ГЛАВА 3. БЕЛАРУСЬ НА МІЖНАРОДНАЙ АРЭНЕ
§ 1. Удзел БССР у барацьбе міжнароднага супольніцтва за вырашэнне глабальных сацыяльна-палітычных праблем, за мір і бяспеку
1 лютага 1944 г. Вярхоўны Савет СССР прыняў закон, па якому ўсе саюзныя рэспублікі атрымалі права ўступаць у непасрэдныя зносіны з замежнымі дзяржавамі, заключаць з імі пагадненні і абменьвацца консульскімі і дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі.
У сакавіку 1944 г. быў створаны Народны камісарыят (з 1946 г. – Міністэрства) замежных спраў Беларусі. Першым міністрам стаў К. Кісялёў.
Беларусь увайшла ў лік першапачатковых членаў ААН. Уключэнне БССР у склад краін-стваральніц ААН было абумоўлена прызнаннем вялікага ўкладу яе ў разгром агульнага ворага – фашысцкай Германіі, а таксама вялікіх і цяжкіх людскіх і матэрыяльных страт у час вайны.
Палітычныя, эканамічныя, культурныя адносіны звязвалі Беларусь з краінамі свету. Ужо 9 верасня 1944 г. было заключана першае пагадненне паміж урадам БССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення аб эвакуацыі беларускага насельніцтва з тэрыторыі Польшчы і польскіх грамадзян з тэрыторыі Беларусі. Пазней, 25 лістапада 1945 г., быў падпісаны дадатковы пратакол гэтага пагаднення.
Прадстаўнікі беларускай грамадскасці прымалі ўдзел у стварэнні і дзейнасці такіх міжнародных дэмакратычных арганізацый як Сусветная арганізацыя прафсаюзаў (1945), Міжнародная дэмакратычная арганізацыя жанчын (1945), Сусветная арганізацыя дэмакратычнай моладзі (1945), Сусветны Савет Міру (1948) і інш.
БССР настойліва і паслядоўна выступала за пакаранне ваенных злачынцаў. Яе прапановы былі вынесены на разгляд першай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1946). У выніку 13 лютага 1946 г. ААН прыняла рэзалюцыю “Аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў”. Усе краіны міжнароднага супольніцтва павінны былі зрабіць захады па затрыманні ваенных злачынцаў і неадкладнай высылцы іх у тыя месцы, дзе імі былі ўчынены забойствы. Аднак гэта рашэнне ААН не было выканана поўнасцю. Шмат ваенных злачынцаў збеглі з Еўропы і знайшлі надзейны прытулак у ЗША, Канадзе, Лацінскай Амерыцы, Аўстраліі.
Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у Парыжскай мірнай канферэнцыі, разам з СССР падтрымала ідэю стварэння дзяржавы Ізраіль.
З другой паловы 40-х гадоў пачалася т. зв. “халодная вайна”. І ў 50-я гады міжнароднае становішча заставалася напружаным.
У 1954 г. Беларусь стала пастаянным членам ЮНЭСКА і Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), а ў 1956 г. уступіла ў камітэт ААН па сельскай гаспадарцы і жыллёваму будаўніцтву. Рэспубліка ўдзельнічала ў вырашэнні рознабаковых праблем жыцця міжнароднага супольніцтва. З 1951 па 1958 г. яе прадстаўнікі працавалі ў 8 чарговых і 3 надзвычайных Генеральных Асамблеях ААН, больш за 100 міжнародных канферэнцыях і нарадах.
Дзякуючы сумесным паслядоўным намаганням пастаянных членаў ААН, у іх ліку і Беларусі, у гэты перыяд адбывалася часовае аслабленне міжнароднай напружанасці.
У сакавіку 1958 г. было адкрыта пастаяннае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН, што садзейнічала пашырэнню ўдзелу Беларусі ў вырашэнні складаных праблем. Прадстаўніцтва пачало ажыццяўляць каардынацыю дзейнасці дзяржаўных і грамадскіх арганізацый БССР з асноўнымі органамі ААН, распаўсюджваць сярод насельніцтва краін свету інфармацыю аб палітычным, эканамічным і культурным жыцці беларускага народа.
Беларусь як член ААН аказвала дапамогу краінам, якія вызваліліся ад каланіяльнай залежнасці, не толькі ў іх нацыянальным вызваленні, але і ў абароне іх дзяржаўнай незалежнасці, развіцці прамысловасці, сельскай гаспадаркі, культуры. Так, у ліпені 1952 г. на ХІІІ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН беларуская дэлегацыя ўнесла прапанову адносна выкарыстання ў развіваючыхся краінах замежнага прыватнага капіталу. Змест яе праследаваў мэту паказаць гэтым краінам тыя негатыўныя з’явы, якія чакаюць іх у будучым з выпадку грабежніцкага выкарыстання багатых прыродных рэсурсаў. Генеральнаму сакратару ААН даручалася забяспечыць вывучэнне ўмоў пагадненняў, якія рэгламентавалі б дзейнасць замежных прыватных кампаній. Аднак прапанова беларускай дэлегацыі не была падтрымана іншымі членамі ААН. Спатрэбіўся час, каб пазней, у 70-х гадах, яна прыняла рашэнні, якія прадугледжвалі атрыманне развіваючыміся краінамі сваёй часткі прыбытку замежнага капіталу ад скарыстання іх прыродных рэсурсаў.
