён складаўся з Рады (выбарнага органа кіравання) і лавы (суда). На чале Рады стаяў войт, як правіла, прызначаны вялім князем. Члены Рады – райцы – выбіраліся з ліку заможных гараджан. Радзе належалі не толькі функцыі кіраванні жыццём горада, але і суда. Але ж судовыя функцыі яна выконвала толькі па маёмасных і грамадзянскіх справах. Крымінальныя справы разбіраліся лавай. Члены лавы – лаўнікі – выбіраліся гараджанамі. Месцам знаходжання Рады ў гарадах былі адмыслова пабудаваныя для гэтай мэты будынкі – ратушы.

Насельніцтва гарадоў фарміравалася за кошт беглых сялян, з рамеснікаў, пераселеных феадаламі ў горад, а таксама за кошт натуральнага прыросту. Сярод жыхароў гарадоў большасць (каля 80%) складалі беларусы. Акрамя таго тут жылі рускія, украінцы, літоўцы, палякі, яўрэі, немцы, татары. Большую частку насельніцтва складалі рамеснікі і гандляры. Жыхары гарадоў і мястэчак называліся мяшчанамі.

Рамеснікі адной спецыяльнасці былі аб’яднаныя ў цэхі. Яны ствараліся з мэтай абароны грамадскіх, палітычных і маёмасных правоў рамеснікаў. Гэта былі своеасаблівыя манапалізаваныя структуры, якія дапамагалі сваім стваральнікам пазбегнуць канкурэнцыі, а таксама засцерагчы мясцовы гарадскі рынак ад вырабаў іншагародніх і іншаземных рамеснікаў. У час ваенных дзеянняў цэхі пераўтвараліся ў вайсковыя атрады.

У ХІV – ХVІ стст. развіваўся ўнутраны і знешні гандаль на беларускіх землях. Таргі і кірмашы сталі атрыбутам гаспадарчай дзейнасці гарадоў і мястэчак. Таргі, як правіла, наладжваліся 1 – 2 разы на тыдзень. Кірмашы існавалі толькі ў буйных гарадах і ладзіліся раз у год. На знешні рынак Беларусь пастаўляла жыта, сала, лес, паташ, футра, скуры, вырабы рамеснікаў. Імпартавалася жалеза, медзь, волава, свінец, металічныя вырабы, фламандскае і англійскае сукно, галандскае палатно, віно, соль, селядцы, прадметы раскошы.

Такімі былі асноўныя асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў ХІV – ХVІ стст. Мацнела феадальная залежнасць сялян ад феадалаў. Ішоў працэс іх асабістага запрыгоньвання. Цэнтрамі культурнага жыцця, развіцця рамёстваў і гандлю станавіліся гарады. Узрастала іх роля ў эканоміцы Беларусі.

ГЛАВА 4. ФАРМІРАВАННЕ БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАСЦІ. КУЛЬТУРА БЕЛАРУСІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХІІІ – ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ ХVІ стст.

§ 1. Фарміраванне беларускай народнасці

Народнасць – форма моўнай, тэрытарыяльнай, эканамічнай і культурнай супольнасці людзей, якая ўтвараецца гістарычна ў выніку кансалідацыі, зліцця плямён і папярэднічае ўтварэнню нацыі. Яна ўласціва рабаўладальніцкаму і феадальнаму ладу. Асноўнымі прыкметамі народнасці з’яўляюцца: адносная агульнасць мовы, агульнасць тэрыторыі, культуры, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Працэс фарміравання беларускай народнасці заняў дастаткова працяглы перыяд і адбываўся пад уздзеяннем геаграфічна-кліматычных, сацыяльна-эканамічных, палітычных, царкоўна-рэлігійных фактараў, а таксама агульнаеўрапейскіх этнічных тэндэнцый.

