Сям’я Аленевыя (Cervidae)

Звяры лесу

Да гэтай групы паляўнічых жывёл у Беларусі адносяцца прадстаўнікі атрадаПарнакапытныя (Artiodactyla). У свеце атрад налічвае каля 200 відаў, якія насяляюць самыя разнастайныя ландшафты. Усе маюць практычнае значэнне, часам вельмі вялікае. Шэраг відаў здаўна адамашнены ці разводзяцца ў паўдамашнім стане. Атрад уключае 3 падатрады: няжвачныя (або ўсёедныя – свінні), мазоленогія (вярблюды, ламы) і найбольш вялікі падатрад – жвачныя, або раслінаедныя (кабаргі, алені і пустарогія). У Беларусі прадстаўлены 5 відамі, аб’яднаных у 3 сям’і.

Большасць парнакапытных – звяры сярэдніх і буйных памераў. Маюць падоўжаныя канечнасці, першы палец адсутнічае, другі і пяты больш ці менш рэдукаваныя, вось канечнасці праходзіць паміж трэцім і чацвёртым пальцамі, на якія раўнамерна размяркоўваецца сіла вагі. Канцавыя фалангі пальцаў апранутыя тоўстымі рагавымі капытамі.

Зубная сістэма прыстасавана да перацітрання грубай расліннай ежы. Ва ўсёедных свіней зубы яшчэ чатырохбугорчатыя і захавалася першапачатковая зубная формула: i 3/3, c 1/1, pm 4/4, m 3/3 (44). У жвачных капытных (лось, алень, касуля, зубр), якія харчуюцца травой і парасткамі дрэў і хмызнякоў, жуючыя паверхні зубоў прымаюць характэрную паўмесяцавую будову, а лік зубоў скарачаецца. Віды, якія абрываюць расліны языком і ніжнімі разцамі, верхніх разцоў не маюць, а ніжнія іклы сталі падобнымі на разцы. Морда падоўжаная і паміж разцамі і карэннымі зубамі ўтвараецца дыіястэма. У жвачных капытных страўнік складаны (мае чатыры аддзелы – рубец, сетка, кніжка, сычуг), а ва ўсёедных (свінні) – просты аднакамерны.

Большасць парнакапытных маюць рогі, якія выконваюць ролю турнірнай зброі самцоў у час вясельных гульняў і сутыкненняў. Рогі бываюць шчыльнымі, сядзячымі на кароткіх вырастах лобных костак або пустымі. Апошнія ўяўляюць сабой костныя стрыжні, якія адыходзяць ад лобных костак і апранутыя рагавымі чахламі. Такія рогі не мяняюцца ўсё жыццё. Шчыльныя скідваюцца і адрастаюць штогод. У дзіка для абароны служаць моцна развітыя іклы.

1. Сям’я Дзікоў (Suidae)

Дзікі прадстаўленя ў сусветнай фауне 7 відамі. У Беларусі адзін від – дзік (Sus scrofa), пашыраны па ўсёй тэрыторыі. Характэрны жыхар змешаных і шыракалісцевых лясоў, аддае перавагу дубова-грабавым фітацэнозам. Летам любіць забалочаныя месцы з зараснікамі высокатраўя, лазняку, вольхі. Тут у яго купальні і лёжкі.

Даўжыня цела 140–210 см, хваста – 18–23 см. Вага самак каля 120 кг, самцоў – да 160 (і больш). Моцна развітыя іклы. Пярэдняя частка тулава больш масіўная за заднюю. Скура пакрыта рэдкай грубай шчацінай і больш густым і мяккім пушком. Афарбоўка бывае рознай. Часцей сустракаюцца асобіны з бурай, амаль чорнай афарбоўкай з рыжыватым або шэраватым адценнем. У маладых ва ўзросце да 3 месяцаў уздоўж цела светлыя палосы.

Гон вельмі расцягнуты – з паловы лістапада да канца студзеня. У самца-секача ўтвараецца калкан па баках грудзіны, які служыць аховай. Гэта падскурнае ўтварэнне са злучальнай тканкі. Цяжарнасць 116–120 дзён. Перад апаросам самкі пакідаюць статак, робяць гняздо з раслінных матэрыялаў. Масавае з’яўленне парасят у сакавіку, іх колькасць у адной самкі 4–6. Палавая спеласць самак 8–10 месяцаў, у самцоў на 2–3 годзе жыцця.

