Сям’я Куніцавыя (Mustelidae)
Куніцавыя – самая вялікая, разнастайная, разам з тым гаспадарча важная сям’я атрада. Уключае найбольш дробных прадстаўнікоў атрада. У большасці стройнае выцягнутае цела. Маюць пальца-ступняходныя або ступняходныя канечнасці. Хвост пушысты або лахматы. У асновы хваста размешчаны залозы з рэзка пахнучымі выдзяленнямі. Валасяны покрыў звычайна густы і мяккі, рознай афарбоўкі. У сям’ю ўваходзяць 70 відаў. У Беларусі сустракаюцца толькі 8.
Ласка (Mustela nivalis) пашырана па ўсёй Беларусі. Трымаецца ўскрайкаў лесу, верхавых балот, закустараных лугоў і сялібаў чалавека.
Гэта самы маленькі драпежнік фауны Беларусі. Даўжыня цела 13–27 см, хваста – 2–4,5 см, маса 70–105 г. Для ласкі характэрна сезонная зменлівасць футра. Летам яно зверху карычнева-бурае, а знізу белаватае. Зімой усё футра белае. Перыяд цечкі ў ласкі расцягнуты на ўвесь год, аднак часцей адбываецца ў сакавіку–красавіку. Цяжарнасць каля 50–54 дзён, прыносіць часцей 4–7 дзіцянят. Гнёзды робіць ў норках грызуноў.
Харчуецца галоўным чынам мышападобнымі грызунамі. Магчыма зрэдку разбурае гнёзды птушак, выпівае яйкі, з’ядае птушанят. Карысна для лясной гаспадаркі. Паляўнічае значэнне нязначнае.
Гарнастай (Mustela erminea) пашыраны па ўсёй Беларусі. Месцы пражывання вельмі разнастайныя: ускрайкі лесу, хмызняковыя зарасці, высечкі, якія зарастаюць, балоты. Аддае перавагу берагам рэк, азёраў, якія пакрытыя хмызнякамі.
Даўжыня цела 20–30 см, хваста –7–8 см, маса 120–180 г. Футра кароткае, мяккае і густое. Летам верхняя частка галавы, шыі, спіны, вонкавай паверхні лап і палова хваста буравата-карычневыя. Канцавінка хваста чорная. Жывот, грудзі, ніжняя частка шыі, падбародак і ўнутраныя паверхні канечнасцей белыя з лімонна-жоўтым адценнем. Позняй восенню футра гарнастая снежна-белае, за выключэннем кончыка хваста, які застаецца чорным.
Гон у гарнастая ў сакавіку – першай палове красавіка. Самка прыносіць 5–6 дзіцянят. Палавая спеласць наступае ва ўзросце 1 года. Харчуецца мышамі, вадзянымі пацукамі, вельмі рэдка земнаводнымі і паўзунамі, пакладамі птушак і птушанятамі, вусякамі.
Карысны для лясной гаспадаркі від. Значэнне для паляўнічай справы невялікае.
Тхор лясны (Mustela putorius) пашыраны па ўсёй Беларусі. Насяляе самыя разнастайныя стацыі: часта селіцца ў берагавых зарасніках рэк, звычайны на лясных высечках, асабліва на балоце, па ўскрайках лесу. Буйных масіваў пазбягае. Часта суседнічае з жыллём чалавека.
Даўжыня цела 35–45 см, хваста – 11–12,5 см. Тулава выцягнутае, лапы адносна кароткія. Агульны тып афарбоўкі футра залежыць ад гушчыні восцевых валасоў, якія прыкрываюць пушок. Часцей за ўсё ў самцоў у зімовы час футра бліскучае чорна-бурае з палева-іржавым або палева-бялёса-іржавым пушком. У самак агульны тон афарбоўкі футра некалькі бляднейшы і больш шэры, за самцоў. Дзякуючы слабаму развіццю іржавага адцення на пушку.
Гон у сакавіку–красавіку, цяжарнасць 40–45 дзён, дзіцяняты лікам 4–6 нараджаюцца ў гняздзе. Палавая спеласць наступае на 2 годзе жыцця.
Харчуецца мышамі, птушкамі, жукамі. Наведвае птушкафермы і месцы ўтрымання птушак сялянамі.
Для лясной гаспадаркі карысны звярок, бо знішчае шмат мышэй. Аб’ект палявання – мае прыгожае футра.
Еўрапейская норка (Mustela lutreola) – гэта каляводны звярок, які мае зараз абмежаванае пашырэнне на Беларусі, таму што ў канкурэнтных адносінах з норкай амерыканскай прайгравае.
Насяляе поплавы невялікіх лясных рачулак, старыц, азёраў з абрывістымі і зарослымі хмызнякамі або густой травой берагамі. Селіцца таксама каля плацін, вадзяных мельніц, калі ёсць паблізу зарасці хмызнякоў. Жыве ў нары паблізу вадаёмаў. Норы часцей за ўсё – натуральныя размывы берагоў.
Даўжыня цела норкі 25–30 см, хваста – 13–16 см. Афарбоўка футра прыблізна аднолькавая па ўсім тулаве: зімой цёмна-бурая або рыжавата-бурая. Губы белыя, на горле зрэдку маецца розная па памерах белая пляма, канец хваста, вібрысы і лапы інтэнсіўна цёмна-бурыя. Летняе футра мае дамешак рыжаватых адценняў.
Гон у норкі ў сакавіку–красавіку, цяжарнасць 35–75 дзён. Дзіцяняты лікам 4–5 нараджаюцца ў маі–чэрвені. Палавая спеласць наступае на другім годзе жыцця. Харчуецца ў асноўным мышамі, яшчаркамі, жабамі, рыбай, радзей рачнымі ракамі, жукамі і іншымі вусякамі, зрэдку з’ядае птушак, асабліва вывадкі вадаплаўных.