Вядома, што на мяжы ІІІ – ІІ тыс. да н.э. сучасную тэрыторыю беларусі засялялі плямёны фіна-уграў, якіх з пачаткам веку металаў змянілі балты. У час “Вялікага перасялення народаў” сюды з поўдня і захаду прыйшлі славяне, якія на працягу V – VІІІ стст. здолелі асіміляваць мясцовае балцкае насельніцтва і ўтварыць новыя раннефеадальныя этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў. У далейшым у перыяд існавання старажытнабеларускіх княстваў адбывалася актыўнае ўзаемадзеянне гэтых супольнасцей, што было выклікана дзяржаўна-палітычнай і канфесійнай інтэграцыяй у межах Кіеўскай Русі. Менавіта ў гэты перыяд завяршылася складванне тыповых для славян рыс культуры, мовы і самасвядомасці. Разам з тым прысутнасць у рэгіёне моцных цэнтрабежных тэндэнцый абумовіла адасабленне гэтых тэрыторый. Таму з сярэдзіны ХІІІ ст. і актывізаваўся працэс складвання беларускай народнасці.

Стымулюючым фактарам паскарэння кансалідацыі беларускага этнасу было ўтварэнне ВКЛ, у межах якога былі створаны неабходныя палітычныя ўмовы ўтварэння беларускай народнасці. У межах ВКЛ была створана адзіная сістэма дзяржаўнага кіравання, уведзена адзінае заканадаўства, што сведчыла аб складванні сістэмы палітыка-прававой цэнтралізацыі ў краіне, узмацненні палітычных сувязей паміж яе рознымі тэрыторыямі.

Аднак палітычнае аб’яднанне не знішчыла цалкам лакальнай аўтаномнасці асобных зямель. Наяўнасць жа ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ як аб’яднальных, так і сепаратысцкіх тэндэнцый ускладняла працэс фарміравання беларускай народнасці.

Эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў стала далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства. Узрастала роля буйных гарадоў Беларусі як цэнтраў рэгіянальнага і транзітнага гандлю, сродкаў умацавання тэрытарыяльна-эканамічных сувязей беларускіх зямель. Паступова ў ВКЛ усталявалася адзіная грашовая сістэма, ішоў працэс усталявання гандлёва-вымяральных стандартаў. Развіццё таварна-грашовых адносін і ўнутраных гаспадарчых сувязей садзейнічала інтэнсіфікацыі інтэграцыйных этнічных працэсаў у межах дзяржавы. Аднак працэсы гэтыя на ўзроўні дзяржавы стрымліваліся існаваннем склаўшыхся рэгіянальных, лакальных рынкаў.

Што датычыць сацыяльных фактараў, то далейшае развіццё феадальных адносін, паступовае ўсталяванне прыгоннага права садзейнічалі кансалідацыі шматлікіх катэгорый насельніцтва зямель Беларусі ў сацыяльныя групы з агульнымі правамі і абавязкамі для кожнай з іх. Сфарміраваліся чатыры асноўных саслоўі: шляхта, духавенства, мешчанства і сялянства. Гэты працэс садзейнічаў усталяванню больш шырокіх сувязей у межах кожнага саслоўя і паміж імі.

Пэўную этнакансалідуючую ролю адыгрываў канфесійны фактар. Канфесійныя антагантзмы актывізавалі складанне і ўмацаванне розных форм самасвядомасці насельніцтва. Прыкмета веры станавілася своеасаблівай прыкметай народа, а барацьба за веру з’яўлялася часткай барацьбы за яго самабытнасць.

Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла фарміраванню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, этнічная самасвядомасць і саманазва.

