ГЛАВА 2. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ
§ 1. Асноўныя рысы беларускага савецкага грамадства
У міжваенны перыяд (20–30-я гады) грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі, як і ў Савецкай краіне ў цэлым, было поўным супярэчнасцей, цесна звязаным з сацыяльна-эканамічнымі працэсамі, што адбываліся ў гэтыя гады. У сваю чаргу грамадска-палітычнае жыццё ў значнай ступені вызначала стан усяго грамадства, бо ва ўмовах пабудовы сацыялізму перавага аддавалася ідэалагічным, палітычным падыходам да кіраўніцтва як эканамічным, так і сацыяльным бокам жыцця.
Існаванне розных форм уласнасці ў народнай гаспадарцы патрабавала адпаведнай дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця. Гэта праявілася ў пашырэнні ролі Саветаў як органаў улады, іх дэмакратызацыі. Узніклі местачковыя саветы. Былі прыняты новыя палажэнні аб з’ездах мясцовых Саветаў і выканкомаў гэтых Саветаў. Пашыраліся правы мясцовых органаў улады ў пытаннях фарміравання і размеркавання мясцовага бюджэту, развіцця гаспадаркі і культуры, умацавання правапарадку і законнасці. У красавіку 1927 г. была прынята Канстытуцыя БССР. На яе падставе ў снежні гэтага ж года Прэзідыум ЦВК і СНК БССР пастановай “Аб рэарганізацыі і скарачэнні савецкага апарату і аб пашырэнні правоў мясцовай улады” перадалі некаторыя паўнамоцтвы цэнтральнага апарату аддзелам і інспекцыям акруговых выканаўчых камітэтаў. У сваю чаргу, ад акруговых выканкамаў асобныя функцыі кіравання перайшлі ў кампетэнцыю сельскіх, местачковых, раённых і гарадскіх Саветаў. У 1927 г. у Беларусі было 8 акруговых, 101 раённы, 1470 сельскіх, 52 местачковыя і 29 гарадскіх Саветаў, у тым ліку 48 нацыянальных Саветаў. Дэпутатамі мясцовых Саветаў БССР былі больш за 30 тыс. чалавек. Кампартыя бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б) хоць і аказвала значны ўплыў на дзейнасць Саветаў, але не мела яшчэ пераважнай большасці ў іх складзе, асабліва ў вёсцы.
У беларускім грамадстве ў першай палове 20-х гадоў магчыма вызначыць існаванне і барацьбу двух тэндэнцый. Адна з іх была накіравана на пэўную дэмакратызацыю ў палітычных адносінах, што адпавядала мэтам і ўмовам нэпа, другая – на працяг палітыкі ваеннага камунізму, падтрыманне тэндэнцыі да манапалізацыі ўсяго палітычнага жыцця КП(б)Б, непрымірымых адносін партыі камуністаў да іншых палітычных партый, сілавых метадаў вырашэння супярэчнасцей.
Уплывовай палітычнай партыяй, якая выступала ў абарону інтарэсаў сялянства, з’яўлялася беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў або БПС-Р). Адмовіўшыся падпісаць “Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”, якая не адпавядала яе палітычным поглядам, БПС-Р аб’явіла сябе палітычнай апазіцыяй. Адрозненне пазіцыі беларускіх эсэраў ад пазіцыі КП(б)Б заключалася ў пытаннях, звязаных з характарам улады, суверэнітэтам БССР і пашырэннем тэрыторыі рэспублікі да этнаграфічных межаў. БПС-Р лічыла недапушчальнай дыктатуру рабочага класа на Беларусі і патрабавала ўсталяваць “дыктатуру працоўнага народа”.
З гэтага моманту пачалося адкрытае процістаянне дзвюх палітычных партый, якое скончылася не на карысць БПС-Р. У 1921 г. карныя органы арыштавалі 860 актыўных яе членаў. Усе яны былі інтэрніраваны – перапраўлены ў Заходнюю Беларусь, якая знаходзілася пад уладай Польшчы.
На пачатку 20-х гадоў на Беларусі дзейнічалі арганізацыі моладзі “Труд і свет” (папярэдніка камсамола), Яўкамол (яўрэйскі камсамол), “Юнацкі сіндыкалізм”, “Саюз сялянскай моладзі” і інш. У верасні 1920 г. адбыўся першы Усебеларускі з’езд камсамола Беларусі. Ён супрацьстаўляў сябе іншым маладзёжным арганізацыям, імкнуўся да манапольнага ўплыву на моладзь.
У канцы 1922 г. паскорыўся працэс аб’яднання савецкіх рэспублік, у якім актыўны ўдзел брала БССР. IV Усебеларускі з’езд Саветаў у снежні 1922 г. адобрыў ідэю стварэння Саюза ССР., абраў паўнамоцную дэлегацыю для паездкі ў Маскву.
На І Усесаюзным з’ездзе Саветаў 30 снежня 1922 г. 25 прадстаўнікоў БССР разам з дэлегацыямі РСФСР, УССР і ЗСФСР падпісалі дэкларацыю і дагавор аб стварэнні СССР. За кожнай рэспублікай захоўваліся права свабоднага выхаду, роўныя правы і ўмовы развіцця, самастойнасць у ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі. У склад ЦВК СССР былі абраны і прадстаўнікі Беларусі. А Р. Чарвякоў стаў адным з чатырох старшынь ЦВК СССР.