Сусветнае супольніцтва хвалявала і вырашэнне такіх праблем, як барацьба супраць голаду, хвароб, за захаванне навакольнага асяроддзя. Так, Беларусь першай у 1959 г. на ХІХ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН унесла прапанову аб заахвочванні навуковых пошукаў у галіне барацьбы з ракам. Прапанова атрымала падтрымку з боку ўсіх краін свету. У лістападзе 1959 г. Асамблея прыняла рашэнне, якое прызначала выданне грашовай прэміі агульнай сумай у 100 млн дол. за лепшыя навукова-даследчыя працы па вывучэнні прычын ракавых захворванняў, барацьбы з імі.
У канцы 50 – пачатку 60-х гадоў адбываюцца новыя змены ў міжнародным супольніцтве. Часова скарачаецца доля ЗША ў эканоміцы міравой сістэмы капіталізму.
Беларусь як член ААН разам з іншымі краінамі рашуча выступіла за спыненне баявых дзеянняў у Індакітаі.
Беларусь актыўна выступала за поўную ліквідацыю каланіялізму ў свеце. На XV сесіі Генеральнай Асамблеі (1960) яна разам з СССР і Украінай унесла прапанову прыняць Дэкларацыю аб прадастаўленні незалежнасці ўсім каланіяльным краінам і народам. Прапанова была падтрымана большасцю членаў ААН. Дэкларацыя з’явілася высновай для канчатковай ліквідацыі каланіялізму ў свеце.
БССР прымала ўдзел у распрацоўцы і прыняцці ў 1968 г. ХХІІ сесіяй ААН Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі. Па ўмовах гэтага дагавора ўсе неядзерныя дзяржавы абавязваліся не вырабляць, не размяшчаць, не выкарыстоўваць ядзернай зброі. Свае абавязацельствы рэспубліка выконвае паслядоўна. У 1990 г. яна абвясціла аб статусе бяз’ядзернай дзяржавы, а ў 1994 г. замацавала яго ў новай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Улічваючы пагрозу выкарыстання ядзернай зброі, Беларусь далучылася да шэрага міжнародных дагавораў, у іх ліку: “Аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па вывучэнні і выкарыстанні касмічнай прасторы, уключаючы Луну” (1967), “Аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў, у яго нетрах ядзернай зброі і іншых сродкаў масавага знішчэння людзей” (1971), “Канвенцыя аб забароне бактэрыялагічнай (біялагічнай) і таксічнай зброі” (1972), “Канвенцыя аб забароне ваеннага або ўсялякага іншага варожага выкарыстання сродкаў уздзеяння на прыроднае асяроддзе” (1977) і інш.
БССР з’яўлялася членам міжурадавай арганізацыі ЮНЭСКА – аднаго са спецыялізаваных органаў ААН. Галоўнай мэтай гэтай арганізацыі, акрамя развіцця адукацыі, навукі і культуры, было садзейнічанне ўмацаванню міру і бяспекі.
Прадстаўнікі Беларускага камітэта абароны міру ў 1973, 1979 гг. удзельнічалі ў рэйдах міру па краінах Паўночнай Еўропы.
Значным дасягненнем краін-удзельніц ААН, у тым ліку і Беларусі, з’явілася правядзенне ў 1975 г. нарады па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, на якой прысутнічалі кіраўнікі 33 еўрапейскіх дзяржаў, ЗША і Канады.
Хельсінкская нарада сведчыла аб уступленні Еўропы ў новы гістарычны перыяд разрадкі міжнароднай напружанасці.
На мяжы 70–80-х гадоў разрадка міжнароднай напружанасці змянілася абвастрэннем адносін паміж ЗША і СССР.
Дэлегацыі Беларусі ў ААН даводзілася разам з іншымі весці барацьбу за спыненне выкарыстання касмічнай прасторы ў ваенных мэтах. Гэта было звязана з тым, што з прыходам да ўлады прэзідэнта Р. Рэйгана ЗША пачалі ажыццяўляць праграму “зоркавых войнаў” з выкарыстаннем ядзернай зброі. Таму ў 1981–1985 гг. беларуская дэлегацыя разам з украінскай і іншымі ў розных рэдакцыях выносіла на абмеркаванне ААН амаль адны і тыя ж прапановы аб забароне выкарыстання касмічнай прасторы ў ваенных мэтах. Аднак гэта праблема не вырашалася. Толькі ў 1993 г. ЗША прынялі рашэнне аб спыненні выкарыстання праграмы “зоркавых войнаў”.
Такім чынам, з’яўляючыся пастаянным членам ААН, БССР на працягу 1945–1985 гг. прымала актыўны ўдзел у распрацоўцы і ажыццяўленні рашэнняў гэтай арганізацыі па самых разнастайных праблемах жыцця міжнароднага супольніцтва.
§ 2. Развіццё гандлёва-эканамічных адносін БССР з замежнымі краінамі
Важнае месца ў міжнароднай дзейнасці БССР займала развіццё эканамічных сувязей з замежнымі краінамі. Гаворачы аб гэтым, неабходна ўлічваць геапалітычнае становішча Беларусі. Праз яе тэрыторыю праходзілі шляхі зносін з Усходу на Захад і з Поўначы на Поўдзень. Шырокая сетка аўтамабільных, чыгуначных, паветраных, водных шляхоў зносін давала магчымасць ёй весці рознабаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва як з былымі рэспублікамі СССР, так і з еўрапейскімі краінамі.
Беларусь, як і іншыя саюзныя рэспублікі былога СССР, не мела самастойнага выхаду за мяжу ў эканамічных адносінах. Рэалізацыяй тавараў, вырабленых на экспарт прадпрыемствамі рэспублікі, займаліся Міністэрства замежнага гандлю СССР і яго знешнегандлёвыя аб’яднанні. Беларусь выступала ў якасці пастаўшчыка тавараў па заказах гэтых ведамстваў.
