Пашырэнне птушак у лесе


Птушкі як кампанент лесу

Лясная экасістэма складаецца з біяцэнозаў, якія развіваюцца ў абіятычным асяроддзі. Біяцэноз прадстаўлены комплексамі зялёных раслін (прадуцэнты), мікраарганізмаў (рэдуцэнты) і жывёльных арганізмаў (кансументы). Птушкі, што насяляюць лес, уваходзяць у комплекс жывёльных арганізмаў (кансументаў). На працягу свайго жыцця яны спажываюць рэчывы і энергію, якую назапасілі прадуцэнты, – зялёныя расліны. Лясныя раслінаедныя птушкі з’яўляюцца кансументамі першага парадку. Вусякаедныя птушкі складаюць групу кансументаў другога парадку. Драпежныя птушкі ўваходзяць у групу, якая спажывае жывых істот. Таму іх адносяць да кансументаў другога або трэцяга парадку. Біямаса дзікіх жывёл, што насяляюць лес, вельмі малая. Так, напрыклад, у заходнееўрапейскіх лясах вялікія жывёлы і птушкі складаюць дзесятыя долі кілаграма на 1 га (казулі – 0,3, дзікі – 0,7, птушкі – 1,3 кг жывой масы). У параўнанні з масай фітацэнозу гэта мізэрная велічыня. Але іх значэнне ў лясной экасістэме дастаткова ўплывовае. Птушкі аказваюць на кампаненты лесу прамое (паглынанне частак раслін і іншых жывёл у якасці стравы) і апасрдкаванае (праз змену ўмоў навакольнага асяроддзя) уздзеянне.

 

Пашырэнне птушак у лесе

Птушкі адрозніваюцца самымі разнастайнымі экалагічнымі патрабаваннямі і прыстасаваннямі. Асяроддзе ў сваю чаргу вельмі неаднароднае, нават ў межах якога-небудзь масіву можна ўбачыць цэлы шэраг характэрных урочышчаў, якія адрозніваюцца экалагічнымі ўмовамі і комплексам відаў птушак. Аднародныя ўчасткі мясцовасці носяць назву біятопаў. Падобныя біятопы аб’ядноўваюцца ў групы – яны прыблізна адпавядаюць тыпам лесу. Асобныя біятопы складаюць не толькі тыпы лесу, але і фітацэнозы рознага ўзросту і паходжання – маладнякі, жарднякі, прыспелыя, таксама насенныя і парасткавыя фітацэнозы.

Дробныя птушкі абмяжоўваюцца ў сваім існаванні пэўным біятопам. Іншыя кормяцца далёка ад месца гнездавання, такім чынам аказваюцца звязанымі з некалькімі біятопамі. Уся тэрыторыя, дзе працякае жыццё той ці іншай птушкі, складае стацыю. Стацыя можа супадаць з біятопам альбо ўключаць шэраг біятопаў. Напрыклад, пячураўка-вяснічка ў гнездавы перыяд задавальняецца невялікім участкам лесу, яе месца пражывання не выходзіць за межы аднаго біятопа. Вялікія драпежныя птушкі гняздуюцца ў лесе, палююць далёка за яго межамі. Таму стацыя, напрыклад, коршуна ўключае некалькі біятопаў лесу, поплавоў і палёў.

Жывёлы, якія насяляюць біятоп разам з уласцівай яму расліннасцю і неарганічнай прыродай, складаюць адзіны комплекс, усе элементы якога цесна звязаныя адзін з другім. Падобная групоўка называецца біяцэнозам. Расліннасць служыць найбольш простым і дакладным паказчыкам пры выдзяленні ў прыродзе біяцэнозаў і вывучэнні памеркавання жывёл у залежнасці ад умоў пражывання. У многіх выпадках ужо па характары лесу можна даведацца пра склад жывёльнага свету фітацэнозу ў дадзены перыяд года.

У межах геаграфічнай зоны птушкі размяркоўваюцца па тэрыторыі нераўнамерна: колькасць пар на адзінку плошчы заканамерна ўзрастае па меры руху да поўдня. Калі паблізу ад паўночнай мяжы лясной зоны ў еўрапейскай частцы на 1 га яловых лясоў шчыльнасць птушак 0,5–0,6 пары, у таёжных яловых лясах – 0,9–1,7 пары на 1 га, у падзоне паўднёвай тайгі налічваецца ўжо 2–3 пары, у паласе змешаных лясоў на 1 га 5 пар.

Змена колькасці птушак адбываецца паралельна з рэзкім узрастаннем да поўдня запасу расліннай масы, гэта значыць з павелічэннем прадукцыйнасці расліннасці. Улічваючы тое, што птушкі размяркоўваюцца на тэрыторыі ў залежнасці ад умоў, у першую чаргу ад характару расліннасці, можна гаварыць пра біяцэнатычныя групоўкі птушак яловых лясоў, бароў, дуброў і г. д. Размеркаванне птушак у розных фармацыях лясоў мае свае асаблівасці.

Сасновыя лясы. Для ўсёй групы сасновых лясоў адзначана 30 відаў птушак (М.С.Доўбік, 1980). У залежнасці ад тыпаў лесу колькасць відаў мяняецца ад 1 да 19. Сярэдняя колькасць птушак на 1 га складае 2,3 пары, у тым ліку ў сасняках верасовых 2,0, імшыстых –3,3, бруснічных –2,8, арляковых –2,0, сфагнавых –3,6, багуновых –1,8 пар на 1 га. Аснову птушынага насельніцтва сасновай фармацыі складаюць берасцянка, пячураўка-трашчолка, лясны канёк, чубатая сініца, дразды, чорны дзяцел, ляляк, туркаўка, сойка, зязюля, крыжадзюб сасновік, глушэц.