Стварэнне СССР дало магчымасць аб’яднаць намаганні гістарычна звязаных паміж сабой народаў, спрыяць іх хуткаму эканамічнаму, сацыяльнаму і культурнаму развіццю. Аднак з канцы 20-х гадоў у СССР перавага стала ўсё больш надавацца цэнтралізму, скараціліся правы і магчымасці рэспублік. Пэўным крокам у накірунку да дэмакратызацыі з’явілася амністыя ў сувязі з трэцяй гадавінай вызвалення Мінска ад польскіх інтэрвентаў. 11 ліпеня 1923 г. яна была абвешчана ўсім членам беларускіх нацыянальных арганізацый, палітычным і культурным дзеячам, удзельнікам антысавецкіх беларускіх фарміраванняў, членам партыі беларускіх эсэраў, беларускім сялянам і выхадцам з працоўнага асяроддзя, якія ў свой час далучыліся да контррэвалюцыйных арганізацый, а затым абвясцілі аб лаяльных адносінах да савецкай улады. Амністыя мела значны ўплыў на палітычнае жыццё, спрыяла росту аўтарытэту Кампартыі Беларусі і даверу да яе. У чэрвені 1924 г. у Мінску правяла свой надзвычайны з’езд партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, на якім яна заявіла аб самароспуску і заклікала ўсіх сваіх членаў да спынення ўсякай варожай дзейнасці супраць савецкай улады на Беларусі. Самароспуск БПС-Р, як і іншых нацыянальна-дэмакратычных партый, прывёў фактычна да ліквідацыі на Беларусі арганізаванай палітычнай апазіцыі.
У сярэдзіне 20-х гадоў грамадска-палітычнае жыццё было зведзена да дзейнасці давольна вузкага кола арганізацый. Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі імкнулася ўсталяваць і ўмацаваць свой поўны і бясспрэчны кантроль як над складам іх кіруючых органаў, так і над усёй практычнай дзейнасцю гэтых арганізацый. КП(б)Б стаалася ўцягнуць як мага больш насельніцтва ў дзеючыя пад яе кантролем арганізацыі. У камсамоле ў 1925 г. было ўжо 37,7 тыс. чалавек, у складзе прафсаюзаў у 1926 г. – 149 тыс., у 1928 г. – 388 тыс., на пачатку 1937 г. – больш за 510 тыс. чалавек.
З другой паловы 20-х гадоў узмацнілася дырэктыўная сістэма кіравання не толькі эканомікай, але і іншымі сферамі грамадскага жыцця, узрасла роля партыйна-дзяржаўнага апарату. Гэта адмоўна адбілася перш за ўсё на вытворчай дэмакратыі. Пытанні арганізацыі вотворчасці, якія раней ставіліся на сходах рабочых або вытворчых нарадах, цяпер станавіліся справай вузкага кола асоб.
Разам з пераходам да дырэктыўнай эканомікі, згортваннем, а затым і адмовай ад нэпа, наступам сацыялізму па ўсяму фронту разгарнуўся працэс пераўтварэння палітычнага рэжыму дэмакратычнага цэнтралізму, які пераважаў у пачатку 20-х гадоў (але, заўважым, ужо і тады з ухілам да цэнтралізму), у рэжым аўтарытарнага цэнтралізму. У пачатку 30-х гадоў у беларускім савецкім грамадстве былі ўсе рысы таталітарнага палітычнага рэжыму.
Пераход да таталітарызму праяўляўся ў далейшым паніжэнні ролі і ўдзелу ў справах грамадства дэмакратычных, прадстаўнічых органаў, поўным іх падпарадкаванні партыйнаму апарату. Дзяржава дыктатуры пралетарыяту пераўтваралася ў дзяржаву дыктатуры адной партыі, а дакладней – дыктатуры партыйнага кіраўніцтва і партапарату ВКП(б).
Вышэйшым органам заканадаўчай улады ў БССР, у адпаведнасці з Канстытуцыяй БССР 1937 г., стаў Вярхоўны Савет БССР (раней – Усебеларускі з’езд Саветаў). Вышэйшым органам выканаўчай улады з’яўляўся Савет народных камісараў БССР, а ў абласцях, гарадах, раёнах і сельсаветах – выканаўчыя камітэты адпаведных Саветаў. Была пабудавана вертыкаль судовай улады, пачынаючы ад Вярхоўных судоў СССР і БССР і да гарадскіх і раённых судоў уключна. Разам з тым пры Народных камісарыятах унутраных спраў СССР і БССР, створаных у 1934 г. на базе адпаведных АДПУ (Асобнае Дзяржаўнае Палітычнае Упрўленне) дзейнічалі пазасудовыя органы – Асобныя нарады. Існавала яшчэ адна пазасудовая ўстанова – “тройкі”, якія мелі права выносіць судовыя рашэнні аж да пакарання смерцю.
У 1932 – 1933 гг. у СССР і БССР быў устаноўлены пашпартны рэжым. Пашпарты ўводзіліся для жыхароў гарадоў, рабочых пасёлкаў, раённых цэнтраў, новабудоўляў, саўгасаў, МТС, прыгранічных зон, абаронных аб’ектаў і інш. Сельскае насельніцтва (калгаснікі) пашпартаў не атрымлівалі і ўлічваліся па спісах, якія вялі сельсаветы. Калгаснікі маглі прымацца на работу на прадпрыемствы ў гарадах толькі пры наяўнасці ў іх спраўкі ад праўлення калгаса аб яго згодзе на адыход калгасніка. Па сутнасці, правы калгаснікаў былі абмежаваны. Яны прымацоўваліся да калгаса, які вызначаў іх лёс, іх будучае.
Рэальная палітычная ўлада канцэнтравалася ў партыйных органах. Саветы ў 30‑я гг. XX ст. толькі фармальна лічыліся палітычнай асновай грамадства. Іх дзейнасць абмяжоўвалася ў асноўным рашэннем гаспадарчых і культурна-асветных задач. Узмацнялася цэнтралізацыя ў кіраўніцтве краінай і яе эканомікай, фарміраваўся магутны рэпрэсіўны апарат. Насаджаліся адміністрацыйна-дырэктыўныя метады ўпраўлення, што абмяжоўвала ініцыятыву і прадпрымальнасць кіраўнікоў прадпрыемстваў і ўзмацняла бюракратызм дзяржаўных структур. Павышалася роля партыйна-дзяржаўнага апарату і затухала актыўнасць грамадскіх арганізацый, якая была характэрнай для іх дзейнасці ў 20-я гг. XX ст.