Большай часткай дзікі трымаюцца статкамі, зрэдку статкі бываюць па некалькі дзесяткаў жывёл. Самыя буйныя статкі ў перыяд гону, у месцах зімоўкі і восеньскіх жыровак. Групы і адзіночныя звяры прытрымліваюцца вядомых участкаў, памеры якіх мяняюцца па сезонах і ў залежнасці ад наяўнасці кармоў. Сутачныя пераходы на жыроўку звычайна не перавышаюць 5–6 км. Дзейныя пераважна ноччу, а днём ляжаць пад аховай дрэў ці ў зарасніках хмызнякоў і высокатраўя, у мурашніках. У летніх стацыях маюць купальні – ямы, напоўненыя вадой і граззю.

Дзік усёедная жывёла. Ужывае ў страву парасткі і карані раслін, насенне і плады, бульбу, авёс, гарох, ячмень, а таксама дажджавых чарвякоў, некаторых вусякоў, малюскаў.

Для лясной гаспадаркі мае станоўчае значэнне, бо садзейнічае аднаўленню лесу, узрыхляючы глебу ў пошуках стравы. Адзін з галоўных паляўнічых відаў. Прыблізная колькасць 30–35 тысяч асобін.

 

Сям’я Аленевыя (Cervidae)

Аленевыя прадстаўленыя ў Беларусі 3 відамі.

Казуля (Capreolus capreolus) – самы маленькі прадстаўнік аленевых у Беларусі. Сустракаецца амаль ва ўсіх раёнах. Аддае перавагу зрэджаным участкам лесу, саснова-ялова-дубовым лясам з мноствам травяністай расліннасці, а таксама забалочаным хмызнякам. Не любіць глыбокага снегавога покрыва.

Даўжыня цела 110–130 см, хваста – 2,5–3,5 см, масса 25–30 кг. Афарбоўка летняга футра рыжая, асабліва на шыі і тулаве, знізу больш светлая. У асновы хваста вялікая светла-рыжая пляма (люстэрачка). У зімовы перыяд агульны тон афарбоўкі шэры з бураватым і рыжаватым адценнем, «люстэрачка» каля хваста чыста белае. Самец мае рогі, якія скідвае ў лістападзе.

Перыяд цечкі са жніўня па кастрычнік. Самец крые некалькі самак. У час гону (жнівень) самцы выдаюць громкі гаўкаючы роў, пераследуюць самак, зрэдку б’юцца паміж сабой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Дзіцяняты ў колькасці 1–2 нараджаюцца ў маі-чэрвені. Палавая спеласць наступае ў 2–3 гады.

Харчуецца пераважна травяністай расліннасцю. Зімой пераходзіць на парасткі хмызнякоў і дрэў, чарніцы, брусніцы, верас. У спякотнае надвор’е казулі пасуцца пераважна ранкам і вечарам, у астатні час ляжаць сярод хмызнякоў ці густой травы. Зімой кормяцца амаль на працягу ўсяго дня, але рэгулярна лажацца ў снег, папярэдне разгробшы яго да зямлі.

Для лясной гаспадаркі асаблівага значэння не мае. З’яўляецца каштоўным паляўнічым зверам.

Высакародны алень (Cervus elaphus) – рэакліматызаваны від. Калісьці насяляў усю Беларусь. Зараз мае дыскрэтную папуляцыю. Трымаецца шыракалістых і змешаных лясоў з добра развітым падлескам. Для яго важна, каб лясы чаргаваліся з палямі, травянымі балотамі, наяўнасць вадапояў. Пазбягае вельмі густых фітацэнозаў.