Яловыя лясы. Адзначана ўсяго 17 відаў са змяненнем ў залежнаці ад тыпаў ад 5 да 17. Сярэдняя колькаць па групе ельнікаў 3,5 пары на 1 га, у тым ліку ў ельніках чарнічных 2,9, бруснічных – 2,8, кіслічных – 4,4, імшыстых – 3,5, арляковых – 2,0, прыручэйна-травяных – 4,5 пар на 1 га. Аснову птушынага насельніцтва складаюць берасцянка, пячураўкай-трашчолка, крапіўнік, заранка, слаўка чорнагаловік, чорны дрозд, крыжадзюб-елавік, чорны дзяцел, гіль, чорная сініца, касматаногі сыч, попаўзень, паўзунок, арабак.

Бярозавыя лясы. Для ўсёй групы бярозавых лясоў адзначаны 21 від. Склад відаў у залежнасці ад тыпаў лесу мяняецца ад 2 да 8. Сярэдняя шчыльнасць 3 пары на 1 га, у тым ліку ў бярэзніках кіслічных – 3, імшыстых – 3,3, папарацевых – 3,9, арляковых – 3,9, сфагнавых – 2,2, балотна-разнатраўных – 4,0, чарнічных – 3,9, верасовых – 2,0 пары на 1 га. Бярэзнікі насяляюцца берасцянкай, авяльгай, пячураўка-вяснічкай, драздамі, дзятламі, лясным каньком, зязюляй і іншымі птушкамі.

Вольсы. Для вольсаў адзначана 29 відаў. Змены па асобных тыпах ад 7 да 15, у тым ліку чорнаалешнікі кіслічныя – 6,6, асаковыя – 4,1, крапіўныя – 3,4, папарацевыя – 5,3 пары на 1 га. Аснова птушынага насялення – берасцянка, пячураўка-трашчолка, перасмешка, чорны дрозд, авяльга, салавей, шэрая валасяніца. Тут селяцца таксама звычайны рэмез, малы дзяцел, чорны бусел, лясная завірушка, бурагаловая гаічка, даўгахвостая сініца.

Дубровы. Для гэтай фармацыі лясоў адзначана 28 відаў са зменай па тыпах дуброў ад 9 да 22. Колькасць па ўсёй групе 6,5 пар на 1 га, у тым ліку у дубровах поплаўных – 3,6, чарнічных – 4,8, арляковых – 3,4, злакавых – 8,0 пары на 1 га. У дубровах селяцца валасяніца-белашыйка, соўка-сплюшка, сярэдні стракаты дзяцел, сівы дзяцел, беласпінны дзяцел, чорны дрозд, авяльга, салавей, удод, звычайны рэмез, таўстадзюб і іншыя.

3. Уплыў птушак на расліннасць і іншых жывых істот

Вялікі ўплыў аказваюць птушкі на наземную расліннасць. Яны збіраюць раслінны матэрыял для будовы гнёздаў, дзяўбуць дуплы, ужываюць насенне самых розных травяністых, дрэвавых і хмызняковых відаў, тым самым уздзейнічаюць на плоданашэнне і натуральнае ўзнаўленне іх. Акрамя пладоў, птушкі з’ядаюць і вегетацыйныя часткі раслін, чым аказваюць істотны ўплыў на стан фітамасы супольніцтваў. Асабліва вялікую ролю пры гэтым выконваюць раслінаедныя (гілі, крыжадзюбы, стрынаткі) і птушкі з змешаным харчаваннем (дразды, сойкі, дзятлы, берасцянкі і іншыя). Глушцы ўжываюць корм, які складаецца з частак 19 відаў раслін, цецярукі – звыш 70, арабакі – каля 50 відаў. Сярод кармоў гэтых птушак пупышкі, каташкі, парасткі, ягады, лісты, бутоны і кветкі самых розных дрэў, хмызнякоў і траў. Пра ступеню ўздзеяння птушак на расліннасць магчыма меркаваць па напаўненні кормам іх валлякоў. Так, напрыклад, у цецярука, які быў здабыты ў кастрычніку, у валляку было 40 г зёрнаў розных сельскагаспадарчых раслін, у глушца, здабытага ў маі – 125 г бутонаў і кветак калужніцы балотнай, у арабака, здабытага ў лістападзе, – звыш 40 г каташкоў вольхі.

Большасць птушак з’яўляюцца натуральнымі ворагамі многіх жывёл, асабліва вусякоў, якіх паглынаюць у вялікай колькасці. У знішчэнні шкодных вусякоў прымаюць удзел амаль усе віды лясных птушак і найперш за ўсё зязюлі, дзятлы, лялякі і шматлікія прадстаўнікі атрада вераб’інападобных. Сярод іх нават раслінаедныя птушкі (чыжы, зелянушкі, шчаглы), якія ў гнездавы перыяд, убачыўшы скапленне вусякоў, лёгка мяняюць характар харчавання і пачынаюць імі ўзмоцнена сілкавацца.

 



Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 2783;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.007 сек.