Атрад Курападобныя (Galliformes)


Атрад Курападобныя ўключае 283 віды птушак. Гэта сярэдняй велічыні ці вялікія, радзей дробныя (перапёлка) птушкі з моцнымі нагамі, кароткімі і шырокімі крыламі і маленькай галавой. Пёравае покрыва шчыльнае, махавыя пёры выгнутыя, вельмі моцныя і пругкія, што неабходна ў лесе для палёту і ўзлёту з зараснікаў травы і хмызнякоў. Дробнае пяро быццам бы двайное, з дадатковым пухавым пёрым, што замяняе ў курападобных пух. Самцы звычайна больш вялікія і маюць больш яркую афарбоўку чым самкі. Курападобныя вядуць наземна-дрэвавы лад жыцця. Палёт у іх моцны і хуткі, грудная мускулатура дасягае магутнага развіцця. Працягласць палёту невялікая, за выключэннем перапёлкі, якая ў час міграцыі перасякае горы і моры. Па характары харчавання курападобныя раслінаедныя (але спажываюць і вусякоў). Страўнік тоўстасценны, мускулісты, сляпыя кішкі доўгія. Маецца валлё (пашырэнне стрававода). Глынаюць пясок і каменьчыкі (да 3 мм) для перацірання стравы. Большасць палігамы. Назіраюцца паміж відамі скрыжаванні (цецярук з глухаркай). Вясной такуюць. Гняздуюцца на зямлі. У кладцы (раз у год) 6–12 (у цецяруковых) і да 20–24 (у бажанавых) яек. Шкарлупа яек пёстрая (глушэц, арабак, перапёлка) ці аднакаляровая (бажан, шэрая курапатка). Інкубацыйны перыяд 17–26 сутак у залежнасці ад віду. Птушаняты вывадковага тыпу. Надзвычайна характэрная рыса курападобных – ранняе адрастанне махавага пер’я і ранняя здольнасць да палёту. Ва ўзросце 7–10 дзён порхаюць – падлятаюць. Палавая спеласць у канцы першага года жыцця. Лінька 2–3 разы ў год. Птушка якая ліняе, на крыло паднімаецца неахвотна. Курападобныя часта выкарыстоўваюць пархалішчы для пазбаўлення цела ад лінялага пер’я і паразітаў. Умовы надвор’я істотна ўплываюць на колькасць курападобных. Для іх харатэрна кансерватыўнасць стацый. Практычна ўсе маюць спартыўна-паляўнічае значэнне.

Курападобныя прадстаўлены ў Беларусі двумя сем’ямі, у якія уваходзяць 7 відаў.

Сям’я Цецеруковыя (Tetraonidae) – гэта курападобныя паўночнага тыпу. Ноздры і ногі (іх цэўкі) густа апераны, пабочны ствол пяра дасягае максімальнага развіцця, на пальцах восенню і зімой з’яўяецца махра з рагавой лускі або густое апярэнне, якое аблягчае хаджэнне птушак па рыхлым снезе. Цецеруковыя здабываюць страву восенню-зімой-вясной галоўным чынам на дрэвах. Яна складаецца з грубых аднастайных кармоў – пупышак, каташкоў, парасткаў катахакветных і ігліцы розных дрэў. Наземнае харчаванне цецеруковых характэрна для, галоўным чынам, бясснежнага, летняга перыяду. З цяжкасцю сям’я засвойвае новыя месцы.

Глушэц (Tetrao urogallus) нешматлікі аседлы від, які гняздуецца. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі, за выключэннем крайняй паўднёва-заходняй часткі Брэсцкай і паўдневаўсходняй часткі Гомельскай абласцей. Аддае перавагу саснякам па сфагнавым балоце, навакол якога сасновыя бары з дамешкам елкі. Агульная колькасць 2500–3000 пар.

Самая вялікая птушка сям’і, ад 3 (гадавалыя) да 5,5 кг (старыя). Глухаркі драбней і важаць 1,5–2 кг. Галава чорная з барадой, чырвоныя набухлыя бровы, зялёнае з металічным бляскам валлё, шэра-струменьчатая шыя, карычневыя крылы і вялікі лірападобны хвост з 9 парамі рулявога пер’я. Самка ўся стракатая, зверху чорна-бурая з рыжавата-вохрыстымі палосамі, дробнымі стракацінкамі і белымі плямамі. Валлё больш рыжае і амаль без чорных папярэчын. Хвост каштанавы з чорна-бурымі папярочнымі палосамі. Глушэц палігам. Такуе глушэц на досвітку. Для пачатку току характэрна хаджэнне і «чарчэнне» па снезе распушчанымі крыламі. Разгар току – канец красавіка – пачатак мая. Спачатку спяваюць, седзячы на дрэве, затым злятаюць на зямлю, дзе працягваюць такаваць асабліва актыўна. Песня складаецца з двух кален: цекання і тачэння. У момант тачэння глушэц не чуе. Песня чуецца на адлегласці 200–300 м. Сярэдзіна мая – канец току. Спарванне тут жа на таку на зямлі. Гняздо глухарка робіць на зямлі паблізу ад току. Кладка да 15 яек (у сярэднім 6–8). Наседжванне каля 26 сутак. Асноўныя віды корму: ігліца сасны, ядлоўцу, ягады чарніцы, брусніцы, дурніцы, лісце асіны, мураўі, жукі, павукі. У верасні ядуць вялы ліст асіны. Жывёльны корм ядуць птушаняты да падняцця на крыло. Ворагі: лісіца, куніца, рысь, арол-маркут, ястраб-цецяруковы, філін. Мае невялікае лесагаспадарчае значэнне і вельмі важны аб’ект палявання.