Ядро этнічнай тэрыторыі беларускай народнасці ў асноўных рысах адпавядала арэалам рассялення яе старажытных продкаў – крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Тут адбыліся значныя змены ў мове ўсходнеславянскага насельніцтва. На працягу ХІV – ХV стст. у ёй развіваліся такія спецыфічныя рысы беларускай гаворкі, як цвёрдае “р”, “дзеканне” і “цеканне”, “аканне” і “яканне”, прыстаўныя гукі на пачатку слова. Фарміравалася гутарковая мова як сродак зносін паміж людзьмі. Матэрыяльная і духоўная культура беларускага этнасу базіравалася на шэрагу элементаў, атрыманых у спадчыну са старажытнарускага часу. Другой яе складовай часткай былі новаўводзіны, якія закранулі сямейны і абшчынны побыт, навуку і асвету, фальклор, звычаі і абрады, мастацтва. Трэцяй часткай комплексу культуры былі элементы, запазычаныя ў суседніх народаў.

У ХV – ХVІ стст. на тэрыторыі Беларусі з’явіўся шэраг новых тыпаў пасяленняў: мястэчка, фальварак, засценак, ваколіца. Змянілася планіроўка вёсак ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Гэтаму спрыяла правядзенне аграрнай рэформы 1557 г., калі ў гэтых раёнах было ўведзена падворнае землекарыстанне і распаўсюдзіўся пагонны тып двара з уласцівым яму размяшчэннем пабудоў у адзін рад. У Паўночнай і Усходняй Беларусі ўсталяваўся пераважна вяночны тып двара з размяшчэннем пабудоў па перыметры.

На ўсёй тэрыторыі Беларусі склаўся цэлы комплекс сельскагаспадарчых прылад працы (літоўская саха, драўляная частаплеценая барана, матыка, серп, цэп і інш.), дапаможных гаспадарчых пабудоў, ветраных і вадзяных млыноў.

У гэты час зацвердзіліся характэрныя для нашай тэрыторыі строі народнага адзення. На ўсёй тэрыторыі Беларусі былі распаўсюджаны саматканыя суконныя спадніцы з клятчатай ці паласатай тканіны, стракатыя безрукаўкі, світкі, упрыгожаныя кажухі.

У ХV – ХVІ стст. склалася і своеасаблівая духоўная культура новага этнасу. Былі выпрацаваны асноўныя віды і жанры беларускага фальклору: чарадзейныя казкі, абрадавая паэзія, песні (хрэсьбінныя, калыханкі, хаўтурныя, песні-плачы, валачобныя, вясельныя, жніўныя, жартоўныя). Узнік і новы эпічны жанр – гістарычныя песні і паданні. Жыццёвы і гаспадарчы вопыт народа знайшоў свай ўвасабленне ў шматлікіх прыказках, прымаўках і загадках.

Першымі тэатральнымі відовішчамі былі карагоды, народныя гульні, прадстаўленні скамарохоў. Паступова ў карагодзе зараджалася драматычнае дзеянне, якое адлюстроўвала розныя бакі жыцця. Узнік таксама народны лялечны тэатр – батлейка. У ХVІ ст. з’явіліся і новыя музычныя інструменты – скрыпка, цымбалы, дудка.

Адным са значных кампанентаў народнасці з’яўляецца самасвядомасць. У ВКЛ жыхар беларускіх зямель адрозніваў сябе ад іншых народаў. Значны час насельніцтва беларускай тэрыторыі ВКЛ называла сябе рускім і сваю мову рускай. Гэта ў значнай ступені было абумоўлена тым, што насельніцтва гэтых зямель у пераважнай большасці прытрымлівалася праваслаўя, або рускай веры. У выніку склалася так, што самасвядомасць і саманазва ў беларусаў фарміравалася пазней за іншыя этнічныя прыкметы. Але трэба адзначыць, што “рускае” насельніцтва ВКЛ ужо ў той час адрознівала сябе ад жыхароў Маскоўскай дзяржавы.

Такім чынам, у ХV – ХVІ стст. завяршыўся працэс фарміравання беларускага этнасу пад уздзеяннем розных этнаўтвараючых фактараў.

 

§ 2. Культура Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст.