Уступленне ў ААН, развіццё эканомікі ў пасляваенны перыяд дазволілі Беларусі выйсці на шлях шырокага эканамічнага супрацоўніцтва з сацыялістычнымі, капіталістычнымі і развіваючыміся краінамі.
У студзені 1949 г. быў створаны Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). У яго ўвайшлі СССР, Польшча, Балгарыя, Венгрыя і іншыя краіны Усходняй Еўропы. Пазней далучыліся ГДР, Куба, В’етнам. Галоўнай мэтай дзейнасці СЭУ з’яўлялася развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, абмен вытворчым вопытам, перадача навукова-тэхнічнай інфармацыі, прамысловая кааперацыя, пашырэнне эканамічнай інтэграцыі ў розных галінах вытворчасці і г.д.
З гэтага моманту пачынаецца новы перыяд знешнеэканамічных адносін Беларусі з замежнымі краінамі. Эканоміка рэспублікі як састаўная частка адзінага гаспадарчага комплексу СССР была ўключана ў знешнеэканамічныя сувязі з рознымі краінамі свету.
У 1952 г. у Мінску было створана аддзяленне Усесаюзнай гандлёвай палаты, праз якое ажыццяўлялася мэтанакіраваная палітыка ў галіне знешнеэканамічных адносін.
Павялічыліся пастаўкі машын і прамысловага абсталявання з рэспублікі перш за ўсё сацыялістычным краінам Еўропы. Вялікім попытам карысталася прадукцыя такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, МТЗ, Гомсельмаш, станкабудаўнічых заводаў Мінска, Віцебска і інш. На долю краін СЭУ прыпадала звыш 2/3 экспартных паставак з БССР.
У другой палове 50-х гадоў прадукцыя больш за 120 прадпрыемстваў рэспублікі пастаўлялася на экспарт. Значна пашыраліся пастаўкі аўтамабіляў, самазвалаў, трактароў, металарэзных станкоў, снегаачышчальнікаў, падшыпнікаў, электраабсталявання, радыётэхнікі, швейных вырабаў. Галоўнае месца ў структуры экспарту займалі вырабы машынабудавання і металаапрацоўкі, якія павялічыліся амаль у 3 разы.
Беларусь не толькі пастаўляла вырабы на экспарт, але і атрымлівала імпартную прадукцыю. Перш за ўсё гэта былі сельскагаспадарчая тэхніка, сродкі транспарту і сувязі, медыцынская абсталяванне, прамысловыя і харчовыя тавары, сыравіна для лёгкай і харчовай прамысловасці. У 50-х гадах Беларусь атрымлівала з Егіпта, Сірыі, Ірана, Афганістана, Пакістана баваўняную сыравіну, з Індыі, Марока, Аргенціны, Уругвая – воўну і шарсцяное прадзіва, з Інданезіі і Малайзіі – натуральны каўчук, з Ганы, Нігерыі, Бразіліі, Эквадора – сыравіну для кандытарскай прамысловасці і г.д.
У другой палове 60-х годоў павялічваецца аб’ём гандлёвых паставак беларускіх тавараў у капіталістычныя краіны, асабліва па доўгатэрміновых пагадненнях. Значным попытам карысталіся металаапрацоўчыя станкі, якія набывалі фірмы 14 капіталістычных краін, у тым ліку Англіі, ФРГ, Аўстрыі, Японіі, Даніі і інш. Экспарт трактароў павялічыўся больш чым утрая. Яны пастаўляліся ў 11 капіталістычных краін. Сярод іх былі Канада, Фінляндыя, Швецыя і інш.
У 70-я гады эканоміка Беларусі ўсё больш і больш інтэгрыравалася не толькі ў агульнасаюзную, але і ў эканоміку сацыялістычных еўрапейскіх краін. Рэспубліка з’яўлялася актыўным удзельнікам стварэння адзінай энергетычнай сістэмы “Мір”, будаўніцтва нафтаправода “Дружба”, газаправода ў Заходнюю Еўропу. З Беларусі ў сацыялістычныя краіны пастаўляліся навейшае абсталяванне для будаўніцтва энергетычных аб’ектаў, прадпрыемстваў металургічнай і металаапрацоўчай галін прамысловасці, мінеральныя ўгнаенні, тавары народнага спажывання і г.д.
Вучоныя, канструктары, інжынеры і тэхнікі рэспублікі разам са спецыялістамі шэрагу сацыялістычных краін прынялі ўдзел у распрацоўцы і асваенні адзінай еўрапейскай сістэмы сродкаў вылічальнай тэхнікі. Асноўнымі ўдзельнікамі гэтай працы з’яўляліся калектывы Мінскага завода вылічальнай тэхнікі імя С. Арджанікідзе, інстытутаў электронна-вылічальнай тэхнікі і матэматыкі АН БССР, Мінскага радыётэхнічнага інстытута. Вынікам сумеснай працы з’явілася цэлае пакаленне электронна-вылічальных машын сямейства ЕС.
У пачатку 70-х гадоў на долю беларускага экспарту ў сацыялістычныя краіны прыпадала: электронна-вылічальных машын – 91%, матацыклаў – 88, металарэжучых станкоў – 70, грузавых аўтамабіляў – 56, трактароў – 54%. Усяго больш за 300 прадпрыемстваў Беларусі пастаўлялі сваю прадукцыю прыкладна ў 100 краін свету.
Больш за 80% экспарту ў развіваючыяся краіны прыпадала на стварэнне і развіццё іх нацыянальнай прамысловасці і звязаных з ёй галін вытворчасці. Таму ў беларускім экспарце значнае месца займалі пастаўкі тэхналагічнага абсталявання, прыбораў, вузлоў для будаўніцтва і аснашчэння новых прадпрыемстваў.
