Тэхніка прыцягнення птушак

Птушкі выконваюць важную функцыю – падтрыманне на пэўным узроўні колькасці вусякоў-шкоднікаў лесу. Часта ў прыродзе ўзнікаюць спрыяльныя ўмовы для развіцця ўспышкі размнажэння таго або іншага шкодніка. Таму важна, каб лясныя фітацэнозы маглі прыняць як мага болей вусякаедных птушак. З гэтай нагоды лесавод можа ўздзейнічаць на ўмовы гнездавання і кармлення птушак з мэтай іх паляпшэння.

Тэхніка прыцягнення птушак мае на ўвазе стварэнне спрыяльных ўмоў для іх гнездавання і вывядзення імі птушанят. Вядома, што розныя птушкі гняздуюцца ў дрэвавым ярусе, на хмызняках, глебе. Стварэнне лепшых умоў для гнездвання ў дрэвавым ярусе ўдаецца шляхам будовы і развешвання штучных гняздоўяў або ўстаноўкай прыстасаванняў для ўладкавання гнёздаў. Развеска гняздоўяў заканчваецца да 20–25 сакавіка, калі на радзіму вяртаюцца некаторыя пералётныя віды і пачынаюцца шлюбныя песні ў асобных аседлых відаў.

Домікі робяць чатырох асноўных памераў: самыя дробныя, або сінічнікі, з дыяметрам лётнай адтуліны 3 см для сініц, попаўзняў, гарыхвостак, мухаловак; шпакоўні сярэдніх памераў з дыяметрам лётнай адтуліны 4,5–5 см для шпакоў, дзятлаў, свіргуляў; вялікія домікі з дыяметрам лётнай адтуліны 8–10 см для галак, сізаваронак, дробных сакаліных; самыя буйныя з дыяметрам лётнай адтуліны 12–14 см прыцягваюць качак – гогаля, лутка, вялікага крахаля.

Патрабаванні да штучных гняздоўяў наступныя. Домікі робяцца з дошак або дуплістага дрэва. Яны павінны быць моцныя, шчыльныя, гнездавыя камеры павінны адпавядаць памерам птушкі. Таўшчыня сценак гняздоўяў 2–2,5 см. Патрабаванні да гнездавой камеры і лётка прыведзеныя ў табл. 1.

 

Табл. 1.Параметры гнездавой камеры

Віды птушак Шырыня камеры, см Вышыня ад лётка да дна, см Дыяметр лётка, см
Шпак 19–25 4,5–5
Вялікая сініца 15–25 3–5
Валасяніца пяструшка 10–12 12–15 3–3,5
Блакітная лазараўка 8–9 15–17 2,9–3
Чубатая сініца 8–9 15–18 3–4
Попаўзень 2,5–4
Рудахвостка 11–13 10–15 3,5–5

 

Вышыня развескі домікаў (дуплянак) вызначаецца вышынёй натуральных дуплаў у кожнай мясцовасці. Важна ведаць дзе, на якой вышыні ў прыродных умовах гняздуецца канкрэтны від. Гэта садзейнічае засяленню гняздоўяў тым відам, на які разлічваем. Як правіла, гэта для шпакоўняў 5 м і болей, для сінічнікаў – 3–6 м. Лёткі арыентаваны на ўсход, поўдзень, радзей на захад. Адзін раз у год домікі рамантуюць і чысцяць, вызначаюць іх заселенасць. Для дробных птушак гняздоўі развешваюць па лесе. Для шпакоў уздоўж ускрайкаў, ліній электрычных перадач, прасек па 2–3 штукі на 100 метраў узлеска. Колькасць гняздоўяў прыблізна наступная: ігліцавыя лясы 4–6 на 1 га, змешаныя і лісцевыя – 10. У першую чаргу неабходна наблізіць гняздоўі да ачагоў успышак шкоднікаў.