Усталяванне таталітарнага рэжыму, асабістай улады Сталіна праходзіла ва ўмовах жорсткай унутрыпартыйнай барацьбы у ВКП(б), праявы якой мелі месца і ў КП(б) Беларусі. У працэсе гэтай барацьбы сама КП(б)Б пацярпела ад усялякіх “чыстак”, “выкрыванняў”, страціла значную частку сумленных камуністаў, якія спрабавалі супрацьстаяць усталяванню сталінізму. У выніку “чысткі” партыі і абмену партыйных білетаў (1933–1936) колькасць членаў КП(б)Б скарацілася з 42 да 20 тыс. чалавек. У ходзе “чыстак” выключаліся перш-наперш іншадумцы і тыя, хто дапускаў ваганні.
Так у 30-я гады канчаткова сфарміраваліся палітычныя інстытуты беларускага грамадства, характэрнымі рысамі якога з’яўляюцца:
· аднапартыйная сістэма, усеўладдзе партыйна-дзяржаўнай наменклатуры і абмежаванне дэмакратычных пачаткаў у жыцці грамадства;
· дзяржаўнае дырэктыўнае планаванне развіцця эканомікі, сацыяльнай сферы і культуры, панаванне агульнанароднай (дзяржаўнай) уласнасці на сродкі вытворчасці;
· адсутнасць эксплуататарскіх класаў і капіталістычнай эксплуатацыі чалавека чалавекам;
· моцная сацыяльная палітыка ў інтарэсах большасці народа – права на працу і абавязак працаваць (адсутнасць беспрацоўя), бясплатнасць адукацыі і аховы здароўя, гарантаванасць пенсійнага забеспячэння, таннасць жылля і камунальных паслуг, пуцёвак у санаторыі і дамы адпачынку;
· рост агульнаадукацыйнага і культурнага ўзроўню народа і даступнасць дасягненняў культуры і сусветнай цывілізацыі для чалавека працы;
· рашучая і бескампрамісная барацьба са злачыннасцю і негатыўнымі з’явамі ў грамадстве (п’янствам, наркаманіяй, прастытуцыяй, спекуляцыяй і інш.), што нярэдка прыводзіла да грубых парушэнняў сацыялістычнай законнасці;
· панаванне ў свядомасці большай часткі насельніцтва марксісцка-ленінскай ідэалогіі.
Разам з тым для створанага ўпершыню ў СССР і БССР сацыялістычнага грамадства былі характэрны дэфармацыі, якія сведчылі аб парушэнні стваральнікамі новага грамадства прынцыпаў класічнага марксізму. Да ліку дэфармацый можна аднесці забарону прыватнай ініцыятывы і прадпрымальніцкай дзейнасці, абмежаванне дэмакратычных пачаткаў у жыцці грамадства, парушэнне сацыялістычнай законнасці і правоў чалавека, нізкі ўзровень матэрыяльнага дабрабыту людзей і інш. Аднак, трэба разумець, што дэфармацыі сацыялізму былі абумоўлены не толькі памылкамі партыйнага і савецкага кіраўніцтва. Яны мелі і аб’ектыўную прыроду. Дэфармацыі сацыялізму абумоўліваліся як складанасцю і маштабнасцю ўпершыню вырашаемых задач, так і наяўнасцю варожага СССР капіталістычнага акружэння, яго жаданнем знішчыць першую ў свеце краіну сацыялізму.
Нягледзячы на дэфармацыі сацыялізму, жорсткасць палітычнага рэжыму і рэпрэсіі, грамадская атмасфера 30-х гадоў была прасякнута пафасам стваральнай працы. Мелі месца сапраўдны працоўны гераізм і добрасумленнае служэнне Айчыне. У працоўнае асяроддзе ўкараняліся каштоўнасці чалавечай дабрыні, салідарнасці і справядлівасці. Змяняліся светапогляд і псіхалогія савецкіх людзей. Ідэяй, якая мела векавыя традыцыі і магутную аб’яднальную сілу, стала ідэя патрыятызму. У інтарэсах патрыятычнага выхавання ў школах было адноўлена выкладанне айчыннай гісторыі. У сродках масавай інфармацыі вышэйшай доблесцю савецкіх людзей абвяшчаўся патрыятызм. Прапагандаваліся таксама ідэі моцнай дзяржаўнасці і перавагі грамадскіх інтарэсаў над асабістымі, матывы шчаслівага жыцця і паўнацэннай сям’і.
Савецкі, у тым ліку і беларускі народ, ганарыўся дасягненнямі ў галіне навукі, адукацыі і культуры. Для мільёнаў людзей адкрыліся перспектывы атрымаць адукацыю, у тым ліку і вышэйшую, падняцца з самых “нізоў” да высокіх пасад у дзяржаве, увайсці ў навуковую эліту, раскрыць і рэалізаваць свае творчыя здольнасці.
§ 2. Нацыянальная палітыка. Беларусізацыя
Значнай з’явай у нацыянальных адносінах у 20–30-я гады была палітыка беларусізацыі. Многія здабыткі гэтай палітыкі, яе станоўчы вопыт і трагічны лёс маюць і сёння вялікае значэнне для нацыянальна-культурнага развіцця Беларусі. Патрэбна адзначыць, што амаль да сярэдзіны 80-х гадоў афіцыйная гістарычная літаратура амаль нічога не гаварыла аб гэтай з’яве ў нацыянальным развіцці беларускага народа альбо трактавала адмоўна тэндэнцыі нацыянальнага адраджэння на Беларусі ў 20-я гады.