Беларусь з’яўлялася надзейным рынкам збыту тавараў з развіваючыхся краін. Толькі ў 1978 г. імпарт з краін Азіі і Афрыкі склаў больш за 9% ад агульнага імпартнага аб’ёму. У рэспубліку паступалі тавары з 23 развіваючыхся краін.
Для паскарэння тэхнічнага прагрэсу ў прамысловасці, іншых галінах гаспадаркі важнае значэнне мелі знешнегандлёвыя і тэхніка-эканамічныя сувязі з развітымі капіталістычнымі краінамі. У 1970–1980 гг. на іх долю прыпадала 22,5% усіх экспартных паставак рэспублікі. Пашырэнню такога супрацоўніцтва спрыяў даволі высокі ўзровень эканамічнага развіцця рэспублікі. Сярод іншых рэспублік былога Саюза ССР Беларусь займала 1-е месца па вытворчасці сіласаўборачных камбайнаў і калійных угнаенняў, 2-е – грузавых аўтамабіляў, хімічных валокнаў, матацыклаў, наручных гадзіннікаў, 3-е – мінеральных угнаенняў, металарэзных станкоў, трактароў, шкла, панчошна-трыкатажных вырабаў, тэлевізараў, мэблі і іншых тавараў. Таму невыпадкова, што прадметамі экспарту ў капіталістычныя краіны, у тым ліку і развітыя, з’яўляліся перш за ўсё трактары, аўтамабілі, бульдозеры, скрэперы, халадзільнікі, станкі-паўаўтаматы, гадзіннікі, азотныя і калійныя ўгнаенні і г.д. Каля паловы экспарту прыпадала на долю машынабудавання – вядучай галіны прамысловасці рэспублікі.
У сваю чаргу, на Беларусі шырока выкарыстоўваліся тэхнічныя вырабы з развітых капіталістычных краін. Абсталяваннем, якое пастаўлялася з Англіі, Францыі, ФРГ, Італіі, іншых краін, забяспечваліся прадпрыемствы хімічнай, радыётэхнічнай, лёгкай, харчовай прамысловасці. Сярод іх былі Полацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы; Гомельскі, Гродзенскі хімічныя камбінаты; Магілёўскі завод сінтэтычнага валакна, Мінскі завод халадзільнікаў, шэраг мясакамбінатаў і малочных заводаў. Увозіліся і тавары шырокага ўжытку.
Развіццю эканамічных адносін Беларусі з рознымі краінамі свету спрыяла тое, што яна актыўна ўдзельнічала ў рабоце шматлікіх міжнародных арганізацый – Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), Эканамічнай камісіі для Еўропы (ЭКЕ), яе камітэтаў па сельскай гаспадарцы, лесаматэрыялах, электраэнергіі, жыллёвым будаўніцтве, Міжнароднага саюза электрасувязі (МСЭ), Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) і інш.
У 1960 г. Беларусь далучылася да канвенцыі 1928 г. аб міжнародных выстаўках. З гэтага моманту яна прымала актыўны ўдзел у рабоце Міжнароднага бюро выставак, адказвала за арганізацыю іх на Беларусі. Толькі ў 60-х гадах у Мінску было праведзена звыш 30 самых разнастайных выставак.
У 70–80-х гадах Беларусь з’яўлялася месцам правядзення спецыялізаваных міжнародных выставак, што сведчыла аб прызнанні яе ўкладу ў тую або іншую галіну навукі і тэхнікі. У Мінску праходзілі выстаўкі: “Бульба-76”, “Парашковая металургія-73, 77”, “Холад-78”, “Мяспроммаш-79” і інш.
§ 3. Культурныя, навуковыя, спартыўныя і турысцкія сувязі БССР
Важнае месца ў супрацоўніцтве з замежнымі краінамі займалі навуковыя, культурныя, спартыўныя і турысцкія сувязі. Іх няспыннае пашырэнне з’яўлялася неад’емнай часткай жыцця рэспублікі, неабходным сродкам умацавання і паглыблення дружалюбных адносін паміж беларускім і іншымі народамі свету. Яны садзейнічалі ўмацаванню даверу, паглыбленню навукова-тэхнічнага і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ў канчатковым выніку захаванню міру і бяспекі паміж народамі.
З 1958 г. пачало дзейнічаць Беларускае таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі (БелТД). Галоўнай мэтай яго з’яўлялася пашырэнне міжнародных сувязей, распаўсюджванне за мяжой праўдзівай інфармацыі аб сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці беларускага народа.
У 70-х гадах на Беларусі дзейнічала каля 100 таварыстваў дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі. Яны мелі адносіны з 400 арганізацыямі амаль 70 краін свету.
Станоўчую ролю ў развіцці адносін Беларусі з іншымі дзяржавамі адыгрываў створаны ў 1958 г. Камітэт маладзёжных арганізацый рэспублікі (КМА БССР). Ён каардынаваў сувязі беларускай моладзі са сваімі паплечнікамі за мяжой.
У 1971–1980 гг. Беларусь наведала каля 100 прафсаюзных дэлегацый амаль з 20 краін Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Прадстаўнікі працоўных калектываў замежных краін знаёміліся з умовамі жыцця і працы розных катэгорый насельніцтва рэспублікі, формамі і метадамі дзейнасці прафсаюзных арганізацый, наведвалі музеі, тэатры, мясціны, звязаныя з гістарычнымі падзеямі беларускага народа.