Беларусь у складзе ВКЛ уяўляла сабой рэгіён, адкрыты для знешняга культурнага ўздзеяння. Аднак адной з асноўных крыніц фарміравання самабытнай беларускай культуры быў фальклор, які служыў сродкам захавання нацыянальных традыцый і адыграў вырашальную ролю ў станаўленні беларускай мовы. Гістарычны шлях развіцця культуры Беларусі ішоў праз засваенне і развіццё каштоўнага народнага мастацкага вопыту.

Беларуская культура мела ў асноўных рысах сярэдневяковы характар, развівалася на феадальна-прыгоннай аснове. Культурныя здабыткі з’яўляліся прывілеяй вышэйшых саслоўяў. Значны ўклад у развіццё асветы, грамадска-палітычнай думкі, літаратуры, дойлідства, жывапісу, музыкі ўнесла царква. Калі праваслаўная царква з’яўлялася носьбітам візантыйска-старажытнарускіх традыцый, то каталіцкая прыўносіла элементы польскай і пераважна заходнееўрапейскай культуры. Геапалітычнае становішча Беларусі абумовіла яе ролю культурнага пасрэдніка паміж праваслаўным Усходам і каталіцкім Захадам. Гэта вяло да ўзаемаўзбагачэння розных культур здабыткамі іншых культурных асяродкаў.

Развіццё старабеларускай мовы, літаратуры, летапісання.У другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст. паралельна з працэсам стварэння беларускай арыгінальнай літаратуры ішло развіццё старабеларускай літаратурнай мовы, якая замацоўвала характэрныя асаблівасці гаворкі насельніцтва Беларусі.

Пісьмовыя помнікі з беларускамоўнай асновай умоўна можна падзяліць на тры групы: юрыдычна-дзелавыя, свецка-мастацкія і канфесійныя. З часоў Старажытнай Русі на беларускіх землях захавалася сістэма пісьмовага двухмоўя, калі старажытная славянская літаратурная мова задавальняла духоўныя інтарэсы і дзелавыя патрэбы насельніцтва, а царкоўнаславянская выкарыстоўвалася ў набажэнстве і рэлігійнай літаратуры. Паступова царкоўнаславянская мова страчвала на Беларусі свае пазіцыі. З’явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы. Аб гэтым сведчыць мова такіх твораў канфесійнай літаратуры ХV ст. як “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, “Пакуты Хрыста” і інш.

Найбольш адчувальна на гаворку народа рэагавала юрыдычна-дзелавая пісьменнасць. Асноўнымі цэнтармі яе былі дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцылярыі. Велікакняжацкая канцылярыя мела свой архіў, які называўся “Метрыкай Вялікага княства Літоўскага”. Большасць актаў і грамат ВКЛ у ХІV – ХVІ стст. былі напісаны кірыліцай на старабеларускай мове. Старабеларуская мова – афіцыйная мова дзяржаўных дакументаў і заканадаўства – канчаткова сфарміравалася ў ХVІ ст.

Прамежкавае становішча паміж юрыдычна-дзелавой пісьменнасцю і канфесійнай займала мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў. У ХІІІ – ХVІ стст. на Беларусі па‑ранейшаму была шырока распаўсюджана царкоўна-рэлігійная літаратура: кнігі Бібліі, жыціі святых, апокрыфы. Творы былі перакладныя ці арыгінальныя. Сярод свецкіх літаратурных твораў асаблівай папулярнасцю карысталіся такія перакладныя рэчы, як “Александрыя”, “Троя”, “Трыстан і Ізольда” і г.д.

З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы – гістарычна-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах.

Беларуска-літоўскія летапісы падзяляюцца на 4 групы: “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”, “Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.”, “Хроніка Вялікага княства Літоўскга і Жамойцкага”, “Хроніка Быхаўца”.