Разглядаючы перадумовы палітыкі беларусізацыі, неабходна мець на ўвазе асаблівасці нацыянальных адносін на Беларусі на пачатку 20-х гадоў і праблемы, якія існавалі ў гэтым пытанні.
Па-першае, ішоў працэс тэрытарыяльнага самавызначэння беларускага народа, беларускай нацыі. У 1920–1923 гг. тэрыторыя БССР уключала толькі 6 паветаў былой Мінскай губерні: Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі (з 1924 г. – Чэрвеньскі), Мазырскі, Мінскі, Слуцкі (усяго 52 402 км2, каля 1,5 млн чалавек насельніцтва). Ужо ў верасні – лістападзе 1921 г. кіруючыя органы Беларусі ўзнімалі пытанне аб вяртанні БССР паветаў, у якіх большасць насельніцтва складалі беларусы.
3 сакавіка 1924 г. было заключана пагадненне паміж ЦВК РСФСР і ЦВК БССР аб перадачы (а лепш гаварыць – аб вяртанні) БССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. У снежні 1926 г. Беларускай ССР былі вернуты яшчэ 2 паветы: Гомельскі і Рэчыцкі. У выніку тэрыторыя БССР склала 152 854 км2, а колькасць насельніцтва – 5 млн чалавек.
Па-другое, важна ўявіць асаблівасці нацыянальнага складу тагачаснага насельніцтва Беларусі. Паводле перапісу 1926 г., беларусы складалі 80,6 %, яўрэі – 8,2, рускія – 7,7, палякі – 2, украінцы – 0,7, латышы – 0,3, літоўцы, немцы і татары – па 0,1 %. Такім чынам, можна гаварыць аб нацыянальна-беларускім характары асноўнай масы насельніцтва Беларусі з улікам наяўнасці шматнацыянальнай меншасці, якая складала амаль пятую частку насельніцтва.
Трэба ўлічваць і тую акалічнасць, што беларусы ў асноўнай масе жылі ў вёсцы. Гарады былі населены значнай часткай рускіх, яўрэяў, якія складалі ў некаторых гарадах і мястэчках да 40–60 % жыхароў. Іншыя нацыянальныя меншасці жылі як у гарадах, так і ў вёсках даволі кампактнымі этнічнымі групамі. Такое рассяленне стварала пэўнае размежаванне паміж рускамоўным горадам і беларускамоўнай вёскай, што ўносіла спецыфіку ў моўную сітуацыю і патрабавала ўлічваць гэта ў нацыянальнай палітыцы.
Па-трэцяе, палітыка беларускага адраджэння ва ўмовах савецкай улады пачала ажыццяўляцца раней афіцыйна абвешчанай беларусізацыі перш за ўсё намаганнямі дзеячаў нацыянальна-дэмакратычнага руху. У снежні 1920 г. загадчык беларускага аддзела Наркамата асветы П. Ільючонак звярнуўся да кіраўніцтва Кампартыі Беларусі з запіскай, у якой абгрунтаваў неабходнасць пераводу навучання ў школах на беларускую мову, а таксама арганізацыі школ для нацыянальных меншасцей. Гэта ініцыятыва была падтрымана.
У пачатку 1921 г. у Камісарыяце земляробства, які ўзначальваў У. Ігнатоўскі, для супрацоўнікаў былі арганізаваны курсы па вывучэнні беларускай мовы і ўсё справаводства пераведзена на беларускую мову. Па ініцыятыве А. Бурбіса ажыццяўлялася беларусізацыя ў Наркамаце замежных спраў.
Такім чынам, намаганнямі вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння закладваліся асновы нацыянальнай палітыкі, якая пазней была аформлена як дзяржаўная палітыка беларусізацыі.
Варта зазначыць, што на пачатку 20-х гадоў савецкія органы і Кампартыя рэспублікі як кіруючая сіла палітычнай сістэмы даволі рэалістычна вызначалі праблемы нацыянальнага адраджэння беларускай нацыі. У распрацоўцы палітычнай лініі па гэтым пытанні прыкметнае месца належыць VII з’езду КП(б) Беларусі (красавік 1923 г.), на якім з дакладам “Нацыянальныя моманты ў дзяржаўным і партыйным будаўніцтве” выступіў старшыня ЦВК і СНК БССР А. Чарвякоў. У чэрвені 1923 г. прынята пастанова Пленума ЦБ КП(б) Беларусі, у якой даволі дакладна быў намечаны комплекс практычных мерапрыемстваў па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі: гаспадарчае адраджэнне краю, тэрытарыяльнае самавызначэнне беларускага народа, развіццё беларускай мовы і пашырэнне сферы яе ўжывання, развіццё нацыянальнай культуры і павышэнне культурнага ўзроўню насельніцтва, вылучэнне і выхаванне кадраў партыйнага, дзяржаўнага і іншага апарату з карэннага насельніцтва, прыцягненне да актыўнага ўдзелу ў нацыянальным адраджэнні дэмакратычных элементаў.
Аб’ектыўны падыход да гісторыі патрабуе прызнаць, што КП(б) Беларусі на працягу 1923–1925 гг. надавала значную ўвагу нацыянальнай палітыцы. На Пленуме ЦБ КП(б)Б у чэрвені 1924 г. разглядалася пытанне аб праграме правядзення нацыянальнай палітыкі ў Беларусі; у 1925 г. пытанні нацыянальнай палітыкі разглядаліся на пленумах ЦК КП(б)Б у студзені, маі, кастрычніку; у рэзалюцыі апошняга быў вызначаны раздзел “Беларусізацыя”. У кастрычніку 1926 г. абмеркавана пытанне “Аб ходзе ажыццяўлення ў рэспубліцы нацыянальнай палітыкі”. Аднак сярод кіраўніцтва рэспублікі былі і праціўнікі беларусізацыі, што стварала цяжкасці.