Дзейснай формай развіцця міжнародных культурных адносін з’яўлялася супрацоўніцтва ў галіне літаратуры. Лепшыя творы вядомых беларускіх пісьменнікаў Я. Купалы, Я. Коласа, К. Крапівы, А. Куляшова, І. Шамякіна, В. Быкава, Н. Гілевіча, П. Панчанкі, А. Макаёнка і іншых перакладаліся на польскую, чэшскую, венгерскую, румынскую і іншыя мовы народаў свету. У 1978 г. у Індыі выйшаў зборнік апавяданняў беларускіх пісьменнікаў пад назвай “Лясная песня”. У яго ўвайшлі творы К. Чорнага, І. Навуменкі, В. Быкава і іншых пісьменнікаў.
Адным з важных накірункаў пашырэння культурных сувязей рэспублікі з замежнымі краінамі з’яўлялася супрацоўніцтва ў галіне адукацыі. Яно ажыццяўлялася ў самых розных формах: узаемадзеяння паміж кіруючымі органамі адукацыі, абмену дэлегацыямі, падрыхтоўкі студэнтаў, вывучэння вопыту працы, перадачы падручнікаў, навуковай, грамадска-палітычнай, мастацкай літаратуры, абсталявання і г.д.
Пашырэнню культурных сувязей Беларусі з замежнымі краінамі садзейнічаў узаемны абмен перыядычнымі выданнямі. Асабліва добра было наладжана гэта супрацоўніцтва з сацыялістычнымі краінамі. Праз сістэму “Саюздруку” штодзённа паступалі насельніцтву Беларусі перыядычныя выданні і часопісы сацыялістычных краін. У сваю чаргу, беларускія газеты і часопісы высылаліся за мяжу. У Мінску выходзіла газета “Голас Радзімы”, якая інфармавала сваіх суайчыннікаў за мяжой аб жыцці беларускага народа.
На Беларусі існавала добрая традыцыя адзначаць знамянальныя святы, прысвечаныя жыццю і дзейнасці выдатных прадстаўнікоў сусветнай культуры. Такія святкаванні былі арганізаваны ў гонар заснавальнікаў славянскай пісьменнасці Кірыла і Мяфодзія, французскага пісьменніка і асветніка Жан-Жака Русо, іспанскага драматурга Лопэ дэ Вега, вынаходніка Галілео Галілея і інш. У гэтыя дні праводзіліся ўрачыстыя пасяджэнні, тэматычныя вечары, навуковыя канферэнцыі, юбілейныя чытанні, выстаўкі і г.д.
Пашыралася такая форма культурнага супрацоўніцтва як правядзенне дзён нацыянальнай культуры. У 70–80-х гадах Дні культуры БССР адбыліся ў Індыі, Іраку, Калумбіі, Мексіцы, Сірыі і іншых краінах. У сваю чаргу на Беларусі праходзілі Дні культуры Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, Венгрыі, Фінляндыі і іншых краін. У гэтыя дні праводзіліся тэматычныя кінафестывалі, выстаўкі кніг, фотаздымкаў, творчыя вечары, сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, мастакамі і іншымі дзеячамі навукі і культуры. Прыязджалі шматлікія дэлегацыі з прадстаўнікоў парламенцкіх і ўрадавых колаў, палітычных і грамадскіх арганізацый, навуковых і культурна-асветных устаноў. Праводзіліся экскурсіі ў музеі, па гістарычных мясцінах, на прадпрыемствы, у навучальныя ўстановы.
Цікавай формай культурных сувязей БССР з замежнымі краінамі з’яўляўся абмен выступленнямі калектываў тэатраў, філармоній, мастацкай самадзейнасці, канцэртных брыгад, асобных выканаўцаў. Перад насельніцтвам рэспублікі ў розныя гады выступалі артысты Сафійскай оперы, дзяржаўнай філармоніі Венгрыі, Дрэздэнскага джазавага аркестра, Славацкага народнага аркестра, зорак польскай эстрады, а таксама ансамблі венгерскай народнай музыкі і танца “Дунай” і “Чардаш”, ансамблі “Рытмы Кубы”, народнай песні і танца Манголіі, танца Гвінейскай Рэспублікі, калектывы з Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Канады, Японіі і іншых краін.
Важным сродкам сувязей паміж народамі з’яўляўся турызм. Колькасць турыстаў штогод павялічвалася. Калі ў 1960 г. ад прафсаюзных арганізацый выязджала за мяжу 535 чалавек, то ў 70-я гады ў сярэднім за год больш за 7 тыс. чалавек.
Значнае месца адводзіла рэспубліка супрацоўніцтву з замежнымі краінамі ў галіне спорту. З 1948 г. сістэмны характар набывае ўдзел беларускіх спартсменаў у разнастайных міжнародных спаборніцтвах. З 1952 па 1980 г. на XV–XXII Алімпійскіх гульнях у складзе зборных каманд СССР удзельнічалі 150 беларускіх спартсменаў, якія выступалі ў 16 відах спорту. Беларускія алімпійцы заваявалі каля 100 медалёў, у тым ліку 50 залатых. Усяму свету добра вядомы імёны пераможцаў Алімпійскіх гульняў А. Раманькова, А. Мядзведзя, В. Корбут і многіх іншых. Па прапанове мэра горада Чыкага дзень 26 сакавіка 1974 г. быў абвешчаны ў ЗША днём Вольгі Корбут. У гэтай краіне было створана больш за 500 спартыўных клубаў В. Корбут па гімнастыцы. ЮНЭСКА прысвоіла ёй ганаровае званне “Пасол міру”.
На тэрыторыі Беларусі праводзіліся шматлікія міжнародныя спартыўныя гульні (турніры фехтавальшчыкаў (1966), па сучаснаму пяцібор’ю (1972), скачках у ваду “Вясеннія ластаўкі” (1972–1980), па біятлону, стральбе з лука і інш.).