“Летапісец вялікіх князёў літоўскіх” – адзін з першых твораў уласнабеларускай гістарычна-дакументальнай літаратуры. Ён быў напісаны невядомым аўтарам каля 1430 г. у Смаленску ў форме суцэльнага апавядання без выкарыстання дат. Тут выкладаецца гісторыя ВКЛ з 1341 г. (ад смерці Гедыміна) да канца ХІV ст. Асноўную ўвагу храніст надаў апісанню барацьбы за ўладу паміж Кейстутам і Ягайлам, шмат расказваў пра дзейнасць Вітаўта. Галоўная ідэя “Летапісца …” – абгрунтаванне цэнтралізатарскай палітыкі літоўскіх вялікіх князёў.

“Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г.” – помнік першага беларускага летапіснага звода. Храналагічна ён ахоплівае перыяд ад сярэдзіны ХІ ст. да 1446 г. У ім змешчаны як рускія летапісы, так і творы мясцовага паходжання: “Смаленская хроніка”, “Пахвала Вітаўту”, “Летапісец вялікіх князёў літоўскіх”.

У пачатку ХVІ ст адбыліся некаторыя змены ў летапісным жанры: аўтары сваю ўвагу амаль цалкам сканцэнтравалі на гісторыі ВКЛ. У 20‑я гг. ХVІ ст. была сворана “Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”, дзе выкладалася гісторыя ВКЛ ад легендарнага князя Палемона да Гедыміна. У гэтым творы, напісаным у жанры гістарычнай аповесці, сцвярджалася паходжанне літоўскіх князёў ад рымскіх арыстакратаў.

“Хроніка Быхаўца” – яшчэ адзін найбольш поўны агульнадзяржаўны летапісны звод. Сваю назву яна атрымала ад прозвішча пана А. Быхаўца, якому належаў адзіны вядомы рукапісны экземпляр. “Хроніка” апісвае падзеі палітычнай гісторыі ВКЛ ад легендарных часоў да пачатку ХVІ ст. У ім упершыню была створана найбольш поўная сістэматызаваная палітычная гісторыя ВКЛ на працягу значнага прамежку часу. Цэнтральная тэма твора – ваенна-патрыятычная. Храніст шмат увагі надаў апісанню паходаў і бітваў, ратных подзвігаў суайчыннікаў.

У другой палове ХVІ ст. летапісы пачалі паволі адміраць, саступаючы месца іншым гістарычным творам.

Пачатак Адраджэння на Беларусі. Узнікненне кнігадрукавання. Ф. Скарына і М. Гусоўскі.

Беларускую культуру не абмінула такая з’ява як Адраджэнне, або Рэнесанс – эпоха станаўлення і росквіту ранняй буржуазнай культуры. Адраджэнне было абумоўлена якаснымі зменамі ў эканамічным і палітычным жыцці краін: зараджэннем капіталістычных адносін, фарміраваннем нацыянальных дзяржаў і абсалютных манархій, узмацненнем антыфеадальнай і рэлігійнай барацьбы. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, з’яўленне кнігадрукавання, развіццё навукі і тэхнікі прывялі да ўзнікнення новай, пераважна свецкай культуры. На гэтай аснове сфарміраваўся новы, гуманістычны светапогляд. Гуманізм – філасофска-светапоглядная пазіцыя, яка сцвярджае высокую годнасць чалавека – творцы зямнога шчасця, прызнае права на свабоднае развіццё яго здольнасцей, абараняе ідэалы справядлівасці, чалавекалюбства, свабоды і дасканаласці асобы.

У канцы ХV – пачатку ХVІ ст. склаліся перадумовы Рэнесанса на Беларусі: рост гарадоў, фарміраванне беларускай народнасці, ажыўленне грамадска-палітычнай дзейнасці і г.д.

Прадстаўніком рэнесансавай культуры на Беларусі быў першадрукар, гуманіст і асветнік Францыск Скарына (каля 1490 – каля 1551 гг.)