Пачатак палітыкі беларусізацыі варта аднесці да чэрвеня 1924 г., калі сесія ЦВК БССР прыняла пастанову аб утварэнні спецыяльнай камісіі на чале з А. Хацкевічам па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі. Такія ж камісіі ўтвараліся і пры акруговых выканаўчых камітэтах.
З сярэдзіны 1923 г. і да сярэдзіны 1924 г. працэс беларусізацыі прайшоў першую фазу, на працягу якой вялася ў асноўным яе палітычная і ідэалагічная падрыхтоўка. Была разгорнута тлумачальная работа сярод насельніцтва аб неабходнасці і сэнсе беларусізацыі, распрацаваны погляды на змест гэтай палітыкі, прымаліся дырэктыўныя дакументы, пастановы. Лета 1924 г. і прыкладна да 1928 г. – час актыўнай практычнай рэалізацыі вызначаных напрамкаў дзейнасці ў палітыцы беларусізацыі.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа праведзена ў 1926–1929 гг. пасля таго, як адбылося вяртанне БССР значнай часткі этнічна беларускіх зямель. У складзе БССР губерні, паветы, воласці былі ліквідаваны і замест іх утвораны акругі, раёны і сельсаветы, прычым значна змяняліся межы адміністрацыйных адзінак. У аснову новаўтварэнняў пакладзены нацыянальны прынцып. З улікам інтарэсаў і патрабаванняў нацыянальных меншасцей (карыстанне роднай мовай, захаванне здабыткаў нацыянальнай культуры, звычаяў і г.д.) у месцах іх кампактнага пражывання ўтвараліся нацыянальныя Саветы. У 1928 г. налічвалася 23 яўрэйскія, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія Саветы. У 1932 г. быў утвораны нацыянальны (польскі) раён з цэнтрам у Дзяржынску. Палітыка беларусізацыі не азначала прыніжэння ці ўшчамлення правоў і інтарэсаў нацыянальных меншасцей.
Адным з напрамкаў нацыянальнай палітыкі з’яўлялася беларусізацыя дзяржаўных устаноў, грамадскіх арганізацый, якая мела на мэце вывучэнне супрацоўнікамі беларускай мовы і перавод на яе справаводства. Усім дзяржаўным і грамадскім установам, а таксама прадпрыемствам і кааператыўным аб’яднанням былі ўстаноўлены канкрэтныя тэрміны пераводу іх працы на беларускую мову. У 1927 г. беларускай мовай валодалі ў цэнтральных дзяржаўных установах 80 % служачых, у акруговых і раённых установах – каля 70 %. Асноўныя рэспубліканскія дакументы выдаваліся на беларускай мове, а таксама на адной з трох іншых моў: рускай, польскай і яўрэйскай.
У ходзе беларусізацыі вырашалася задача больш актыўнага вылучэння на кіруючыя пасады прадстаўнікоў карэннага (не толькі беларускага) насельніцтва. У выніку за 1926–1927 гг. сярод кіраўнікоў акруговага і раённага ўзроўню ўдзельная вага беларусаў павялічылася з 30,3 да 46 %, гарсаветаў – з 43,8 да 45 %. У складзе сельскіх Саветаў колькасць беларусаў была 90 %.
Палітыка беларусізацыі закранула і войска. У 1923–1925 гг. праводзілася ваенная рэформа. Камплектаванне войск Чырвонай Арміі пачало базіравацца на тэрытарыяльным прынцыпе ў спалучэнні з кадравым. Ваенная рэформа прадугледжвала аднаўленне нацыянальных тэрытарыяльных часцей і злучэнняў.
Для падрыхтоўкі сярэдняга каманднага саставу была ўтворана Аб’яднаная беларуская вайсковая школа імя ЦВК БССР.
Палітыка беларусізацыі закранула і ўнутранае жыццё войска. Усе асноўныя навучальныя дапаможнікі (статуты, падручнікі) былі выданы на беларускай мове.
Тэрытарыяльныя фарміраванні БВА існавалі да 1935–1938 гг., пасля былі скасаваны.
Важным напрамкам беларусізацыі з’яўлялася нацыянальна-культурнае будаўніцтва. Калі ў 1921 г. беларускія школы складалі 1,5 % ад агульнага ліку школ на Беларусі, то ў 1931 г. – 83,5 %. У 1930 г. 76,6 % студэнтаў вышэйшай школы рэспублікі былі беларусамі, выкладанне больш за 80 % вучэбных дысцыплін вялося на беларускай мове.
У Беларускай акадэміі навук працавалі нацыянальныя сектары – яўрэйскі, польскі, латышскі, а таксама Камісія па вывучэнні Заходняй Беларусі, сектар масавай работы і краязнаўства. Сярод навуковых супрацоўнікаў акадэміі ў пачатку 30-х гадоў колькасць беларусаў складала 45 %.
Шмат што было зроблена ў напрамку беларусізацыі ў выдавецкай справе. У 1924 г. заснавана Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Апрача таго, працавалі выдавецтвы тэхнічнай літаратуры, вайсковай літаратуры і інш. У 1931 г. было выдадзена на беларускай мове 1069 назваў кніг. У перыядычным друку выходзіла 13 рэспубліканскіх газет, з іх 6 – на мовах нацыянальных меншасцей, 64 – раённыя і гарадскія газеты, 30 часопісаў.
Значных поспехаў у гады правядзення палітыкі беларусізацыі дасягнулі беларуская літаратура, нацыянальны беларускі тэатр, музыка, жывапіс.
Разглядаючы палітыку беларусізацыі ў 20-я гады, важна адзначыць, што яе ход меў пэўныя супярэчнасці і цяжкасці. З аднаго боку, гэта недаацэнка нацыянальных асаблівасцей Беларусі ў першую чаргу рускімі чыноўнікамі, якіх нямала было ў гаспадарчым і дзяржаўным апараце. Яны разглядалі беларусізацыю як гвалтоўнае насаджэнне беларушчыны, усялякім чынам перашкаджалі яе ажыццяўленню. Такую ж пазіцыю займалі і некаторыя прадстаўнікі іншых нацыянальных меншасцей, асабліва яўрэйства, у асяроддзі якога назіраліся праявы сіянізму.