У пасляваенны перыяд атрымала распаўсюджванне такая форма міжнародных адносін, як супрацоўніцтва гарадоў-пабрацімаў.
Такім чынам, беларускі народ ажыццяўляў разнастайныя сувязі з народамі краін свету.
РАЗДЗЕЛ X. БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ПРАВЯДЗЕННЯ РЭФОРМ: САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ. ЗАМЕЖНЫЯ СУВЯЗІ. БЕЛАРУСКАЯ ДЫЯСПАРА
(1985 – 2010 гг.)
§ 1. Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення: розныя погляды і меркаванні
Курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця. 10 сакавіка 1985 г. Генеральным сакратаром ЦК КПСС быў выбраны М.С. Гарбачоў. З яго палітычнай і дзяржаўнай дзейнасцю як першага кіраўніка краіны звязана правядзенне шматлікіх рэформ, якія ўрэшце-рэшт прывялі да змены сацыялістычнага дзяржаўнага і грамадскага ладу, да рэстаўрацыі капіталізму ў СССР.
У сярэдзіне 80-х гг. Савецкі Саюз апынуўся ў складаным становішчы. Запавольваліся тэмпы сацыяльна-эканамічнага развіцця, не заўсёды дасягненні навукі і тэхнікі ўкараняліся ў вытворчасць, нізкай была якасць многіх відаў прадукцыі, не хапала высокаякасных тавараў на рынку, па некаторых паказчыках прыпыніўся рост жыццёвага ўзроўню народа. Патрабавалася рэфармаванне палітыка-эканамічнай сістэмы, якая ў аснове сваёй сфарміравалася ў СССР у 1920 – 1930-я гг.
Пленум ЦК КПСС у красавіку 1985 г. прыняў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР. Гэты палітычны курс меркавалася ажыццявіць за кошт трох асноўных фактараў: 1) навукова-тэхнічны прагрэс, прыярытэтнае развіццё машынабудаўнічага комплексу – базы гэтага прагрэсу; 2) структурная перабудова эканомікі – прыпыненне затратнага капітальнага будаўніцтва і выкарыстанне сродкаў, якія вызваляюцца пры гэтым, на тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыю прадпрыемстваў; 3) актывізацыя чалавечага фактару – павышэнне творчай, стваральнай актыўнасці людзей, ўмацаванне працоўнай дысцыпліны, павышэнне зацікаўленасці людзей у выніках працы, актывізацыя руху рацыяналізатараў і вынаходнікаў.
Аднак тагачасная эканоміка СССР была недастаткова ўспрымальнай да новых ідэй, дасягненняў навукі і тэхнікі. У сувязі з ростам і вялікімі маштабамі прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці ўзнікла напружанне ў забеспячэнні яе сыравінай і энергетычнымі рэсурсамі. Зніжэнне цэн на сусветным рынку на сырую нафту прывяло да таго, што ў 1985 – 1986 гг. даходы ад яе экспарту паменшыліся на 1/3 частку. Гэта вельмі ўскладніла закупку абсталявання за мяжой. Ва ўмовах старой сістэмы арганізацыі працы і яе аплаты сур’ёзнай матэрыяльнай зацікаўленасці работнікаў не атрымалася. На справе адбывалася не паскарэнне, а запавольванне сацыяльна-эканамічнага развіцця.
У мэтах паляпшэння якасці выпускаемых вырабаў на прадпрыемствах краіны была ўведзена дзяржаўная прыёмка прадукцыі. Спроба вырашыць праблему якасці заменай ведамаснага кантролю на новую бюракратычную структуру прывяло да разбухання адміністрацыйнага персаналу, парушэння рытмічнасці ў рабоце прадпрыемстваў. Якасць прадукцыі заставалася ранейшай, бо на рынку з‑за дэфіцыту тавараў і паслуг быў даволі высокім спажывецкі попыт на любыя вырабы, у тым ліку і няякасныя.
Незадаволенасць і азлабленне ў большасці насельніцтва краіны выклікала антыалкагольная кампанія, якая праводзілася па ініцыятыве ЦК КПСС у 1985 – 1988 гг. Благародная па сваіх мэтах (барацьба з “народнай бядой” – п’янствам і алкагалізмам) яна праводзілася выключна адміністрацыйна-забарончымі метадамі. У спешным парадку закрываліся магазіны, якія гандлявалі спіртным, а таксама гарэлачныя заводы, у Крыму, Малдавіі і на Доне пачалі высякаць вінаграднікі. Па ініцыятыве мясцовых партыйных і савецкіх органаў былі створаны “зоны цвярозасці”, у якіх гандль спіртнымі напоямі быў цалкам забаронены. Камсамол дапамагаў у арганізацыі “безалкагольных вяселляў”, а на памінкі, юбілеі і з нагоды іншых выпадкаў алкагольныя напоі адпускаліся па спецыяльных спраўках. Масавы характар набыло самагонаварэнне. Антыалкагольная кампанія моцна пахіснула грашова-фінансавую сістэму краіны. Значная частка грошай ад продажу гарэлкі пайшла на ўзбагачэнне “ценявікоў” і карумпіраваных чыноўнікаў.
26 красавіка 1986 г. на Чарнобыльскай АЭС, што на мяжы Беларусі і Украіны, узарваўся чацвёрты энергаблок. Загінулі і атрымалі вялікія дозы выпраменьвання дзесяткі тысяч людзей, значныя тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі падвергліся радыёактыўнаму забруджванню. Тое, што кіраўніцтва СССР не паведаміла адразу аб сапраўдных маштабах трагедыі, з’явілася падставай для крытыкі савецкай сістэмы. Расходы дзяржавы на пераадоленне вынікаў аварыі складалі дзесяткі мільярдаў рублёў.