Цецярук (Lirurus tetrix) – нешматлікі аседлы від. Пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Аддае перавагу лясам па балотах, дробналессю з удзелам бярозы сярод лугоў і палёў, вялікіх суцэльных масіваў пазбягае. Агульная колькасць 15 000–20 000 пар. Птушка памерам нагадвае курыцу. Дарослы самец увесь чорны, з сінім і зялёным металічным адлівам на ніжняй частцы спіны, шыі, валля і галавы. Крылы з белымі люстэркамі. Ніжнія накрыўныя пёры хваста і крыла белыя. Самка рыжаватая, з чорна-бурымі папярочнымі палосамі і стракацінкамі, уключаючы валлё і грудзі.

Цецярук палігам. Такуе на зямлі групамі – грамадскі ток. Песня складаецца з двух кален: чуфыканне і бармытанне. Гняздо простае – неглыбокая ямка, якая прыкрыта густой травой. У кладцы 7–12 яек. Наседжванне 23 дні. У канцы жніўня маладыя пачынаюць самастойнае існаванне. Восенню і зімой трымаюцца чародкамі. Харчуецца цецярук летам лістцем і каташкамі бярозы і вольхі, ягадамі ядлоўцу. Лесагаспадарчае значэнне нязначнае, каштоўны аб’ект аматарскага палявання.

Арабак (Tetrastes bonasia) – звычайны аседлы від, пашыраны па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Аддае перавагу сасновым і змешаным лясам, пераважна з удзелам елкі, а таксама дробналісцевым забалочаным лясам, у асноўным вольсам, участкам лесу каля ручайкоў і рэк. Агульная колькасць 50 000–65 000 пар.

Птушка памерам як голуб, моцнага целаскладу. Апярэнне шэрае з чорнымі і рыжымі стракацінкамі. Пёры грудзей чорнае з белай аблямоўкай. Рулявое пёры з чорнай перадвяршыневай паласой шырынёй 1–3 см і белай вяршыняй, за выключэннем сярэдняй пары. У самца горла чорнае, з белай аблямоўкай, якая праходзіць па шчацэ ніжэй вачэй і праз лоб. На галаве ледзь прыкметны чубок з падоўжаных пёраў. У самкі горла белаватае. Над вокам голая чырвоная скура, якая менш развітая ў самца. Маса 360–520 г. Арабак манагам. Пары стварае восенню. Вясной самец такуе каля сваёй самкі. Займае вызначальныя позы і выдае тонкі свіст. Гняздо на зямлі. У кладцы 7–12 (у сярэднім 8–9) яек. Наседжванне 22–23 дні. Харчуецца пупышкамі і каташкамі вольхі, бярозы, арэшніка, ягадамі. Аб’ект аматарскага палявання.

Пардва (Lagopus lagopus) – вельмі рэдкі аседлы від, пашыраны на тэрыторыі Віцебскай, поўначы Мінскай і паўночным захадзе Магілёўскай абласцей. Аддае перавагу ўчасткам верхавых і пераходных балот са зрэджанай дрэвавай расліннасцю. Агульная колькасць 110–220 пар. Занесена ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

Некалькі буйней за голуба. Зімой самец і самка белыя, толькі рулявое пёры, акрамя цэнтральнай пары альбо дзвюх, чорнае з белымі каецавінамі. У самцоў чатыры ўбранствы (зімовае, шлюбнае, летняе і восеньскае), а ў самкі – тры. У шлюбным убранстве самец увесь белы, за выключэннем шыі і галавы, якія пакрытыя цёмна-каштанавымі пёрамі да валля ўключна. Летняе апярэнне вохрыста-іржавага колеру, з чорна-бурымі папярочнымі палосамі. Махавое пёры ўвесь год белае. Лапа аперана ўся, за выключэннем ніжняй паверхні пальцаў. Маса самцоў 650–900 г, самак 550–650 г. Пардва манагам. Самцы такуюць, робячы такавыя палёты, і выдаюць моцныя рэзкія гукі – рагочуць. Гняздо на зямлі на адкрытым месцы з невысокай расліннасцю або пад хмызнякамі. У кладцы 7–14 (у сярэднім 8–11) яек. Наседжванне 19–29 дзён. З вясны да восені харчуецца ягадамі, парасткамі і суквеццем траў, насеннем, вусякамі, зімой – пупышкамі бярозы і асіны.