У Празе Ф. Скарына пры дапамозе заможных віленскіх і полацкіх мяшчан заснаваў друкарню. Тут 6 жніўня 1516 г. выйшла з друку першая кніга “Псалтыр”. Першадрукар выдаў пераважную частку Старога Запавету Бібліі, прычым выбраў найбольш важныя кнігі.

У 1520 г. Ф. Скарына пераехаў у Вільню, дзе ў 1522 г. выйшла ў свет “Малая падарожная кніжка” – зборнік рэлігійных і свецкіх твораў. Як і апошняе выданне Ф. Скарыны “Апостал” (1525 г.), “Малая падарожная кніжка” была больш таннай, а значыць і больш даступнай шырокаму колу насельніцтва.

Ф. Скарына выступіў стваральнікам навога літаратурнага жанру – прадмоў. Яны змяшчалі ў сабе кароткі змест твора. Ф. Скарына ўнёс значны ўклад у распрацоўку беларускай літаратурнай мовы.

Выдатным дзеячам беларускай культуры быў паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай літаратурнай школы М. Гусоўскі. Нарадзіўся ён у сям’і велікакняжацкага лоўчага і атрымаў адукацыю ў ВКЛ, Польшчы, Італіі.

У 1518 г. М. Гусоўскі трапіў у Рым у складзе польскай дыпламатычнай місіі. Па заказу папы рымскага Льва Х у 1522 г. М. Гусоўскі стварыў свой лепшы твор “Песня пра постаць, дзікасць зубра і паляванне на яго”. Напісаная на класічнай латыні, паэма не засталася толькі апавяданнем пра паляванне на зубра, яна стала творам, дзе адлюстравана жыццё народа і лёс краіны ў пераломны момант гісторыі. Праз усе часткі паэмы праходзіць тэма Радзімы, а зубр выступае як алегарычны вобраз роднага краю.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва.

На працэс станаўлення і развіцця беларускай архітэктуры і выяўленчага мастацтва значна паўплывалі старажытнарускія традыцыі, а таксама лепшыя дасягненні архітэктуры і мастацтва заходнееўрапейскіх краін. Шырокае распаўсюджанне на Беларусі набыла готыка – мастацкі стыль, запазычаны з Заходняй Еўропы. Найбольш тыповыя гатычныя пабудовы вылучаліся вялікай вышынёй, стромкім сілуэтам і вертыкальнымі лініямі, вузкімі стрэльчатымі парталамі і вокнамі з каляровымі вітражамі, высокімі вежамі.

Готыка на Беларусі была прадстаўлена шматлікімі абарончымі збудаваннямі – замкамі, якія адначасова з’яўляліся адміністрацыйнымі, палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі. Мураваныя замкі пачалі будавацца ў першай палове ХІV ст. Узнікла абарончая сістэма замкаў у Лідзе, Новагародку, Крэве, Вільні і Троках.

Абарончая сістэма складалася з замкаў розных тыпаў. Адны з іх будаваліся на ўзвышшах, другія размяшчаліся ў нізіннай балоцістай мясцовасці на штучным насыпе. Гэта быў новы тып замкаў – кастэлі. Да тыпу кастэляў належалі, напрыклад, Лідскі замак, пабудаваны ў 30‑я гг. ХІV ст., замак у Крэве, які спалучаў рысы абарончага збудавання і велікакняжацкай рэзідэнцыі.

Акрамя будаўніцтва кастэляў, перабудоўваліся і старыя драўляныя замкі. Да іх адносіўся і Новагародскі замак, які існаваў у Х – ХVІІ стст. Ён пэўны час з’яўляўся рэзідэнцыяй вялікіх князёў лістоўскіх, шмат разоў перабудоўваўся.

У пачатку ХVІ ст. з’явіўся Мірскі замак, пабудаваны маг



Дата добавления: 2022-02-05; просмотров: 339;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.035 сек.