У 1986 г. курс на “паскарэнне” цалкам праваліўся. Чацвёртая частка прадпрыемстваў не выканала вытворчыя планы, 13 % з іх былі затратнымі. У студзені 1987 г. пачаўся спад вытворчасці, які не ўдалося прыпыніць і які стаў пачаткам глыбокага эканамічнага крызісу. Аднак большасць насельніцтва краіны негатыўныя эканамічныя наступствы закраналі не мацней, чым у ранейшыя гады, а да розных кампаній людзі прывыклі і па вопыту ведалі, што трэба пачакаць і ўсё вярнецца ў ранейшае русла. Таму большасць народа верыла М.С. Гарбачову і працягвала падтрымліваць яго курс.
Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення. ХХVІІ з’езд КПСС (25 лютага – 6 сакавіка 1986 г.) і ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС (28 чэрвеня – 1 ліпеня 1988 г.) удакладнілі палітычны курс і вызначылі палітыку перабудовы, абнаўлення ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства.
Перабудову прадугледжвалася праводзіць у рамках сацыялістычнага выбару, сацыялістычных ідэалаў і каштоўнасцей пад лозунгам: “Больш дэмакратыі, больш сацыялізму”. Яе мэтамі былі пераадоленне дэфармацый сацыялізму, больш поўнае раскрыццё яго патэнцыяльных магчымасцей, дэмакратызацыя ўсіх бакоў жыцця савецкага грамадства, рэфармаванне палітычных інстытутаў дзяржавы. Прадугледжвалася правядзенне выбараў у Саветы ўсіх узроўняў з удзелам некалькіх кандыдатаў.
Для таго каб народ сапраўды паверыў ў безальтэрнатыўнасць перабудовы, яе ініцыятары стваралі міфы і праз сродкі масавай інфармацыі ўносілі ў грамадскую свядомасць. Сярод міфаў, створаных ініцыятарамі перабудовы, – міфы аб крызісных, застойных з’явах у савецкай эканоміцы, аб “цывілізаваным Захадзе” і “нецывілізаваным СССР”, “райскім жыцці” на Захадзе і “пякельным жыцці” у нас (хаця ўзровень жыцця вышэйшы чым у СССР быў толькі ў 15 % насельніцтва Зямлі, а ў 80 % насельніцтва ён быў ніжэйшы, чым у СССР), “сапраўднай дэмакратыі” ў іх і “тыраніі, таталітарызме” у нас і інш. Некаторыя паверылі ў гэтыя міфы і разам з апазіцыяй удзельнічалі ў разбурэнні савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.
У ходзе ажыццяўлення палітыкі перабудовы значна пашырылася самастойнасць прадпрыемстваў і аб’яднанняў у выніку іх пераходу на поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне. Працоўныя калектывы атрымалі права выбіраць кіраўнікоў, рэгуляваць заработную плату і адлічэнні на сацыяльныя патрэбы. Укараняліся прагрэсіўныя формы арганізацыі працы – арэндныя калектывы, гаспадарчыя разліковыя брыгады.
Больш дэмакратычнай станавілася выбарчая сістэма, развіваліся галоснасць і плюралізм думкі, фарміравалася шматпартыйная сістэма. Больш магчымасцей стала для ажыццяўлення дэмакратычных правоў і свабод грамадзян, для творчай дзейнасці.
Разам з тым ў грамадстве з’явіліся капіталістычныя тэндэнцыі, прапагандавалася ўзбагачэнне любымі сродкамі. Многія дырэктары прадпрыемстваў здавалі ў арэнду з правам выкупу частку дзяржаўнай маёмасці, а затым за сімвалічную плату пераводзілі яе ў прыватную ўласнасць. Становішча яшчэ больш ускладнілася, калі ў 1988 г. быў апублікаваны Закон СССР аб кааперацыі.
Пад назвай кааператываў былі ўзаконены тыповыя капіталістычныя прадпрыемствы з правам найму работнікаў, якія не з’яўляліся іх членамі, з правам купляць сыравіну і паўфабрыкаты па стабільных дзяржаўных цэнах, а прадаваць прадукцыю па свабодных рыначных цэнах. Кааператывы пачалі стварацца ўсюды, у тым ліку і на базе дзяржаўных прадпрыемстваў. Рэсурсы і грошы з дзяржаўнай казны пачалі пераводзіцца ў прыватныя кішэні. Вытворчая дзейнасць кааператараў амаль не цікавіла. Яны працавалі пераважна ў гандлёва-пасрэдніцкай сферы, куплялі тавары па танных, а прадавалі па вельмі высокіх цэнах. Кааператыўная дзейнасць станавілася эфектыўным сродкам для “адмывання брудных грошай” і стварэння вялікіх капіталаў. Сацыяльнае напружанне ў грамадстве ўзмацнялася, маёмасная дыферэнцыяцыя павялічвалася.
З адменай дзяржаўнай манаполіі на знешні гандаль і з дазволам прадпрыемствам і прыватным асобам прадаваць за рубеж тавары сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў краіне ў 1987 – 1990 гг. значна пагоршылася. Пусцелі прылаўкі магазінаў, падскочылі рознічныя цэны, прадукты харчавання адпускаліся па “картачках спажыўцоў”, якія выдаваліся па месцы жыхарства. Пачалася маштабная міжнародная спекуляцыя, якая прывяла да вывазу буйных капіталаў за граніцу і стварэння магутных крымінальных структур. Эканоміка СССР і яе грашова-фінансавая сістэма ляжалі ў руінах.