З-за малой колькасці мае для лясной і паляўнічай гаспадаркі невялікае значэнне. Падлягае ахове.
Амерыканская норка (Mustela vison) – акліматызаваны від. Пашырана па ўсёй Беларусі. Памерамі буйней за еўрапейскую норку: даўжыня цела 32–45 см, хваста 15–25 см. У адрозненні ад еўрапейскай, у якой белыя верхнія і ніжнія губы, у амерыканскай белая ніжняя губа. Біялогія амерыканскай норкі вельмі блізкая да еўрапейскай. У сілу сваіх больш магутных параметраў у канкурэнтнай барацьбе выціскае з экалагічных нішаў еўрапейскую норку.
Лясная куніца (Martes martes) – звычайны від для Беларусі. Месца пражывання – старыя высакаствольныя змешаныя лясы з наўнасцю дуплістых дрэў. Чыстых ігліцавых лясоў і пралескаў пазбягае. Выдатна рухаецца па дрэвах. Селіцца ў дуплах дрэў, пад кучамі валежніку.
Даўжыня цела 45–53 см, хваста – 22–28 см. Маса каля 1,6–1,8 кг. Агульная афарбоўка зімовага футра буравата-палевая, пушок больш светлы, асабліва па баках цела. Горла з ясна выражанай плямай светла-жоўтага колеру, якая цягнецца ў выглядзе адростка паміж пярэднімі канечнасцямі.
Цечка ў ліпені–жніўні. Цяжарнасць цягнецца 236–274 дні, лічыцца, што вясновы гон з’яўляецца несапраўдным. Характэрна латэнтная стадыя развіцця апладнённай яйцаклеткі. Дзіцянят 3–4, з’яўляюцца ў красавіку–маі. На 2 годзе жыцця натупае палавая спеласць.
Харчуецца ў асноўным дробнымі грызунамі, кратамі, вавёркамі, птушкамі, яшчаркамі, вусякамі, ягадамі.
Для лясной гаспадаркі карысны від. Мае важнае значэнне для паляўнічай гаспадаркі як пушны звярок. Блізкі да яе від па біялогіі каменная куніца (Martes foira), якая сустракаецца значна радзей.
Барсук (Meles meles) пашыраны па ўсёй Беларусі, аднак колькасць невысокая, таму занесены ў Чырвоную кнігу. Аддае перавагу сухім тыпам лесу, у якіх глеба лёгка паддаецца рыццю. Узровень грунтовых вод павінны быць глыбокім. Норы робіць недалёка ад вадаёму, куды ходіць на вадапой.
Даволі буйны звярок, даўжыня цела 62–88 см, хваста – 12–18 см. Маса 10–12 кг. Футра жорсткае, шчаціністае, доўгае, зімой на спіне і баках шэраватае з бачным чорным дамешкам. Акружнасць рота, верхняя частка морды, лоб і шчокі белыя, па баках галавы праходзяць дзве чорныя шырокія палоскі. Яны пачынаюцца даволі вузкай палоскай спераду вока і, пашыраючыся, праходзяць праз вочы, вушы да патыліцы, дзе паступова зліваюцца з шэраватай афарбоўкай спіны. Горла, ніжняя частка шчок і аснаванне вушэй чорныя, жывот буравата-чорны, канечнасці чорныя, хвост і вяршыні вушэй белаватыя.
Цечка расцягнута з ліпеня да верасня. Апладнёная яйцаклетка мае латэнтную стадыю, таму цяжарнасць цягнецца каля 8 месяцаў. У памёце барсука 2–4 дзіцяняты, якія нараджаюцца ў сакавіку – сярэдзіне красавіка. Палавая спеласць наступае на 2 годзе жыцця, пры гэтым самкі паспяваюць раней за самцоў. На працягу амаль 4–5 месяцаў, пачынаючы з канца верасня, у барсука сон.
Страва ў барсука разнастайная. Сярод жывёл ён харчуецца вусякамі, чарвякамі, малюскамі, жабамі, паўзунамі, мышамі, а таксама ўжывае ягады, карані раслін, грыбы.
Для лясной гаспадаркі карысны звер, бо знішчае грызуноў, узрыхляе подсціл. Від падлягае ахове.
Выдра (Lutra lutra) сустракаецца ва ўсіх раёнах Беларусі. Насяляе берагі рэк, азёраў, старыц, аддае перавагу лясным рачулкам, якія не замярзаюць і багатыя рыбай. Жыве ў норах.
Даўжыня цела 62–75 см, хваста – 36-47 см, маса 3,2–5,2 кг. Футра бліскучае, параўнальна кароткае і вельмі густое. Зімой на спіне бліскучае, цёмна-бурае, па баках святлейшае, рыжаватае. Жывот значна святлейшы за бакі і часта з дамешкам лёгкай жаўцізны. Падбародак, горла, грудзі і шчокі значна святлейшыя за жывот і з добра выражаным срабрыстым адценнем. Лапы маюць плавальныя перапонкі. Хвост ад кораня да канца звужаецца.
Гон расцягнуты з лютага да красавіка. Перыяд цяжарнасці не зусім ясны. Нараджае дзіцянят лікам 2–3. Палавая спеласць наступае на 2–3 гадзе жыцця. Харчуецца галоўным чынам рыбай, а таксама лягушкамі, ракамі, вадзянымі палёўкамі, вадзянымі вусякамі.
Для лясной гаспадаркі значэння не мае. Паляўнічае значэнне таксама невялікае (за невялікай колькасці прыблізна 10 тысяч асобін).
Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1400;