З другога боку, мелі месца спробы фарсіраваць тэмпы беларусізацыі без уліку аб’ектыўных умоў. Нярэдка ва ўстановах складаліся спісы супрацоўнікаў, якія былі абавязаны ў кароткі тэрмін вывучыць беларускую мову, да таго ж заахвочваліся “сустрэчныя планы”, калі гэтыя тэрміны яшчэ больш скарачаліся. Не заўсёды існавалі ўмовы для вывучэння беларускай мовы – не хапала выкладчыкаў, падручнікаў. Здараліся выпадкі звальнення з пасады за невалоданне беларускай мовай. Усё гэта выклікала незадаволенасць пэўнай часткі насельніцтва, садзейнічала ажыўленню антыбеларускіх настрояў, кампраметавала сутнасць палітыкі беларусізацыі.
Але, нягледзячы на супярэчнасці, цяжкасці і недахопы, палітыка беларусізацыі з’явілася практычнай спробай ва ўмовах савецкай улады ажыццявіць беларускае нацыянальнае адраджэнне. Да яе істотных станоўчых вынікаў у 20-я гады можна аднесці пэўную дэмакратызацыю грамадскага жыцця, калі нацыянальны момант, нацыянальныя пытанні прывялі да аб’яднання даволі разнастайных палітычных сіл. Кампартыя (бальшавікоў) Беларусі рабіла пэўныя крокі да супрацоўніцтва з больш шырокімі нацыянальнымі коламі. Аб прычынах згортвання палітыкі беларусізацыі ў канцы 20 – пачатку 30-х гадоў будзе сказана ў параграфе, прысвечаным палітычным рэпрэсіям.
§ 3. Беларускае замежжа
Неад’емнай састаўной часткай беларускага народа неабходна разглядаць беларусаў, што апынуліся ў выніку палітычнай, ідэалагічнай і ваеннай барацьбы за межамі Беларусі. У ходзе і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. з Беларусі эмігрыравала каля 122 тыс. чалавек (усяго з былой Расійскай імперыі – каля 2 млн чал.). Частка гэтай хвалі эмігрантаў рушыла на Усход – у Маньчжурыю і ў Кітай, але асноўная маса накіравалася на Захад – у Фінляндыю, Прыбалтыку, Германію, Францыю, Чэхаславакію, ЗША.
Да заканчэння вайны з Польшчай і грамадзянскай вайны на Беларусі ў Еўропе дзейнічалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы, місіі і консульствы БНР, у прыватнасці ў Латвіі, Эстоніі, Літве, Фінляндыі, Турцыі, Балгарыі, Германіі і іншых месцах. У Прыбалтыцы знаходзіліся і некаторыя вайсковыя фарміраванні БНР. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора яны апынуліся ў эміграцыі. Эмігрыравалі таксама кіраўнікі дзяржаўных устаноў БНР – члены прэзідыума Рады, урада БНР і дзеячы некаторых партыйных цэнтраў. Галоўнай палітычнай сілай эміграцыі з’яўлялася партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Дзейнасць гэтай хвалі эміграцыі была найбольш актыўнай да 1923–1924 гг.
У першыя гады эміграцыі ўстановы БНР і большасць нацыянальных беларускіх партый адмоўна ставіліся да савецкай улады, што ўсталявалася на Беларусі. Не выключалі яны і падрыхтоўку ўзброенага паўстання, якое павінна было, на іх думку, адбыцца як на тэрыторыі БССР, так і ў Заходняй Беларусі з мэтай аб’яднання пад эгідай БНР абедзвюх частак Беларусі. Гэта ідэя вылілася ў палітычны лозунг: “У барацьбе за нацыянальную дзяржаўнасць і свабоду – ні з Масквою, ні з Варшаваю!”, што адлюстроўвала эсэраўскую ідэю аб “трэцім шляху” Беларусі.
З Літвы ўрадам БНР рыхтавалася спроба ўзняць паўстанне ў Заходняй Беларусі і ў БССР. Улетку 1921 г. з гэтай мэтай быў утвораны Цэнтральны беларускі паўстанцкі камітэт (ЦБПК). Аднак да паўстання справа не дайшла. ЦБПК арганізаваў партызанскі рух. Супраць яго барацьбу вялі часці асобага прызначэння (ЧАП).
У верасні 1921 г. у Празе ўрад БНР склікаў Беларускую нацыянальна-палітычную карферэнцыю. Яна прыняла заяву аб салідарнасці са Слуцкім паўстаннем, супраць падзелу Беларусі паводле Рыжскага дагавора, пацвердзіла паўнамоцтвы органаў БНР, заклікала аб’яднаць вакол іх усе цэнтры беларускай эміграцыі.
Знаходзячыся на чужбіне, беларуская эміграцыя стварала свае эмігранцкія цэнтры і культурныя арганізацыі. У Латвіі былі створаны беларускае культурна-асветніцкае таварыства “Бацькаўшчына”, беларускі клуб, курсы беларусазнаўства, выдаваўся часопіс “На чужыне” і г.д. З 1934 г. амаль усе арганізацыі беларускіх эмігрантаў у Латвіі былі забаронены.
У Празе, Берліне, Рыме, Бруселі, Варшаве і іншых месцах дзейнічала аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, выдаваўся свой “Бюллетень”. У ЗША узніклі два цэнтры беларускай эміграцыі – у Нью-Йорку і Чыкага. У Нью-Йорку з 1921 г. дзейнічалі Беларускі нацыянальны камітэт і Камітэт дапамогі рабочым і сялянам Заходняй Беларусі, у Чыкага – Беларуска-амерыканскі нацыянальны саюз і Беларуска-амерыканскі клуб.