Паляпшэнне кармавых умоў і гнездавання. Для зімовай падкормкі дробных птушак (сініц, гіляў, шчаглоў, попаўзняў і іншых), – будуюцца кармушкі, кармавыя столікі, якія развешваюць і ўстанаўліваюць у лесе. У якасці корму выкарыстоўваюць насенне сланечніку, проса, гарбузы, лебяды, крапівы, шчаўя, ягады рабіны, ядлоўца, а таксама хлеб, сала, мяса і г. д. Розныя віды птушак не аднолькава адносяцца да прапанаваных кармоў. Паляпшэнне ўмоў гнездавання птушак непарыўна звязана з работамі па іх прыцягненні. У адных выпадках гэтаму садзейнічае пасадка дрэў, хмызнякоў і травяністых раслін і іншыя гаспадарчыя работы, у іншых – развеска і ўстаноўка розных прыстасаванняў для ўладкавання гнёздаў.

3. Ахоўны рэжым вядзення лясной гаспадаркі ў адносінах

Да птушак

У лесе ажыццяўляюцца высечкі галоўнага карыстання, высечкі догляду, лесааднаўленне, нарыхтоўка насення, ягад, грыбоў, жывіцы, сена, лекавых траў. Усё гэта з’яўляецца фактарам прамога або ўскоснага ўздзеяння на птушак. Рацыянальнае выкарыстанне лясных угоддзяў, якія заселены птушкамі, мае на ўвазе захоўванне ўгоддзяў, змену і павышэнне вытворчасці іх ва ўсіх магчымых для гаспадаркі кірункахках. На жаль дзейнасць чалавека ў лесе не заўсёды адпавядае гэтаму патрабаванню.

З улікам біялогіі птушак (час з’яўлення кладак, птушанят, лётных маладых), значнасці работ і мэтазгоднасці часу іх правядзення шкода можа быць паменшана, калі, па-першае, дыферэнцавана (па часу і значнасці ўгоддзяў) падыходзіць да выкарыстання ўгоддзяў, па- другое, работы якія супадаюць па часе з гнездаваннем птушак, праводзіць у абмежавныя тэрміны, па-трэцяе, распрацаваць арганізацыйныя формы выкарыстання ўгоддзяў. Дуплістыя дрэвы, незалежна ад характары работ у лесе неабходна пакідаць, асабліва ў лясных монакультурах. Тут птушак менш, таму змагацца з ляснымі шкоднікамі вельмі цяжка.

Пры выкарыстанні вусякаедных птушак у лясах неабходна мець на ўвазе, што аптымальна спрыяльная структура птушынага насельніцтва тая, пры якой на адзінку плошчы фітацэнозу прыходзіцца найбольшая відавая разнастайнасць птушак і найбольшая шчыльнасць кожнага віду. Такія структуры складваюцца звычайна ў змешаных ігліцава-шыракалісцевых лясах, у якіх, дзякуючы прафілактычнай дзейнасці птушак, практычна выключаны на вялікіх прасторах успышкі масавага размнажэння энтамашкоднікаў.

У чыстых дрэвастоях усіх груп лясоў разнастайнасць птушак меншая і верагоднасць успышак размнажэння энтамашкоднікаў большая. Каб утварыць у такіх дрэвастоях спрыльныя ўмовы для дзейнасці птушак, недастаткова штучных гняздоўяў або дуплістых дрэў. Неабходна палепшыць саму структуру фітацэнозу, пры якой павялічыцца не толькі колькасць драпежнікаў, але і птушак, якія гняздуюцца адкрыта. Маштабнасць работ па паляпшэнні структуры птушынага насялення ў розных тыпах лясоў вызначаецца ландшафтнай спецыфікай тэрыторыі і знаходзіць адлюстраванне ў плошчах адпаведных тыпаў лесу, якія змяняюцца па геаграфічнай шырыні. Лепшымі метадамі абагачэння птушынага насельніцтва, напрыклад, у сасновых лясах, з’яўляюцца: у сасняках верасовых увядзенне падросту з лісцевых парод, прарэджванне (у межах норм) фітацэнозаў для паляпшэння самкнутасці полагу і развеска дуплянак; у сасняку імшыстым прарэджанне полагу ў аптымальных межах адпаведна настаўленню па высечках догляду; у сасняках арляковых увядзенне і захаванне падросту з лісцевых парод; у сасняках бруснічных захаванне лісцевых дрэў і падлеску.

