Сям'я Сабакавыя (Canidae)


Лясныя драпежнікі

У атрад Драпежнікі (Carnivora)уваходзяць самыя разнастайныя па велічыні і вонкавым выглядзе жывёлы, пачынаючы з маленькай ласкі і заканчваючы вялізным мядзведзем. Але ўсіх іх аб’ядноўвае большая ці меншая прыстасаванасць да харчавання жывёльнай стравай, што перш за ўсё адбіваецца на характары зубной сістэмы. У драпежнікаў налічваецца ад 48 да 28 зубоў. Памяншэнне іх колькасці звычайна адбываецца за кошт скарачэння колькасці перадкарэнных і карэнных зубоў, радзей разцоў. Іклы ў драпежнікаў доўгія, моцныя, выконваюць важную ролю ў хапанні і з’яданні здабычы. Карэнныя зубы ў большасці відаў вострабугорчатыя, разныя і толькі ў некаторых, што харчуюцца галоўным чынам расліннай стравай або бесхрыбетнымі жывёламі, тупабугорчатыя. Чацвёрты верхні перадкарэнны і першы ніжні карэнны развітыя асабліва моцна, забяспечаныя вялікімі разнымі каронкамі і называюцца драпежніцкімі. Харчаванне жывёльнай стравай прывяло да развіцця магутнай мускулатуры чэрапа, у прыватнасці жавальнай, якая мацуецца за грэбні і адросткі і шырока растаўленыя скулавыя дугі. У жыцці многіх драпежнікаў важную ролю адыгрываюць кіпцюры. У каціных кіпцюры крута загнутыя, вельмі вострыя і з дапамогай спецыяльных мускулаў і звязак могуць уцягвацца ўнутр, дзякуючы чаму не тупяцца. Большасць з драпежнікаў размнажаюцца адзін раз у год. У іх добра развіты галаўны мозг. Яны існуюць у самых розных ландшафтах. У гэты атрад уваходзяць 240 відаў, аб’яднаных у 7 сем’яў. У Беларусі пражываюць 16 відаў, якія адносяцца да 6 сем’яў.

Сям'я Сабакавыя (Canidae)

Сабакавыя – тыпічныя драпежнікі. Тулава стройнае, умерана або моцна выцягнутае. Галава падоўжаная з вузкай мордай і вушамі, якія стаяць. Ногі прамыя, стройныя, пальцаходныя, на пярэдніх лапах 4–5 пальцаў, на задніх 4. Кіпцюры неўцяжныя, тупыя. Хвост пушысты больш-менш доўгі. Афарбоўка разнастайная. Зубная сістэма разнога тыпу. Прадстаўнікі сям’і ў колькасці каля 35 відаў пашыраны на ўсіх матэрыках. У Беларусі 3 віды.

Воўк (Canis lupus) пашыраны па тэрыторыі ўсёй Беларусі, аддае перавагу лясам паблізу населеных пунктаў. Прыблізная колькасць каля 1,5 тысяч асобін.

Буйны драпежнік з даўжынёй цела 100–150 см, хваста – 35–52 см, маса 25–54 кг. Футра грубае, даволі доўгае і густое. Зімой на спіне і баках буравата-шэрае або рыжавата-вохрыстае з дамешкам шэрага. Грудзі, жывот брудна-белыя з бураватым налётам.

Гон у ваўка пачынаецца ў канцы студзеня і заканчваецца ў сярэдзіне сакавіка. Пасля гону самец і самка жывуць разам (манагамы) і праз вызначаны час робяць логава, як правіла паблізу вады. Цяжарнасць каля 65 дзён. У памёце 5–8 ваўчанят. Палавая спеласць у канцы 2 года жыцця.

Харчуецца воўк у асноўным мясам лася, казулі, аленя, дзіка, зайца, птушкі, хатніх жывёл (у тым ліку падлай), часта ўжывае плады, ягады. Палюе часта грамадой. У пошуках стравы робіць начныя пераходы працягласцю 25–40 кіламетраў. Аднесены да шкодных для гаспадаркі відаў.

Лісіца звычайная (Vulpes vulpes) пашырана па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Аддае перавагу лясным угоддзям, якія чаргуюцца з сельскагаспадарчымі. Прыблізная колькасць 40 тысяч асобін.

Драпежнік сярэдняй велічыні з даўжынёй цела 64–73 см, хваста –36–45 см, масай 4,3–5,8 кг. Футра доўгае, пушыстае. Часцей агульны тон на спіне і баках рыжавата-чырванаваты з жаўтаватым адценнем. Грудзі і жывот ад шэраватага да чорнага колеру.

Гон пачынаецца у лютым і заканчваецца ў пачатку красавіка. Цяжарнасць 53–55 дзён. Дзіцянят у сярэднім 4–5 нараджае ў норах, якія рые сама або займае барсуковыя. Палавая спеласць наступае ў 10–11 месяцаў.

Харчуецца галоўным чынам дробнымі грызунамі, а таксама птушкамі і іх кладкамі, паўзунамі, ягадамі і фруктамі.

Лісіцу можна аднесці, улічваючы характар харчавання, да карысных відаў для лясной гаспадаркі. Для паляўнічай гаспадаркі калі колькасць вельмі высокая лічыцца шкодным зверам, так як знішчае маладняк казулі, паклады птушак, якія гняздуюцца на зямлі.

Янотападобны сабака (Nyctereutes procyonoides) – акліматызаваны на Беларусі від. Насяляе лясы поплавоў. Аддае перавагу невялічкім ляскам па лугавых раўнінах. Рые норы або займае барсуковыя, лісіныя. Зрэдку селіцца ў паглыбленнях пад вываратнямі дрэвавых каранёў.

Памерамі як лісіца, даўжыня цела 63–74 см. У параўнанні з лісіцай ногі і хвост ў яго карацейшыя. Вага ў зімовы час 6–7 кг. Афарбоўка зімовага футра на спіне карычнева-бурая з дамешкам чорных і іржава-палевых валасоў. Ніз жаўтавата-буры, грудзі цёмна-бурыя.

Гон пачынаецца пасля выхаду са сну (у другой палове лютага да пачатку сакавіка). Палавая спеласць наступае праз 10–11 месяцаў. Цяжарнасць 58–64 дні. У вывадку часцей 5–7 дзіцянят.

Харчуецца мышамі, амфібіямі і паўзунамі, малюскамі, рыбай, вусякамі, чарвякамі, птушкамі і іх яйкамі, а таксама насеннем дзікіх і культурных раслін, ягадамі.

Для лясной гаспадаркі ўскосна (праз знішчэнне птушак), а для паляўнічай гаспадаркі прама шкодны звер. Аб’ект палявання. Мае трывалае, цёплае і даволі прыгожае футра.

 



Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1312;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.008 сек.