Беларускі эмігранцкі рух быў неаднародны, уплыў на яго аказвалі з’явы грамадска-палітычнага жыцця, якія адбываліся ў БССР. Вядомыя грамадскія дзеячы БССР А. Чарвякоў, У. Ігнатоўскі, З. Жылуновіч і іншыя ў пачатку 20-х гадоў падтрымлівалі сувязі з левымі плынямі беларускай эміграцыі, мелі кантакты з вядучымі яе дзеячамі. Урад БССР зыходзіў з таго, што магчыма аб’яднаць усе дэмакратычныя элементы беларускай палітычнай эміграцыі на падставе адраджэння беларускай нацыі ва ўмовах савецкай улады.
Значнай з’явай у жыцці беларускага замежжа з’явілася ІІ Беларуская нацыянальная нарада, скліканая ўрадам БНР у Берліне ў кастрычніку 1925 г. Яна прыняла рашэнне спыніць барацьбу супраць савецкай улады, прызнаць, што БССР як палітычная рэчаіснасць стала цэнтрам кансалідацыі беларускага народа і адраджэння яго самабытнай культуры. Пасля нарады амаль увесь эмігранцкі ўрад БНР вярнуўся ў БССР. Многія з былых праціўнікаў савецкай улады атрымалі адпаведную іх адукацыі працу, галоўным чынам у галіне культуры, адукацыі, навукі. З іх імёнамі былі звязаны значныя поспехі палітыкі беларусіхацыі.
Пасля 1925 г. палітычная дзейнасць беларускага замежжа прыкметна згортвалася, заставалася ў асноўным культурна-асветная работа. Тлумачылася гэта шматлікімі прычынамі, у тым ліку стабілізацыяй міжнароднага становішча, цяжкім маральным і матэрыяльным становішчам эмігрантаў і інш.
Тыя, хто застаўся ў Празе, утварылі эмігранцкі цэнтр – Раду БНР, якую ўзначальваў П. Крачэўскі, пасля яго смерці, у 1928–1943 гг., – В. Захарка. Да 1970 г. Раду БНР узначальваў М. Абрамчык, да 1982 г. – В. Жук-Грышкевіч. Цяпер на чале Рады – доктар Я. Сажыч, у яе складзе каля 120 чалавек. Урад БНР пасля 1925 г. узначальвае прэзідэнт Рады.
§ 4. Палітычныя рэрпрэсіі: прычыны, памеры, вынікі
Пачатак палітычных рэпрэсій у Беларусі, на наш погляд, звязаны з поспехамі і дасягненнямі палітыкі беларусізацыі. Ужо ў другой палове 20‑х гадоў узнікаюць спрэчкі паміж прадстаўнікамі розных падыходаў да нацыянальнай палітыкі. Найбольш актыўных прыхільнікаў палітыкі беларусізацыі сталі абвінавачваць у т. зв. нацыянал-дэмакратызме, тэндэнцыі “ставіць нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя”.
З 1930 г. крытыка робіцца больш жорсткай. Нацыянал-дэмакратызм вызначаецца як варожая савецкай ўладзе ідэалогія і практыка контррэвалюцыйнай плыні, якая ставаліла сваёй мэтай “аднаўленне капіталізму на Беларусі”. Рэзалюцыя XІІІ з’езда КП(б)Б ацэньвала гэтую з’яву як галоўную небяспеку для нацыянальнай палітыкі рэспублікі. Пры гэтым рэзка змяняліся ўсе ацэнкі мінулага: увесь беларускі нацыянальна-вызваленчы рух аднолькава пачаў абвяшчацца рэакцыйным.
У маі – чэрвені 1929 г. камісія ЦК ВКП(б) абследавала практыку нацыянальнай работы ў БССР. Яна адзначыла, што “Асноўныя памылкі партыйнага кіраўніцтва КПБ маюць месца ў вобласці тактыкі і вынікаюць з няправільнай ацэнкі суадносін класавых сіл”. Менавіта на класавую барацьбу рабілі ўпор члены камісіі, яе праявы шукалі і знаходзілі ўсюды – у дзейнасці навукоўцаў, у галіне мовазнаўства, у выдавецтвах, у палітыцы Наркамасветы па беларусізацыі, Наркамзема – па хутарызацыі і г.д.
З восені 1929 г. негатыўны вобраз нацдэмаўшчыны замацоўваецца ў партыйнай палітыцы, у сродках масавай інфармацыі, грамадскай свядомасці. У 1930 г. барацьба з нацдэмамі стала практычнай дзейнасцю органаў АДПУ БССР. Імі была “выкрыта” (на самой справе сфабрыкавана) “нацдэмаўская, контррэвалюцыйная і антысавецкая арганізацыя”, якая атрымала назву “Саюз вызвалення Беларусі” (СВБ). Было арыштавана 108 чалавек. Сярод іх акадэмікі БАН В. Ластоўскі, Я. Лёсік, С. Некрашэвіч, кіраўнік наркамата земляробства Дз. Прышчэпаў, асветы А.Баліцкі і інш. У 1931 г. яны былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення, а ў 1937–1940 гг. многія з іх расстраляны.
Актыўная кампанія выкрыцця “ворагаў народа” мела, акрамя фізічнага знішчэння, яшчэ адзін, не менш жудасны вынік. Атмасфера падазронасці, ідэалагічнага ўціску, маральнага прымусу ламала людзей як асоб, прымушала адракацца ад сваіх поглядаў і прынцыпаў, гаварыць няпраўду, хлусіць, каб захаваць жыццё сваё і сваіх родных.