У яловых лясах істотнае значэнне для птушынага насельніцтва мае таксама яруснасць дрэвастою. Таму неабходна ў ельніках чарнічных утварэнне шматярусных фітацэнозаў і ўвядзенне падлеску з лісцевых парод; у ельніках кіслічных прарэджванне высокапаўнотных дрэвастояў у адпаведнасці з правіламі догляду за лесам і развеска дуплянак; у ельніках арляковых і бруснічных паляпшэнне рэмізных уласцівасцяў травастану, развеска гняздоўяў; у ельніках імшыстых увядзенне падлеска ў з лісцевых парод і дапушчальнае прарэджванне дрэвастояў; у ельніках прыручайна-травяных развеска дуплянак.

Узмацніць значэнне прафілактычнай дзейнасці птушак у алешніках можна прыцягненнем птушак дуплагнёзднікаў і дапушчальным зрэджваннем полагу за кошт другасных парод. Прыцягненне птушак дуплагнёзднікаў больш спраўджана ў вольсах кіслічных і папарацевых.

Дубровы характарызуюцца большай разнастайнасцю птушак. У абагачэнні саставу яны практычна не маюць патрэбы, але колькасць птушак можа быць павялічана. У поплаўных дубровах, напрыклад, за кошт захавання падлеску з лазы або яго ўвядзення ў калябярэжнай паласе вадаёму; у дубровах арляковых – за кошт увядзення падлеску з арэшніку. Ва ўсіх тыпах дуброў неабходна забараніць пасвіць свойскую жывёлу.

У бярозавых лясах праводзіць тыя ж мерапрыемствы, што ў сасняках.

4. Птушкі, якія занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь

З ўсіх птушанят, якія вылупіліся, дажывае да наступнага сезону размнажэння 23% заранак, 20% аўсянак і ўсяго 13% вялікіх сініц (пара сініц дае 20 птушанят за сезон). 150 відаў птушак зніклі з планеты назаўсёды. Больш за 500 знаходзяцца на мяжы знікнення. Кожны год мы страчваем 3–5 відаў жывёл і птушак у тым ліку.

Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. Прыродныя ўмовы з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень маюць пераходны характар. Тут назіраецца мяжа пашырэння як раслінных відаў, так і птушак. Так, паўночную і паўночнаўсходнюю мяжу пашырэння на Беларусі маюць малая і вушастая коўра, белавокі нырок, вусатая сініца, рэмез, чырвоны коршун, арол-карлік, сіпуха, соўка-сплюшка, малая крычка, прасянка, рудахвостка, чарнушка, канарэечны ўюрок, палянік, драфа, качка-перазня і кобчык. Паўднёвую мяжу пашырэння маюць пардва, сокал-дрымлюк, гіль, уюрок, арэхаўка, жоўтагаловы дзяцел, лясная завірушка, ястрабіная сава, даўгахвостая кугакаўка, вялікі савук. Не сустракаюцца на ўсход ад Беларусі караткапальцавы паўзунок, чырвонагаловы каралёк. Не сустракаюцца на захад ад Беларусі белая лазараўка, марадунка, вялікі арлец.

На мяжы арэала адносіны віду і ўмоў існавання вельмі напружаныя. Таму колькасць віду паддаецца вялікаму ваганню. Гэты факт, а таксама змены асяроддзя пражывання птушак пад уплывам дзейнасці чалавека вымушаюць навукоўцаў занесці шэраг птушак у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Да першай катэгорыі аднесены віды, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, выратаванне іх немагчыма без ажыццяўлення спецыяльных мер. Сярод птушак, што звязваюць свой лёс з Беларуссю, вылучаюць чорнаваллёвага гагача, скапу, арла-вужаеда, арла-карліка, вялікага арляца, арла-маркута, арлана-белахвоста, сокала-падарожніка, пардву, паляніка, пугача, барадатую кугакаўку, сіпуху, шчурку-пчалаедку.