Сям’я Бажанавыя (Phasianidae) – курападобныя паўднёвага тыпу. У адрозненне ад цецеруковых для іх характэрны неапераныя ноздры, голыя цэўкі і адсутнасць махры і рагавой лускі на пальцах ног. Вядуць выключна наземны лад жыцця. Пры здабычы стравы разграбаюць глебу нагамі, чаго не робяць цецяруковыя.

Бажан (Phasianus colchicus) – вельмі рэдкі інтрадукаваны аседлы від. Пашыраны на крайнім паўднёвым захадзе Беларусі. Аддае перавагу аграландшафтам і рудэральным зонам населеных пунктаў. Агульная колькасць 30-50 пар.

У дарослага самца галава і шыя яркага з металічным бляскам цёмна-зялёнага колеру. Зашыек і пярэдняя частка спіны залаціста-аранжавыя. Задняя частка спіны з паясніцай, плечавымі і верхнімі крыючымі пёрамі хваста медна-чырвоныя з вогненым адлівам. Хвост мае даўжыню да 60 см, к вяршыні завостраны. Валлё і пярэдняя частка грудзей медна-чырвоныя. Шыйнае белае кола шырокае. Самка шэрая з буравата-вохрыстым і розавым адценнем і чорнымі стракацінкамі па ўсім целе. Хвост значна карацейшы, чым у самца. На нагах у самца шпоры. Маса самца 1–1,8 кг, самкі некалькі менш. Бажан палігам. Восенню і зімой трымаецца невялікімі чародкамі. Ранняй вясной самцы аддзяляюцца і такуюць на сваім участку. Ходзіць па зямлі і робіць рэзкі двайны крык (падобны на спеў маладога пеўня), за якім наступае лопанне крылаў. Такаванне працягваецца ўвесь вяснова-летні перыяд. Паблізу такуючага самца трымаюцца некалькі самак. Самка робіць гняздо на зямлі з сухіх лісцяў і свайго пер’я. У кладцы 7–18 (у сярэднім 8–14) яек. Наседжванне 23 дні. Харчуецца летам вусенямі, жукамі, насеннем розных траў, зімой у рацыёне пераважвае насенне раслін (проса, ячменя). Вельмі добры аб’ект для развядзення і выпуску ва ўгоддзі пад стрэл. Такі вопыт на Беларусі ёсць.

Шэрая курапатка (Perdix perdix) – звычайны аседлы від, пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе аграландшафты. Агульная колькасць 25 000–50 000 пар. Памерам некалькі больш за голуба. Афарбоўка зверху шэравата-бурая, валлё і грудзі блакітнавата-шэрыя, па баках іржавыя папярочныя палосы. Хвост іржавага колеру, жывот светлы. У самца на жываце каштанавая падковападобная пляма. У самак яна менш выражана і часта заменена плямкамі. Адзінае пастаяннае і надзейнае адрозненне – у самак на плечавых пёрах і на дробных, а таксама сярэдніх верхніх накрыўных пёрах крыла на кожным махале ёсць 2–3 вузкія вохрыстыя папярочныя палоскі, якіх ніколі няма ў самца. Маса 400–600 г. Курапатка манагам. Восенню і зімой жывуць чародкамі. Вясной парамі. Гняздо на зямлі. У кладцы 12–14 яек. Наседжванне 24–25 дзён. Выхоўваюць патомства сумесна. Харчуюцца суквеццямі і насеннем траў, карэньчыкамі раслін, пазней – зернем культурных злакаў, вусякамі. Зімы з вялікім снегам – бяда для іх. Ворагі: лісіца, блукаючыя каты, вароны, драпежныя птушкі. Аб’ект восеньскага палявання.

Перапёлка (Coturnix coturnix) – від, які гняздуецца, але пералётны і транзітна-мігравальны. Пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Насяляе агараландшафт, пераважна лугі і пасевы зерневых культур. Агульная колькасць 20 000–40 000 пар. Мініяцюрная курачка памерам як шпак. Афарбоўка стракатая, жаўтавата-бураватых таноў з вохрыстымі папярочнымі плямамі, хвост кароткі цёмна-бурага колеру. У самца патыліца чорная: уздоўж сярэдзіны патыліцы і па баках яе над вокам праходзяць 3 даволі шырокія светла-вохрыстыя паласы. Ад падбародка па горле праходзіць цёмна-бурая або рыжая палоска. Самка афарбавана больш бледна, за самца, адрозніваецца таксама белаватай афарбоўкай горла, валлё густа ўсеяна чорна-бурымі плямамі. Маса 75–130 г. Перапёлка палігам. У сувязі з неадначасовай фізіялагічнай спеласцю самак самцы такуюць да сярэдзіны жніўня. Самец б’е (выдае гукі, што нагадваюць): «спаць пара- спаць пара, або подзь палоць, подзь палоць». Гняздо на зямлі ў неглыбокай ямцы. У кладцы 10–15 яек. Наседжванне 15–17 дзён. Харчуецца насеннем траў і зерневых культур (любіць проса), вусякамі. Аб’ект летне-восеньскага палявання.



Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1745;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.009 сек.