“Справа СВБ” была пачаткам сістэматычных рэпрэсій у Беларусі. Адначасова з СВБ у 1930 г. былі “раскрыты” і іншыя “контррэвалюцыйныя, шкодніцкія і дыверсійна-шпіёнскія арганізацыі”, у прыватнасці беларускі філіял “Працоўнай сялянскай партыі”, па гэтай “справе” было асуджана 59 чалавек); беларускі філіял “Прампартыі” – асуджана 30 чалавек; беларускі філіял “Саюзнага бюро РСДРП (меншавікоў)” – асуджана 30 чалавек.
Гэтыя вынікі дзейнасці АДПУ адразу адчуліся – неставала работнікаў навучальных устаноў, органаў кіравання, устаноў культуры і г.д. Аднак пошук “ворагаў народа” працягваўся. У снежні 1933 г. былі арыштаваны 84 працаўнікі сістэмы Наркамзема БССР і Белтрактарацэнтра. Ім ставілася ў віну імкненне сарваць развіццё цяжкай прамысловасці, падарваць эканамічную магутнасць Савецкай дзяржавы, аслабіць яе ў барацьбе з капіталістычным асяроддзем, а потым звергнуць савецкую ўладу, захапіць кіраўніцтва ў свае рукі.
Акрамя гэтага, “контррэвалюцыйныя арганізацыі” шкоднікаў і нацдэмаў у гэты час былі “выкрыты” ў Белдзяржснабе, Дзяржплане, у Беларускім нацыянальным цэнтры і г.д. У першым квартале 1933 г. у БССР да вышэйшай меры пакарання і да 10 гадоў пазбаўлення волі было асуджана больш за 5,5 тыс. чалавек. Толькі “тройкай” НКУС БССР у 1935 г. было асуджана 8074 чалавекі, а ў 1936 – 12 371 чалавек. Агентаў “варожых разведак” знаходзілі і выкрывалі сярод самых розных сацыяльных груп насельніцтва – ад высокапастаўленых дзяржаўных, партыйных і ваенных дзеячаў да простых рабочых і сялян.
У чэрвені 1937 г. адбыўся XVI з’езд КП(б) Беларусі, якому належыць асобнае месца ў нагнятанні атмасферы страху і беззаконня. Тэма выкрыцця ворагаў народа была галоўнай у справаздачным дакладзе першага сакратара В. Шаранговіча і ў прамовах фактычна ўсіх выступаўшых.
29 ліпеня 1937 г. адбыўся ІІІ Пленум ЦК КП(б)Б, рашэнні якога адыгралі ролю своеасаблівага дэтанатара, выклікалі абвальны працэс агульнага выкрыцця, масавага псіхозу ў пошуках “ворагаў народа”. Выступаючыя на пленуме прадстаўнікі партыйных органаў прызналі наяўнасць у іх арганізацыях і раёнах “актыўна дзеючых контррэвалюцыянераў, польскіх шпіёнаў і дыверсантаў”.
Выкананне рашэнняў ІІІ Пленума ЦК КП(б)Б прывяло да таго, што з сярэдзіны 1937 г. да ліпеня 1938 г. было арыштавана 2570 удзельнікаў т. зв. “аб’яднанага антысавецкага падполля”. Месцамі іх канцэнтрацыі, як адзначаецца ў даведцы УДБ НКУС, былі ЦВК, СНК БССР, ЦК КП(б)Б, Дзяржплан, наркаматы і іншыя ўстановы. Было арыштавана: 40 наркомаў і іх намеснікаў, 179 кіруючых работнікаў савецкага і гаспадарчага апарату, 1 акадэмік, 25 навукоўцаў, 41 выкладчык ВНУ, 23 супрацоўнікі ЦК КП(б)Б, 16 супрацоўнікаў Саўнаркома.
Следчымі органамі арыштаваныя былі падзелены на наступныя групы: нацыянал-фашысцкае падполле (яго кіраўнікамі вызначаны Чарвякоў, Шаранговіч, Жылуновіч і інш.); антысавецкае эсэраўскае падполле (Чарнушэвіч, Бадунова, Панкевіч); антысавецкае бундаўска-сіянісцкае падполле (Волт, Гурэвіч); царкоўна-сектанцкае падполле (кіраўнік, “японска-польскі шпіён”, мітрапаліт Бліноў). Кіраўнікамі “трацкісцкай арганізацыі” на Беларусі былі названы М. Гікала, М. Галадзед, Д. Валковіч і іншыя кіраўнікі рэспублікі. Сярод абвінавачванняў, якія прад’яўляліся арыштаваным, былі і наступныя: “Антысавецкая арганізацыя на Беларусі па заданні цэнтра правых у Маскве сумесна з трацкістамі рыхтавала здзяйсненне тэрарыстычных актаў над тт. Сталіным, Варашылавым і Калініным. Па заданні Галадзеда Хацкевічам у Маскве была створана група, якая рыхтавала тэрарыстычны акт супраць т. Сталіна”.
Новы ўздым хвалі рэпрэсій назіраўся з восені 1939 г., пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР. Былі рэпрэсіраваны (у асноўным высланы ва ўсходнія раёны СССР) цэлыя групы насельніцтва – служачыя былога дзяржапарату, судовых органаў, пракуратуры, паліцыі, арміі, гандляры, леснікі, рамеснікі з сем’ямі, усяго каля 125 тыс. чалавек.
Пытанне аб тым, колькі жыхароў Беларусі пацярпела ад палітычных рэпрэсій, не высветлена і да сённяшняга дня. Як вынікае з падлікаў, судовымі і несудовымі органамі ў рэспубліцы па палітычных матывах было прыцягнута да адказнасці больш за 250 тыс. грамадзян. Акрамя таго, у адміністрацыйным парадку (раскулачванне, высяленне, барацьба з сабатажам, выкананне закона “Аб ахове сацыялістычнай маёмасці” і г.д.) прыцягнуты да адказнасці яшчэ амаль 3
Дата добавления: 2022-02-05; просмотров: 322;