Да другой катэгорыі аднесены віды, колькасць якіх яшчэ адносна высокая, але скарачаецца катастрафічна хутка, што ў недалёкім будучым можа паставіць іх пад пагрозу знікнення. Сярод такіх птушак чапля-бугай, чапля-лазянік, качка-шылахвостка, белавокі нырок, вялікі савук, чырвоны коршун, чорны коршун, сокал-шулёнак, сокал пустальга, шэры журавель, вялікі кулён, малая чайка, малая крычка, балотная сава, сіні сізаграк.

Да трэцяй катэгорыі аднесены рэдкія віды, якім зараз не пагражае знікненне, але трапляюцца яны ў такой невялікай колькасці або на такіх абмежаваных тэрыторыях, што могуць знікнуць пры неспрыяльных зменах асяроддзя пражывання пад уздзеяннем прыродных і антрапагенных фактараў. Арнітолагі Беларусі ў гэтую катэгорыю ўключылі шэрашчокую коўру, вялікую белую чаплю, чорнага бусла, гусь-піскульку, шэрую гусь, драча, даўганосага савука, малога арляца, сокала-дрымлюка, залацістую сеўку, вялікага зуйка, крыўка, куліка-селянца, куліка-марадунку, дубальта, шызую чайку, сярэдняга кулёна, даўгахвостую кугакаўку, белашчокую рыбачку, звычайнага зімародка, зялёную жаўну, жоўтагаловага дзятла, беласпіннага дзятла, белую сініцу, садовую стрынатку, жаўрука-смяцюха, палявога свірстуна, валасяніцу-белашыйку, вусатую сініцу.

Да чацвёртай катэгорыі аднесены віды, біялогія якіх вывучана недастаткова, колькасць і стан выклікаюць трывогу, аднак недахоп звестак не дазваляе аднесці іх да адной з указаных вышэй катэгорый. Сярод гэтых птушак, чапля-кваква, малы пагоніч, кулік-паручайнік, стучок, соўка-сплюшка, сыч-сіпель, вераб’іны сычык, чарналобы грычун, вяртлявая чаротаўка.

Да пятай катэгорыі аднесены віды, якія адноўленыя. Стан іх дзякуючы прынятым мерам аховы, не выклікае больш боязні, але яны не падлягаюць яшчэ прамысловаму выкарыстанню і за іх папуляцыямі неабходны пастаянны кантроль.

Паспяховае вырашэнне праблемы аховы птушак магчыма пры стварэнні эфектыўнай заканадаўча-прававой сістэмы аховы жывой прыроды. Важным з’яўляецца карэктоўка вытворчых мерапрыемстваў у сельскай, лясной, рыбнай і паляўнічай гаспадарцы з улікам інтарэсаў аховы птушак. Добра адаб’ецца на папуляцыях птушак уніфікацыя і пашырэнне сеткі ахоўных прыродных тэрыторый рознага статусу і рангу, павышэнне іх ролі ў захаванні рэдкіх відаў. Упарадкаванне навуковага, музейнага і аматарскага калекцыяніравання і ўтварэнне заапаркаў будзе спрыяць ахове птушак. Вельмі неабходна павышаць эфектыўнасць мерапрыемстваў па захаванні і аднаўленні рэдкіх і знікальных відаў. Экалагічная адукацыя шырокіх слаёў насельніцтва таксама вельмі значная ў справе аховы птушак.

 

 

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Українські державні та місцеві цінні папери | Задачи, основные направления и информационное обеспечение анализа производства и реализации продукции.

Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1323;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.01 сек.