Палітыка “галоснасці”, абвешчаная М.С. Гарбачовым, пасеяла сумненні наконт сацыялізму як дасканалай сістэмы. Пачаўся працэс паступовай падмены сацыялізму іншымі ідэаламі і каштоўнасцямі. Ідэя сацыяльнай справядлівасці абвяшчалася шкоднай і недасягальнай, пепсі, снікерс і жвачка – сімваламі далучэння да заходняга ладу жыцця, эканоміка гандлёва-базарнага тыпу – вяршыняй эканамічнай практыкі. Пачалі прапагандавацца культ нажывы, асабістай выгады па прынцыпу “хочаш жыць – умей круціцца”, а таксама тое (насілле, парнаграфія, прастытуцыя, аднаполыя шлюбы, бамжаванне і г. д.), што ў савецкі час лічылася зневажаючым чалавека і грамадства. Людзей заклікалі не працаваць, а піць, гуляць, весяліцца. Рэальныя праблемы, якія стаялі перад краінай, патанулі ў балбатні, кабінетным пражакцёрстве. Усё часцей і часцей у сродках масавай інфармацыі, на мітынгах і ў чыноўных кабінетах стала гучаць фраза вядомага літаратурнага героя Астапа Бэндара “Захад нам дапаможа”. Быў зроблены антынавуковы і шкодны вывад аб тым, што савецкая сістэма не рэфарміруема, а таму павінна быць разбурана, знішчана.
Як бачна, антысаветызм стаў ідэалагічнай зброяй курсу М.С. Гарбачова, а галоснасць фактычна ператварылася ў ідэалагічную вайну, накіраваную на змену дзяржаўнага і грамадскага ладу СССР.
Фарміраванне палітычнай апазіцыі ў Беларусі. Працэс фарміравання палітычнай апазіцыі ў Беларусі пачынаўся з амаль непрыкметнай з’явы – значнага павелічэння ліку аматарскіх нефармальных аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах. У 1986 – 1987 гг. у рэспубліцы ўзнікла 7 тыс. такіх аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, якія налічвалі каля 1 млн. чалавек. Спачатку палітычныя пытанні ў праграмы клубаў і аб’яднанняў не ўключаліся. Напрыклад, мінская “Талака” ў сваёй праграме заяўляла, што будзе займацца выключна праблемамі нацыянальнай самабытнасці, захоўваннем помнікаў гісторыі і культуры.
Аднак прыкладна з другой паловы 1987 г. у дзейнасці клубаў і арганізацый усё больш і больш пачынаюць праяўляцца цэнтралізацыя і палітызацыя. У выніку перагавораў з уладамі ў снежні 1987 г. было дазволена правесці пад Мінскам вальны сойм беларускіх суполак. Удзельнікі яго гаварылі аб дэфармацыях сацыялізму, неабходнасці пабудовы сапраўднага сацыялізму, адраджэння беларускай нацыянальнай культуры. Спасылаючыся на У.І. Леніна, яны рабілі спробы крытыкаваць кіраўніцтва Беларусі. Гэта быў ужо, безумоўна, не культурна-асветны, а палітычны рух. Ішла самая звычайная палітычная барацьба пад прыкрыццём лозунга адраджэння нацыянальнай культуры. Пачыналася канфрантацыя маладзёжных суполак з ЦК КПБ, партыйнымі і камсамольскімі органамі.
У 1989 г. у БССР ствараецца штаб палітычнай апазіцыі – Беларускі народны фронт “Адраджэнне”. Яго праграма, статут і іншыя дакументы мелі адкрыта антысавецкую і антыкамуністычную накіраванасць. На заклікі апазіцыі да знішчэння савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу адэкватнае прававое рэагаванне адсутнічала. Больш таго, узмацнілася яе канфрантацыя з праваахоўнымі органамі, партыйнымі і дзяржаўнымі структурамі. Не было і адпаведнага палітыка-арганізацыйнага рэагавання на дзеянні некаторых камуністаў і кіраўнікоў розных узроўняў, якія сталі на шлях неабгрунтаванай крытыкі савецкага дзяржаўнага і грамадскага ладу.
У 1988 – 1989 гг. у СССР была сфарміравана новая структура вышэйшых органаў улады – З’езд народных дэпутатаў СССР і Вярхоўны Савет СССР, які ствараўся на з’ездзе з ліку дэпутатаў і працаваў пастаянна. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у маі – чэрвені 1989 г. старшынёй Вярхоўнага Савета СССР быў выбраны М.С. Гарбачоў.
У 1986 – 1990 гг. адбыліся крывавыя канфлікты на нацыянальнай глебе ў Якуцку, Алма‑Аце, Нагорным Карабаху, Тбілісі, Фергане, Ошскай вобласці Кіргізіі, Сумгаіце, Баку, Душанбэ і іншых гарадах. Няўменне і нежаданне цэнтра знаходзіць рашэнне нацыянальных канфліктаў канчаткова дыскрэдытавалі ў вачах мясцовага насельніцтва КПСС і звязаныя з ёю ўладныя структуры. Палітычны прэстыж апазіцыі ў нацыянальных рэспубліках СССР, яе аўтарытэт і ўплыў узрасталі. Канчатковая палітычная развязка набліжалася.
§ 2. Дзяржаўны пераварот у Маскве ў жніўні 1991 г. Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Ліквідацыя СССР: розныя погляды і меркаванні
Падзеі 1990 – 1991 гг. у СССР і БССР. 1990 г. з’яўляецца пер
Дата добавления: 2022-02-05; просмотров: 310;