Даволі буйная жывёла. Даўжыня цела 170–240 см, хваста –14–18 см, вышыня ў карку 115–140 см, маса 140–220 кг. Самцы буйнейшыя за самак і маюць рогі, якія скідваюць у лютым. Рогі вырастаюць на 2 годзе жыцця і маюць выгляд тонкіх прамых адросткаў («спічак»). Росквіту самец даягае на 7–9 гадах жыцця. Афарбоўка жывёл летам рыжавата-бурая або шэравата-бурая. Ў аснове хваста, пашыраючыся на круп, выдзяляецца іржава-рыжая пляма – «люстэрка». Гэта стадная жывёла. Летам часцей можна сустрэць адзіночак і невялікія групы: самку з навароджаным дзіцянём і маладым леташняга ацёлу. Зімовыя статкі фармуюцца з лістапада да сакавіка, дасягаючы зімой 20, але часцей 5–9 галоў.

Алень палігам. Вакол рагаля фармуецца гарэм з 2–5 самак. Роў аленяў (гон) пачынаецца ў пачатку верасня і канчаеца ў канцы кастрычніка. Цяжарнасць каля 8 месяцаў. У маі–чэрвені самка нараджае аднаго, радзей двух дзіцянят. Палавая спеласць наступае ва ўзросце 16–17 месяцаў.

Харчуецца алень расліннасцю: лісцямі і парасткамі чарніц, каліны, брызгліны, маліны, чаромхі, крушыны, а таксама рознымі травамі.

Для лясной гаспадаркі мае значэнне ў залежнасці ад шчыльнасці насельніцтва. Там дзе вельмі вялікая шчыльнасць (напрыклад, у Белавежскай пушчы), назіраецца адмоўны ўплыў на лясныя фітацэнозы. Каштоўны аб’ект палявання. Прыблізная колькасць 6 тысяч асобін.

Лось (Alces alces) – самы буйны прадстаўнік аленевых. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Шчыльнасць узрастае з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Трымаецца розных стацый у залежнасці ад пары года. Зімой аддае перавагу сухадольным тыпам лесу, у якіх добра развіты падлесак з рабіны, крушыны, падрост асіны, сасны, а таксама чарніцы ў наглебавым покрыве. Стварае стойбішчы ў сасновых маладняках. Летам зыходзіць на забалочаныя ўчасткі, высечкі. Парослыя хмызняком поплавы рэк.

Даўжыня цела 240–280 см, хваста – 3–4 см. Вышыня ў карку 170–190 см, маса 250–450 кг. Афарбоўка лася зімой цёмна-бурая, летам больш светлая. Валасяное покрыва даволі доўгае, густое і грубае. На шыі добра бачна грыва, асабліва ў самцоў. На горле маюцца спаклады скуры, пакрытыя доўгай поўсцю ў выглядзе барады («сярга»). Рогі маюць толькі самцы. У лістападзе–снежні рогі скідвае.

Гон у лася пачынаецца ў канцы жніўня і заканчваецца ў кастрычніку. Цяжарнасць каля 8,5 месяцаў. Ласяняты, лікам 2, радзей 1 або 3, нараджаюца ў маі – пачатку чэрвеня.

Харчуецца лось пераважна маладымі парасткамі і лісцем лазняку, рабіны, асіны, крушыны, а таксама карой гэтых раслін, высокімі травамі і паўхмызнячкамі: чарніцай, буякамі, аерам, трыснягом і іншымі. У зімовы перыяд аддае перавагу парасткам раслін, якія прыведзены вышэй.

На лясныя фітацэнозы, асабліва сасновыя маладнякі, аказвае істотны ўплыў (пашкоджвае) пры высокай шчыльнасці. Каштоўны аб’ект палявання.

Колькасць каля 18 тысяч асобін. Пасля другой сусветнай вайны ласёў у Беларусі было каля 800 асобін. У 70–80 гады ХХ стагоддзя колькасць дасягала 30 тысяч.

<== предыдущая лекция | следующая лекция ==>
Сям’я Куніцавыя (Mustelidae) | Вивчення основних характеристик річкового стоку та методики гідрологічних розрахунків.

Дата добавления: 2016-07-27; просмотров: 1326;


Поиск по сайту:

Воспользовавшись поиском можно найти нужную информацию на сайте.

Поделитесь с друзьями:

Считаете данную информацию полезной, тогда расскажите друзьям в соц. сетях.
Poznayka.org - Познайка.Орг - 2016-2024 год. Материал предоставляется для ознакомительных и учебных целей.
Генерация страницы за: 0.01 сек.